Маёнткі мазырскай шляхты

0
917
шляхта маёнткі сядзіба кяневічаў

Мазыршчына заўсёды вызначалася сярод іншых рэгіёнаў Беларусі, дзякуючы свайму геаграфічнаму размяшчэнню на скрыжаванні буйных водных (Прыпяць, Пціч) і сухапутных (Жытомір — Бабруйск, Рагачоў — Рэчыца — Пінск) шляхоў.

У складзе Вялікага княства Літоўскага Мазыршчына, акрэслівалася Мазырскім староствам, у якое ўваходзілі Мазырская (складалася з 24 сёл) і Бчыцкая (Пціцкая, налічвала 12 сёл) воласці. У 1565 г. утвораны Мазырскі павет у складзе Кіеўскага ваяводства, а пасля стварэння Рэчы Паспалітай, у 1569 г.  —  Мінскага ваяводства. Найбольш значнымі мястэчкамі павета былі: Капаткевічы, Каралін, Лельчыцы, Нароўля, Петрыкаў, Скрыгалаў.

Пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі, у 1796 г. плошча Мазырскага павета складала 15,6 тыс. кв. км. з мястэчкамі Давыд — Гарадок, Каралін, Капаткевічы, Лахва, Петрыкаў, Скрыгалаў, Тураў (для параўнання плошча сучаснага Мазырскага раёна 1,6 тыс. кв. км.). На 1860 г. у павеце налічвалася 112 прыватных маёнткаў, 21 воласць [1, с. 516].

Сярод мазырскай шляхты вылучаліся Аскеркі, Яленскія, Кеневічы.

Аскеркі  —  вядомы шляхецкі ўплывовы род у Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, які мог сапернічаць з Радзівіламі. Яны атрымалі шляхецкую годнасць і герб “Мурдэліо” да сярэдзіны XVI ст. і мелі зямельныя ўладанні ў Полацкім ваяводстве. Землі ў Мазырскім і Рэчыцкім паветах Аскеркі атрымалі ад Жыгімонта ІІ Аўгуста ў якасці кампенсацыі страчаных маёнткаў падчас Лівонскай вайны, калі Полацк быў захоплены рускімі войскамі Івана IV. У першай палове XVII ст. род Аскеркаў заняў вядучае месца сярод паўднёвабеларускай і ўкраінскай шляхты.

Есць меркаванне, менавіта Аскеркі садзейнічалі таму, што ў 1597 г. Жыгімонт III Ваза даў «рускаму» духавенству Мазыра поўную свабоду ад уплыву ваяводы і ўсіх грамадзянскіх улад [2, с. 756].

Традыцыйна ў Мазыры Аскеркі займалі пасады земскага пісара, суддзі (Самуэль Аскерка, 1632 г.), падсудка земскага (Міхаіл Аскерка), стольніка мазырскага (Францішак Міхайлавіч), кашталяна, маршалка і старосты (Антоні Міхайлавіч, 1722 г.) і інш. Прадстаўнікі роду былі і манахамі розных ордэнаў: езуітаў, цыстэрцыянцаў, базыльян. Знаходзіліся ў сваяцтве з іншымі прадстаўнікамі мазырскай шляхты  —  Яленскімі і Ленкевічамі. Аскеркі прымалі самы актыўны ўдзел ва ўсіх палітычных падзеях Рэчы Паспалітай, былі пасламі на агульнадзяржаўныя Соймы, дэпутатамі Трыбунала ВКЛ, неаднаразова вызначаліся ў баявых дзеяннях.

Так, Самуэль Аскерка (каля 1600-1673 гг.) удзельнічаў у войнах з Рускай дзяржавай 1609-1618 гг. і Швецыяй 1600-1629 гг., казацка —  сялянскай вайне 1648-1651 гг., вызначыўся падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654-1667 гг. [3, с. 328-330].

Аскеркі лічыліся абаронцамі каталіцтва і неаднаразова матэрыяльна падтрымлівалі кляштары і касцёлы ў Мазырскім павеце. На сродкі Аскеркаў у 1711 г. быў заснаваны мужчынскі цыстэрцыянскі кляштар у Мазыры, у 1740 і 1780 — я гг. яго мецэнатамі былі Рафаіл Алаізій і Казімір Мацей Аскеркі [4, с. 93]. Казімір Аскерка, маршалак мазырскі, вызначыўся яшчэ і тым, што ў 1760 — 1778 гг. аднавіў бернардзінскі кляштар у Мазыры, які пацярпеў ад пажару ў канцы XVII ст. У крыпце Свята — Міхайлаўскага сабора захаваліся надгробныя пліты Казіміра Аскеркі, Ігнація і Барбары Аскеркаў.

Найбольш вядомыя маёнткі мазырскіх Аскеркаў: Скрыгалаў, Слабада Скрыгалаўская, Барбароў, Нароўля, Галоўчыцы, Каралін (сучасны Ельск), Мялешкавічы, Барыскавічы, Майсееўка, Юравічы, Новы Двор.

Маёнтак Новы Двор вядомы яшчэ і тым, што там нарадзіўся Фёдар Стравінскі, знакаміты спявак, бацька буйнейшага кампазітара ХХ ст. Ён таксама паходзіў са шляхецкага роду ВКЛ герба “Суліма”, вядомага з 1500 г.

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі Аскеркі страцілі былую магутнасць, многія ўладанні канфіскаваны з — за ўдзелу ў паўстанні Т. Касцюшкі ў 1794 г.

Некаторыя прадстаўнікі роду ў Расіі займалі даволі значныя грамадзянскія і вайсковыя пасады (Альбін Аскерка  —  маёр Расійскай арміі, яго сын, Альфонс  —  палкоўнік Генеральнага штаба Расійскай арміі [3, с. 332].

За неблаганадзейнасць і спробу даслаць імператару Аляксандру II адрас аб далучэнні Мазырскага павета да Каралеўства Польскага адзін з буйных маёнткаў Эміля Аскеркі і яго сыноў Фелікса, Любаміра, Вітольда, Напалеона, Скрыгалаў Мазырскага павета быў канфіскаваны.

Амаль уся маёмасць Аскеркаў была канфіскавана ў розныя часы і трапіла да розных людзей. Аб былой велічы Аскеркаў сведчаць рэшткі фундаментаў былых палацаў і паркаў, сучасны герб г. Нароўля, у аснову якога пакладзены радавы герб Аскеркаў “Мурдэліо”.

Галоўчыцкі сядзібна — паркавы комплекс Аскеркаў у 8 тыс. дзесяцін быў канфіскаваны за ўдзел у паўстанні 1830 — 1831 гг. Яго набыў сын мазырскага суддзі Ігната Горвата Станіслаў. У сярэдзіне XIX ст. новыя гаспадары замест драўлянай сядзібы ў стылі класіцызму пабудавалі двухпавярховы мураваны палац з тэрасамі і двухраднай унутранай планіроўкай. Сярэдзіну будынка займаў вялізны хол з іанічнай каланадай. Мелася бібліятэка ў некалькі тысяч тамоў, калекцыя твораў еўрапейскага мастацтва.

Да 1917 г. ад сядзібы засталіся два драўляныя ідэнтычныя флігелі XVIII ст. Цяпер ацалеў толькі парк. Гэта быў пейзажны парк з рысамі рэгулярнага плошчай каля 20 дзесяцін. Па яго сярэдзіне ішла старая ліпавая алея, якая пачыналася ад газона з кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі. На правым баку парка знаходзілася выцягнутая сажалка з востравам, на якім стаяла альтанка ў выглядзе кітайскай пагады. Замыкаў парк фруктовы сад і яшчэ адна сажалка [5, с. 190 — 191].

Маёнткі Барбароў, Нароўля, Галоўчыцы апынуліся ва ўладанні Горватаў, дзе былі створаны сядзібна — паркавыя комплексы, рэшткі якіх захаваліся да нашых дзён.

Яленскія  —  беларускі шляхецкі род, меў герб «Корчак», вядомы з канца XIV ст. Адзін з самых буйных маёнткаў Яленскіх  —  Капаткевічы, што таксама знайшло адлюстраванне ў сучасным гербе г. п. Капаткевічы, дзе выкарыстаны галоўныя элементы радавога герба. У 1796 г. у мястэчку дзейнічаў касцёл. У сярэдзіне XIX ст. у Капаткевічах пражывала 1062 жыхары, працавала паромная переправа цераз Пціч і 3 карчмы. А. К. Кіркор у сваёй працы “Живописная Россия” ўзгадвае “даволі значны штогадовы кірмаш”, які праводзіўся 1 верасня [6, с. 185]. Сярод іншых уладанняў можна назваць Малыя Зімовішчы (суч. Мазырскі р — н), Лучыцы і Гарадзішча (сучасны Петрыкаўскі р — н).

Яленскія займалі пасаду мазырскага старосты ў 1773-1785 гг. і 1787-1794 гг. Прадстаўнік гэтага роду  —  Яленскі Іосіф Міхайлавіч (1756 — 23.3.1813), дзяцінства якога прайшло на Мазыршчыне, у в. Малыя Прудкі.  —  адзін з першых шляхецкіх рэвалюцыянераў Беларусі, прадстаўнік радыкальнага ўтапізму, аўтар маніфестаў “Пераклад польскага права, усенародна складзенага” (дапоўненага “Прысягай караля”) і “Адозва да народа  —  аульных сабраццяў”, “Благовесць да Ісраіля Расійскага”. Ён выступаў супраць прыгоннага права, за роўнасць усіх саслоўяў, выказваўся за дэмакратычную рэспубліку, прапанаваў ствараць аб’яднанні, дзе зямля і ўсе вынікі працы належалі працаўнікам. Лічыў адукацыю абавязковай для ўсіх членаў грамадства, а тых, хто не пажадае вучыцца, чакае маральнае асуджэнне. Органы ўлады павінны выбірацца, і аддаваць перавагу на выбарах неабходна мудрым і сумленным людзям, смяротная кара павінна быць адменена.

I.М. Яленскі ў 1794 г. быў арыштаваны ў Пецярбургу за збераганне “недазволеных” рукапісаў. Кацярына II асабіста займалася яго справай, і яму пагражала смяротная кара. Каб пазбегнуць вышэйшай меры пакарання ён вымушаны быў перайсці ў праваслаўную веру. Пад імем Аляксея быў сасланы ў Салавецкі манастыр, дзе знаходзіўся да 1801 г. [7, с. 44].

Кеневічы  —  прадстаўнікі беларускага шляхецкага роду, валодалі буйнымі маёнткамі ў Мазырскім павеце, адыгрывалі значную ролю ў палітычным і культурным жыцці Мазыра. Адзін з будынкаў былых уладанняў Кеневічаў у Мазыры захаваўся да нашых дзён  —  цяпер гэта агульнаадукацыйная санаторная школа — інтэрнат па вуліцы Ленінскай.

Сярод іх уладанняў вызначаліся Брынёў, Дарашэвічы, Ляскавічы.

Ад Брынёўскай сядзібы да нашых дзён дайшлі мураваны лямус, 2 жылыя дамы пачатку XX с. і стайня, захаваўся парк каля 5 га. Палацавы комплекс складаўся з трох падковападобна размешчаных карпусоў, якія аб’ядноўваліся абшырнай тэрасай з балюстрадай і двухбаковымі лесвіцамі, што спускаліся да парку. Цэнтральны ўваход аформлены двухкалонным парталам. У сярэдзіне XIX ст. у Брынёве працавалі цукровы, вінакурны заводы і лесапільня “Старушка”. У пачатку XX ст. уладанне Кеневічаў у 60 тыс. дзесяцін ахоплівала два радавыя маёнткі Брынёў і Дарашэвічы.

Дарашэвіцкая сядзіба была пабудавана да сярэдзіны XIX ст., і закладзены парк каля 8 га. Восенню 1917 г. палац быў разрабаваны, у 1918 г. амаль зруйнаваны, перастаў існаваць падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта быў будынак у стылі класіцызму. Уваходныя дзверы ўпрыгожвалі галовы львоў з каванай бронзы. Дом меў унутраную двухрадную анфіладную планіроўку. Цікавымі элементамі інтэр’еру з’яўляліся беламармуровыя калоны з бронзавымі кандэлябрамі ў выглядзе дзіцяці, якое несла шэсць падсвечнікаў. Мелася калекцыя жывапісу і фамільных партрэтаў, бібліятэка налічвала да 5 тыс. тамоў.

Да палаца вяла доўгая алея з серабрыстых і італьянскіх таполяў. Месца паміж брамай і порцікам дома займаў круглы газон. Парк перапыняўся ля берага Прыпяці. З усходняга боку сядзібы размяшчаўся фруктовы сад, які змыкаўся з паркам. Там знаходзілася возера і альтанка. Галоўным акцэнтам парка была елкавая алея, у канцы якой стаяў драўляны адпавярховы павільён “Бельведэр”, накрыты востраканечным дахам, абапёртым на белыя калоны [5, с. 194-195].

Кеневічы вызначыліся ў Мазырскім павеце падчас паўстання 1830-1831 гг. Кеневіч Фелікс (1802-1863) узначаліў паўстанне ў павеце ў маі 1831 г. Дзякуючы абяцанню вызваліць сялян ад паншчыны і магчымасці атрымаць зямлю ва ўласнасць, у яго паўстанцкім атрадзе 60% складалі сяляне, што было даволі рэдкай з’явай пад час паўстання. Найбольш актыўным атрад Кеневіча быў у чэрвені — ліпені 1831 г. У чэрвені 1831 г. паўстанцы спрабавалі захапіць Мазыр, аднак беспяхова. Расійскімі ўладамі быў прылічаны да “злачынцаў 2 — ой катэгорыі”. Пасля падаўлення паўстання эмігрыраваў спачатку ў Галандыю, пазней у Францыю. Радавы маёнтак на Мазыршчыне, каб выратаваць яго ад канфіскацыі, прадаў брату Гераніму Кеневічу. У 1857 г. ён, скарыстаўшы амністыю, вярнуўся ў Мазыр.

Сын Фелікса Кеневіча Іеранім стаў удзельнікам рэвалюцыйных гурткоў. У1859 — 1863 гг. I. Кеневіч знаходзіўся ў Маскве для падтрымання сувязей з маскоўскай арганізацыяй “Зямля і воля”. Кеневічы падтрымлівалі матэрыяльнымі сродкамі паўстанцаў 1863 г. На краніма ўскладвалася задача  —  падтрымліваць сувязі з “Зямлей і воляй” і ўзначаліць паўстанне ў Казані. Спроба выступлення ў Казані пацярпела паражэнне. Кеневіч арыштаваны, 6 чэрвеня 1864 г. быў пакараны смерцю.

Кеневіч Стафан (20.09.1907 — 02.05.1992)  —  акадэмік Польский Акадэміі Навук (1969). Даследаваў гісторыю нацыянальна — вызваленчай барацьбы Польшчы ў канцы XVIII-XIX стст., развіццё польскай нацыянальнай самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Найбольш вядомы манаграфіі Кеневіча “Легіён Міцкевіча 1848-1849” (пра гісторыю стварэння вайсковага фарміравання ў Італіі з ураджэнцаў Польшчы, Беларусі, Украіны і Літвы на чале з Адамам Міцкевічам); “Студзеньскае паўстанне” (прысвечаная паўстанню 1863-1864 гг.); “Дарашэвічы 1863”.

Такім чынам, сядзібна — паркавая спадчына нашага рэгіёна  —  унікальная і каштоўная з’ява, якая адпавядае агульнаеўрапейскім традыцыям і адначасова вызначае асаблівасці мясцовага ландшафту, клімату, нацыянальнага каларыту і адметнасці гістрарычнага развіцця. Яна патрабуе далейшага      вывучэння,                сістэматызацыі, рэканструкцыі і захавання.

Літаратура

  1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. —  У 6 т.  —  Т. 5.  —  Мінск: БелЭн, 1999.  —  592 с.
  2. Slownik Geografichny Korolewstwa Polskiego. —  Warszawa, 1885.  —   VI.  —  950 s.
  3. Гербоўнік беларускай шляхты. —  Мінск, 2002.  —  437 с.
  4. Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. А.М. Кулагін. —  Мінск, 2000.  —  216 с.
  5. Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А.М. Кулагін, Ю.У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. —  Мінск: Полымя, 1998.  —  351 с.
  6. Гарады і вёскі Беларусі; Энцыкл. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. —  Мінск: 2005.  — 520 с.
  7. Памяць: Гіст. —  дакум. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на / Уклад. М.А. Копач, В.Р. Феранц.  —  Мінск: Маст. літ., 1997.  —  574 с.

Аўтар: А.Я. Барсук
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час” : матэрыялы ІІ Міжнароднай навукова — практычнай канферэнцыі, Мазыр, 20—21 кастрычніка 2011 г. / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна” ; [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр : МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2011. — С. 113—117.