Механізацыя Лоеўскага раёна ў 1920-1930-я гг.

0
235
Механізацыя ў БССР

Мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі пасля прыходу да ўлады бальшавіцкай партыі прадугледжвала аб’яднанне дробных сялянскіх надзелаў у буйныя калектыўныя гаспадаркі. Большасць сялян адмоўна ўспрынялі такія перамены, рэформа закранала права ўласнасці на зямлю. 3 мэтай уцягнення сялян у кааператывы ўлады былі вымушаны паказаць перавагу над дробнымі сялянскімі надзеламі. Пачынаючы з 1920-х гг. дзяржава выдзяляла такім гаспадаркам тэхніку, у тым ліку і трактары [1, с. 176].

На тэрыторыю Лоеўшчыны першы трактар быў пастаўлены ў 1924 годзе ў «Дняпроўскую камуну» (самую буйную кааператыўную гаспадарку Рэчыцкага павета ў 1920-я гг.) маркі «Тытан», які быў перададзены Рэчыцкім праўленем [2, с. 129]. Першым тарктарыстам стаў Іван Трухан. «Дняпроўская камуна» — першае сельскагаспадарчае аб’яднанне на Лоеўшчыне, якое атрымала трактар. Актыўная падтрымка камунальнага руху з боку дзяржавы дазволіла камуне ў 1927 годзе атрымаць яшчэ 5 трактароў маркі «Пуцілавец». Выкарыстанне тэхнікі дазваляла праводзіць сяўбу хутка, у лепшыя месяцы, што павышала ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур. Пасля ўкаранення трактароў ураджайнасць у камуне была 9.6 ц/га супраць 6 ц/га у сялянскіх гаспадарках [3, с. 34].

Новы працэс механізацыі пачаўся з пачаткам палітыкі калектывізацыі. У Лоеўскі раен трактары не пастаўляліся да 1931 года, толькі «Дняпроўская камуна» выкарытоўвала тэхніку. На 1 чэрвеня 1931 года налічвалася 5 трактароў маркі «Пуцілавец», набытых яшчэ ў 1927 годзе [4, л. 13]. На 1930 год ў раён не быў пастаўлены ні адзін трактар. Толькі з 1931 года пачаліся пастаўкі тэхнікі. На 1934 год у раёне было 9 трактароў і не ўсе яны выкарыстоўваліся эфектыўна [5, с. 86]. Ва Уборках першы трактар маркі «Фардзон» з’явіўся ў 1932 годзе па прычыне малой кваліфікацыі трактарыстаў на палях ён не працаваў [6].

3 мэтай павышэння залежнасці калгасаў ад дзяржавы і павышэння кваліфікацыі трактарыстаў у 1935 годзе ў Лоеве была створана першая МТС. Манапольна валодаючы тэхнікай, МТС ставіла калгасы ў поўную залежнасць ад улад. Першым дырэктарам стаў Іван Вікенцьевіч Лукашэвіч. Першым парторгам быў Іван Бачэвіч. На першых парах у МТС налічвалася 24 трак­тары [3, с. 39-40].

Акрамя мужчын, на трактарах працавалі жанчыны. Першай трактарысткай стала камсамолка Соф’я Равянок. Пад уплывам першай трактарысткі СССР Пашы Ангелінай пасля заканчэння курсаў дзяўчына атрымала трак­тар ХТЗ. Пад уплывам ідэалогіі і сацыялістычнага спаборніцтва дзяўчына перавыконвала план. У 1936 годзе Соф’я — першая трактарыстка раёна, якая апрацавала 800 га зямлі мяккага ворыва, яе праца была асветлена ў газеце «Звязда». Эфектыўная праца Равянок у 1937 годзе дазволіла прыняць ўдзел у сходзе трактарыстаў БССР. Акрамя яе, жанчынамі-трактарысткамі Лоеўскага раёна сталі: Соф’я Андрэеўна Злочынская, Галіна Анатольеўна Цімошчанка, Ефрасіння Іванаўна Кукса. Ужо ў 1936 годзе ў Лоеўскай МТС працавалі дзве жаночыя брыгады. Кіраўніком другой брыгады была Г.А. Цімошчанка, жыхарка пасёлка Усход [7, с. 4].

На 1 студзеня 1937 года у Лоеўскай МТС налічвалася 48 адзінак трактарнага парку. Да пачатку 1939 года была арганізавана Баршчоўская МТС. Усяго да пачатку 1940-х гг. у раёне налічвалася 80 трактароў і 4 камбайны [3, с. 40].

Выкарыстанне трактароў акзала ўплыў на павышэнне ўраджайнасці па раёне. Значна ўзрасла ўраджайнасць культур. Калі браць статыстычныя дадзеныя, то ў параўнані з 1930 годам да 1934 года ўрадажайнасць узрасла ў ц/га жыта з 5.5 да 7.5, пшаніцы яравой — 5.4 да 7.2, аўса — 6.7 да 7.9, ячме­ню — 5.8 да 8.1 [5, с. 86-87]. Таму механізацыя дапамагла павысіць паказчыкі ўраджайнасці і палепшыць матэрыяльнае становішча калгаснікаў.

Літаратура

  1. Елизарова Г. В. Крестьянское землепользование на Гомелынчине в период становления советской власти / Г. В. Елизарова // Гомелыцина в событиях 1917— 1945 гг. Материалы научно-практической конференции / Г. В. Елизарова. — Го­мель: Белгут. 2007. — с. 176-181.
  2. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Рэчыцкага раёна. У 2 кн. Кн. 1. Рэд. кал: Э. Н. Гнеўка, Т. I. Літвінава (адк. рэд) [і інш.]. — Мн.: Беларусь. — 1998.-502 с.
  3. Долатаў А. С. Дапаможнік па краязнаўству Лоеўшчыны / А. С. Долатаў // Лоеў «Карані». — 2002 г. — 81 с.
  4. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 509, вопіс 1, спр. 291, л. 13.
  5. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Лоеўскага раёна. Рэд. кал. Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, В. П. Крупейчанка (адк. рэд) [і інш.]. — Мн.: Бела- руская энцыклапедыя, 2000 г. — 589 с.
  6. Коллективизация в деревне Уборак. Из воспоминаний старожила Казими­рова Никиты Андреевича 1883 года рождения. Материал из Уборковской сель­ской библиотеки.
  7. Пятроў. М. П. Першая трактарыстка / М. П. Пятроў // Раённая газета “Серп і молат’У М. П. Пятроў. — 4 лістапада 1970 г. — С. 4.

Аўтар: А.В. Колас
Источник: Сборник научных статей студентов, магистрантов, аспирантов. Вып. 18 / cост. С. В. Анцух; под общ. ред. В. Г. Шадурского. — Минск: Четыре четверти, 2017. — 242 с. Ст. 27-29.