Мазыршчына ў пасляакупацыйны ваенны перыяд (14 студзеня 1944 г. — 9 мая 1945 г.)

0
141
Мазыршчына ў пасляакупацыйны ваенны перыяд

У выніку асенне-зімовага наступлення Чырвонай Арміі 1943-1944 гг. поўнасцю ці часткова было вызвалена 40 раёнаў Беларусі, сярод іх быў і Мазырскі, адзін з раёнаў Палескай вобласці [1, 35].

У загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 14 студзеня 1944 г. паведамлялася, што “войскі беларускага фронта, у выніку ўмелага абыходнага манеўра… штурмам авалодалі абласным цэнтрам Мазыр і вялікім чыгу — начным вузлом і горадам Калінкавічы  — важнымі апорнымі пунктамі абороны немцаў на Палескім напрамку” [2].

Першачарговымі задачамі, якія стаялі перад органамі дзяржаўнага і мясцовага кіравання, з’яўляліся ліквідацыя наступстваў вайны і аднаўленне гаспадаркі. Яшчэ ў верасні 1943 г., напярэдадні вызвалення: ўсходніх тэрыторый Беларусі, ЦК КП(б)Б зацвердзіў абласныя, гарадскія і раённыя аператыўныя групы Гомельскай, Палескай і Магілёўскай абласцей, на якія ўскладаліся задачы аднаўлення савецкіх органаў і іншых структур улады [3, 156].

Галоўныя накірункі дзейнасці партыйных і савецкіх органаў на вызваленай тэрыторыі былі вызначаны ў пастанове ЦК ВКП(б) і СНК СССР “Аб неадкладных мерах па аднаўленні гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі” (жнівень 1943 г.), матэрыялах VI сесіі Вярхоўнага Савета БССР (сакавік 1944 г.), пастанове ЦК ВКП(б) “Аб бліжэйшых задачах партыйных арганізацый КП(б) Беларусі ў вобласці масава-палітычнай і культурна-асветніцкай работы сярод насельніцтва” (жнівень 1944 г.) і інш. Яны прадугледжвалі мабілізацыю працоўных на аказанне дапамогі Чырвонай Арміі ў справе поўнага разгрому нямецка — фашысцкіх захопнікаў і на хуткае аднаўленне народнай гаспадаркі [4, 469].

На тэрыторыі вызваленых раёнаў Палескай вобласці была праведзена мабілізацыя ў Чырвоную Армію. На Мазыршчыне ў войскі было прызвана каля трох тысяч чалавек. Працоўныя Палесся ўнеслі ў фонд Чырвонай Арміі на будаўніцтва танкавай калоны 2 млн. 415 тыс. рублёў і прасілі перадаць танкі ў вайсковыя злучэнні, якія мелі назву “Мазырскіх” і “Калінкавіцкіх” [5, 485].

З дня свайго вызвалення і да пачатку наступальнай аперацыі “Баграціён” Мазыр з’яўляўся прыфрантавым горадам. Гэта ў значнай ступені ўплывала на жыццё яго жыхароў. “С наступления темноты и до рассвета” забара — нялася паліць кастры, аўтатранспарту ў межах горада не дазвалялася працаваць без светамаскіровачных фар. Невыконваючыя гэтыя патрабаванні падвяргаліся штрафу, а злосныя парушальнікі прыцягваліся да крымінальнай адказнасці “по законам военного времени” [6, 7].

Аднаўленчыя работы вяліся ў вельмі цяжкіх умовах. Вайна нанесла краіне значныя людскія і матэрыяльныя страты. Гэта датычылася і Мазыра. Па розных крыніцах, колькасць страт цывільнага насельніцтва горада вагаецца ад 4432 да 5884. Не вярнуліся з фронту 2708 мазыран. 800 жыхароў горада былі вывезены на прымусовыя работы [7, 2], [8, 624].

Агульныя страты, якія панесла народная гаспадарка Палескай вобласці ў гады вайны, акрамя прадпрыемстваў рэспубліканскага і саюзнага значэння, складалі 5 млрд. руб. Толькі па камунальнай гаспадарцы Мазыра яны складалі 3 млн. 210 тыс. 450 руб. [9, 88], [10, 51].

Першачарговае значэнне для Савецкай краіны пасляакупацыйнага ваеннага перыяду мела развіццё энергетыкі і транспарту. У сувязі з гэтым, пастановай СНК БССР прадуглежвалася завяршыць да 1 студзеня 1945 г. будаўнічыя работы па аднаўленні Мазырскай электрастанцыі, да 15 снежня 1944 г. неабходна было аднавіць першую чаргу гарадскіх электрычных сетак. Наркамат аўтатранспарту выдзяліў Мазыру дзве аўтамашыны, пачалася дзейнасць аўтаэксплуатацыйнай базы [11, 6].

У лютым 1944 г. быў адноўлены вадаправод, але поўнасцю забяспечыць патрэбы горада вадой ён не мог. Таму паводле пастановы СНК БССР прадпісвалася ў другім квартале 1944 г. пабудаваць у Мазыры новую артэзіянскую скважыну [12, 10]. У горадзе пачала працаваць арцель “Молат”, якая вырабляла сельскагаспадарты інвентар і рэчы хатняга абіхода. У Мазыры напрыканцы 1944 г. ужо дзейнічалі цэхі па індывідуальным пашыве адзення і абутку, малаказа вод, пякарня. Шпаларэзны завод “Пхоў” за чацвёрты квартал 1944 г. адпусціў для чыгункі 4000 шпал, выпусціў 286 коп гонты [13].

Адраджэнню Беларусі дапамагалі ўсе савецкія рэспублікі, і ў першую чаргу РСФСР. Саюзны ўрад асігнаваў для БССР 429 млн. руб., выдзяліў 1 тыс. станкоў, 2 тыс. тон металу, 1542 трактары, а таксама лес, шкло і іншыя будаўнічыя матэрыялы [14, 477].

Тылавыя раёны Савецкага Саюза бралі шэфства над пацярпелымі абласцямі і гарадамі. Над Мазыром  — цэнтрам Палескай вобласці  — узяў шэфства Ульянаўск, жыхары якога на працягу некалькіх тыдняў сабралі абсталяванне для дзіцячага садка, сямігадовай школы, кнігі для гарадской бібліятэкі, 2 вагоны будаўнічых матэрыялаў, абсталяванне МТМ, каля

7,5 тысяч розных рэчаў хатняга абіхода і аддзення. Першы эшалон з гэтымі рэчамі прыйшоў на Палессе ўжо ў сакавіку 1944 г., летам 1944 г. у Мазыр з Ульянаўска прыбыў другі эшалон, у якім знаходзілася 20 тон цэменту,

5,5 тон цвікоў, грузавая аўтамашына, 11 швейных машынак, вагон ваты, школьныя дапаможнікі, вопратка для дзяцей і цацкі [15].

Для аказання дапамогі насельніцтву г. Мазыра на бягучы рахунак Мазырскага гарвыканкама ўльянаўцамі было пералічана 250 тыс. рублёў. [6, 309]. Гэтыя грошы ў першую чаргу выдаваліся шматдзетным маці, параненым франтавікам і партызанам.

У аднаўленні Мазыра актыўны ўдзел прымалі яго жыхары. Для розных катэгорый насельніцтва былі ўстаноўлены нормы рабочага часу, якія яны павінны былі адпрацаваць. Для рабочых і служачых з 8-гадзінным днём і вальнанаёмнага саставу вайсковых злучэнняў яна складала 30 гадзін у месяц; для рабочых і служачых з працяглым рабочым днём, студэнтаў і вучняў  — 15 гадзін у месяц; для грамадзян, якія не былі задзейнічаны ў грамадскай вытворчасці,  — 60 гадзін у месяц [12, 6].

Са студзеня 1944 г. па студзень 1945 г. тысячы жыхароў з кіркамі, лапатамі, тачкамі выходзілі на нядзельнікі. Яны адпрацавалі 128 тысяч чалавека-гадзін, адбудавалі 52 разбураныя дамы плошчай 7 538 квадратных метраў, ачысцілі і склалі 250 тыс. штук цаглін, 25 кубаметраў бутавага каменю, сабралі 17 тон металалому [13].

Дзякуючы гераічнай працы насельніцтва, дапамозе з боку саюзных рэспублік да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў Палескай вобласці былі адноўлены і прыступілі да работы 122 прадпрыемствы і розныя арцелі, у Мазыры дзейнічалі 7 прамысловых прадпрыемстваў і арцелей. [9, 89], [15, 53].

Пасля выгнання нямецка-фашысцкіх захопнікаў у рэспубліцы была складаная санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя. У 1944 г. толькі на каросту хварэлі ў Беларусі каля 4 млн. 230 тыс. чалавек. Шырока былі распаўсюджаны малярыя і сыпны тыф. Эпідэмія і небяспека заражэння павялічвалася з-за вялікай колькасці непрыбраных трупаў жывёл і людзей [1, 36]. У выніку акупацыі, як адзначаў старшыня Палескага абласнога Савета дэпутатаў працоўных В. Ляднёў, “резко повысилась смертность, особенно детская. Все дети, заболевающие дифтерией, как правило погибали. Ввиду крайне тяжёлых бытовых условий и отсутствия жилищ, сожжёных немцами, вспыхнула крупная эпидемия сыпного тифа, кроме того, всё население оказалось поражённым чесоткой” [9, 90].

Такая стуацыя існавала і ў Мазыры: сыпны тыф, кароста, сустракаліся асобныя выпадкі брушного тыфу і інш. Для барацьбы з захворваннямі праводзіліся рэгулярныя абходы гараджан з мэтай выяўлення захварэўшых і іх гаспіталізацыі, рабілася санапрацоўка ачагоў захворвання. Шмат намаганняў прыкладалася па адбудове сеткі медыцынскіх устаноў. У студзені 1945 г. у Мазыры дзейнічалі бальніца на 125 ложкаў, два дыспансеры, тры станцыі: санітарная, малярыйная, пералівання крыві [6, 319].

Увогуле ў 1944  — першай палове 1945 гг. у Палескай вобласці былі адноўлены 23 бальніцы, 16 амбулаторый, 14 жаночых кансультацый, 6 дзі — цячых ясель, 10 санэпідэмстанцый, 1 малярыйная станцыя, 1 тубдыспансер, 1 вендыспансер, 51 сельскі ўрачэбны ўчастак, 107 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Дзякуючы прынятым мерам была поўнасцю ліквідавана эпідэмія сыпнога тыфу, праведзена значная работа па ліквідацыі захворвання на каросту [9, 90].

Санітарна-эпідэміялагічны стан у значнай ступені быў звязаны з чысцінёй у горадзе і яго добраўпарадкаваннем. Пастановай Мазырскага гарвыканкама ад 23 студзеня 1944 г. прадпісвалася, што “все руководители учреждений и владельцы домов до 28 января 1944 г. обязаны были очистить от мусора находящиеся в их ведении дворы и прилегающие территории” [6, 3]. Кантроль за захаваннем чысціні ў горадзе быў ускла — дзены на міліцыю.

Значныя страты за час акупацыі былі нанесены сістэме адукацыі. За ваенны час ў Мазыры было знішчана 9 школ, у раёне ўсе 54 школьныя будынкі былі прыведзены ў непрыгоднасць [16]. Ужо ў лютым 1944 г. у горадзе пачалі дзейнічаць шэсць школ з агульнай колькасцю 960 вучняў, у студзені 1945 г. было ўжо 8 школ, у тым ліку: 1 сярэдняя, 3 сямігадовыя, 4 пачатковыя, у якіх навучалася 2180 вучняў і працавала 93 настаўнікі [17, 1].

Пастановай Савета Народных Камісараў БССР у лютым 1944 г. у Мазыры быў адкрыты настаўніцкі інстытут  — першая вышэйшая навучальная ўстанова, якая пачала працаваць на вызваленай тэрыторыі БССР. Заняткі на яго трох аддзяленнях пачаліся ў кастрычніку 1944 г. Адначасова з настаўніцкім інстытутам у горадзе пачало дзейнічаць і педагагічнае вучылішча, якое рыхтавала настаўнікаў пачатковых класаў для школ Палескага рэгіёна. Таксама для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў ствараліся курсы, на як х у 1944/1945 навучальным годзе ў Палескай вобласці займалася 250 чалавек. Курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў гісторыі, геаграфіі, матэматыкі і фізікі дзейнічалі і пры Мазырскім настаўніцкім інстытуце.

У пасляакупацыйны ваенны перыяд адным з галоўных накірункаў дзейнасці партыйных і савецкіх органаў быў ідэалагічны. На афіцыйным узроўні неаднаразова падкрэслівалася, што “трехлетняя оккупация не могла не оставить известных последствий у некоторой части населения”, што людзі ў час акупацыі былі не толькі пазбаўлены “правдивой информации о происходивших событиях, но и усиленно подвергались обработке вражеской пропагандой”, і таму патрэбна праяўляць “больше­вистскую бдительность и непримиримость” да ўсялякага роду дзеянняў “враждебных элементов”. На гэта звяртаў увагу П. Панамарэнка  — Старшыня СНК БССР, сакратар ЦК КПБ(б), які падкрэсліваў, што нямецка-фашысцкія захопнікі ў часы акупацыі вялі “бешеную идеоло­гическую войну против белорусского народа. Для этого они всеми силами стремились создать впечатление силы германского оружия с тем, чтобы подорвать веру нашего народа в неизбежную победу Советского Союза над фашистской Германией, парализовать волю к борьбе, привить идеологию рабского повиновения” [18, 6].

Асобая ўвага надавалася выхаванню моладзі. Выкладанне ў школах было глыбока ідэйным, палітычна завостранным. Вучні выхоўваліся ў духу нянавісці да ворага і непахіснай веры ў перамогу савецкага ладу. На абласной нарадзе настаўнікаў, што адбылася ў Мазыры ў жніўні 1944 г., падкрэслівалася, што “трэба больш і лепш папулярызаваць гераічную барацьбу Чырвонай Арміі і на гэтым выхоўваць патрыятызм, любоў да сваёй Радзімы ў сэрцах савецкай дзетвары” [19].

Любоў да Бацькаўшчыны самі мазырскія педагогі яскрава праявлі ў гады вайны. Так, настаўнік матэматыкі Мазырскага педвучылішча Дубінін Павел Іванавіч у часы акупацыі распаўсюджваў сярод насельніцтва зводкі Саўінформбюро. Сярод удзельнікаў Мазырскага падполля значную колькасць складалі настаўнікі: Канстанцін Васільевіч Катлінскі, Надзея Васільеўна Замыка, Авер’ян Сцяпанавіч Мураўёў, Васіль Філіпавіч Хархалёў, Таццяна Яўстраф’еўна Есьман і інш. Настаўнікі-падпольшчыкі зрывалі адпраўку моладзі ў Нямеччыну, здолелі зрабіць так, што за часы акупацыі немцы так і не змаглі адкрыць ніводнай школы ў Мазыры.

Такім чынам, у студзені 1944 г. у Мазыр  — цэнтр Палескай вобласці  — вярнулася Савецкая ўлада. Пад кіраўніцтвам партыйных і савецкіх органаў пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі, шмат было зроблена па барацьбе з захворваннямі і развіцці адукацыі. Улада клапацілася аб сем’ях франтавікоў, інвалідах вайны і шматдзетных маці.

І ў той жа час існаваў пэўны недавер з боку ўлады да людзей, якія тры гады пражылі пад нямецкай акупацыяй. У сувязі з гэтым адным з галоўных накірункаў дзейнасці ўладных структур таго часу была ідэалагічная работа сярод насельніцтва.

Літаратура

  1. Кузьменка, У. Беларусь пасля вызвалення (восень 1943-вясна 1945 гг.) / У. Кузьменка // Беарус. гіст. часоп. — 2004.  — № 8.  — С. 35-39.
  2. Загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага // Савецкая Беларусь. — 1944.  — 17 студз.  — С. 1.
  3. Мурашка, М. Н. Гомельшчына пасля акупацыі: праблемы аднаўлення (1943­1945) / М. Н. Мурашка, В. А. Міхедзька // Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне: матэрыялы навук.-практ. канф., прысвеч. 60-годдзю Вялікай Перамогі, Гомель, 7-8 крас. 2005 г. / ГДУ імя Ф. Скарыны; рэдкал.: В. А. Міхедзька (адк. рэд.) [і інш.]. — Гомель, 2005.  — С. 156-165.
  4. Пропаганда и агитация в решениях и документах ВКП(б). — М.: ОГИЗ, 1947.  — 480 с.
  5. Памяць: гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на / уклад. М. А. Копач, В. Р. Феранц; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: Маст. літ., 1997.  — 574 с.
  6. Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыры (ЗДАМ). — Ф. 172.  — Воп. 2.  — Спр. 3.
  7. ЗДАМ. — Ф. 172.  — Воп. 2.  — Спр. 2.
  8. Памяць. Беларусь: Рэсп. кн.: Энцыкл. / Б. I. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларус. энцыкл., 1995.  — 624 с.
  9. Седьмая сессия Верховного Совета БССР, 3-5 июля 1945 г.: стеногра­фический отчет. — Минск: Госиздат БССР, 1947.  — 178 с.
  10. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: энцыкл. / рэдкал.: I.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелЭС, 1990.  — 780 с.
  11. ЗДАМ. — Ф. 172.  — Воп. 2.  — Спр. 1.
  12. ЗДАМ. — Ф. 172.  — Воп. 2.  — Спр. 6.
  13. Напрэеў, Л. А. Год вольнай працы на вызваленнай зямлі. Слаўная гадавіна / Л.А. Напрэеў // Большэвік Палесся. — 1945.  — 14 студз.  — С. 2.
  14. История Белорусской ССР: в 2 т. / под общ. ред. Л. С. Абецедарского [и др.]. — Изд. 2-е, дополн.  — Минск: Изд-во АН БССР, 1961.  — Т. 2.  — 702 с.
  15. Никитин, А. Мозырь: Историко-экономический очерк / А. Никитин, Е. Зальцман. — Минск: Беларусь, 1973.  — 95 с.
  16. Аляксандраў, С. Глыбей удумвацца ў жыццё школ / С. Аляксандраў // Большэвік Палесся. — 1945.  — 3 крас.  — С. 3.
  17. ЗДАМ. — Ф. 172.  — Воп. 2.  — Спр. 9.
  18. О работе отделов кадров партийных органов. — Минск: Госиздат БССР, 1945.  — 280 с.
  19. Абласная нарада настаўнікаў // Большэвік Палесся. — 1944.  — 23 жн.  — С. 1.

Аўтар: Г.А. Нікіціна
Крыніца: Слово. Текст. Социум : сборник научных трудов преподавателей филологического факультета / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования «Мозырский государственный педагогический университет имени И. П. Шамякина» ; [редколлегия: Л. В. Исмайлова (ответственный редактор) и др.]. — Мозырь : МГПУ им. И. П. Шамякина, 2011. — С. 216—221.