Мазыр: прайдуся па Пакроўскай, сыду на Замкавую…

0
1327
Мазыр план

Павага да дзяржавы, яе гісторыі пачынаецца з любові да сваёй малой радзімы. Мазыр з’яўляецца адным са старэйшых гарадоў Беларусі. Ён толькі на 8 гадоў маладзейшы за Маскву. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Мазыр узгадваецца ў 1155 г. у Іпацьеўскім летапісе, калі вялікі князь кіеўскі Юрый Доўгарукі перадаў яго свайму саюзніку чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу. Пазней горад быў вернуты ў склад Кіеўскага княства.

Па меркаванні навукоўцаў, Мазыр сфарміраваўся на скрыжаванні як буйных водных шляхоў (па Прыпяці і Пцічы), так і сухапутных: з Жытоміра на Бабруйск, з Рагачова і Рэчыцы на Пінск. Першапачатковае месцазнаходжанне летапіснага Мазыра можна акрэсліць у раёне сучаснай гары Камунараў (былыя назвы: Спаская, Замкавая). Гэта было тыповае сярэдневяковае ўсходнеславянскае паселішча. Тут на мысе паміж ярамі на правым беразе Прыпяці знаходзіўся ўмацаваны дзядзінец. Узвышаючыся над ярамі і пакатымі схіламі на 15-20 м, ён з трох бакоў быў непрыступным. З паўднёвага боку дзядзінца знаходзілася неўмацаваная частка горада – гандлёва-рамесніцкі пасад (прыкладна раён сучасных вуліц: Ленінская, Камсамольская, Калініна).

З распаўсюджваннем магдэбурскага права ў беларускіх гарадах на змену раннесярэдневечнай схеме град–торг–пасад прыходзіць новая, заходнееўрапейская: град–пасад з торгам у цэнтры. Гэта было характэрна і для Мазыра, якому магдэбургскае права дараваў Стэфан Баторый кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі ў 1577 г.

Адміністрацыйны і гандлёвы цэнтр горада перамясціўся з Замкавай гары ўніз, на Рынкавую плошчу, ад якой разыходзіліся асноўныя напрамкі: 1) уздоўж Прыпяці, 2) на паўднёвы захад да дарогі на Петрыкаў, 3) з паўднёва-усходняй часткі горада да дарогі на Оўруч. На гэтых восях канцэнтравалася асноўная маса прыватнай забудовы, крам і майстэрняў. Паміж імі фармаваліся кварталы.

Паводле інвентару ў 1724 г. існавалі вуліцы Кіеўская, Оўручская, Свідоўская, Нагорная і Гончая. Пазней з’явілася вуліца Пакроўская (сучасная вул. Леніна), якая з цягам часу зрабілася асноўнай воссю горада.

У 1793 г., пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Мазыршчына была далучана да Расійскай імперыі, дзе Мазыр быў павятовым горадам ў складзе Мінскай губерні.

На гарадскім плане 1825 г. адзначаны «кварталы застроенные» і «незастроенные», што сведчыла аб тым, што ў той час горад развіваўся па адпаведнаму плану, і былі ўжо адведзены тэрыторыі на забудову новымі кварталамі. У Мазыры ў 1825 г. налічвалася 530 драўляных і 3 каменных дамы, 5 цэркваў, 2 манастыры, 1 навучальная ўстанова, 33 лаўкі, 1 тракцір і 20 «питейных заведений». У 1904 г. у горадзе жылых пабудоў налічвалася ўжо 1210, з іх каменных – 102, драўляных – 1065, іншых – 43.  Апошнія былі прадстаўлены будынкамі, характэрнымі для канца  ХІХ– пачатку ХХ ст., калі першы паверх быў каменны, а другі – драўляны.

У сярэдзіне 20-х гадоў ХХ ст. у Мазыры было 17 вуліц: Ленінская (б. Пакроўская), Новае Страенне, Свідоўка, Розы Люксембург (б. Слуцкая), Слуцкая Наберажная, вул.Лекерта (б. Мікалаеўская), Аляксандраўская, Камсамольская (б. Замкавая), Гара Камунараў (б. Спаска-Замкавая і Спаская), Карла Лібкнехта (б. Кіеўская), Жытомірская, Кіеўская Наберажная, вул. Калініна (б. Калінік), Нагорная, І-я Пралетарская (б. Папоўшчына), ІІ-я Пралетарская (б. Пятніцкая), вул. доктара Саета (б. Рымашоў Роў). 5 завулкаў: Гімназічны, Камсамольскі (б. Свята-Міхайлаўская вул.), Лекерта (б. Мала-Мікалаеўская), Кіеўскі, Праразны. У горадзе была адна плошча, якая мела назву «Плошча Свабоды» (б. Базарная). Прыгарадамі з’яўляліся Салаўёўка, Кімбараўка і хутар Целепуны.

Толькі шэсць вуліц, адзін завулак і плошча Свабоды былі брукаванымі. У 1926 г. 24 ліхтары асвятлялі горад у начны час. Ні конкі, ні трамваеў, ні аўтобусаў у Мазыры не было. Да вознікаў насельніцтва звярталася толькі тады, калі было неабходна прывезці доктара да хворага або – адвезці хворага ў бальніцу.

Вуліцы Мазыра размешчаны былі на ўзвышшы, месцамі ля падэшвы ўзвышшаў, часткаю на схілах раўчакоў і ў іх далінах. З-за такога размяшчэння вуліц, па іх у час вялікіх ліўняў беглі значныя патокі, заносячы брукаваныя вуліцы пяском і глінаю, а таксама размываючы раўчакі. У 1924 г. быў такі выпадак, калі патокам вады знесла ў Прыпяць некалькі кароў. Ад ліўня, які працягваўся каля 2 гадзін, быў размыты раўчак на вул. Калініна глыбінёю на 6-10 сажняў. Камунальным службам горада прыходзілася шмат увагі надаваць гэтай праблеме. Былі ўмацаваны сцены Расамахава рова, наведзены парадак на вул. Калініна і г.д.

Сёння тэрыторыя Мазыра ў межах афіцыйнай гарадской рысы складае звыш 40 кв. км. Уся тэрыторыя горада, за выключэннем раёна Пхоў, знаходзіцца на найбольш высокай частцы Мазырскай грады на правым беразе ракі Прыпяць. Перапад высот паміж рознымі часткамі Мазыра складае 90 і больш метраў. У горадзе налічваецца тры плошчы, 146 вуліц і 52 завулкi. Іх гісторыі і будуць прысвечаны наступныя публікацыі.

Аўтар: Таццяна Нiкiцiна