Мазыршчына ў часы Рэчы Паспалітай

0
91
Мазыршчына на мапе и карта Мозырщины

Геапалітычнае становішча Беларусі дазваляла ёй быць у шматбаковых кантактах з суседнімі краінамі на ўсходзе і захадзе. Гэта узаемадзеянне ў розных галінах грамадскага жыцця вызначала як станоўчыя так і адмоўныя вынікі гістарычнага развіцця.

Палітычнае ўзаемадзеянне беларускіх зямель з найбольш блізкімі суседзямі — на усходзе — Рускай дзяржавай, на захадзе — Каралеўствам Польскім, пакінула ў гісторыі значны адбітак. Гістарычна абумоўленыя ўмовы развіцця абедзвюх краін — Полынчы і Вялікага Княства Літоўскага падштурхоўвалі іх да збліжэння.

Заканамернасці гістарычнага развіцця краіны можна вызначыць праз гісторыю асобнага рэгіёна. Вядома, што праз асобнае больш бачнае і зразумелае агульнае. Працэсы культурнага і палітычнага ўзаемадзеяння і ўзаемаўплыву адбываюцца і ў межах асобных рэгіёнаў.

Адным з палітычных вынікаў суіснавання Кароны і Княства стала развіццё шляхецкай дэмакратыі яшчэ да заключэння Люблінскай вуніі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца адмова шляхты Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства ўвайсці ў склад Каралеўства пасля інкарпарацыі украінскіх зямель ў 1569 г. Павет увайшоў у склад Менскага ваяводства.

Сацыяльна-эканамічнае развіцце Мазыршчыны адбывалася таксама ў рэчышчы развіцця Рэчы Паспалітай. Так, Мазыр атрымаў магдэбургскае права і ўласны герб згодна прывілею вялікага князя Літоўскага і караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя ад 28 студзеня 1577 г. Першапачатковы прывілей быў падцверджаны каралямі Жыгімонтам III Вазай (10 верасня 1609 г.), Міхаілам Карыбут Вішнявецкім (20 кастрычніка 1670), і Янам III Сабескім (28 жніўня 1680 г.) [ 1 ].

Мазырскі герб сведчыў таксама аб значнай асаблівасці палітычнага ладу дзяржавы абодвух народаў — слабасці каралеўскай улады і моцы магнатаў, якія маглі зняважыць каралеўскі ініцыял і замяніць яго выявай уласнага герба (Радзівілаўскага “Ражкі”). Справа ў тым, што на пячатцы мазырскай ратушы, прыкладзенай да дакумента ў 1639 г. знаходзілася выява арла з радзівілаўскім гербам “Ражкі”, а ў першапачатковым варыянце — арол меў шыльд з літарай S. У прывілеі ад 10 верасня 1609 г., які змешчаны ў грамаце караля Міхаіла Карыбут Вішнявецкага 1670 г. таксама падкрэслівалася, што мазыранам гэты герб дазваляецца ужываць панам троцкім, старостай Мазырскім.

Думку аб вьжлючным становішчы Радзівілаў у Мазыры падцвярджае выраз прывілея 1609 г. “герб дазваляцца ўжываць панам троцкім, старостай Мазырскім”. Акрамя таго, за нейкія заслугі перад дзяржавай кароль Рэчы Паспалітай вызваліў мазырскага старосту Мікалая Радзівіла ад скарбавай платы. Аб гэтым сведчыць квіт падскарбія земскага, пісара ВКЛ Лаўрына Войны лоўчаму ВКЛ, старосце Мазырскаму Мікалаю Радзівілу згодна з каралеўскім прывілеям ад 13 сакавіка 1579 г. [2, арк. 14-14 адв.].

XVII-XVIII стст. былі вельмі няўдалымі і спусташальнымі для Мазыршчыны, як і для усей дзяржавы, што было абумоўлена сацыяльна-эканамічнымі супярэчнасцямі і унутры і знешнепалітычнымі абставінамі. У пачатку XVII ст. Мазыр неаднаразова цярпеў ад пажараў (1601 г., 1603 г., 1609 г.). Горад вельмі марудна аднаўляўся з-за існуючых супярэчнасцей паміж замкавай адміністрацыяй і магістратам. Неаднойчы праблему аднаўлення замка і горада разглядаў Сойм Рэчы Паспалітай у 1609 г., 1611 г., 1613 г. У 1611 г. была прынята пастанова, якая прадугледжвала пакаранне штрафам усіх непаслухмяных, хто не жадаў прымаць удзелу ў аднаўленні замку, а у 1613 г. штраф быў павялічаны ўдвоя — да 80 грывен.

Нягледзячы на права гарадскога самакіравання, шляхта часам дазваляла сабе свавольствы ў дачыненні да мяшчан, злоўжыванні ўладай і павелічэнне падаткаў і павіннасцей.

Мазырскі староста імкнуўся перавесці частку жыхароў пад юрысдыкцыю замка. 3 кастрычніка 1615 г. мяшчане “сговорившись с большой шайкой своевольных людей… поднимают бунты против нашего старосты, не подчиняются ему и нашему замку, убивают арендаторов, не платят причитающихся с них замку и старосте поборов” [3, с.27]. Староста Мазыра 9 чэрвеня 1616 г. звярнуўся ў каралеўскі асэсарскі суд ca скаргай на жыхароў горада, адзначыўшы, што галоўную сілу паўстаўшых складалі “люди своевольные, люзные”. Пасяджэнне каралеўскага суда па справе аб паўстанні ў Мазыры адбывалася 23 чэрвеня 1616 г., на якое было выклікана «как главари беспорядков и бунтов» 27 мяшчан. Староста патрабаваў выплаціць нанесеную яму шкоду ў 4000 злотых. Абвінавачаныя прадставілі доказы злоўжыванняў намесніка, які вымушаў мяшчан несці павіннасці на карысць замка. Суд вырашыў прызначыць следчую камісію «для полного уяснения дела» [3, с.27]. Толькі ў 1622г. было вынесена рашэнне, згодна якому ўсе мяшчане пераходзілі пад юрысдыкцыю магістрата.

Аб’ектыўны працэс запрыгоньвання сялянства ва умовах развіцця феадалізма выклікаў моцны сацыяльны пратэст — хваляванні і уцекі. Масавы характар набылі ўцекі прыгонных, не толькі беларусаў, у казацкую вольніцу — “На Ніз” — у Запарожскую Сеч. Казакі, засяляўшыя Ніжняе Падняпроўе, не зведаўшыя прыгону, раней не неслі ніякіх павіннасцей акрамя ваенных. У пачатку XVII ст. яны павінны былі яшчэ выконваць і феадальную ренту, не моглі пакідаць гаспадарку па ўласнаму жаданню. Імкненне ўрада Рэчы Паспалітай кантраляваць казакоў выклікала хваляванні на Украіне.

Паўднёвабеларускія землі ў большай ступені зведалі казацкія рэйды як геаграфічна бліжэйшыя да Украіны. Казацкія загоны стануць для Рэчы Паспалітай адной з галоўных невырашаных праблем і прынясуць бязлітасную вайну.

На Сойме Рэчы Паспалітай неаднаразова, у 1600 г., 1611 г., 1658 г., 1673 г., 1683 г. прынімаліся пастановы, якія забаранялі ўцекі сялян Беларусі, у тым ліку пастановы аб “прекращении своеволия” у Мазырскім павеце [4, с.61].

Адной з самых моцных праяў антыфеадальнага руху ў Рэчы Паспалітай была казацка-сялянская вайна (1648-1651 гг.). Казацкі рух на Украіне хутка перакінуўся ў беларускія паветы BKЛ.

Мазыр апынуўся ў цэнтры баявых падзей. Вядомы дзеяч XVII ст., мазырскі шляхціц Піліп Казімір Абуховіч пісаў “…той агонь праз гультайства ад купы Хмяльніцкага запушчаны, так далека заняўся, што паветы Старадуб, Рэчыца, Мазыр, Пінск, Берасце ды іншых замкаў нямала на Белай Русі да шчэнту знішчана” [5, с.267]. Як паведамлялі афіцыйныя дзяржаўныя дакументы насельніцтва Мазыра і іншых гарадоў “паказачыліся і пакляліся адзін аднаму стаяць да апошняга” [6, с.202] У чэрвені 1648г. на Мазыршчыну быў дасланы казацкі загон пад кіраўніцтвам палкоўніка Міхненка, яму аказвалі дапамогу жыхары горада. Напрыклад, тутэйшы мяшчанін Іван Сталер стаў на чале атрада колькасцю 400 чалавек, які быў сфарміраваны з “черні здешних краев” [6, с.204]. Амаль цэлы год Мазыр знаходзіўся ў руках казакоў. Толькі ў студзені 1649 г. пачалося наступленне Януша Радзівіла. 7 лютага ен быў пад сценамі Мазыра. За горад разгарнулася ўпартая барацьба, палкоўнік Міхненка адмовіўся ад прапанаванай яму капітуляцыі. Тады гетман ВКЛ кінуў войска на штурм замка. Першы прыступ быў адбіты. Аднак у другім, у якім удзельнічала спешаная кавалерыя, войскі захапілі шанцы, знеслі востракол і выбілі брамы для конніцы. Горад быў добра ўмацаваны, таму другую спробу Радзівіл пачаў з узвышша насупраць замкавай брамы (самага незручнага для абаронцаў замка месца — сучаснай вуліцы Фрунзе). Войскі падышлі да брамы пад прыкрыццем саняў з дровамі. Харугвы ўварваліся ў горад і завязалі бой з паўстанцамі, большая частка якіх палегла ў сечы. Штурм начаты раніцай ледзь скончыўся ноччу. Міхненка быў захоплены ў палон і “с повеления княжеского казнен смертью отсечением головы, которая после воткнута была на замковой веже” [6, с.206]. На два дні Мазыр быў аддадзены на рабаванне войску. Замак і гарадскія ўмацаванні былі спалены гетманам, каб не было спакусы ў казакоў зачыніцца ў ім.

У выніку баявых дзеянняў асабліва пацярпелі Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі паветы, землі спустошаны і выпалены. Улічваючы цяжкі стан гаспадаркі, падаткі ў Мазырскім павеце былі значна зніжаны.

Новая навала чакала Рэч Паспалітую ў маі 1654 г., калі пачалося наступление рускіх войск, а Хмяльніцкі выслаў 20 тысячны казацкі загон.

Агульная колькасць вайсковых фарміраванняў, што ўварваліся ў Беларусь, налічвалася каля 100 тыс. чалавек. Памежныя гарады і замкі па Дзвіне і Дняпры засталіся непадпраўленымі. Усе войска, сабранае для абароны дзяржавы, не перавышала 10-12 тыс. Чалавек [5, с.275]. Да канца ліпеня — пачатку жніўня 1655 г. Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае ваяводствы, Аршанскі, Старадубскі, Рэчыцкі і Мазырскі паветы былі захоплены. Мазыр заваяваны і спустошаны рускімі войскамі пад кіраўніцтвам ваяводы Валконскага. У дэкларацыі Сойма Рэчы Паспалітай 1659 г. пра Мазырскі павет было запісана, што ен “знесены цалкам, ані падаткаў даваць, ані паспалітым рушаннем служыць не можа”. Крыху пазней, у лістах да ўрада паведамлялася, што ўсе Мінскае ваяводства, куды ўваходзіў Мазырскі павет, вынішчана. У Мазырскім павеце рускія войскі заставаліся да вясны 1662 г. Вайна Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай 1654-1667 гг. прывяла да катастрафічнага стану насельніцтва і гаспадарку пераважна Беларусі. Асабліва пацярпелі ўсходнія і паўночныя раёны. Страты насельніцтва ў Мазырскім павеце з 1648 г. па 1667 г. былі велізарнымі. Да казацка-сялянскай вайны, у 1648г. ў павеце пражывала 36932 чалавекі, а ў 1667 г., пасля заключэння Андрусаўскага мірнага дагавору — 14982. Атрымліваецца, што страты склалі 21950 душ або 59,4 %, ці больш паловы жыхароў павета [5, с. 402]. Гэтая вайна, на думку Г. Сагановіча змяніла матэрыяльныя ўмовы жыцця беларусаў, сацыяльную структуру насельніцтва, моўна-культурную і канфесійную сітуацыю, стала адной з прычын эканамічнага і культурнага крызісу беларускіх зямель і заняпаду Рэчы Паспалітай.

У другой палове XVII ст. горад і павет, як і ўся дзяржава, прыходзяць ў заняпад. Кароль Рэчы Паспалітай Ян Сабескі ў 1676 г. выдаў пастанову, паводле якой Мазыр вызваляўся ад падаткаў усялякіх, “прохождений” і пастояў войска. Гэты прывілей ў пэўнай ступені садзейнічаў росту горада. Аднак рамяство горада і колькасць насельніцтва не дасягнула даваеннага ўзроўню нават праз 100 гадоў. Магчыма, каралеўская пастанова не выконвалася, ці намеснікі злоўжывалі ўладай і ўзмацнялі прыгонны ціск. Аб гэтым сведчыць уздым сялянскіх хваляванняў у 1676 -1677гг. на Мазыршчыне, падмацаваны казацкім рухам на Украіне на чале з С. Паліем. Яго атрады дзейнічалі ў павеце ў канцы 1676 г. — пачатку 1677 г. У сакавіку 1677 г. каронны вялікі гетман Д. Вішнявецкі звярнуўся да паноў палкоўнікаў, сотнікаў і ўсіх старшынаў войска Рэчы Паспалітай Запарожскага ca спецыяльным універсалам з забаронай “в добрах, расположенных в Литовском Полесье и прежде всего, Мозырском и других поветах ВКЛ, не осмеливался останавливаться, выбирать провиант и чинить какие-либо малейшие обиды”. Гетман папярэджваў аб цяжкім пакаранні за парушэнне загаду. 14 мая 1677г. іншы каронны гетман С. Яблонскі зноў забараніў украінскім казакам “вторгаться в пределы Мозырского повета и причинять обиды обывателям” [7, с.88]. Відавочна, што праблема казацкай вольніцы не была вырашана, цэнтральныя ўлады не маглі кантраляваць сітуацыю на поўдні Беларусі, ў прыватнасці на Мазыршчыне з-за слабасці дзяржаўнай улады, адсутнасці рэгулярнай арміі і сродкаў на яе ўтрыманне,

Аб памерах падаткаў з Мазырскага павета сведчыць агульны пералік падаткаў, зацверджаных на генеральнай сесіі Варшаўскага Сойма 1717г. Павет павінен выплаціць з дыма па 7 злотых і 20 грошаў, гіберны — 4000 злотых, чопавога і шэляговага — 3300 злотых. Усяго дымоў па спісу ў павеце было 1000, памер пацаткаў склаў 1666 злотых і 20 грош [8, с.623].

Інвентар Мазыра ад 15 жніўня 1724г. [9, арк. 1019-1027адв.] сцвярджае, што ў Мазыры ў гэты час было 70 дымоў, калі параўнаць гэтую лічбу з колькасцю дымоў інвентара 1576г., то атрымаецца, што колькасць падатковых адзінак зменшилася ў 5 разоў. Агульная колькасць жыхароў у 1724 г. склала 1,5 тыс. чалавек, прычым большасць з іх — дзеці і жанчыны, а абкладаліся падаткам толькі душы мужчынскага полу. Мазыр у XVIII ст. ператварыўся ў невялікі правінцыяльны горад.

На той час у Мазыры існавалі карчма, млын, васкабойка, 5 дымоў «шпітальных», ратуша, рьшак, стайня, пекарня, канюшня, манастыры і цэрквы. Апісваюцца «пляцы» — участкі гарадской тэрыторыі, на якой месціліся двары мяшчан. Яны вымяраліся ў прэнтах ( 1 прэнт роўны 23,7 кв. м.), класіфікаваліся як пустыя, вольныя, аселыя, и бакавыя. Агульная плошча мяшчанскіх двароў у Мазыры 1724г. склала 2158 прэнта, пад забудовай знаходзілася 360 надзелаў. З іх 19 — пустых, (5%), частка іх пуставала здаўна, 45 (26 % ад агульнай колькасці гарадской тэрыторыі) — складалі вольныя пляцы і належалі свецкім і духоўным феадалам. Памеры гарадскіх участкаў былі не аднокальвыя і вагаліся ад 1 да 18 прэнтаў. Сярэднія і буйныя мяшчанскія двары ў сярэднім займалі тэрыторыю каля 4 прэнтаў — гэта ў асноўным заможныя мяшчане і прадстаўнікі гарадской адміністрацыі.

У канцы XVIII ст. у горадзе, як і па ўсей краіне назіраецца эканамічны ўздым. У гэты час Мазыр у якасці падатку прыносіў казне 3021 злотых у год, кварты — 885 злотых ў год. А ў самім горадзе ў 1792 г. налічвалася 489 “домов разных і даже хижин”. Згодна з генеральным тарыфам, прынятым у 1790 г., у Мазырскім павеце налічваўся 8291 дым вясковы, сярод іх старосцінскіх — 1552 або 18.7% ад агульнай колькасці ў павеце; іезуіцкіх – 1000 (12%); дзяржаўных — 2552 (30,8%); земскіх — 5156 (62,3%); духоўных — 583 (7%) [10, с.59]. Буйных землеўладальнікаў, якія валодалі ад 301 да 1000 дымоў было ўсяго 3, ім належала 1416 дымоў, або 4,2%. Землеўладальнікаў, што можна аднесці да сярэдняй шляхты (31-150 дымоў) — толькі 2. Яны валодалі 116 дымамі (7,8%). Дробнашляхецкіх дымоў (зусім збяднелых маенткаў) — 79 (0,9%). Такім чынам, у Мазырскім павеце пераважная большасць зямлі належала земскай шляхце, а большасць землеўладальнікаў складала дробная шляхта, якая мела ад 7 да 30 дымоў [10, с.98].

Поўнасцю аднавіць гаспадарку краіны, і Мазыра ў прыватнасці не дазвалялі казацка-сялянскія хваляванні і палітычны крызіс.

У 1743 г. у Мазырскім павеце адбылося буйнае хваляванне сялян у Любечах, якія “зрабовали сяло”, што належала ксяндзам Кімброўскім і збеглі на Украіну. Адно з самых маштабных сялянскіх паўстанняў праходзіла таксама на Мазыршчыне, у Каменецкай воласці ў 1754-1756гг. і перарасло ў адкрытую барацьбу з землеўладальнікам Радзівілам, якая доўжылася амаль 10 год. Для барацьбы з паўстанцамі на Каменшчыну ў кастрычніку 1755г. былі накіраваны 2 харугвы пад камандаваннем ротмістра Швыкоўскага. Паўстанцы разбілі прыбыўшае войска і адкінулі яго за межы воласці. Шляхецкае апалчэнне не вельмі жадала ваяваць з сялянамі ў балоцістай мясцовасці Палесся і пасля першых няўдалых сутычак шляхта разбеглася па дамах. 6 лістападада 1755г. для падаўлення паўстання падышло яшчэ тры харугвы пад кіраўніцтвам паручыка Н. Панятоўскага. А крыху пазней яму на дапамогу былі накіраваны радзівілаўкая пяхота з пушкамі і 300 казакамі з украінскіх маенткаў гетмана на чале з палкоўнікам Мотовідлам, і атрад польскіх войск. Сялянскае паўстанне на Каменшчыне дасягнула вельмі значных памераў, нават рэгулярныя войскі не адразу падавілі выступление прыгонных.

Акрамя сялянскага руху на поўдні Беларусі актывізаваліся гайдамакі. Гайдамакамі або гайдукамі называлі казакоў, якія паўсталі супраць улады Рэчы Паспалітай. Аб памерах гэтага руху сведчаць наступныя падзеі. У лістападзе 1736г. гетман польны ВКЛ загацаў прывесці ў баявую гатоўнасць 2 татарскія харугвы Казетульскага і Ахматовіча і размясціць іх уздоўж мяжы з Украінай. У лютым 1737 г. да гэтых злучэнняў былі дасланы часці легкай кавалерыі, спецыяльна пацрыхтаваныя для барацьбы з гайдамакамі на чале з ротмістрам татарскай харугвы Бараноўскім. Аднак татарскі полк, размешчаны ў Мазыры быў няздольны супрацьстаяць паўстаўшым казакам. Таму ў лютьт 1738г. у горад накіроўваецца палкоўнік Неслухоўскі ca сваею харугваю. Пад яго камандаванне перадаваліся: харугва маршалка ВКЛ Сангушкі, 4 харугвы Панятоўскага, і таксама войскі навагрудскага кашталяна Незабытоўскага, надворнага падскарбія Сапегі і люблінскага старосты Новасельскага. Атрымаліся даволі значныя сілы, з якімі Неслухоўскі павінен быў “пристально наблюдать” за дзеяннямі паўстанцаў і не дапусціць іх уварвання ў межы BKЛ [7. С.106]. Гэтыя меры не спынілі гайдамацкага руху. У студзені, красавіку і чэрвені 1739г. вялікі гетман ВКЛ выдае загады аб узмацненні аховы шляхецкіх маенткаў, размешчаных у паўднева-усходняй частцы Палесся, а ўсе харугвы павінны размясціцца ўздоўж р. Прыпяць ад Мазыра да Чарнобыля, і ад Чарнобыля да Брагіна. Гэтыя загады сведчаць аб даволі вялікай небяспецы з боку гайдукоў, іх рэадізацьм дазволіся на нейкі час стабілізаваць сітуацыю. Аднак ужо з вясны 1750г. гайдамацкі рух узмацняецца. Казакі прыбывалі з Правабярэжнай Украіны і падмацоўваліся за кошт мясцовага насельніцтва, незадаволенага ўціскам і складанымі ўмовамі жыцця. Па ўсей даліне Прыпяці яны рабавалі маенткі шляхты і паноў, знішчалі “кабальныя” дакументы, разбуралі касцелы і ўніяцкія цэрквы. А летам 1750 г. гайдамакі захапілі манастыр цыстэрцыянак у Кімбараўцы каля Мазыра [7, с.106]. А восенню 1750 г. Іван Падаляка са сваімі паплечнікамі “скрываясь днем в прибрежных камышах, ночами на лодках поднялись вверх по Днепру и Припяти, высадились в окрестностях”. Пры садзейнічанні мясцовага насельніцтва паўстанцы рабавалі маенткі шляхты, забівалі купцоў, распраўляліся з мясцовымй чыноўнікамі [7, с.133].

Мясцовыя ўлады і накіраваныя туды раней войскі не здолелі кантраляваць становішча і абараніць павет ад рабаўнікоў. У сакавіку 1751 г. паслы Мазырскага павета да гетмана ВКЛ скардзіліся на “постоянные наезды гайдамаков и бунты собственных подданных” і прасілі прыслаць дадатковыя ваенныя сілы. Гетман даў згоду і накіраваў у Мазыр палкоўніка Бараноўскага з 4 харугвамі. Усяго ж у гэтым раене знаходзілася амаль палова ўсей кавалерыі ВКЛ. I пасля гэтага казаць аб утаймаванні паўстанцаў няма падстаў. Падсуддзя Мазырскага павета Я. Пржыбора 14 снежня 1755г. пісаў, што “показанные в реестре собственные мои подданные в гайдамаки обратились и громят мои имения” [7, с. 137].

Толькі ў 1764г. Варшаўскі Сойм вымушаны быў прыняць спецыяльную пастанову аб узмацненні аховы Мазырскага павета ад атрадаў гайдамакаў, у якой падкрэслівалася, што “пограничный Мозырский повет не охраняется от набегов гайдамаков, неоднократно имевших место, таму мы поручаем вельможному гетману ВКЛ, чтобы он обеспечил безопасность повета при помощи постоянных войск ВКЛ ”. Ці то рашэнні Сойма не выконваліся, ці то паўстанцаў было зашмат і войскаў ВКЛ не хапала для іх падаўлення, аднак ужо ў 1769 г. Каменецкая воласць ізноў апынулася ў руках паўстаўшых. Сялянскія хваляванні там был і падаўлены толькі ў 1771г. [7, с. 141].

У выніку падзелаў Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты Еўропы, а беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Расійскія войскі пад кіраўніцтвам генерала Крачэтнікава занялі Мазырскі павет. А загадам Кацярыны II ад 8 снежня 1792г. № 17090 Мазыршчыны далучалася да Чарнігаўскай губерніі. 13 красавіка 1793 г. быў выдадзены новы імператарскі загад аб заснаванні трох новых губерняў: Мінскай, Ізяслаўскай, Брацлаўскай і стварэнне там єпархій, а Мазырскі павет скасаваны. А ў 1795г. адноўлены ў складзе Мінскага намесніцтва, у 1796г. павет увайшоў у склад Мінскай губерніі, а Мазыр застаўся цэнтрам павета. Загадам ад З мая 1793г. Расійская імператрыца дазволіла адчыніць “присутственные места”: “ уездный суд, дворянскую опеку, нижний земскій суд, городской магистрат, суд (для всех других званий), нижнюю расправу для подсудных ей обитателей Мозырской округи.” [11, с. 14, 21, 68] Такім чынам, Мазыршчына трапіла пад моцнае культурнае, палітычнае і сацыяльна-эканамічнае уздзеянне. 

  1. Нацыянальны Дзяржаўны Гістарычны архіў (НДГА),ф. 694, воп. 1, спр. 184
  2. НДГА ф. 694, воп. 2„ спр. 484.
  3. Хрестоматия по истории БССР / Сост. Е.М. Зуев, 3. Ю. Копысскій. — Мн., 1987.
  4. Игнатенко. А.П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией. Мн.: Изд- во Б ГУ, 1974.
  5. Сагановіч Г. Иарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя- Мн.: “Энцыклапедыкс”, 2001.
  6. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. 4.1.М.П. Касцюк, У.Ф. Ісаенка, Г, В. Штыхаў і інш.-Мн.: Беларусь, 1994.
  7. Игнатенко. А.П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией. Мн.: Изд- во Б ГУ, 1974.
  8. Документы и материалы по истории. Белоруссии. Т.1 Мн.: Выд-ва Ан БССР, 1936.
  9. НДГА, ф. 1728. воп. 1. спр. 19.
  10. Козловский П.Г.. Землевладение и землепользование в Белоруссии XVIII — первой половіне XIX в.-Мн.: Навука і тэхніка, 1974.
  11. Смородский А.П. Столетие Минской губернии 1793-1893гг.-Мн., 1893.

 

Аўтар: А.Я. Барсук
Крыніца: Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы, Міжнародная навук. канф. (2006, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы”, 28-29 верасня 2006: [матэрыялы] / рэдкал. : Р. Р. Лазько (адказ. рэд.) [і інш.]. — Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2006. — 306 с. Ст. 6-12