Мазыр. Назва паводле легендаў і паданняў

0
116
Мазыр горад

Надзвычай даўно гэта адбывалася. Жыў-быў адзін заможны гандляр-яўрэй. Звалі яго Мазыр. Ён пастаянна ездзіў то ў адзін край, то ў другі, каб там прадаць тавары ці абмяняць іх на заморскія і такім чынам палепшыць свае і без таго неблагія справы. Суседзі казалі гандляру:

Ой, Мазыр, каму ўжо ты гэтае багацце збіраеш?
— А хіба яго ў мяне многа? Вам гэта толькі здаецца, а на самай справе нічога амаль не маю за душой.
— Нам бы тое «амаль», мы б да смерці жылі прыпяваючы.
— Якое там «да смерці»? Мы і дзецям неблагі пасаг пакінулі б.
— Эй, пустое гамоніце. Зайздросціце мне, то і не дае мой занятак вам спакою.
— Не, братка, не здагадаўся. Мы табе зайздросцім — гэта праўда, але толькі як чалавеку працавітаму, а не багатаму. Таму што багацце — гэта не самае галоўнае ў жыцці. Сёння яно ёсць, а заўтра яго няма.
— Дык так жа ўсё? — здзіўляўся Мазыр.
Так. Але калі ставіш мэтай свайго жыцця толькі ўзбагачэнне, прычым любым чынам, то да дабра такая справа не даводзіць.
— Многа вы ведаеце.
— А чаго ты злуешся?
— Ды жыць навучаеце. Я і сам ведаю, што раблю. Так жыў мой дзед, мой бацька, і я так жыву.
— А ты прыгадай, чым гэта скончылася? Можа, шчаслівым нечым ці светлым успамінам?
— Якраз не.
— Вось бачыш. Багаты чалавек не спіць спакойна, месца сабе не знаходзіць, бо яго грызе перажыванне, як грошы схаваць, як іх зберагчы, каб ніхто не заўважыў, каб ніхто на іх не паквапіўся. Ці ж не так?
— Так-то яно так, але ж… Уявіць не магу, што сядзець буду без любімай справы.
— А ты і не сядзі, па гаспадарцы займайся.
— Хіба вы не бачыце, якая ў мяне гаспадарка? Ды і навошта мне яна? Продкі нашы ніколі за зямлю не трымаліся.
— Паспрабаваў бы.
— Навошта? У сваёй справе я ўсё ўмею, а новую пачынаць трэба маладым, а не ў маім узросце. Да таго ж дачка, радасць мая адзіная, ужо вырасла, жаніха трэба шукаць…
— Дзе ж ты для яе жаніха падбіраць станеш? У нас жа такога багатага, як ты, у наваколлі і блізка няма.
— Зноў вы за багацце?
— Так атрымліваецца. Ты ж абы за каго сваю дачку не аддаш?
— Ведама што. У мяне ж болей нікога з родных на белым свеце няма…

Яно і на самай справе так было. Гадоў дзесяць таму назад Мазыр сабраўся перабірацца жыць у іншае месца. Яўрэй калі за зямлю не трымаецца, то што ў яго за зборы — пагрузіў свой скарб на вазы, пасадзіў жонку і дачку і паехаў у невядомы край, дзе спадзяваўся на лепшае жыццё. Праўда, на гэты раз паслухаўся жонку — наняў добрую ахову, не пашкадаваў грошай. Яно і зразумела — рабаўнікі шныралі па дарогах, а за ім, гандляром, не выключана, што і сачылі. Таму ўсё рабіў скрытна, папярэдзіў людзей, каб нікому чужому не распавядалі, куды шлях трымаюць.

На першым часе ўсё складвалася ўдала. Ехалі спорна, нішто не замінала. Возчыкі ды ахоўнікі былі вопытнымі, сваю справу ведалі выдатна. Мазыр павесялеў. Заставалася яшчэ пару сутак, і там ужо выбіваліся на прастор. Там ужо ніякія рабаўнікі не адважыліся б напасці ў адкрытую. Толькі самае горшае якраз і здарылася ў тыя, апошнія, суткі. Глыбокай ноччу, калі стомленыя людзі спалі, акрамя нешматлікіх вартавых, на абоз напалі рабаўнікі. Што тут пачалося! Мітусня, сеча, дзе хто — дакладна невядома. Мазыр, той цікаваў, каб жонка з дачкой былі пад надзейнай аховай, таму папрасіў старога воя:

— Не адыходзь ад гэтага воза. Там і без цябе ўправяцца. А я пагляджу, што навокал робіцца.
— Добра, гаспадар.

Мазыр пабег у галаву абоза, дзе ішла адчайная бітва, і ўзрадаваўся — ягоныя ахоўнікі перамагалі.

Гандляр закрычаў:

— Будзеце ведаць, як лезці!

Разбойнікі пабеглі, адстрэльваючыся з лукаў. I трэба ж было, каб адна з выпадковых стрэл трапіла ў ягоную жонку: Мазыр прыбег, каб паведаміць ёй радасную навіну, што можна смела рухацца далей, але яна яго ўжо не чула. Многае тады страціў Мазыр, але найбольш пакутаваў, што загінула жонка.

З таго дня Мазыр сам гадаваў сваю дачушку. Глядзеў за ёю, нічога не шкадаваў. А як радаваўся, калі яна пачала вымаўляць першыя словы! Усіх суседзяў паіў, нібы на найвялікшае свята. То і тыя сталі да яўрэя па-добраму адносіцца, дапамагалі чым маглі, а ён ім падкідваў то якіх тавараў, то яшчэ чаго. Не драў тры цаны, уступаў танней, а то і зусім дарыў, ды яшчэ і прымаўляў пры гэтым:

— Я не такое багацце страціў… Не такое… Каб вы ведалі, як мне цяжка было… Толькі дзякуючы вам і выкараскаўся…

Час ішоў, дачка расла як на дражджах і стала прывабнай дзяўчынай. Але Мазыра бянтэжыла тое, што дачка не адбівалася ад хлопцаў, а з задавальненнем лезла ў абдымкі. Паскардзіўся ён неяк суседу, а той, асабліва не задумваючыся, вазьмі ды і ляпні:

Чаго ж тут здзіўляцца? Нездарма ж, відаць, гавораць, што ўсе яўрэйкі надта кахацца любяць.
— Ты ўжо скажаш!
— Ты ж бачыш, што твая Сара хаваецца з хлопцамі па гумнах. Што яна там, у хованкі, можа, гуляе?
— Ды…
— Глядзі, Мазыр, і апамятацца не паспееш, як дзедам цябе зробіць.
— Я ж нават і не думаў… Спадзяваўся, што проста жартуе.
— Глядзі, сусед, бо ад падобных жартаў такі жывот надзьме праз пару месяцаў, што і ў дзверы не пралезе. Глядзі за Сарай.

З таго часу Мазыр з Сары вачэй не спускаў. Куды сам ехаў, туды з сабой і дачку браў. Тая выкручвалася:

— Тата, я стамілася. Можна, я дома пасяджу, адпачну. Тут мае сяброўкі…
— I сябры, — дадаваў бацька і катэгарычна заяўляў: паедзеш са мной — і ўсё на гэтым.

Не дапамагалі ні просьбы, ні шчырыя маленні, Мазыр быў няўмольным.

Аднаго разу сабраўся ён ехаць некуды ажно пад слаўны Кіеў і загадзя Сары паведаміў:

— Збірайся, каб потым не казала, што ўпершыню чуеш.

Тая незадаволена хмыкнула, але выканала бацькоўскі загад. Ехалі яны не дзень і не два і прыехалі да шырокай рэчкі — да Прыпяці. Супыніліся адпачыць, каб з раніцы пераправіцца і рушыць далей.

Сонейка толькі ўзышло над верхавінамі дрэў, а гаспадар ужо прыспешваў слуг:

Давайце, давайце… Далей, далей трэба… Час — гэта ж грошы…

Паспешлівасць гэтая і прывяла да бяды. Пярэдні човен ад нечага хіснуўся, і ўсе, хто там быў, апынуліся ў вадзе.

— Сара, дачушка! — загарлаў Мазыр.

Але крыкі не дапамаглі, праз пару імгненняў на паверхні ўжо нікога не было. Загаласіў тады гандляр, але нічога нельга было паправіць. Не аддала рака дачку назад. Але і Мазыр не паехаў далей з гэтага месца. Загадаў пабудаваць сабе жыллё і застаўся ў ім жыць. Вось з тае раніцы тут і ўзнікла невялічкае паселішча — Мазыр.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 255-258.