— Зіна, — бывала, звяртаюся я да яе. — Ты ж не надта прыхарошвайся, а то людзі не разбяруцца, дзе Паўлінка, а дзе яе маці, Альжбета.
— Нічога, Паўліначка, цябе тады па голасе пазнаюць, — адказвае жартам Зіна Нагорная.
— Абедзве вы — дзве дзюркі ў носе — і сканчылося”, — гаворыць словамі купалаўскага героя Андрэй Іванавіч Лазарэўскі — Пранцысь.
— Ой, не кажыце, Андрэй Іванавіч, — падхапіла Вера Іванаўна Казлоўская — Агата. — Памятаю, на Украіне ставілі “Люцікі”… Зіна іграла. Дык адзін чалавек не вытрымаў ды ўголас выказаў свае пачуцці: “І дэ воны молодыц таких гарних беруть?”
Няма ўжо на свеце Андрэя Іванавіча і Веры Іванаўны. Я часта задумваюся, чаму мне такое дарагое ўсё, што звязана з гэтымі людзьмі. Адкуль першааснова гэтай роднасці? Чаму, сустрэўшыся з Зінай, не хочацца разыходзіцца? Гаворыш — не нагаворышся. Не баішся сказаць неўпапад. Адчуваеш сябе вольна, як з родным чалавекам.
Напэўна, нас з’яднала не толькі любоў да мастацтва, але і нешта большае. Не толькі мінулы і будучы рэпертуар, а мінулае і будучае кожнага з нас.
“Спляліся нашы карані назаусёды”, — гаворыць Зіна.
Зінаіду Віктараўну Нагорную я ведаю ўжо больш за 40 гадоў. Карэнная мазыранка, таленавітая актрыса, яна шмат зрабіла і робіць добрых спраў для нашага горада. З. В. Нагорная — валанцёр, Ганаровы донар СССР, стваральнік тэатра для дзяцей-інвалідаў, удзельніца многіх культурных мерапрыемстваў для жыхароў горада [1, 3]. Яна была і засталася не толькі як нязменны старшыня мастацкага савета Мазырскага народнага тэатра, правая рука рэжысёра Міхаіла Яўхімавіча Коласа, чалавек надзвычай адказны, працаздольны, таленавіты. Для мяне яна — як старэйшая сястра, да якой можна звярнуцца ў любы момант. Зіна заўсёды дасць добрую параду, заўсёды дапаможа.
Светлавалосая, з блакітнымі смяшынкамі ў вачах, жвавая, яна паспявае ўсюды. Яна заўсёды спяшаецца. Па характары ўраўнаважаная, скупаватая на словы, інакш кажучы, удумлівая да кожнага слова. Разам з тым, ёй уласцівы мяккі, дасціпны гумар. Можа, таму душой цягнуцца да яе людзі.
Тэатр, доўгія гады працы ў кінапракаце. Пра сваю прафесію яна гаварыла заўсёды з такім жа захапленнем, як і пра тэатр. Лічыла, што ў горадзе няма цікавейшай работы. Мабыць, таму, што і яна звязана з мастацтвам. Ад кінаправершчыцы яна дайшла да старшага метадыста, стала заслужаным работнікам кінапракату.
50 год назад дзяўчо пацягнулася ўсёй істотай да мастацтва. Драмгурток у вучнёўскія гады, драмгурток у школе кінамеханікаў, бабуліны і маміны песні зрабілі сваю справу. Убачыла яна аднойчы “Платона Крэчата” Карнейчука ў пастаноўцы мазырскага драмгуртка. Праз некаторы час стала адной з самых актыўных удзельніц яго. Не ведала яна тады, што Ніна Ісакаўна Зальцман, Вера Іванаўна Казлоўская, Андрэй Іванавіч Лазарэўскі, Марыя Герасімаўна Анікеева і іншыя стануць для яе не толькі старэйшымі дарадчыкамі, але і найлепшымі сябрамі, што на яе вачах і з немалой доляй яе ўдзелу калектыў стане набіраць сілы, атрымае званне народнага.
Лор Філіпавіч, муж Зіны, на жаль, пайшоў з жыцця, таксама быў чалавекам вельмі занятым: слесар, парторг, больш за 8 год — дэпутат гарадскога Савета, але знаходзіў час удзяліць увагу яе, Зінінаму, захапленню, не прапускаў ніводнай прэм’еры. І ганарыўся жонкай. “Як можна ў вашы гады пазбягаць грамадскай работы? — звяртаўся ён да нас. — Тады ж і жыць нецікава. Вучыцеся ў маёй жонкі. Яна ўсюды паспявае: і на рабоце, і ў тэатры, і ў сям’і. І ўсюды ў яе парадак”.
Зінаіду Віктараўну моцна ўзрушыў мой верш, прысвечаны ёй і яе незабыўнаму каханню, упершыню надрукаваны ў газеце “Жыццё Палесся” да 80-гадовага юбілею актрысы [2, 12].
Ты — як руплівая пчала,
Звініш ля вулляў Мельпамены…
З вяселля некалі ўцякла
Нявеста юная на сцэну.
Вясельны карагод прыціх:
Куды падзелі маладую?
Ды вокам не міргнуў жаніх:
— Яна ў тэатры заначуе!
Прэм’ера скончана, хутчэй
Імчыць нявеста, як на крылах,
Да жаніха і да гас чей.
Бо каравай шчэ не дзялілі.
Калі кахаеш, цяжкі воз
Сямейных клопатаў у радасць.
Як лёгка, хораша ён нёс
Бацькоўскі, мужаў абавязак!
Не раўнаваў, не дакараў
За шквал бясконцых рэпетыцый.
Вячэру дзецям гатаваў
Без позы, без пустых амбіцый.
Як ганарыўся ён табой,
Актрысай, жонкай, прыгажуняй!
Пайшоў на вечны супакой,
Каб ты апошні ўздых не ўчула.
Каб ты запомніла яго
Жывым, вясёлым і жаданым…
Няхай жа бласлаўляе Бог
Твой талент і тваё каханне.
Анёл спускаецца з нябёс
І ціха кружыцца над сцэнай,
Табе ён вестачку прынёс
Ад любага і Мельпамены.
Так, Зініна захапленне стала захапленнем усёй сям’і. Усе яе дзеці: Віця, Валодзя, Ларыса — неаднаразова ігралі побач з маці. Так было, калі Зіна працавала над роллю Тадоры Куксёнак у “Партызанах” К. Крапівы, калі яна іграла Васілісу-работніцу ў казцы “Два клёны” і ў іншых спектаклях. Яе дзеці сталі дзецьмі яе гераінь. Гэта яшчэ больш узмацняла мацярынскае пачуццё, дапамагала ёй выразней падкрэслць драматызм абставін, у якія трапляюць яе гераіні, стварыць во бразы, насычаныя жыццёвай праўдай.
Свет рампы! Свет мастацтва! Такі прывабны і такі нялёгкі! Доўга ішла яна да сваіх поспехаў, да тых момантаў, калі ўсведамляеш лёгкасць сваёй ігры, калі душа пяе ад гэтай лёгкасці, калі адчуваеш, як замірае глядач.
За плячамі мноства роляў: смяшлівая гарэзлівая Зося, жонка стараватага Ціхоні, якая паспявае і мужа дагледзець, і з хлопцамі пажартаваць — з п’есы І. Козела “Канчане — суседзі мае”; змардаваная ад гора і працы Алена Дзятліха з кампазіцыі па раманах І. Мележа “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”; мяккая, дасціпная Летуніха ў камедыі Г. Марчука “Люцікі-кветачкі”, якая прываблівае гледача сваім гумарам, песнямі. Надоўга запамтаецца павольная, дабрадушная Альжбета ў купалаўскай “Паўлінцы”, Тэкля з камедыі А. Петрашкевіча “Адкуль грэх?”, прафсаюзны работнік Мякішава з камедыі К. Крапівы “Брама неўміручасці”.
Адна з лепшых яе работ — роля Маўры Тарасаўны Барабошавай у спектаклі па п’есе А. Астроўскага “Праўда — добра, а шчасце — лепш”. Зіна лічыць яе адной з самых цяжкіх, а рэжысёр, сябры і знаёмыя — адной з самых цікавых, удалых, выкананых на высокім узроўні. Яе Маўра Барабошава напачатку адштурхоўвае ад сябе гледача высакамернасцю, ярка выражанай перавагай над іншымі, слабейшымі, бяднейшымі і таму, на яе погляд, нікчэмнымі людзьмі. Што можа быць вышэй за багацце, за грошы? Нічога. Так лічыць купчыха Барабошава.
Грудны, пявучы Зінін голас набывае ноты ледзяной, манатоннай няспешнасці чалавека, якому няма ўжо куды спяшацца, які, здавалася б, усяго дасягнуў і спакойна, упэўнена дажывае свой век. І раптам у ім прарываюцца жывыя чалавечыя ноты, успаміны трапяткога першага і адзінага сапраўднага пачуцця. Гэтыя ўспаміны нахлынулі так неспадзявана, так раптоўна. Яны нібы ўзрыхлілі глебу зачарсцвелага сэрца яе гераіні, абудзілі ў ім жаноцкасць, дабрыню, міласэрнасць, — усё, што на доўгі-доўгі час было схавана пад покрывам мяшчанства, прагі грошай і ўлады. “Праўда — добра, а шчасце — лепей”, — гэтыя словы вымаўляе цяпер ужо іншы чалавек, чалавек, абноўлены да жыцця і да людзей. Так праводзіць Зіна галоўную лінію сваёй гераіні, праводзіць па-майстэрску пераканаўча і своеасабліва.
Па-жаночы абаяльныя, паэтычныя вобразы яе казачных гераінь: працавітай, настойлівай Васілісы (— Два клёны” Шварца), мужнай высакароднай Наталлі (“Адалень-трава” В. Любімавай і інш.). Яе гераіні паўстаюць як сімвалы знешняй і унутранай прыгажосці народа, як сімвалы непераможнасці праўды, дабра, чалавечнасці.
Але асабліва ўражваюць мяне яе гераіні драматычн а-трагедыйнага характару. Вось яе Тадора Куксёнак у спектаклі “Пнртызаны” па п’есе К. Крапівы са слязамі на вачах праклінае сваю долю і паноў. Колькі адчаю ў голасе і колькі страху за свайго сына ў яе мележаўскай гераіні Алены Дзяцел! Яна, як птушка, кідаецца на полі ў час бойкі за зямлю, каб разняць, уратаваць ад непапраўнай бяды сваю крывінку. І якой спакойнай, упэўненай ў сваёй праўдзе, бязлітаснай у адносінах да бацькі-здрадніка паўстае яе Галя ў трагікамедыі А. Макаёнка “Трыбунал”!
Мне давялося працаваць над роляй Зіны — сястры Галі. Абедзве ролі невялікія, слоў нямнога, а прысутнічаць трэба на сцэне амаль увесь час. Ніяк не прыходзіла тое, што называецца ансамблевасцю, як ні намагаўся рэжысёр. Мальвіне Сцяпанаўне Тарасенка (Паліне) і Андрэю Іванавічу Лазарэўскаму (Калабку) цяжка было без нашай належнай падтрымкі.
Памятаю рэпетыцыі. Цяжкасць пошукаў, радасць адкрыццяў. Неяк мы з Зінай назіралі, чакаючы за кулісамі свайго выхаду на сцэну, калі раз’юшаны паліцай гатовы быў забіць Калабка за песню “Броня крепка, а танки наши быстры”. Я ўбачыла на яе вачах слёзы.
— Ты плачаш?
— Ведаеш, успомніла вайну. Я тады зусім маленькая была, але ўсё роўна добра памятаю. Памятаю карнікаў у чорным. Як расстрэльвалі людзей і кідалі іх у яр. Памятаю 14 студзеня 1944 года, дзень вызвалення Мазыра. Мама нас схавала ў пограб. Навокал дрыжэла зямля ад выбухаў і снарадаў. Раптам усё сціхла, чырвонаармеец адкрыў пограб і сказаў: “Выходзьце, людзі, немцаў няма”.
Затым быў яе маналог, маналог яе гераіні, Галі, маналог беларускай жанчыны, мужнага чалавека, які выносіць гнеўны прысуд бацьку-здрадніку, што наняўся фашыстам служыць, згадзіўся быць старастам. Горкай крыўдай, вялікім чалавечым болем быў прасякнуты ён, гэты маналог. “Зіна, няўжо гэта ты?!” — радасна ўсклікнуў рэжысёр.
Так, яна. І для яе гэта было свята, сапраўднае свята роднасці з мастацтвам, еднасці з ім.
Літаратура
- Аленина, И. Жизнь прекрасна и удивительна / Ирина Аленина // Жыццё Палесся. — 2014. — 27 марта.
- Дашкевіч, Г. М. Мазырскай актрысе Зінаідзе Нагорнай / Галіна Дашкевіч // Жыццё Палесся. — 2014. — 29 марта.
Аўтар: Г.М. Дашкевіч
Крыніца: Мозырщина: люди, события, время: материалы Междунар. науч.-практ. конф., Мозырь, 23-24 мая 2014 г. / УО МГПУ им. И. П. Шамякина; редкол.: Т. Н. Сыманович (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь, 2014. — 295 с. С. 26-31.