Месцазнаходжанне вёскі Казацкія Баўсуны

0
237
Месцазнаходжанне вёскі Казацкія Баўсуны

Казацкія Баўсуны знаходзяцца на поўначы Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, за 46 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Веткі, за 68 кіламетраў ад Гомеля. Цяпер вёска ўваходзіць у склад Вяліканямкоўскага сельскага савета.

Вёска ляжыць на высокім гарыстым правым беразе ракі Бесядзь, якая бярэ пачатак у Смаленскай вобласці Расіі. Даўжыня Бесядзі, калі верыць даведнікам, 278 кіламетраў. Бесядзь упадае ў раку Сож крыху вышэй за раённы цэнтр Ветку.

Левы бераг Бесядзі нізкі, месцамі балоцісты. Вясной рака каля Баўсуноў разліваецца на цэлы кіламетр на ўсход. Па леваму берагу, усяго ў трохстах-пяцістах метрах ад Баўсуноў праходзіць дзяржаўная мяжа з Расійскай Федэрацыяй.

Тут жа знаходзяцца сенажатныя лугі. Мясціны на гэтым беразе маюць шмат назваў: урочышчы Балонне, Васавуткі, Жэшаўка, Гала, Маставое, Плёса. Раней, мо яшчэ гадоў сто таму, на ўзгорках левабярэжжа баўсунцы сеялі жыта. Былі на левым беразе і гаі.

Апошнім часам Бесядзь, якая каля Баўсуноў дзеліцца на тры рукавы, мялее і зарастае травой. Прычына магчыма і ў тым, што паменяла людзей, не вядзецца гаспадарчая дзейнасць, няма хатняй жывёлы. Адзін з рукавоў ракі каля вёскі – Доўгая, або Крыніца, ужо практычна перасох, а асноўная плынь ракі пайшла па дальняму рукаву – Галу. Яшчэ дзясятак-другі гадоў і вёска, вярней парэшткі вёскі, будуць знаходзіцца не ля ракі, а ля балота.

Яшчэ праз Баўсуны працякае невялікая рачулка, якая на картах называецца Азярышчанская. Яе назва відаць паходзіць ад прозвішча паноў Азерскіх. Цяпер баўсунцы называюць рачулку «малая рэчка», або проста «рэчка». На Бесядзь жа вяскоўцы кажуць «ряка».

Раней рачулка называлася Бярозаўка, або Бярозавы ручай, бо яна бярэ свой пачатак з Бярозавага і Сварлівага балотаў, якія знаходзяцца прыкладна ў чатырох кіламетрах ад вёскі. Каля таго месца, дзе да сярэдзіны 1990-х гадоў знаходзілася школа, рэчка ўпадае ў Беседзь. Рэчышча на значным працягу ў 1970-я гады было каналізавана.

Назва «Бярозаўка» жыхарамі Баўсуноў даўно ўжо забыта, і толькі старыя архіўныя дакументы захавалі для нас гэты гідронім.

Увогуле, баўсунская зямля – гэта дзясяткі розных тапонімаў. Пералічым тут асноўныя:

Адсека, Асінаўка, Базавач, Балонне, Барэшкава паляна, Боркі, Брагінскае, Бруснае, Бярозавае балота, Бярозавы ручэй (Беразоўка), Васавуткі, Віш, Возера, Гала, Гаўрасёўка, Гвозд, Глушэц возера, Глыбокае возера, Голдава вуліца, Далічкін хутар, Дачы, Джусаў хутар, Дуброўка, Жалезнае поле, Жаўронская рэчка, Жэшаўка, Ізба, Казлісцеп (Казлісцень?), Калена, Кацёл, Каўпіта, Котка, Крывая вуліца, Круцелка, Крыніца (Доўгая), Куцень, Крюкаў хутар, Лагі, Лісімкаўская вуліца, Лясані, Луг, Майдан, Маліна, Маставое, Міколінскія палянкі, Міхалкіна рэчка, Пагон, Падкурня (Брякушчая Сядзёлка), Палееўка, Патапаў выгар, Пенькамочышча, Пералясанак, Плёса, Праціватанкавы роў, Пясчанка, Равок, Рудка, Рыжанкова вуліца, Рынак, Селішча, Сварлівае балота, Святое возера, Сіні калодзісь, Сцёпікава вуліца, Тапіла, Усошнае (Нудны), Хаўбень (Хоўбня), Хваёвае, Хвесава вуліца, Хоўхла возера, Цвінтар (Плашчадка), Церяхава ямачка, Ціханаў паром, Цурбаеў, Чашышча, Шаройкіна, Шквярня, Шлях, Ялуга.

І гэта далёка не ўсе баўсунскія тапонімы. Як бачым, іх шмат.

Аўтар: Уладзімір Васькоў
Крыніца: Казацкія Баўсуны і баўсунскія казакі. Гісторыя адной беларускай вёскі