Мова народна-паэтычнай творчасці, якая з’яўляецца вышэйшым узроўнем развіцця вуснага слоўнага мастацтва, вызначаецца яскравай мастацкай канкрэтнасцю, выразнасцю вершавага слова, вобразнасцю адлюстравання аб’ектыўнай рэчаіснасці.
Як слушна і прыгожа адзначыў Н.С. Гілевіч, “нашы народныя песні таму і валодаюць магічнымі чарамі эмацыянальнага ўздзеяння, што яны .. нясуць у сабе самае дарагое і запаветнае з таго, што гэтую [народную — А.С.] душу напаўняла, чым яна жыла і жывілася, чым яна пакутавала і цешылася, да чаго імкнулася і што адмаўляла” [1, с. 8]. Максімальна поўна адзначаныя якасці прадстаўлены ў вясельных песнях, якія суправаджаюць адзін з галоўных этапаў у жыцці чалавека — уступленне ў тттлюб.
Важнейшым сродкам мастацкага пазнання свету, актыўнай формай вобразнага адлюстравання аб’ектыўнай рэчаіснасці з’яўляецца метафара, заснаваная на выкарыстанні слоў і выразаў у пераносным сэнсе на аснове падабенства або аналогіі называемых імі прадметаў і з’яў. У сістэме тропаў метафарычнага тыпу, якія выкарыстоўваюцца ў вясельных песнях, можна ў першую чаргу вылучыць персаніфікацыю, адухаўленне — перанос дзеянняў і ўласцівасцей чалавека на рэаліі прыроднага свету, а таксама наданне неадушаўлёным прадметам і з’явам стану і паводзін жывых істот. Персаніфікацыя заснавана на метафарычным выкарыстанні дзеясловаў, калі з’явам прыроды або прадметам прыпісваецца разумовая або псіхічная дзейнасць чалавека. Такі прыём надзвычай ажыўляе песенны тэкст, надае яму ліра-эпічны характар, стварае казачную манеру апавядання.
Вясельна-песенная лірыка Гомельшчыны надзвычай насычана метафарычнымі формамі пераносу, калі ўласцівасці і дзеянні чалавека (найчасцей яго маўленчая здольнасць) прыпісваюцца разнастайным прадстаўнікам жывёльнага свету: птушкам: Ой, ляцелі гускі з раю, Пыталіся ды караваю: — Ці ўжэ ды пасаджалі? Чаму нас не падаждалі? Мы б жа вам да пасаджалі, Крыльцамі да папісалі [2, с. 19-20]; Ой, ляцелі гусачкі через сад Ды крыкнулі, крыкнулі на ўвесь сад: Пара табе, Манічка, сесці на пасад [2, с. 21]; Прыляцеў верабейка, чэ-чэ-чэ, Сеў на акенечка, шчэбячэ. Скажу табе, дзевачка, надзею, Што прыедзе Іванка ў нядзелю [2, с. 21]; Ой, у полі два дубочка, А там сядзелі, ой, два галубочка.. Гаварылі самі між сабою: — Худа жыці хлопцу халастому, Ой-да, ой-да, хлопцу халастому [2, с. 42]; жывёлам: Лес, за лесам ды мядзведзь рыкае: — Будзе, табе дзеванька, свякроўка ліхая [2, с. 23]; Ой, па рэчцы, па Дняпры Там плавалі два бабры. Яны плылі, выплывалі, Між сабою размаўлялі [2, с. 133].
Працэсу персаніфікацыі ў вясельных песнях падвяргаюцца таксама рэаліі расліннага свету: Зялёная ліпа да ўсю восень шумела, Усё з лісцейкам да гаварыла [3, с. 103]; Ой, ёлочка борова, Ты ў боры расла, шумела, Дорогаю йшла, звінела. На столе стала, заззяла [3, с. 82]; Непраўдзівая калінка, сказала: “Цвісці не буду, белага цвяточка не люблю» [3, с. 138].
Паводле характару аб’ектаў, на аснове якіх адбываецца перанос, у аснове персаніфікацыі ў вясельных песнях сустракаецца таксама тып метафары “нежывому — жывое” — перанос уласцівасцей чалавека на пэўныя канкрэтныя прадметы. Найчасцей гэта рэаліі паўсядзённага побыту, а таксама рытуальныя прадметы — печ, каравай : Каравай гіча, гіча, Каравай гіча, гіча, Каравайнічак кліча: — Дзе ж вы так забарыліся, Што да мяне не з ’явіліся? [2, с. 24]; Печ наша рагоча, Печ нашарагоча, Печ нашарагоча, Чаго яна хоча? [2, с. 117]; Наша печ крокочэ, Коровая хочэ, А прыпечак коловаецца, Коровая спадзеваецца. А коровай ножкі гібле, Да до печанькі дыбле [2, с. 161].
У некаторых выпадках адбываецца персаніфікацыя астранамічных з’яў, якая суправаджаецца анімізацыяй адцягненыя паняццяў: Дзень канчаецца, вечарэецца. Сонейка знікае, Дзявочы векубягае [2, с. 156].
Метафарызацыі вершаванага кантэксту вясельнай песні ў значнай ступені садзейнічае актыўнае выкарыстанне народна-паэтычнай сімволікі. Сімвал — адзін з відаў іншасказання, умоўнае абазначэнне сутнасці якой-небудзь з’явы, паняцця пэўным прадметам ці словавобразным знакам. Ролю сімвалаў звычайна выконваюць канкрэтныя назоўнікі, якія абазначаюць рэаліі жывёльнага або расліннага свету: Му ў цэркві бувалі, Трое зеллё ўвідалі: Однэ зелле — рута, А другее — м’ята, А трэйцяя — кветкі, Звенчоные дзеткі [3, с. 246]; Наляцелi арлы да калодзежа, Чулі яны, што вада халодна [2, с. 150].
Сімволіку вясельнай песні арганічна дапаўняе вобразны паралелізм, заснаваны на супастаўленні асобы, пэўнага дзеяння, стану або ўласцівасцей чалавека са з’явамі прыроды, рэаліямі жывёльнага або расліннага свету, які адлюстроўвае арганічную сувязь чалавека з прыродай, адухаўленне ім усіх яе праяў. Як адзначаюць даследчыкі, вобразны паралелізм можа быць псіхалагічным, калі ён дапамагае раскрыць унутраны, душэўны стан персанажа песні, і фармальным, музычна-рытмічным, не звязаным з унутраным зместам верша [1, с. 42-44].
У вясельных песнях Гомельшчыны вобразны паралелізм найчасцей бывае псіхалагічным, калі знешняя прыгажосць, маладосць нявесты, яе вясёлае, бесклапотнае жыццё ў родным доме, а таксама статнасць, мужнасць і фізічная моц жаніха супастаўляюцца з пэўнымі рэаліямі расліннага свету, тыповымі для народна-паэтычнай сімволікі. Тут часта сустракаюцца так званыя жаночыя вобразы: каліны: Чырвона, чырвона да каліна ў лузе, А Алесечка ў бацькі найпрыгажэйшая [2, с. 151]; бярозы: Вязем табе бярозачку, харошую ды смялявую, Цёмную да багатую [2, с. 25]; грушы: Стаіць грушачка, распусціўшыся, некаму падрэзаць, Стащь Надзечка, расплакаўшыся, некаму сунімаць. Сядзіць ля её Ванечка яе, ён яе сунімець [2, с. 87]; вітттні: Да будом ручкі муці Да на вішанькі ліці, Шоб вішэнькі розвiвалiса, Шоб молодые красоваліса [2, с. 162]; руты-мяты: Ой, рута мая, дробна зелена, Некаму падабраць [2, с.75]; чарнабрыўцаў: Расціце, чарнабрыўцы, ды не буяйце, А не ідзіце, дзеўкі, замуж, а гуляйце [2, с. 47]; ружы: А ў садочку ружаросьцвітала, А наша Вулька хлопца покахала [3, с. 248]; вінаграду: Ішла Машанька на пасад Да ўступіла ў вінаград [2, с. 59]; канапелькі: Да стаяла, буяла, да стаяла, буяла Канапелька ў агародзе, .. Гуляла, красавалася, Гуляла, красавалася. Манечка ў сваёй матачкі [2, с. 23]; значна менш прадстаўлены мужчынскія вобразы: дуба: За туманам нічога не відна, Толькі відна дуба зелянога. Пад тым дубам крыніца стаяла, Там дзяўчына воду набірала. Да ўтапіла залато вядзерца .. А хто ж тое вядзерца дастане, Той са мною на ручніку стане. Хлопец тое вядзерца дастане, Ён з табою на ручніку стане [2, с. 54]; явара: А ў барку, барку, На жоўтым пяску, Там стаяў явар тонкі, высокі, Ай, тудой ішоў мальчышак з руж’ём [2, с. 72]. Супастаўленне маладых з рэаліямі прыроднага свету (асабліва ў спалучэнні з эпітэтам зялёны, які падкрэслівае вечнае абнаўленне прыроды, яе сілу і хараство) паказвае ўрачыстасць, значнасць чакаемай падзеі, яе пераломную важнасць у будучым жыцці галоўных персанажаў шлюбнай цырымоніі.
Дзеянні, пачуцці, перажыванні маладых або іх родных нярэдка параўноўваюцца з паводзінамі птушак, што ўзмацняе ступень праяўлення эмоцый і ўчынкаў персанажаў песні, надае ім сімвалічны характар. У вясельных песнях часта сустракаюцца вобразы зязюлі: То не зязюлечка сіва кувала, Ганначка харошы песні спявала [2, с. 26]; Да прыляцела шэрая зязюля з ялаўца, Да прыехала маладая Ганначка з-пад вянца [2, с.180]; сарокі: Скакала сарока па страсе, Плакала Ніначка й па касе [3, с. 275]; вуткі: Ці не заляцела Наша вутачка к вам? Ой, заляцела Да на шасток села, Мы рады вам [2, с. 81]; салаўя: Салавейка рана будзе ўлятаці, Будзе мяне, маладзеньку, пабуджаці [2, с. 44]; арла: Наляцелi арлы да калодзежа, Чулі яны, што вада халодна. Наехалi сваты да Алесі, Чулі яны, што работніца ды красавіца [2, с. 150]; ворана: Воран крача, крача, Да і з луга не ўлетае. А Валечка плача, плача, Да і на воз не сядае [3, с. 241]; На каліне чорны воран крача, А на чужбіне сіраціна плача: — Не даўно я сірацінай стала, За тры года ўсё гора ўзнала [2, с. 35]. Часта сустракаецца вобраз пчалы, якая сімвалізуе працалюбства, пладавітасць і дастатак: А каля новага двара Ці не пчолачка гула? [3, с. 11]; Нашы пчолкі параіліся. Дай ім, Божа, сад добры. Нашы маладыя пажаніліся, Дай ім, Божа, век доўгі [3, с. 80]. Дзеянні персанажаў вясельнай песні супастаўляюцца таксама з важнейшымі з’явамі прыроды: Мамка Васіля родзіла, По двору ходзіць. Месяцам обгородзіла Да зарою подперазала [3, с. 256].
У вясельных песнях нярэдка выкарыстоўваюцца і хрысціянскія сімвалы: Бог, Хрыстос, Прэчыста, ангелы, прарокі і інш., якія падкрэсліваюць асаблівую велічнасць і ўрачыстасць шлюбнай падзеі, яе значнасць у асабістым жыцці чалавека: Тройца по цэркві ходзіла, Спаса за руку водзіла. Прэчыста маці, прыйдзі к нашай хаці Коровай рашчыняці, вяселле почынаці [2, с. 201]; Сам Бог коровай месіць, а Прэчыстая свеціць. Ангелы воду носяць, а пророкі Бога просяць. Хрыстос подлівае, хусткою накрывае [2, с. 201].
Сімволіку народнай вясельнай песні арганічна дапаўняе алегарычнае значэнне многіх назваў. У алегарычным сэнсе, калі адцягненае паняцце або ідэя перадаюцца праз канкрэтны прадмет, мастацкі вобраз, малюнак, выкарыстоўваюцца як субстантыўныя намінацыі з канкрэтна-прадметным значэннем, так і дзеяслоўныя назвы, якія абазначаюць фізічнае дзеянне: выраз рыбка да гаці мае значэнне ‘госці ў хату’; кветка цвіцець зімой і ўлетку — ‘прыгожая маладая дзяўчына, нявеста’; асыпаецца сад — ‘прыходзіць пара сталасці, пара выходзіць замуж’; новы двор — ‘хата жаніха’; прыехаць па кветку — ‘прыехаць у сваты’ і г. д.
Алегарычнае апісанне, як і песенная сімволіка, актыўна суправаджаецца вобразным паралелізмам, які падкрэслівае, узмацняе, а ў некаторых выпадках тлумачыць алегарычны сэнс апісваемых падзей або дзеянняў: Жыта ў полі людзі засявалі. Ну, а маці з сваім сынам Ціха размаўлялі [3, с. 261] (засяваць жыта — ‘рыхтавацца да вяселля, выбіраць нявесту’); Жыта ў полі, жыта ў полі, Жыта ўсе пажалі, А ў нашым у сяле Вяселле гулялі [2, с. 216] — (пажаць жыта — ‘завяршыць вяселле’); Сейся, авёс ранні, Прыбывай, родзе слаўны [2, с. 88] (выспяванне аўсу — ‘павелічэнне сям’і, працяг роду’); Наш хлеб — ваша вадзіца, Наш хлопец — ваша дзявіца [3, с. 265] (хлеб ды вада — ‘саюз, злучэнне’); Не наступай, Літва, Бо будзе ў нас бітва, Будом біці да воёваці, Да свое Галонькі не оддаваці [3, с. 250] (бітва — ‘патрабаванне выкупу за нявесту’). Як паказваюць прыклады, у якасці алегарычных выкарыстоўваюцца назвы паўсядзённых, агульнаўжывальных рэалій тыпу хлеб, вада або спрадвечных дзеянняў хлебароба: радзіць, засяваць, жаць і да т.п. Сумяшчэнне алегарычнага і прамога выказванняў, асабліва пры вобразным паралелізме, узмацняе выяўленча-выразныя магчымасці алегорыі.
У кантэксце вясельнай песні даволі часта сустракаюцца алегарычныя назвы маладых, галоўных персанажаў вясельнай цырымоніі: сокал, саколка, баярачка, голуб, галубка, лебедзь, лебядзінка, князь, княгіня, кароль, каралеўна, якія надаюць галоўным персанажам вясельнай цырымоніі велічны, узнёслы характар: Ляціць сокал з саколкаю. А то не сокал, то Ванечка, А соколочка — Ганночка [3, с. 108]; Выйдзі, мамачка, на парог паглядай А што мы цябе прывезлі. Прывязлі пярыну І маладую княгіню [3, с. 117 ]; Молодзенькі Колечка Прывёз сабе дай баярочку, Да поставіў на ганочку [3, с. 239].
Узмацняе метафарычнае гучанне паэтычнага кантэксту вясельнай песні 1 омельшчыны гіпербала — наўмыснае перабольшванне пэўных уласцівасцей чалавека, прадмета ці з’явы з мэтай узмацнення выразнасці выказвання. Пры гэтым значна перабольшваюцца аб’ём рэаліі: Расці, каравай, расці Вышэй стаўба медзянога, Вышэй жаніха маладога [3, с. 217]; памер прадмета: А ў нашай печы — шырокія плечы: Учатырох можна легці — каравай сцярэгці [2, с. 45]; яго састаўныя часткі: А ў нашым караваі Ад сарака кароў масла Да яец паўтараста [3, с. 102]; колькасць асоб: Не багато нас наехало: Семсот сватоў, акрамя братоў [2, с. 172]; фізіялагічныя ўласцівасці асоб: Коровайніцы едкі Да цэлого да вола з ’елі, До столу да качаючы, Да ў солі да мочаюць. На столе да ні крошачкі, Под столом да ні косточкі [2, с.176]; або іх стан: Хвартушок тоненькі, Слёзак поўненькі [2, с. 167]; Я крынічку знайшла, Зачарпнула поўвядра, Пакуль да хаты прыйшла, Той слязьмі даліла [2, с. 167]; Коскамі зямельку ўсцялю, Слёзкамі ножачкі абаллю [2, с. 98].
Як відаць з прыкладаў, гіпербалізуюцца назвы рытуальных прадметаў і рэалій: каравай, печ, а таксама дзеянні важных ўдзельнікаў вясельнай абраднасці: свата, свахі, жаніха, нявесты і інш.
У гіпербалічных вясельных формулах даволі часта галоўным удзельнікам шлюбнай цырымоніі прыпісваюцца пэўныя негатыўныя, заганныя якасці і рысы, наўмыснае перабольшванне якіх стварае камічны эфект і павышае жартаўлівы характар апісання. У такіх радках высмейваюцца сваты: У нашага свата Цёмная хата, Ні вокан, ні дзвярэй І жыве небагата [3, с. 111]; А ў нашага свата Галава кашлата, Ні дроў, ні палена, Гразі па калена [2, с. 26]; У нашага свата З лазы, вярбы хата, Ані клеці, ні павеці, Недзе скрыні дзеці [2, с. 34]; Нашы сваткі горды, казіныя морды, Сядзяць па застоллю — як совы па коллю [3, с. 173]; распарадчык на вяселлі: А ў маршалка барада, як лапата, Шапка цяляча, шубка свіняча, А чаботы ды авечыя. Шапка рыкнула, шубка віскнула, А чаботы ды бекалі [2, с. 221]; малады: А нашы княжа лупаты Да пабег круга хаты, З вялікаю да ламакаю, За чорнаю да сабакаю [3, с. 47]; маладая: Негадзя-нявехна, негадзя, Па ваду пайшла — забурылася, Па дровы пайшла — завалілася, Абедаць села — удавілася [3, с. 114]; Паглядзі, свякруха, у куток, сядзіць нявестка, як мяшок [3, с. 20]; Паглядзі, свякруха, на паліцу, Сядзіць нявестка з рукавіцу [3, с. 41]; дружкі: Галодзен, дзядзя, галодзен, З галоднай стараны, За сабою нося сухары, У памыйніцу макае І нежваныя глатае [3, с. 110]; госці: Хваліліся нудзічаня, Што коняй багата. Яны самі пяшком ішлі, Маладога ў мяшку няслі. Вох, ногі тырчалі, Сабакі гырчалі [3, с. 53] і інш.
Такім чынам, паэтычны кантэкст вясельна-абрадавай песні Гомельшчыны, у якім актыўна выкарыстоўваецца вобразна-пераноснае словаўжыванне, вызначаецца асаблівым, метафарычным адлюстраваннем важнейшых падзей шлюбнай цырымоніі, што ў значнай ступені ўзмацняе выяўленча-выразныя магчымасці народнага слова і павышае яго вобразны патэнцыял.
Спіс літаратуры
- Гілевіч, Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі: Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма / Н.С. Гілевіч. — Мінск: Вышэйшая школа, — 288 с.
- Вясельная традыцыя Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Укладанне В.С. Новак; Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. — Мінск: Права і эканоміка. 2011. — 485 с.
- Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Уклад. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак — Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. — 472 с.
Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. – С. 56-61.