Метафарычнасць як адзнака творчай манеры Анатоля Сыса

0
71
Метафарычнасць як адзнака творчай манеры Анатоль Сыс

Анатоль Сыс — яркі і арыгінальны беларускі паэт, творчасць якога прыпадае на канец XX стагоддзя. Нягледзячы на тое, што жыццё паэта было адносна нядоўгім, ён здолеў унесці значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Гэта сапраўдны майстар слова, майстар стварэння паэтычных вобразаў. Моўныя сродкі мастацкай выразнасці займаюць асноўнае месца ў яго паэтычнай спадчыне і садзейнічаюць экспрэсівізацыі паэтычнага маўлення. Ся­род іх асноўнае месца належыць метафары — самаму дасканаламу паэтычнаму тропу, у асно­ве якога ляжыць перанос назвы з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства іх прымет.

Метафарычнае бачанне свету з’яўляецца прыкметай неардынарнага таленту пісьменніка або паэта. Гэта падкрэсліваў яшчэ Арыстоцель у сваёй “Паэтыцы”. Паводле Арыстоцеля, “асабліва важна быць майстрам у метафарах, бо толькі гэтаму нельга навучыцца ў іншых, і гэта здольнасць служыць прыкметай таленту. Бо ствараць добрыя метафары, значыць заўважаць падабенства” [1, с. 1101].

Выключнай метафарычнасцю здзіўляе нас паэтычная творчасць Анатоля Сыса. Сваёй адметнасцю і непаўторнасцю асабліва вылучаюцца індывідуальна-аўтарскія метафары, якія з’яўляюцца мастацкімі знаходкамі, падобнымі іншы раз на загадкі, галаваломкі. Прапушчаныя праз прызму аўтарскага светаадчування, звычайныя прадметы, з’явы і падзеі набываюць новыя адценні, новае, часта сімвалічнае значэнне: Я ўспомніў, што калі з прасёлкавай дарогі павярнуць на брукаваны шлях — стаяць могілкі, а пасярод іх, як свечка, белаю бярозай свеціцца бацькава магіла [2, с. 95]; Журавы спяваюць паланез і іх не шкада над беднай Беларуссю [2, с. 210]; Дзьмухаўцамі ўміралі поўні [2, с. 59]; І калі адлюбіць ліпень сонца з медам на губах, — пчолы ў жнівеньскіх лугах не памянуць ліхам ліпу [2, с. 298]; Шрыфтам Брайля на калядным снезе птушкі вершы пішуць [2, с. 334]; І ад хутара да вёскі мову родную жабрую, за вяснянкі праўлю косы, за бьшічкі ладжу збрую [2, с. 21]. Менавіта праз такія метафа­ры выяўляецца творчая арыгінальнасць бачання свету Анатолем Сысам.

Паводле характару аб’ектаў, на аснове якіх адбываецца перанос, самым пашыраныму паэзіі А.Сыса з’яўляецца тып метафары “нежывому — жывое” або перанос уласцівасцей жывых істот на прадметы, з’явы, адцягненыя паняцці. У межах гэтага пераносу ўзнікае персаніфікацыя, калі неадушаўлёным з’явам прыпісваюцца дзеянні і ўласцівасці чалавека: Жоўты жоўты вецер пчолаў лашчыць лашчыць [2, с. 83]; Шэпчуцца ў траве мурашы [2, с. 179]; Бы вужака, маланка смактала ў полымя грудзі і плявала адрыжкі на самых прыгожых жанчын [2, с. 81]; А на спідах стары павук павуцінкаю ружу вышыў [2, с. 93]; Восень — калі дождж сячэ туманы, калі вочы хмарыць небасхіл [2, с. 292].

У залежнасці ад часціны мовы, якая метафарызуецца, метафары ў паэтычнай мове А. Сыса падзяляюцца на вербальныя, субстантыўныя і ад’ектыўныя. Самую вялікую групу складаюць вербальныя метафары, у якіх асноўная сэнсавая і эмацыянальная нагрузка прыпадае на дзеяслоў. Такія метафары будуюцца па ўзору прэдыкатыўнага словазлучэння, якое складає граматычную аснову сказа: Лістапад вандруе па лясах, як па стрэхах — па дрымучых спінах [2, с. 298]; I поўня княжною ў ваду глядзіцца у зорных сваіх каралях [2, с. 159]; Белы ветах ноччу зоркі ў небе косіць [2, с. 151]; Не азірайцеся, людзі, гэта цвітуць радзімкі [2, с. 54]; Не выракалася жыта валошкаў, не выракалася поле бяроз [2, с. 17]; Мова тчэцца лясная з мільярдаў лясных галасоў [2, с. 137].

Дзеяслоў у творчасці паэта нясе найбольшую сэнсавую і эмацыянальную нагрузку. 3 дапамогай вербальных метафар выяўляюцца:

а) асаблівасці зрокавага асэнсавання прыродных з’яў:

З воч блакітных блакітныя слёзы… акварэлі цвітуць сінічкавыя [2, с. 59]; І глядзелі мне рыбы ў вочы, бы русалкі [2, с. 100]; Поўня княжною ў ваду глядзіцца [2, с. 159];

б) слыхавыя асацыяцыі:

Птах па-воўчаму завыў, як вярнуўся з выраю [2, с. 188]; I стогнуць амфары стомленымі быкамі [2, с. 64]; Па чарназёмах гудуць каменні, душы — па сухадолах [2, с. 143]; Напалохана рэха войкнула [2, с. 63]; Ажываю, калі сосны каля Рэчыцы спяваюць [1, с. 22]; І галосяць знічкі над пустою хатай [2, с. 151]; Што шапталі карані — паўтарала крона [2, с. 189];

в) асацыяцыі руху, перамяшчэння:

Лістапад вандруе па лясах, як па стрэхах — па дрымучых спінах [2, с.299]; Сонца коціцца са стрэх[2, с. 292]; І брыдуць па Беларусі цэрквы, як жабрачкі [2, с. 241]; І стрэхі хат, як прывіды, плылі [2, с. 90]; Плыў белы дзень — крыло самотнай птушкі нас ратавала незямным святлом [2, с. 193].

Даволі пашыраны ў паэзіі Анатоля Сыса і генітыўныя метафары, якія па сваёй струк­туры двухкампанентныя і будуюцца па мадэлі: “метафарызаваны назоўнік у назоўным скло­не” + “залежны назоўнік у родным склоне”: Мы не будзем дажджы дзяліць і маеты залатых вясёлак [2, с. 273]; Прыручыла зямля карэнні дум маіх і калоссяў сумных [2, с.61]; Сохне трыснёг маёй памяці [2, с. 28]; Бы вужака, маланка смактала ў полымя грудзі [2, с. 81]; Я трапіў у сіло журбы, я сам у гэтым вінаваты [2, с. 145]; Поле ў німбах сланечнікаў [2, с. 83]; На чорныя, цёплыя грудзі зябліва зярнятамі падаюць зоркі [2, с. 26].

Адметнымі ў паэтычнай мове Анатоля Сыса з’яўляюцца і ад’ектыўныя метафары, дзе метафарызаваным словам з’яўляецца прыметнік або дзеепрыметнік, а назоўнік выступае ў якасці метафарызавальнага кампанента. Некаторыя даследчыкі адносяць такія тропы да метафарычных эпітэтаў: Вясна, журботныя буслы на паўдарозе з выраю [2, с. 67]; I першы раз у жыцці я задумаўся не бесклапотным ямбам, а сівым верлібрам [2, с. 73]; А з параненай травы сочыцца зялёная кроў на рудых мурашоў, на рудую глебу [2, с. 179]; Валацужлівы воблак за сонца сплыве, як паром [2, с. 110].

Адметнасць паэтычнай мове Анатоля Сыса надаюць індывідуальна-аўтарскія эпітэты, арыгінальныя па сваім змесце, эмацыянальна-экспрэсіўным уздзеянні на чытача. Гэта метафарычныя вобразныя азначэнні, якія выражаюць аўтарскую ацэнку навакольнага асяроддзя. Вобразнасць такія эпітэты набываюць у выніку незвычайнай спалучальнасці з паяснёным назоўнікам: Кожны свой дзень назязюлены бачу наперад, але памяць пабіў нехта кулямі, па­мяці мне не стае [2, с. 28]; Развярэджаныя метафары: ногі збітыя бальшакамі, глухнуць студні, і стогнуць амфары [2, с. 64]; А ты, Страцім, адзін у евангельскім небе Радзімы [2, с. 327]; Гром, распяты на маланках: зліццё прыроды і душы [2, с. 191].

Паводле марфалагічнага выражэння ў паэзіі Анатоля Сыса пашыраны эпітэты, выражаныя прыметнікамі, дзеепрыметнікамі і назоўнікамі.

Большасць эпітэтаў выражаецца якаснымі прыметнікамі: Журботныя буслы на паўдарозе з выраю [2, С. 67]; Прыручыла зямля карэнні дум маіх і калоссяў сумных [2, с. 61]; Эх ты, скруха мая без’языкая [2, с.57]; Па абразе сляза, як памяць, за сівыя дажджы глыбей [2, с. 65].

Інфармацыйнасць, сэнсавая напоўненасць эпітэтаў, выражаных такой дзеяслоўнай формай, як дзеепрыметнік, “грунтуецца на яе спецыфічнай дэрывацыі: у адной лексеме сінтэзуюцца два значэнні — дзеянне або стан як прымета ці ўласцівасць прадмета, асобы” [3, с.22]. Эпітэт-дзеепрыметнік адначасова раскрывав і дзеянне, і прымету, ствараючы тым са­мым метафарычны вобраз: Зашклёны дзень, як дом зашклёны — дажджу самотнасць у вакне [2, с. 291], Гром, распяты на маланках: зліццё прыроды і душы [2, с. 191]; Калі ў хату зайду — анямелы сабор [2, с. 94]; I раптам скончыўся асфальт і пачалася брукаванка. Сівая і стомле­ная, як калісьці бацькаў Орлік у канцы дарогі [2, с. 95].

Адной з найбольш кампактных і эканомных форм выражэння эпітэтаў з’яўляецца прыдатак. У такіх эпітэтах супастаўляюцца два розныя паводле семантычнага напаўнення назоўнікі, адзін з якіх надзяляе другі своеасаблівай лексіка-семантычнай характарыстыкай: Мядзяны конь ішоў адвечным кругам пад Князем-Сонцам, Поўняю-Княжной [2, с. 90]; Якія цяжкія, гнятлівыя радкі, нібы іх напісаў паэт-расстрыга [2, с. 117]; Снапы-хваравекі ў клуні чакаюць сваёй нядзелі [2, с. 52]; Я прагледзеў бы ўсе вочы, я б сачыў Птушыны Шлях, ў кожнай зорцы-патарочы пазнаў бы жураўля [2, с. 279]. Эпітэты-прыдаткі ў паэтычнай мове А. Сыса з’яўляюцца індывідуальна-аўтарскімі ўтварэннямі, з дапамогай якіх паэт стварае яскравыя і запамінальныя вобразы.

Для таго, каб надаць паэтычнаму выказванню большую эмацыянальную насычанасць, Анатоль Сыс выкарыстоўвае прыём ампліфікацыі эпітэтаў: Вырасце трава і траву адшукае раса. Вырасцем мы і нас адшукаюць слёзы, цярновыя і палыновыя, самотныя і радасныя, цёплыя і сцюдзёныя. 1 праз слёзы мы ўбачым свет, белы і чорны, зямны і нябесны, шчаслівы і пякельны [2, с. 186]. Эпітэты-прыметнікі з’яўляюцца сэнсавым ядром верша.

Праведзены аналіз моўных сродкаў вобразнасці дазваляе зрабіць вывад, што паэтычная мова Анатоля Сыса надзвычай метафарычная. 3 дапамогай метафар і эпітэтаў аўтар дасягае трапнай характарыстыкі прадметаў і з’яў рэчаіснасці, стварае яркія і запамінальныя вобразы.

Літаратура

  1. Аристотель. Этика. Политика. Риторика. Поэтика. Категории. — Мн.: Литература, 1988. — 1392 с.
  2. Сыс, А. Лён: выбраныятворы /Анатоль Сыс. — Мн.: Кнігазбор, 2006. — 436 с.
  3. Дзянісаў, У. С. Эпітэт у мове сучаснай беларускай мастацкай прозы. Марфалагічнае выражэнне і лінгвапрагматычная характарыстыка: Матэрыялы да спецкурса / У. С. Дзянісаў. — Магілёў: МДУ імя А.А.Куляшова, 2003. — 44 с.


Аўтары:
Л.В. Паплаўная, З.У. Шведава
Крыніца: «Скарына і наш час», V Міжнародная навуковая канф. (2011, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 14-15 кастрычніка 2011 г.: [матэрыялы] / рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2011. — С. 188-130.