“Месца памяці” ў пахавальнай практыцы насельніцтва ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э. на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Беларусі

0
575
Месца памяці ў пахавальнай практыцы насельніцтва ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э. на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Беларусі

У ІІІ тыс. да н.э. на тэрыторыі Беларусі адбываліся істотныя культурна-гістарычныя змены, звязаныя з распаўсюджаннем традыцый культуры шнуравой керамікі, культуры шарападобных амфар, а таксама актыўным пранікненнем на Верхняе Падняпроўе і ў Прыпяцкае Палессе элементаў паўночна-прычарнаморскіх культур. У паўднёва-усходніх раёнах Беларусі, у басейнах Дняпра, Сожа, ніжняй Прыпяці, адзначаюцца могільнікі, паселішчы і асобныя знаходкі сярэднедняпроўскай культуры (канец першай паловы ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э.). Пахавальныя комплексы – найбольш выразны кампанент сярэднедняпроўскай культуры. Зрэшты, выдатковаўванне вялікай колькасці людзкіх сіл на стварэнне пахавальных комплексаў – адна з адметнасцяў многіх культур ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э., у тым ліку супольнасцяў кола культуры шнуравой керамікі.

Носьбіты сярэднедняпроўскай культуры здзяйснялі пахаванні на курганных і бескурганных могільніках па абрадах інгумацыі і крэмацыі. Вялікае значэнне меў выбар месца для могільніка. Як правіла, гэта былі мысападобныя ўскраіны рачных тэрас, ўзвышшы на шырокай рачной пойме. Пасля здзяйснення пахаванняў абраная пляцоўка набывала статус сакральнага комплексу, памяць пра які захоўвалася многія стагоддзі. Сведчанне таму даследаваныя могільнікі сярэднедняпроўскай культуры.

Напрыклад, на могільніку Прорва 1 крыху больш за 22 пахаванні ўзнікалі на працягу ад сярэдзіны ІІІ – да самага пачатку ІІ тыс. да н.э. 94 пахаванні на могільніку Страліца здзяйсняліся ў перыяд з канца ІІІ да 1700 гадоў да н.э. У некаторых курганах прасочвалася этапнасць увядзення новых пахаванняў.

Напрыклад, у кургане 1 Ходасавічаў-Сяргеевай Грывы ў некалькі этапаў было здзейснена пяць пахаванняў: цэнтральнае, над якім насыпалі курган; тры бакавыя, на якія пашырылі курганны насып; уводнае пахаванне, якое ўвялі ў стары насып. Паводле абсалютнай храналогіі, нябожчыкаў хавалі ў згаданым кургане ад канца першай паловы да канца ІІІ тыс. да н.э.

Такім чынам, памяць пра могільнікі заховаўлася на працягу многіх пакаленняў і была месцам калектыўнай памяці. Захаванне памяці пра месца пахавання і нябожчыка было звязана з існаваннем цеснай сувязі паміж жывымі і памерлымі, вялікім значэннем культа продкаў. Культ продкаў – пакланенне душам адыйшоўшых на той свет суродзічаў. Апошнім прыпісвалася здольнасць уплываць на жыццё нашчадкаў. Лічылася, што магілы продкаў (культ магіл), а таксама іх парэшткі (культ парэшткаў) мелі цудадзейную сілу. Магілы продкаў ушаноўваліся яшчэ і таму, што іх прысутнасць давала права вечнага валодання той ці іншай тэрыторыяй – зямлёй продкаў.

Могільнікі як “месца памяці” складалася з вялікай колькасці мнеманічных аб’ектаў, якія ствараліся і ўзнікалі падчас пахавальнага абраду і наступных абрадавых і рытуальных дзеянняў.

Мнеманічныя аб’екты – сляды памінальных дзеянняў, візуалізаваныя сімвалічныя пабудовы, створаныя для захавання памяці пра здзейсненае пахаванне і памерлага продка.

Аналіз кантэксту могільнікаў сярэднедняпроўскай культуры дазваляе вылучыць на іх мнеманічныя аб’екты. У некаторых курганах Ходасавіцкіх могільнікаў адзначаліся сляды слупавых пабудоў вялікіх памераў (4,5х3,5 м; 5,5х4,5 м; 5,9х4,3 м). Канструкцыі выконвалі функцыі “памінальнага дома”. У яе межах і побач з ёй адзначаліся сляды кострышчаў і некалькі пахаванняў. Курганная пляцоўка са збудаваннем на нейкі час заставалася адкрытай да чарговага пахавання. У такім разе на працягу адпаведнага перыяду “памінальны дом” быў мнеманічным аб’ектам, г.зн. служыў, акрамя ўсяго іншага, у якасці візуалізаванага аб’екта для захавання памяці пра здзейсненае пахаванне. Сляды “памінальных дамоў” заўважаліся таксама на некаторых бескурганных могільніках сярэднедняпроўскай культуры.

На бескурганных могільніках (Прорва 1, Страліца, Сябровічы) вакол групы пахаванняў выкопваўся кругавы равок дыяметрам ад 6,5 да 8,2 м. Звычай яго выкопвання мог быць адной з форм трансфармацыі курганнай пахавальнай практыкі, калі першапачатковы насып акаляўся глыбокай канаўкай. На згаданых могільніках сярэднедняпроўскай культуры ў равок маглі ўкопвацца слупы і пакідаўся праход на акружаную слупамі пляцоўку. Стваралася кругавая сакральная прастора для памерлых, аддзеленая ад свету жывых. У межах пляцоўкі перыядычна здзяйсняліся пахаванні. Равок і слупы, у такім разе, акрамя ўсяго іншага, выконвалі функцыі мнеманічных аб’ектаў, г.зн. збудаванняў, дзякуючы якім захоўвалася памяць пра здзейсненыя там пахаванні. “Памінальныя ямы” – сляды аб’ектаў, якія часткова перакрывалі пахаванне, альбо былі далучаныя да яго. Найбольш верагодна яны выконвалі мемаратыўную функцыю. У іх запаўненні маглі быць рэшткі рытуальнага посуду (зробленага спецыяльна для пахавання і не прызначанага для утылітарных мэтаў), фрагментамі спаленых костак жывёл, слядамі кострышча. Згаданыя аб’екты відаць узнікалі ў памяць пра нябожчыка і былі адмысловай формай прынясення дароў да яго магілы.

Іншымі формамі памінання памерлага былі звычаі ўскладання на засыпанае пахаванне керамічнага посуду, каменных свідраваных сякер і іншых ахвярных прынашэнняў. Сляды такіх звычаяў адзначаліся на могільніках сярэднедняпроўскай культуры. У верхніх частках некаторых курганных насыпаў сустракаліся адмысловыя каменныя свідраваныя сякеры.

Памяць пра курганы ІІІ – пачатку ІІ тыс. да н.э. не знікала і ў наступныя часы. У некаторых выпадках курганныя насыпы выкарыстоўваліся для пахавання нябожчыкаў у сярэдневяковы перыяд.

Напрыклад, у тыя ж самыя згаданыя мной Ходасавіцкія курганы позняга неаліту – пачатковага перыяду бронзавага веку на працягу VIII – ХІІ стст. н.э. уводзіліся славянскія пахаванні. Мясцовыя жыхары Палесся яшчэ ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. захоўвалі памяць пра старажытныя курганы, ушаноўвалі і бераглі іх, не дазвалялі іх раскопваць. У некаторых раёнах Палесся да сёняшняга дня можна назіраць практыку “падсялення” нябожчыкаў да старажытных курганоў, калі сучаснае пахаванне здзяйсняецца ў насып сярэдневяковага славянскага кургана.

Аўтар: М.М. Крывальцэвіч
Крыніца: Першы міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры: зборнiк матэрыялаў (Мiнск, Беларусь, 5 – 6 мая 2016 г.) / гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. – Мінск: Права і эканоміка, 2016. – С. 510-511.