Мазырская шляхта ў час бескаралеўя 1733-1735 гг.

0
52
Мазырская шляхта ў час бескаралеўя 1733-1735 гг.

Мазырскі павет знаходзіўся на паўднёвым усходзе ВКЛ і ўваходзіў у Мінскае ваяводства. Шлях­та гэтага павета не адыгрывала вядучых роляў ва ўнутрыпалітычным жыцці ВКЛ першай паловы XVIII ст. Магчыма, гэта з’яўляецца адной з прычын слабай зацікаўленасці гісторыкаў да вывучэння шляхты Мазырскага павета азначанага перыяду. Можна ўспомніць толькі некаторыя працы, дзе ўпамінаецца мазырская шляхта [1; 2; 3]. Мэтай артыкула з’яўляецца даследаванне пазіцыі мазырскай шляхты па пытаннях палітычнага развіцця дзяржавы ў час бескаралеўя 1733-1735 гг.

Мазырская шляхта напярэдадні бескаралеўя 1733-1735 гг. фактычна падзялілася на дзве групоўкі, якія варагавалі паміж сабой. Гэты падзел адбыўся ў пачатку 30-х гг. XVIII ст., а канчаткова сфармаваўся ў самым канцы панавання Аўгуста ІІ на грамнічным сойміку 4 лютага 1732 г. і пасольскім сойміку 15 снежня 1732 г. Падчас мазырскага грамнічнага сойміка 1732 г. групоўка на чале з Аскеркамі і Вольбекамі хацела абраць дэпутатамі сваіх прыхільнікаў і таму пагражала шляхце, якая мелася пратэставаць супраць сойміка. У выніку рашыўся пратэставаць толькі лідар варожай Аскеркам групоўкі Антоній Яленскі. Іншым не ўдалося далучыцца да яго, бо Аскеркі і іх прыхільнікі зачынілі дзверы ў соймікавай ізбе і прымушалі шляхту падпісаць крэдэнс прапанаваным дэпутатам мазырскаму падстолію Рафалу Аскерку і надворнаму лоўчыцу ВКЛ Юзафу Вольбеку. У выніку не пагадзіўся падпісаць крэдэнс толькі мазырскі падстароста Юзаф Богуш. Антоній Яленскі спадзяваўся знайсці яшчэ з дзясятак шляхціцаў, якія падпішуць пратэстацыю супраць сойміка [4, p. 3-4]. Гэта ўдалося, і адпаведная пратэстацыя была занесе­на ў трыбунальскія кнігі [5, p. 46-49]. На рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ 1732 г. мазырскія дэпутаты з-за пратэстацыі спачатку не былі дапушчаны ў лік трыбунальскіх суддзяў. Потым, аднак, удалося дамовіцца з пратэставаўшай шляхтай, і Рафал Аскерка і Юзаф Вольбек сталі трыбунальскімі суддзямі. Гэтае прымірэнне на рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ 1732 г. было часовым і не супакоіла канфлікту паміж мазырскай шляхтай. Ужо падчас мазырскага пасольскага сойміка 15 снежня 1732 г. ён успыхнуў з новай сілай. Антоній Аскерка перад соймікам спрабаваў перацягнуць на бок групоўкі Аскеркаў свайго брата — уплывовага ў Мазырскім павеце мазырскага стольніка Францішка Аскерку. Нават абяцаў яму падтрымку ў канкурэнцыі на ўрад мазырскага маршалка на «нібыта» запланаваных элекцыйных сойміках Мазырскага павета. У адказ Францішак Аскерка павінен быў даць згоду на выбар паслом на сойміку прапойскага старосты Багуслава Незабытоўскага, якога падтрымлівала групоўка Аскеркаў. Аднак гэта не ўдалося, бо соймік быў сарваны з-за пратэстаў групоўкі Антонія Яленскага [4, p. 11v-12].

Бескаралеўе ў Рэчы Паспалітай пачалося са смерцю 1 лютага 1733 г. караля Аўгуста ІІ. У дзяржаве разгарнулася барацьба за выбар новым каралём свайго кандыдата. У ВКЛ у гэты час усе магнаты былі падзелены на дзве групоўкі: прыдворная партыя Чартарыйскіх і антыкаралеўская магнацкая апазіцыя Сапегаў, Агінскіх і Радзівілаў. Дамінавала ў Княстве антыкаралеўская магнацкая апазіцыя. Апошнімі да яе далучыліся Радзівілы, якія ў 1732 г. парвалі з Чартарыйскімі і пачалі супрацоўнічаць з іншымі апазіцыйнымі каралеўскаму двару групоўкамі [6, s. 308]. Бескаралеўе не змяніла сітуацыю ў ВКЛ. Магнацкія групоўкі Сапегаў, Радзівілаў і Агінскіх дамовіліся дзейнічаць разам супраць Чартарыйскіх на перадканвакацыйных сойміках. Сітуацыя ў Мазырскім павеце ў апошнія гады панавання Аўгуста ІІ адрознівалася ад сітуацыі ў большасці паветаў Княства, бо тут перавагу мелі не прыхільнікі антыкаралеўскай апазіцыі, а прыхільнікі прыдворнай групоўкі Чартарыйскіх. Гэта было звязана з тым, што на баку Чартарыйскіх выступаў шляхецкі род Аскеркаў, які дамінаваў у Мазырскім павеце. На чале роду ў гэты час знаходзіўся сын мазырскага падсудка Міхала і Канстанцыі з Яленскіх наваградскі кашталян Антоній Аскерка. У 1714 г. Антоній Аскерка атрымаў самы значны земскі ўрад Мазырскага павета — павятовага маршалка. Далейшае ўмацаванне Аскеркі сярод эліты ВКЛ было выклікана тым, што ў 1717 г. ён стаў камісарам «нойбургскіх уладанняў». У 1722­1723 гг. Антоній Аскерка і лоўчы ВКЛ Генрых Вейсбах з’яўляліся каралеўскімі камісарамі ў гэтых жа «нойбургскіх уладаннях». Выкананне функцый камісара дало магчымасць Аскерку няблага зарабіць і зрабіць выдатную кар’еру, дзякуючы прыхільнаму стаўленню караля Аўгуста ІІ і прыдворнай групоўкі Чартарыйскіх. Ужо ў 1724 г. Аскерка атрымаў урад пісара ВКЛ і набыў у полацкага ваяводы Станіслава Дэнгафа мазырскае гродскае староства, якое потым перадаў свайму старэйшаму сыну Гервазію Людвіку. 11 кастрычніка 1726 г. Антоній Аскерка атрымаў урад наваградскага кашталяна. Паводле дамовы з сям’ёй сваёй другой жонкі Ганны з Грабоўскіх, іх першы сын Міхал Стэфан быў ахрышчаны ў евангеліцкім зборы. Калі ў 1727 г. аб гэтым стала вядома, то Антоній Аскерка ледзь не быў пазбаўлены свайго ўрада. Выратавала толькі вяртанне з Караляўца сына Міхала Стэфана і яго пераход у каталіцтва [7, s. 356-357]. Гэты выпадак не аслабіў сувязі Антонія Аскеркі з пратэстантамі. Фактычна Антоній Аскер­ка стаў адным з лідараў пасэсараў «нойбургскіх маёнткаў», якія змагаліся супраць усталявання ўлады нясвіжскіх Радзівілаў у гэтых уладаннях. Значная частка пасэсараў як раз і з’яўляліся кальвіністамі. У 1733 г. Радзівілы распачалі свой наступ на пасэсараў «нойбургскіх уладанняў» [1, s. 50-51; 3, c. 29-30; 8, c. 16-17]. 31 студзеня 1733 г. Ганна з Сангушкаў Радзівіл запатрабавала ў іх выкупу некаторых уладанняў. Сярод пастаўленых у вядомасць пра выкуп знаходзіўся і наваградскі кашталян Антоній Аскерка [9, л. 250-251, 254-269].

Групоўку праціўнікаў Аскеркаў у Мазырскім павеце ўзначальваў Антоній Яленскі і мазырскі стольнік Францішак Аскерка. Антоній Яленскі быў сынам мазырскага скарбніка Багуслава Яленскага і Феліцыяны з Богушаў. Брат Антонія, Ян Яленскі, з’яўляўся мазырскім гродскім пісарам. Францішак Аскерка, сын мазырскага падсудка Міхала і Канстанцыі з Яленскіх, быў адпаведна старэйшым братам наваградскага кашталяна Антонія. Антоній Яленскі і Францішак Аскерка супрацоўнічалі з Сапегамі. Мазырскі стольнік у 1731 г. нават кіраваў мясцовымі прыхільнікамі Сапегаў, арганізаванымі для нападзення на Слуцк для выканання ранейшага трыбунальскага рашэння [10, k. 364-365].

Перадканвакацыйныя соймікі ў ВКЛ былі прызначаны на 15 сакавіка 1733 г. На гэтым сойміку меліся быць абраныя паслы на канвакацыйны сойм і ў склад каптуровага суда. Зразумела, што Антоній Яленскі і Францішак Аскерка ў час бескаралеўя, як і раней, выконвалі загады кааліцыі Сапегаў, Радзівілаў і Агінскіх. Менавіта да свайго прыхільніка Антонія Яленскага пераслаў ліст разам з інструкцыяй ад Міхала Казіміра Радзівіла мерацкі староста Антоній Казімір Сапега. Згодна з просьбай Сапегі, Яленскі павінен быў прыкласці намаганні, каб абрацца паслом і ўключыць дасланыя пункты ў інструкцыю мазырскага сойміка [11, k. 56-57]. Гэтыя планы не ўдалося рэалізаваць, бо пасламі на канвакацыйны сойм 1733 г. былі абраны наваградскі кашталяніц Міхал Стэфан Аскерка і мазырскі лоўчы Казімір Вольбек [12, p. 162v] (паводле іншых звестак, мазырскі падстароста Юзаф Богуш) [13, s. 111; 14, s. 70]. Напэўна, на гэтым жа сойміку быў абраны і склад каптуровага суда. Яго маршалкам стаў мазырскі гродскі староста Гервазій Людвік Аскерка [15, л. 27]. Як бачна, перавагу на мазырскім перадканвакацыйным сойміку атрымалі прыхільнікі Фаміліі — Аскеркі. Абодва мазырскія паслы (незалежна ад таго, Вольбек ці Богуш быў другім паслом) прадстаўлялі групоўку Аскеркаў. Маршалкам каптуровага суда ўвогуле быў абраны адзін з лідараў Аскеркаў — Гервазій Людвік Аскерка.

Падчас самога канвакацыйнага сойма Рэчы Паспалітай Міхал Стэфан Аскерка вызначыўся тым, што некаторы час адмаўляўся даць згоду на прыняцце пастановы аб выключэнні чужаземца з ліку кандыдатаў на трон, бо не меў такога пункта ў інструкцыі. Перавага, аднак, была на баку прыхільнікаў Ляшчынскага, якія і хацелі прыняцця гэтага дакумента. У выніку Аскерка быў вымушаны саступіць і пагадзіцца на прыняцце пастановы аб выключэнні чужаземцаў з ліку кандыдатаў на трон [16, k. 138]. Складана ўстанавіць, ці па ўласнай ініцыятыве Міхал Стэфан Аскерка супраціўляўся выключэнню чужаземца з ліку кандыдатаў на трон, ці гэта было пажаданне яго магнацкіх патронаў Чартарыйскіх альбо саксонскіх ці прускіх паслоў. У любым выпадку яго супраціўленне было нядоўгім і ён, як і яго бацька Антоній Аскерка, на канвакацыйным сойме пагадзіліся на прыняцце пастановы аб выключэнні чужаземцаў з ліку кандыдатаў на трон Рэчы Паспалітай. Такое рашэнне было падтрымана як Чартарыйскімі, так і Сапегамі, Радзівіламі і Агінскімі. Гэта азначала, што і праціўнікі Аскеркаў у Мазырскім павеце ўслед за Сапегамі таксама падтрымалі пастанову аб выключэнні чужаземцаў з ліку кандыдатаў на трон Рэчы Паспалітай.

Здавалася, што ў выпадку агульнага стаўлення наконт кандыдатуры будучага манарха ў спакойнай абстаноўцы 15 ліпеня 1733 г. адбудзецца перадэлекцыйны соймік Мазырскага павета. Аднак мазырскі перадэлекцыйны соймік зноў праходзіў у барацьбе паміж дзвюма шляхецкімі групоўкамі. Пачаўся ён спакойна, і без пратэстаў дырэктарам сойміка быў абраны Богуш. Пасля гэтага мазырскі гродскі старо­ста Гервазій Людвік Аскерка прапанаваў, каб на элекцыйны сойм ад шляхты Мазырскага павета паехалі не ўсе, хто жадаў, а толькі некалькі дэлегатаў. Аскер­ка хацеў абраць 10 такіх дэлегатаў, якія павінны былі дзейнічаць у адпаведнасці з загадамі свайго старосты. Яленскія і іх прыхільнікі небеспадстаўна падазравалі, што ў такім выпадку мазырскія шляхціцы будуць выконваць на элекцыйным сойме загады Чартарыйскіх, бо Аскерка быў іх прыхільнікам. Праціўнікі Аскеркаў выступілі з пратэстам супраць такой прапановы мазырскага гродскага старосты. Пратэстацыі былі падтрыманы значнай колькасцю шляхты, што вымусіла пагадзіцца з імі і прыхільнага да Аскеркаў дырэктара сойміка Богуша. Менавіта таму ён развітаўся са шляхтай і з’ехаў, што азначала зрыў сойміка [17, k. 34-35]. Фактычна гэта быў крах планаў Аскеркаў, і кожны мазырскі шляхціц па сваім жаданні мог паехаць на элекцыйны сойм Рэчы Паспалітай.

У выніку на элекцыйным сойме ад мазырскай шляхты прысутнічалі прадстаўнікі абедзвюх варагуючых груповак. Яны, услед за сваімі магнацкімі патронамі Чартарыйскімі і Сапегамі, выказаліся 13 верасня 1733 г. за выбар каралём Станіслава І Ляшчынскага. Свае подпісы пад выбарам паставілі наступныя шляхціцы Мазырскага павета: мазырскі гродскі ста­роста і мазырскі палкоўнік Гервазій Людвік Аскерка, мазырскі падстароста Юзаф Богуш, мазырскі гродскі пісар Ян Яленскі, мазырскі падстаросціц Людвік Бо­гуш, Міхал Яленскі, мазырскі харужы1 Рафал Аскер­ка, дамавіцкі староста і паручык павятовай харугвы Юзаф Вольбек, наваградскі кашталяніц Станіслаў Плішка2, мазырскі канюшы Лукаш Чыжэўскі, Тэадор Яхімовіч, Станіслаў Яхімовіч, Аляксандр Ляндовіч, Марцін Скарупскі, Ян Мачульскі, Уладзіслаў Ясінскі, Дамінік Ясінскі, Міхал Тшцінскі, Міхал Вольскі, мазырскі ротмістр Міхал Чыжэўскі, Станіслаў Каткоўскі, Казімір Вольскі, Міхал Пажарыцкі, Пётр Свідэрскі, Казімір Рабак, Самуэль Песляк, Станіслаў Корзун, Антоній Клішэўскі, Антоній Стахоўскі, Міхал Разановіч, Антоній Разановіч, Станіслаў Спінэк, Рафал Шумоўскі, Бенедыкт Юркевіч, Марцін Яхімовіч, Юзаф Піятроўскі, Стэфан Рабак, Пётр Кацёрскі, Францішак Піяровіч, Юзаф Навіцкі, Міхал Галіцкі, Пётр Глябовіч, Тэадор Маеўскі, Аляксандр Галіцкі, Францішак Невяроўскі, мазырскі скарбнік і мазырскі палкоўнік Антоній Яленскі, харужы харугвы павятовай і мазырскі лоўчы Казімір Вольбек, паручык павятовай харугвы Эразм Антоній Лянкевіч, Антоній Піятроўскі, мазырскі стражнік Ваўжынец Дамінік Абуховіч, радлінскі староста Ян Пжыбора, мазырскі чашнік Антоній Богуш, мазырскі стальніковіч Міхал Аскерка, Антоній Чыжэўскі, Антоній Піяровіч, смаленскі падстолі Мікалай Богуш, Лукаш Каміньскі, Антоній Пратасовіч, оўруцкі лоўчы Андрэй Булгарын, Станіслаў Горскі, Юры Казімір Залескі, Міхал Храптовіч, Станіслаў Мануэль, Томаш Ма­нуэль, Ян Даўсін, Юзаф Гразны, Юзаф Даўсін, Міхал Жудра, Траян Ліпінскі, Павел Горскі, Людвік Каміньскі, Юзаф Костка, Ян Заленскі, Станіслаў Навагорскі, Юры Дамфетт, Рафал Мысліцкі [18, s.133-134]. У выніку атрымалася, што з Мазырскага павета свае подпісы пад выбарам каралём Станіслава І Ляшчынскага паставілі 75 шляхціцаў, якія прадстаўлялі абедзве варагуючыя шляхецкія групоўкі.

Больш таго, прысутная на элекцыйным сойме мазырская шляхта вырашыла 18 верасня 1733 г. абраць двух рэзідэнтаў ад Мазырскага павета, якія павінны былі знаходзіцца пры новаабраным каралі Станіславе І Ляшчынскім. Гэтымі рэзідэнтамі сталі мазырскі гродскі староста Гервазій Людвік Аскерка і мазырскі скарбнік Антоній Яленскі [19, р. 332-332v]. Як бачым, у гэтым пытанні быў захаваны парытэт, і рэзідэнтамі былі абраны прадстаўнікі ад кожнай групоўкі мазырскай шляхты.

5 кастрычніка 1733 г. нязгодныя з выбарам Ляшчынскага магнаты і шляхта выбралі каралём саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста пад імём Аўгуста ІІІ. Сярод яго выбаршчыкаў не было ніводнага прадстаўніка мазырскай шляхты, якая адзінагалосна выказалася за кандыдатуру Станіслава І Ляшчынскага.

У лістападзе 1733 г. у падтрымку Аўгуста ІІІ у ВКЛ размясціліся расійскія войскі. Праўда, Мазырскі павет аказаўся па-за тэрыторыяй іх дзеянняў. Бліжэй усяго да Мазырскага павета размяшчаўся атрад маёра Аленіна, які знаходзіўся ў Быхаве і быў падначалены Юрыю Рапніну. Корпус Рапніна дыслацыраваўся ў Віцебскім ваяводстве. У такой сітуацыі недалёка ад Мазырскага павета аказаліся расійскія войскі, якія знаходзіліся ў Кіеве. У ВКЛ ад імя Станіслава І Ляшчынскага дзейнічалі атрады войска пад кіраўніцтвам генеральнага рэгіментарыя ВКЛ Антонія Пацея. З пачатку студзеня 1733 г. яны размясціліся ва ўладаннях Слуцкага княства ў Наваградскім ваяводстве, якія ўваходзілі ў «нойбургскія маёнткі» і належалі нясвіжскім Радзівілам (яны былі прыхільнікамі Аўгуста ІІІ). Атрады прыхільнікаў Ляшчынскага падыходзілі да Нясвіжа, але атакаваць яго не рашыліся. Затое 9 студзеня 1734 г. яны захапілі Слуцк. Адбылося гэта пры актыўным удзеле наваградскага кашталяна і лідара адной з груповак мазырскай шляхты Антонія Аскеркі, які пераканаў слуцкага губернатара нясвіжскіх Радзівілаў і лідскага стольніка Даніэля Шышку ўпусціць войскі Пацея ў замак і прынесці прысягу Станіславу І Ляшчынскаму [20, k. 33-34; 21, b. p.; 22, c. 353-354; 23, c. 254]. Прыхільнікі Станіслава І Ляшчынскага прынялі рашэнне аб скліканні попісаў паспалітага рушэння ў абарону вольнага выбару. Гэтыя попісы былі скліканы ўніверсалам Станіслава І Ляшчынскага 11 лістапада 1733 г. з Гданьска. Яны сталі падставай для стварэння канфедэрацый у абарону выбару Станіслава І Ляшчынскага [24, s. 31]. Першыя канфедэрацыі ў ВКЛ у абарону Станіслава І Ляшчынскага з’явіліся яшчэ ў снежні 1733 г. А масавасць рух у абарону выбару Ляшчынскага ў ВКЛ набыў у пачатку 1734 г., асабліва ў час грамнічных (8 лютага 1734 г.) і гаспадарчых (9 лютага 1734 г.) соймікаў [25, s. 327-330]. У гэтай сітуацыі цікава павяла сябе част­ка мазырскай шляхты.

20 лютага 1734 г. у наваградскія гродскія кнігі Антоніем Урублеўскім быў занесены акт мазырскай канфедэрацыі ў сувязі з тым, што гэты дакумент не быў прыняты ў мазырскіх гродскіх кнігах. На жаль, гэты дакумент не захаваўся цалкам. З той часткі, якая захавалася, становіцца вядома, што мазырская шлях­та абвінавачвала ў супрацьдзеянні стварэнню канфедэрацыі Мазырскага павета наваградскага кашталяна Антонія Аскерку. Мазырская шляхта 8 лютага 1734 г. сабралася на грамнічны соймік у Мазыры. На гэты соймік генеральны рэгіментарый ВКЛ Антоній Пацей даслаў універсал з заклікам стварыць канфедэрацыю ў абарону выбару Станіслава І Ляшчынскага. Антоній Аскерка быў у гэтым не зацікаўлены. Таму даслаў на соймік свайго сына Рафала і пляменнікаў Вольбекаў (сыноў сястры Петранэлі з Аскеркаў і надворнага лоўчага ВКЛ Багуслава Вольбека), каб тыя не дапусцілі нават пачатку сойміка вышэйшым з прысутных ураднікам. Падчас сойміка яны асабліва нападалі на мазырскага скарбніка Антонія Яленскага [26, л. 510-510адв]. Нягледзячы на пагрозы, праціўнікам Аскеркаў удалося стварыць канфедэрацыю ў абарону выбару Станіслава Ляшчынскага.

Аб стварэнні канфедэрацыі Мазырскага павета было вядома далёка за яго межамі. Расійскі гене­рал Леў Ізмайлаў, які знаходзіўся ў Вільні, 7 лютага 1734 г. напісаў у Пецярбург, што сярод іншага створана канфедэрацыя прыхільнікаў Ляшчынскага ў Мазырскім павеце [27, л. 19]. Упэўненасці прыхільнікам Ляшчынскага ў Мазырскім павеце дадало і тое, што ў канцы лютага 1734 г. з-пад Вільні ў Наваградскае ваяводства рушылі галоўныя сілы прыхільнікаў Ляшчынскага пад кіраўніцтвам генеральнага рэгіментарыя ВКЛ Антонія Пацея. Напэўна, там да Пацея і прыбылі паслы ад мазырскай канфедэрацыі мазырскі стальніковіч Антоній Аскерка і мазырскі стражнік Дамінік Абуховіч. 7 красавіка 1734 г. у мазырскіх гродскіх кнігах быў актыкаваны адказ Антонія Пацея ад 22 сакавіка 1734 г. на інструкцыю мазырскіх паслоў. Пацей дзякаваў за стварэнне канфедэрацыі ў абарону Станіслава І Ляшчынскага, а таксама за прынятае рашэнне аб фармаванні стаконнай харугвы і наборы па адным пехацінцы з 10 дымоў. Генеральны рэгіментарый «з нецярпеннем» будзе чакаць гэтыя ўзброеныя сілы Мазырскага павета пад кіраўніцтвам абранага мазырскім палкоўнікам Антонія Яленскага [28, л. 670-670 адв]. Лідар групоўкі, што супрацьстаяла Яленскаму, наваградскі кашталян Антоній Аскер­ка таксама знаходзіўся сярод прыхільнікаў Ляшчынскага. Менавіта ад іх імя Антоній Аскерка праводзіў перамовы з радзівілаўскай адміністрацыяй Слуцка аб узяцці жаўнераў і ўзбраення з мясцовага гарнізона [29, s. 199-200; 30, k. 128-129, 131; 31, k. 101-102]. Антоній Аскерка накіраваўся ў Вільню, дзе ў пачатку красавіка 1734 г. прыхільнікі Ляшчынскага мелі намер стварыць Генеральную канфедэрацыю ВКЛ. Сапраўды, на гэтым з’ездзе ў Вільні 5 красавіка 1734 г. была арганізавана Генеральная канфедэрацыя ВКЛ прыхільнікаў Станіслава І Ляшчынскага. Ад Мазырскага павета прысутнічалі толькі наваградскі кашталян Антоній Аскерка і мазырскі падстароста Юзаф Богуш. Прычым апошні падпісаў акт канфедэрацыі як прадстаўнік (кансыляж) ад канфедэрацыі Мазырскага павета [32, s. 373-374]. Абодва прадстаўлялі шляхецкую групоўку Аскеркаў, якая нібыта блакавала стварэнне канфедэрацыі прыхільнікаў Ляшчынскага ў Мазырскім павеце. Насамрэч, галоўным адрозненнем у пазіцыі абедзвюх груповак была тактыка дзеянняў у Мазырскім павеце, а дакладней: збіраць узброеныя атрады паспалітага рушэння на карысць Станіслава І Ляшчынскага ці не.

Наваградскі кашталян Антоній Аскерка выдатна скарыстаў сваё знаходжанне ў Вільні сярод лідараў прыхільнікаў Станіслава І Ляшчынскага. 29 мая 1734 г. у мазырскіх гродскіх кнігах быў актыкаваны працэс наваградскага кашталяна Антонія Аскеркі на мазырскага стольніка Францішка Аскерку, мазырскага скарбніка Антонія Яленскага і іх прыхільнікаў. У гэтым працэсе Антоній Аскерка называў прычынай свайго канфлікту з Антоніем Яленскім нежаданне таго аддаваць трыманую ў заставе палову Чалушэвіч. Для ўмацавання сваіх пазіцый Яленскі заключыў саюз з іншым праціўнікам (адначасова і братам) наваградскага кашталяна мазырскім стольнікам Францішкам Аскеркам. Яны таемна арганізавалі канфедэрацыю, «нібыта» маршалкам якой абралі Францішка Аскерку, а палкоўнікам — Антонія Яленскага. Па іх ініцыятыве гэтая канфедэрацыя абклала вялікім падаткамі шлях­ту Мазырскага павета. Адначасова яны абгаворвалі Антонія Аскерку перад Марцінам Агінскім і Антоніем Пацеем. Яленскі рабіў вялікую шкоду пры збіранні падаткаў пры дапамозе «слуг, чэлядзі і іншых неаседлых». Менавіта таму Антоній Аскерка патрабаваў скасавання ўсіх «скрыптаў, лаўдумаў, інструкцый», якія былі сфармаваны толькі з-за непрыязні да яго [28, л. 674-675адв]. Аскерка перайшоў у наступленне на сваіх праціўнікаў, бо быў перакананы ў падтрымцы з боку кіраўнікоў руху прыхільнікаў Станіслава І Ляшчынскага. 7 чэрвеня 1734 г. у мазырскіх гродскіх кнігах быў актыкаваны ардынанс Марціна Агінскага і Антонія Пацея ад 30 мая 1734 г. Антонію Яленскаму. У ім заяўлялася, што прысутны ў абозе Антоній Аскерка патлумачыў сітуацыю ў Мазырскім павеце і свае дзеянні. Паводле яго тлумачэнняў было прынята рашэнне, што падаткі на войска будзе збіраць не Яленскі, а мясцовыя ўраднікі. Акрамя таго, Пацей і Агінскі пагадзіліся з доказамі Антонія Аскеркі, што шляхта Мазырскага павета не абяцае і не абяцала збіраць узброеныя харугвы [28, л. 678-679].

Праціўнікі Аскеркаў з Мазырскага павета не згадзіліся з такім рашэннем і працягвалі сцвярджаць, што Антоній Аскерка і яго сыны дзейнічаюць супраць інтарэсаў Ляшчынскага і ў супрацоўніцтве з расійскімі войскамі. Свае абвінавачванні Антоній Яленскі і Францішак Аскерка змясцілі 2 чэрвеня 1734 г. у наваградскіх гродскіх кнігах у выглядзе працэсу мазырскай шляхты супраць наваградскага кашталяна Антонія Аскеркі і наваградскага падстаросты Людвіка Богуша. У гэтым працэсе пералічваліся ўсе абвінавачванні супраць Аскеркаў і іх прыхільнікаў. З тэксту дакумента магчыма дакладна вылічыць персанальны склад абедзвюх шляхецкіх груповак Мазырскага павета. Так, працэс, акрамя вышэйпералічаных Аскеркі і Богуша, быў пададзены яшчэ супраць іншых прадстаўнікоў групоўкі Аскеркаў: мазырскага падстолія Рафала Аскеркі, мазырскага лоўчага Казіміра і даманавіцкага старосты Юзафа Вольбекаў, мазырскага гараднічага Казіміра Крыштафа Віхерта, азарыцкага старосты Людвіка Панцяржынскага, мазырскага падчашага Дамініка і мазырскага чашніка Антонія Богушаў, мазырскага гродскага пісара Яна Яленскага, мазырскага стражніка Станіслава Вольскага, мазырскага канюшага Лукаша Чыжэўскага, мазырскага крайчага Базыля Бянецкага, Яна Араноўскага, Тэадора Абуховіча, Томаша Гронскага, мазырскага абознага Аляксандра і Станіслава Каткоўскіх, Юзафа Яхімовіча Яцыны, Казіміра Вольскага, Якуба Сасноўскага, Аляксандра Лянкевіча, Яна Цехановіча, Марціна Скарупскага, Лабоўскага, Гадэцкага, Марціна Яхімовіча, Юзафа Піятроўскага, Міхала Рынгоўскага, Рафала Шамоўскага, Свідэрскага, Юзафа і Лявона Рабакаў, Яна Стахоўскага і сына яго, Расткоўскага, Мікалая Кжывінскага, Міхала Глінкі, мазырскага гродскага рэгента Руцінскага, мазырскіх земскіх пісарэвічаў Леанарда, Томаша і Адама Лянкевічаў, Скіпораў, Рудаміны, Астроўскага «і іншых слуг і чэлядзі наваградскага кашталяна». Сярод пералічаных удзельнікаў групоўкі Аскеркаў 14 шляхціцаў бралі ўдзел у выбарах караля Стані­слава І Ляшчынскага. Групоўку Антонія Яленскага і Францішка Аскеркі магчыма рэканструяваць па тэксце таго ж працэсу. У ім пералічваецца, што працэс быў пададзены наступнымі мазырскімі шляхціцамі: мазырскім стольнікам і маршалкам канфедэрацыі Францішкам Аскеркам, мазырскім скарбнікам і мазырскім палкоўнікам Антоніем Яленскім, мазырскім мечнікам Міхалам Вольскім, Антоніем і Дамінікам Абуховічамі, кашалёўскім старостам Антоніем Піятроўскім, мазырскімі гродскімі судзіцамі Ста­ніславам і Людвікам Корсакамі, Юзафам Вольскім, Антоніем Піятровічам, Антоніем Немянтоўскім, Міхалам і Лявонам Храптовічамі, Янам Драздовічам, Антоніем Лянкевічам, Юрыем, Казімірам і Янам Заленскімі, Пятром і Антоніем Клішэўскімі, Пятром Чыжэўскім, Аляксандрам Яхімовічам, Лукашам і Людвікам Каміньскімі, Міхалам Тшцінскім, Юзафам Грыгаровічам, Міхалам Ляўковічам, Юзафам Мачульскім, Янам Піятроўскім, Адамам Барташэвічам, Станіславам Горскім, Янам Юзафам Даўсіновічам, Янам Вераксам, Міхалам Ляшнеўскім, Станіславам Мануэлем, Вацлавам Ядкоўскім, Лявонам Катлубаем, Янам Алешэўскім, Антоніем Пратасевічам, Юзафам Вайцахоўскім, Антоніем Урублеўскім, Казімірам Пжыгоцкім. Сярод пералічаных удзельнікаў групоўкі Антонія Яленскага і Францішка Аскеркі ўдзел у выбарах караля Станіслава І Ляшчынскага прымала 13 шляхціцаў. Антоній Аскерка абвінавачваўся, што даслаў толькі аднаго свайго сына Гервазія Людвіка да Станіслава І Ляшчынскага, а другога — Стэфана — у Прусію ў Каралявец. Аскерка таксама быў абвінавачаны ў кантактах з кіеўскім губернатарам Іяганам Бернгардам Вейсбахам і казацкім генеральным абозным Якавам Лізагубам. Згодна з іх інтарэсамі, сам Аскерка не паехаў на грамнічны соймік 8 лютага 1734 г. у Мазыр. Аднак загадаў свайму сыну Рафалу, пляменнікам Вольбекам, а «пры тым сваім слугам і нямала іншым людзям са стрэльбай тайна схаванай і з іншай зброяй» накіравацца на соймік і не дапусціць нават да яго «загаення» вышэйшым з прысутных мазырскіх ураднікаў — мазырскаму стольніку Францішку Аскерку. Прычынай такой іх дзейнасці называлася нежаданне таго, каб, згодна з дасланым універ­салам Антонія Пацея, мазырская шляхта стварыла канфедэрацыю ў падтрымку Станіслава І Ляшчынскага. Менавіта таму Рафал Аскерка і яго прыхільнікі на сойміку пагражалі шляхце «маскоўскай патэнцыяй». Частка мазырскай шляхты, нягледзячы на гэтыя пагрозы, стварыла канфедэрацыю ў падтрымку Станіслава І Ляшчынскага і «вольнага выбара каралёў» і абрала яе маршалкам Францішка Аскерку. Больш таго, канфедэрацыя прыняла рашэнне аб фармаванні стаконнай харугвы. Для гэтага быў вызначаны падатак з каралеўскіх, духоўных і шляхецкіх уладанняў па 26 злотых з дыму. Фармаваць харугву павінен быў мазырскі павятовы палкоўнік Антоній Яленскі, які быў абраны на тым жа сойміку. Антоній Аскерка быў незадаволены такімі рашэннямі і прадпрыняў крокі ў адказ. У тэксце працэсу адзначалася, што ён «як заўсёды начныя соймікі прывык складаць і праводзіць», так і зараз сабраўся ноччу са сваімі прыхільнікамі і абраў дырэктарам сойміка Юзафа Вольбека, а ротмістрам мазырскага лоўчага Казіміра Вольбека. На другі дзень, калі Францішак Аскерка, Антоній Яленскі і іх прыхільнікі хацелі сабрацца на замку для чытання састаўленага акта канфедэрацыі, яны не здолелі патрапіць у соймікавую ізбу, бо Антоній Аскерка акружыў яе сваёй райтарыяй, якая пагражала шляхце. У выніку прыхільнікі Антонія Яленскага і Францішка Аскеркі вымушаны былі працягваць соймік у фарным касцёле. На гэтым Антоній Аскерка не спыніўся і працягваў перашкаджаць канфедэрацыі Мазырскага павета. Наваградскі кашталян сабраў і абараніў у сябе ў Нароўлі казакоў Лізагуба, якія ехалі дамоў на Левабярэжную Украіну. Згодна з яго загадам, Казімір Вольбек перашкаджаў сабіраць падаткі на харугву. Пабачыўшы, што, нягледзячы на яго перашкоды, Антоній Яленскі за ўласны кошт фарміруе харугву, Антоній Аскерка даслаў у Кіеў свайго прыхільніка Руцінскага. Менавіта Руцінскі прывёз указ кіеўскага губернатара Вейсбаха, каб Мазырскі павет не прымаў пастаноў аб наборы войска, а тым больш не збіраў выпраўныя харугвы. Калі гэта не будзе зроблена, то Вейсбах пагражаў даслаць у павет 2 тысячы расійскага войска. Антоній Аскерка, каб запалохаць шляхту, загадаў апублікаваць гэты ўказ у Мазырскім павеце. Адначасова Аскерка стараўся паказаць сябе прыхільнікам Станіслава І Ляшчынскага. Таму па яго загадзе мазырскі падстароста Бо­гуш на Віленскай генеральнай канфедэрацыі аб’явіў сябе кансыляжам мазырскай канфедэрацыі, хаця не меў ад яе ні інструкцыі, ні крэдэнсу. Нягледзячы на адсутнасць легітымных падстаў, Богуш прымаў удзел у пасяджэннях Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ і нават даў сваю згоду на падатак з Мазырскага павета ў 15 злотых з дыму. Антоній Аскерка тым часам беспадстаўна, са слоў яго сапернікаў, абвінавачваў Антонія Яленскага, што той сілай прымушаў шляхту падпісаць акт канфедэрацыі. Была ў гэтым канфлікце і асабістая прычына. Антоній Аскерка захапіў палову ўладання Гарбовічы, якія ў спадчыну належалі Францішку Аскерку, і далучыў да сваіх уладанняў вёску Капаткевічы, якая была ўласнасцю Яленскіх [26, л. 238-241адв].

У адказ на падачу працэсу Рафал Аскерка абвінаваціў, што яго праціўнікі не абмяжоўваліся толькі складаннем пратэстацый і працэсаў, а Антоній Яленскі загадаў яго забіць. З гэтай мэтай ім быў дасланы «спецыяльны чалавек», які 12 чэрвеня 1734 г. шукаў Аскерку на замку. Аскерка быў на службе ў царкве, і таму чалавек Яленскага не знайшоў яго. У выніку параніў толькі слугу Аскеркі Атаназія Кавалеўскага, якога сустрэў на замку [28, л. 682-682адв]. Невядома, наколькі сапраўдным было гэтае абвінавачванне. Сумніўна выглядае сітуацыя, калі замест забойства Рафала Аскеркі «спецыяльны чалавек» вырашыў абмежавацца раненнем яго слугі. Фактам застаецца тое, што сітуацыя ў Мазырскім павеце знаходзілася пад кантролем Аскеркаў, і іх праціўнікі пасля рашэння Антонія Пацея і Марціна Агінскага не маглі разлічваць на легальнае фармаванне атрадаў і збіранне падаткаў. Усё перамянілася са смерцю 8 верасня 1734 г. наваградскага кашталяна Антонія Аскеркі. Сапернікі Аскеркаў пачалі наступленне. Браты мазырскі скарбнік Антоній і мазырскі гродскі пісар Ян Яленскія ўжо 10 верасня 1734 г. напалі і захапілі маёнтак Капаткевічы, а 12 верасня 1734 г. — вёскі Міхновічы і Куцуры [28, л. 703-706].

Смерць Антонія Аскеркі выклікала вялікую радасць і ў нясвіжскіх Радзівілаў. Прычынай было тое, што праз Аскерку пасэсары-кальвіністы трымалі кантакт з прускім каралём. Менавіта таму Радзівілы былі вельмі задаволены, калі памёр Антоній Аскерка. Ганна Радзівіл увогуле заявіла, што «добра інтарэсы пойдуць у таксах і ва ўсім, калі такога непрыяцеля Пан Бог узяў, і ўсе кальвіністы, і тыя застаўнікі вельмі будуць аслаблены, бо той адзін самым вялікім непрыхільнікам сам быў і наймоцней усіх іншых падтрымліваў» [1, s. 51]. У выніку Аскеркі, нягледзячы на некаторае супраціўленне, былі вымушаны дазволіць нясвіжскім Радзівілам выкупіць у іх з заставы ўладанні Горкі і Хшаны [33, k. 41-43, 45-46, 61-62, 115-116]. Ганна Радзівіл палічыла неабходным растлумачыць, чаму пачала выкуп застаўленых уладанняў менавіта з Аскеркі: той быў самым заможным, і да таго ж уладанні, «які сам незаконна трымае, але і іншым правы даваў няслушныя ад сябе» [34, k. 219]. Пазней, аднак, Аскеркі перайшлі ў контрнаступленне. У жніўні 1735 г. нават хадзілі чуткі, што для абароны сваіх правоў на трыманыя ў заставе «нойбургскія ўладанні» мазырскі гродскі староста Гервазій Людвік Аскерка накіраваўся ў Мангейм да рэйнскага курфюрста Карла Філіпа. Раз’юшаная Ганна з Сангушкаў Радзівіл у такім выпадку прапаноўвала: «Калі што там будзе брахаць, то трэба яму паказаць па-польску, як таго годны, надзерці яго до­бра за вушы». У адказ на скаргі Ганна Радзівіл лічыла неабходным данесці Карлу Філіпу інфармацыю аб віне бацькі Гервазія Людвіка Аскеркі Антонія ў здачы Слуцка войскам Антонія Пацея. Таксама Ганна Радзівіл прапанавала арганізаваць суд над тымі, хто здаў Слуцк Пацею, што было ўключана ў пастановы каранацыйнага сойма [34, k. 216].

Канфлікт з Радзівіламі не перашкодзіў Аскер­кам вырашыць на сваю карысць канфлікт з Антоніем Яленскім і Францішкам Аскеркам у Мазырскім павеце. Тым больш, што сітуацыя для прыхільнікаў Ляшчынскага значна пагоршылася пасля таго, як 18 верасня 1734 г. у Слуцку размясціліся на пастаянную дыслакацыю аддзел войска ВКЛ прыхільнікаў Аўгуста ІІІ пад кіраўніцтвам палкоўніка Патана і расійскі атрад маёра Гатаўцова [33, k. 22-25]. Сярод іншага, яны кантралявалі і Мазырскі павет, дзе іх атрады збіралі падаткі на забеспячэнне расійскага войска: «з кожнага дыму жытняй мукі па сем гарнцаў, ячменя па адным гарнцу, аўса па адным гарцу, а за сала, соль, сена, сечку і салому з кожнага дыма па тры тынфы» [35, л. 6]. Больш таго, мазырскі гродскі староста Гервазій Людвік Аскерка сабраў атрад у некалькі соцен жаўнераў і прывёў у Мазыр полк расійскіх войск з гарматамі. Яны праследавалі атрад Яленскага, а Гервазій Людвік Аскерка ў Мазыры ў гэты час прымушаў шляхту прысягаць Аўгусту ІІІ. Такім чынам, Мазырскі павет аказаўся пад поўным кантролем Аскеркаў, якія ўжо перайшлі на бок Аўгуста ІІІ. Не здолеў змяніць сітуацыю і атрад прыхільнікаў Ляшчынскага пад кіраўніцтвам Тадэвуша Агінскага, які ў чэрвені 1735 г., праследуемы расійскімі войскамі, рушыў да Петрыкава з мэтай перайці на Валынь. Тут яго нагналі расійскія войскі, і Агінскі з рэшткамі свайго атрада са стратамі быў вымушаны праз Глуск і Бабруйск уцячы ў Барысаў [22, c. 370; 35, л. 33-33адв; 36, s. 79-80; 37, c. 195-196; 38, c. 104]. У выніку ў Мазырскім павеце не засталося прыхільнікаў Станіслава І Ляшчынскага, а мясцовая шляхта прысягнула Аўгусту ІІІ.

У інтарэсах Аскеркаў завяршыўся мазырскі пасольскі соймік 1735 г. Пасламі на гэтым сойміку (19 жніўня 1735 г.) на сойм 1735 г. былі абраны мазырскі гродскі староста Гервазій Людвік Аскерка і Юзаф Вольбек. Праўда, супраць іх выбару былі за­несены пратэстацыі, але яны не перашкодзілі Аскерку і Вольбеку падчас сойма [39, б. н.]. Як бачым, абодва паслы зноў былі прыхільнікамі групоўкі Аскеркаў, якія дамінавалі ва ўнутрыпалітычным жыцці Мазырскага павета. Узмацняла іх пазіцыі і тое, што кіраваць войскамі прыхільнікаў Аўгуста ІІІ на ўсходзе ВКЛ стаў наваградскі кашталян Багуслаў Незабытоўскі, які, як і Аскеркі, быў пасэсарам «нойбургскіх уладанняў». Незабытоўскі супрацоўнічаў як з Антоніем Аскеркам, так і з яго сынамі Гервазіем Людвікам і Рафалам. Становішча Незабытоўскага было карысным для Аскеркаў. 12 верасня 1735 г. наваградскі кашталян Багуслаў Незабытоўскі вызваліў уладанні Гервазія Людвіка Аскеркі ад вайсковых пастояў і збірання правіянту [35, c. 37-37 адв].

Такім чынам, можна зрабіць наступныя вывады. У час бескаралеўя 1733-1735 гг. мазырская шляхта была падзелена на дзве групоўкі. На чале іх знаходзіліся адпаведна наваградскі кашталян Антоній Аскер­ка (пасля яго смерці ў 1734 г. мазырскі гродскі ста­роста Гервазій Людвік Аскерка) і мазырскі скарбнік Антоній Яленскі. Гэты падзел пачаўся яшчэ ў канцы панавання Аўгуста ІІ. Групоўка Аскеркаў была звязана з прыдворнай групоўкай Чартарыйскіх, а Антонія Яленскага — з антыкаралеўскай апазіцыяй на чале з Сапегамі, Радзівіламі і Агінскімі. Дамінавала ў Мазырскім павеце групоўка Аскеркаў. Менавіта яны атрымалі перавагу на мазырскім перадканвакацыйным сойміку 1733 г. Але іх апанентам удалося перашкодзіць прыняццю непажаданых пастаноў на мазырскім перадэлекцыйным сойміку. Абедзве групоўкі мазырскай шляхты на элекцыйным сойме 1733 г. выказаліся за абранне каралём Станіслава І Ляшчынскага і нават прынялі ў Варшаве пастанову пра тое, каб пакінуць сваіх рэзідэнтаў пры новаабраным каралі (па адным з кожнай групоўкі). Пры выбары караля Аўгуста ІІІ мазырская шляхта не прысутнічала. Праўда, яе прадстаўнікі па-рознаму бачылі свой удзел у абаронеЛяшчынскага.Аскеркінехацелі стварацьканфедэрацыю і фармаваць узброеныя аддзелы. Адначасова Антоній Аскерка актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці атрадаў прыхільнікаў Станіслава І Ляшчынскага ў цэнтры ВКЛ, асабліва ў Наваградскім ваяводстве. Да асаблівай яго заслугі трэба прызнаць капітуляцыю Слуцка і прызнанне мясцовымі жыхарамі каралём Станіслава І Ляшчынскага. Антоній Яленскі і Францішак Аскерка, нягледзячы на перашкоды з боку Аскеркаў, на мазырскім грамнічным сойміку 1734 г. стварылі канфедэрацыю і прынялі пастанову аб фармаванні харугваў паспалітага рушэння. Прадстаўнікі Аскеркаў Антоній Аскерка і мазырскі падстароста Юзаф Богуш удзельнічалі ў стварэнні Генеральнай канфедэрацыі прыхільнікаў Станісла­ва І Ляшчынскага ў ВКЛ, што схіліла цэнтральныя ўлады прыхільнікаў Ляшчынскага ў ВКЛ на карысць Аскеркаў. Гэтыя ўлады запатрабавалі скасаваць усе пастановы аб стварэнні канфедэрацыі Мазырскага павета ў падтрымку Станіслава І Ляшчынскага. Прычынай было тое, што Антоній Яленскі і Францішак Аскерка фактычна выкарыстоўвалі сабраныя ўзброеныя атрады для збірання падаткаў і барацьбы супраць Аскеркаў. Менавіта таму яны не даслалі ніякіх атрадаў да генеральнага рэгіментарыя ВКЛ Антонія Пацея. Пасля таго, як яны не даслалі і сваіх прадстаўнікоў у Вільню для стварэння Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ, лідары прыхільнікаў Ляшчынскага Антоній Пацей і Марцін Агінскі канчаткова схіліліся на бок Аскеркаў. Смерць наваградскага кашталяна Антонія Аскеркі дала магчымасць праціўнікам групоўкі Аскеркаў захапіць некаторыя спрэчныя ўладанні. Новы лідар Аскеркаў мазырскі гродскі староста Гервазій Людвік Аскерка неўзабаве разам са сваімі прыхільнікамі прыняў бок Аўгуста ІІІ і пры дапамозе расійскіх войскаў цалкам кантраляваў сітуацыю ў Мазырскім павеце. Адначасова ў Рэчы Паспалітай перамаглі прыхільнікі Аўгуста ІІІ, што дало магчымасць Аскеркам дамінаваць ва ўнутрыпалітычным жыцці павета. Яскрава гэта паказалі выбары на пацыфікацыйны сойм 1735 г., калі абодва абраныя паслы ў Мазыры прадстаўлялі шляхецкую групоўку Аскеркаў.

1 Праціўнікі Аскеркаў аспрэчвалі тое, што Рафал Ас­керка быў мазырскім харужым (абраным ці выконваўшым абавязкі) і працягвалі называць яго мазырскім падстоліем.

2 Невядомы наваградскі кашталян з такім прозвішчам. Магчыма, маецца на ўвазе ноўгарад-северскі кашталян.

Крыніцы і літаратура

  1. Karkucińska, W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa / W. Karkucińska. — Warszawa: Neriton, 2000. — 391 s.
  2. Slesoriunas, F. The General confederation of the Grand Duchy of Lithuania (1734-1736) / F. Sliesoriunas // Lithuanian historical studies. — 2003. — Vol. 8. — P. 61-94.
  3. Мацук, А. Рух пасэсараў «нойбургскіх уладанняў» / А. Мацук // ΓepaΛbg Litherland. — 2007. — № 17. — С. 26-37.
  4. — F. 139. B. 1557.
  5. — F. 17. B. 66.
  6. Rostworowski, E. O polską koronę. Polityka Francji w latach 1725-1733 / E. Rostworowski. — Wrocław; Kraków: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1958. — 363 s.
  7. Szczygielski, W. Oskierka Antoni / W. Szczygielski // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa; Wrocław; Kraków; Gdańsk, 1979. — T. XXIV. — S. 356-357.
  8. Мацук, А. Радзівілы і справа аб «нойбургскіх уладаннях» у 1730-1740-я гады / А. Мацук // Беларус. гіст. часоп. — 2005. — № 3. — С. 15-21.
  9. НГАБ. — Ф. 1730. Воп. 1. Спр. 11.
  10. — Archiwum Radziwiłłów. Dz. V. Sygn. 18782.
  11. — Archiwum Radziwiłłów. Dz. V. Sygn. 13817.
  12. — F. 148. B. 94.
  13. Burba, D. 1734 M. LDK generaline konfederacija: magistrinis dabras / D. Burba. — Vilnius, 2002. — 112 s.
  14. Biblioteka Jagiellońska. — Pryzbytki. Sygn.122/51.
  15. НГАБ. — Ф. 1873. Воп. 1. Спр. 1.
  16. — Archiwum Radziwiłłów. Dz. V. Sygn. 9900. Cz. 1.
  17. — Archiwum Radziwiłłów. Dz. V. Sygn. 13841.
  18. — Archiwum Publiczne Potockich. Sygn. 71.
  19. — F. 148. B. 75.
  20. — Archiwum Radziwiłłów. Dz. IV. Sygn. 401.
  21. Archiwum Państwowe w Krakowie. — Oddział na Wawelu. — Archiwum Podhoreckie. Sygn. 1/38.
  22. Цясельскі, Т. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага падчас вайны за польскую спадчыну ў 1733-1735 гг. / Т. Цясельскі // Архэ. — 2012. — № 6. — С. 347-371.
  23. Цясельскі, Т. Узброеныя сілы ВКЛ падчас вайны за польскую спадчыну ў 1733-1735 гг. / Т. Цясельскі // Архэ. — 2011. — № 6. — С. 246-259.
  24. Stanek, W. Konfederacje Generalne Koronne / W. Stanek. — Toruń: Adam Marszałek, 1991. — 243 s.
  25. Macuk, A. Konfederacje powiatów Wielkiego Księstwa Litewskiego w obronie Stanisława Leszczyńskiego w latach 1733-1736 / А. Macuk // Król a prawo stanów do oporu / red. M. Markiewicz, E. Opaliński, R. Skowron. — Kraków, 2010. — S. 327-330.
  26. НГАБ. — Ф. 1730. Воп. 1. Спр. 2.
  27. РГАДА. — Ф. 177, 1734 г. Д. 16.
  28. НГАБ. — Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 8.
  29. Codzienne kłopoty, wielkie interesy i podwójna elek­cja: korespondencja radziwiłłowskich urzędników z księżną Anną z Sanguszków Radziwiłłową i jej synem Michałem Ka­zimierzem z 1733/1734 roku / wydał J. Dygdała. — Warszawa: Wydaw. DiG, 2013. — 226 s.
  30. — Archiwum Radziwiłłów. Dz. V. Sygn. 4732. Cz. 2.
  31. — Archiwum Radziwiłłów. Dz.V. Sygn. 10998.
  32. Akty zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. — Warszawa; Neriton, 2006. — T. I: Okresy bezkrólewi / oprac. H. Lulewicz. — 437 s.
  33. — Archiwum Radziwiłłów. Dz. V. Sygn. 4732. Cz. 3.
  34. — Archiwum Radziwiłłów. Dz. IV. Sygn. 624.
  35. НГАБ. — Ф. 1730. Воп. 1. Спр. 9.
  36. Pamiętnik Tadeusza Ogińskiego // Przegląd historyczny. — 1914. — Z. 1. — S. 51-83.
  37. Сборник Русского исторического общества. — Юрьев, 1901. — Т. III, ч. 4. (год 1735): Бумаги Кабинета Ми­нистров Императрицы Анны Иоанновны / собр. и изд. под ред. А. Н. Филиппова. — 587 с.
  38. Бутурлин, Д. Военная история походов россиян в XVIII столетии / Д. Бутурлин. — СПб., 1823. — Ч. 1, т. 3. — 411 с.
  39. РНБ. — Ф. 957. Pol. IV. — № 260.

Аўтар: Андрэй Мацук
Крыніца: Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2015. — Вып. 30. С. 75-83.

Мозырская шляхта во время бескоролевья 1733-1735 гг.

Автор: Андрей Мацук

Резюме

В статье впервые в историографии исследуется проблема позиции мозырской шляхты во время бескоролевья 1733­1735 гг. Установлено, что мозырская шляхта в это время была разделена на две шляхетские группировки. Во главе этих группировок находились новоградский каштелян Антоний Оскерка (после его смерти в 1734 г. мозырский гродский староста Гервазий Людвик Оскерка) и мозырский скарбник Антоний Еленский. Превосходство было на стороне Оскерок, и их сторонники были избраны послами на мозырском передконвокационном сеймике 1733 г. Но их оппонентам удалось помешать принятию нежелательных постановлений на мозырском передэлекционном сеймике 1733 г. Обе группировки мозырской шляхты на элекционном сейме высказались за избрание королем Станислава І Лещинского, хотя по-разному видели свое участие в защите избрания королем Лещинского. Оскерки не хотели создавать конфедерацию и формировать вооруженные отряды. Одновременно Антоний Оскерка принимал активное участие в действиях отрядов Станислава І Лещинского в центре ВКЛ. Сторонники Антония Еленского, несмотря на сопротивление группировки Оскерок, на мо­зырском громничном сеймике 1734 г. образовали конфедерацию и приняли постановление о формировании хоругвей посполитого рушения. Представители Оскерок Антоний Оскерка и мозырский подстароста Юзеф Богуш приняли уча­стие и в образовании Генеральной конфедерации сторонников Станислава І Лещинского в ВКЛ. Это склонило лидеров сторонников Лещинского в ВКЛ на сторону Оскерок, и они потребовали отмены всех постановлений об образовании кон­федерации шляхты Мозырского повета в поддержку Станислава І Лещинского. Причиной также стало то, что Антоний Еленский и Франтишек Оскерка фактически использовали собранные вооруженные отряды только для сбора налогов и для борьбы против Оскерок. Смерть новоградского каштеляна Антония Оскерки дала возможность противникам Оскерок захватить некоторые спорные владения. Новый лидер Оскерок мозырский староста Гервазий Людвик Оскерка со своими сторонниками признал власть Августа ІІІ. С помощью российских войск он полностью контролировал ситуацию в Мозырском повете. Именно поэтому сторонники Оскерок были избраны послами на сейм 1735 г.


Mozyr gentry during interregnum
1733-1735

Author: Andrei Matsuk

Summary

The author for the first time in historiography examines the problem of Mozyr gentry position during interregnum 1733-1735. It was established that Mozyr gentry at this time was divided into two gentry groups. At the head of these groups were Novograd Castellan Anthonij Oskerka (after his death Mozyr Grodsk elder Gervasij Ludwik Oskerka) and mozyr treasurer Antonij Elenskij. Superiority was on the side of the Oskeroks and their supporters were elected an ambassador on the Mozyr peredconvecatsionny sejmik (before Convocation province assembly) in 1733. But their opponent succeeded in preventing the adoption of unwanted regulations Mozyr peredelectionny sejmik (before Election province assembly) in 1733 г. Both groups of Mozyr gentry on Elec­tion Sejm supported the election of Stanislaus I Leszczynski as a King. Both groups of Mozyr gentry saw their participation in the protection of the King Leszczynski election in different ways. The Oskerks did not want to create a confederation and form armed troops. At the same time Anthonij Oskerka took an active part in the actions of Stanislaw I Leszczynski troops in the center of the GDL. Anthony Elenskiy and Frantisek Oskerka despite the resistance of the Oskerks group, on Mozyr Gromnichion Sejm (Can­dlemas province assembly) in 1734 formed the Confederacy and adopted a resolution on the formation of the Gentry mobilization troops (Pospolite ruszenie). Representatives of the Oskeroks Anthonij Oskerka and Juzef Bogusz took part in the formation of the General Confederation of Stanislaw I Leszczynski supporters in the GDL. It persuaded the leaders of Leszczynski supporters in the GDL on the Oskerks side and they demanded the abolition of all decisions about formation of Mozyr gentry region Confederation in the support of Stanislaw I Leszczynski. The reason also was that Anthonij Elenskij and Frantisek Oskerka actually used collected armed troops only for tax collection and the fight against the Oskerks. Navagradak Castellan Anthony Oskerka death enabled the enemy of the Oskerks occupy some disputed ownership. The new leader of the Oskerks Mozyr elder Gervasij Ludwik Oskerka with his supporters recognized the authority of August III. With the help of Russian army, he had complete control over the situation in Mozyr district. That is why the Oskerks supporters were elected an ambassador to the Sejm 1735.