Маёнтак адноўленай памяці

0
58
Светлагорск і Шацілінскі востраў
Рэканструкцыя Шацілінскага Вострава Сяргеем Рассадзіным (Светлагорскі музей гісторыі горада)

Нягледзячы на тое, што Светлагорск не мае сваіх помнікаў архітэктуры, у яго ёсць свая даволі працяглая гісторыя. Адшуканая ў 2007 годзе на мясцовасці старая частка горада — Шацілінскі Востраў — зрабіла яго нашчадкам вялікага мінулага. Ёсць шанец атрымаць першы помнік беларускага дойлідства XVI ст. — аднавіць старажытны маёнтак-сядзібу.

Прывілей на старабеларускай мове?

Упершыню пра Шацілінскі Востраў я пачуў у 1989 годзе, калі з удзелам мясцовых краязнаўцаў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі быў выяўлены прывілей ад 15 ліпеня 1560 года, падпісаны Вялікім князем Літоўскім Жыгімонтам ІІ Аўгустам (1544-1572). Дакладней гэта была копія з прывілея на польскай мове, зробленая ў 1798 годзе. У дакуменце згадваўся маёнтак Шацілінскі Востраў, змешчаны на гары, на тракце Горвальскім у Рэчыцкім павеце. І яго два ўладары: папярэдні гаспадар маёнтка Раман Шаціла, які памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, і пераемнік – Ждан Манкевіч, якому гэты маёнтак перадаваўся з абавязкам выканання вайсковай службы. Сацыяльны статус Рамана Шацілы ў прывілеі не згаданы, а вось Ждан Манкевіч названы зямянінам.

Не выключана, што арыгінал прывілея быў напісаны на старабеларускай мове, якая была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім да XVII ст.

Так адкрылася зусім новая і разам з тым вялікая старонка гісторыі Светлагорска. Я думаю, у будучыні ў яе будуць з’яўляцца новыя даследнікі. На працягу больш за два дзясятка год я стаў сведкам з’яўлення ўсё новых і новых фактаў мінулага майго краю, якія адкрывалі нязведаныя старонкі населенага пункта, дзе я нарадзіўся.

“Змыты” Бярэзінай востраў

Першым аб тым, што Светлагорск набыў вялікую гісторыю і перастаў быць маладым горадам, патлумачыў Тэльман Маслюкоў сваім артыкулам “Колькі гадоў Светлагорску? Новыя даныя аб часе ўзнікнення Шацілак” у мясцовай газеце (“Агні камунізму”. 1990. 19 мая. С.3). Потым былі і яго іншыя публікацыі.

Першым з навукоўцаў пра Шацілінскі Востраў загаварыў гамяльчанін, кандыдат філалагічных навук Аляксандр Рогалеў у кнізе “Сцежкі ў даўніну” (Мінск, 1992). Я добра ведаў гэтага чалавека асабіста, калі вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Францыска Скарыны. На той час ён там працаваў. У сваёй кнізе Аляксандр Рогалеў згадаў прывілей ад 15 ліпеня 1560 года і Шацілінскі Востраў, як папярэднік Светлагорска. Кніга, дарэчы, з яго асабістым аўтографам захоўваецца ў маім сямейным архіве.

Але чамусьці Аляксандр Рогалеў тады палічыў, што Шацілінскі Востраў быў змыты Бярэзінай. Гэтая думка неаднаразова агучвалася на старонках мясцовай прэсы.

У 2000 годзе выйшла першая кніга “Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі” (выдавецтва “Полымя”). У главе “Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы – старажытныя шляхецкія роды Беларусі “ (С. 47-49.) згаданы прывілей ад 15 ліпеня 1560 года і Шацілінскі Востраў, з якога пачынаўся сучасны Светлагорск.

Гэтыя і іншыя публікацыі даказвалі, што Светлагорск быў заснаваны зусім не ў 1961 годзе, як лічылася раней.

Дзе былі старыя Шацілкі?

Нагода адшукаць Шацілінскі Востраў узнікла ў 2006 годзе, калі намі, краязнаўцамі, быў запрошаны археолаг, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі БДТУ Сяргей Рассадзін, каб правесці раскопкі на месцы вёскі Каралёва Слабада-2, дзе, як меркавалася, у XVI ст. знаходзіўся горад Казімір. Тады ж ад старажылаў былі атрыманы звесткі, што Шацілкі (а магчыма і Шацілінскі Востраў) пачыналіся ў раёне гэтак званага халоднага канала ля Бярэзіны. Думка прапанаваць прафесару пакапаць у гэтым месцы належыць таму ж Тэльману Маслюкову. Месца гэта некалькі ўзнёслае, магчыма, гэта і ёсць тая гара, і той Шацілінскі Востраў, аб якім гаварылася ў прывілеі 1560 года, выказаў здагадку Рассадзін, пабываўшы на месцы.

У чэрвені 2007 годзе пачаліся археалагічныя раскопкі на месцы, дза меркавалася размяшчаўся Шацілінскі Востраў, у якім браў удзел і аўтар гэтых радкоў. Вынікі іх былі сенсацыйныя.

Тут людзі жывуць стагодзямі

Высветлілася, што ўпершыню на Шацілінскім Востраве чалавек пабываў 5 тысяч гадоў да нашай эры — адразу пасля раставання ледніка. Ён пакінуў крамянёвыя адшчэпы, нуклеусы. Раскопкі Шацілінскага Вострава адкрылі тры будаўнічых гарызонты, два пласты пажару і тры печкавых поды. Высвятлілася, засяленне Шацілак пачалося з VI стагоддзя. Артэфактамі гэтага часу сталі ляпная кераміка так званай Калочынскай культуры (VI—VIII ст.) і жалезная шпілька, характэрная для канца VI стагоддзя.

“Селішча на месцы Шацілінскага Вострава паўстала ў VI стагоддзі нашай эры, — у гутарцы са мною у 2007 годзе казаў Сяргей Рассадзін, — і бесперапынна праіснавала да XVI стагоддзя, пакуль не патрапіла на старонкі пісьмовых крыніц”.

На Шацілінскім Востраве быў выяўлены старажытнарускі пласт, які пачынаецца з IX і даходзіць да XV стагоддзя. Гэта значыць на гэтым месцы было старажытнарускае селішча. На гэта, па словах навукоўца, паказваў печкавы под, які адносіўся да гэтага часу.

А знойдзеная прасліца з ружовага оўручскага шыферу датуецца першай паловай ХІІІ ст.

Было знойдзена шмат рэчаў, якія адносяцца да побыту шляхціча, зямяніна XVI стагоддзя. Гэта масіўная жалезная шпора, мушкетныя крэмніі, імпартныя (галандскія) курыльныя трубкі, досыць дарагое шкло, манеты Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. У пласце ХVI—ХVII стагоддзяў былi знойдзены косцi двух плямiстых аленяў. А па тых часах яго далёкаўсходнi вiд мог трапiць у Еўропу толькi ў заапарк Версаля або Лондана. Як яны тут апынуліся — загадка. Можа, сама каралева Рэчы Паспалітай Цэцылія Рэната Габсбург (1611—1644) разам з мужам Жыгімонтам Казімірам Вазам (1640—1647) адпачывалі на Шацілінскім Востраве і ім падавалі на вячэру дэлікатэз — мяса плямістых аленяў?

Знойдзеная гламурная мужчынская завушнiца засведчыла «каралеўскi статус» паселiшча. Якраз такая, па словах прафесара Сяргея Рассадзiна, змешчана на выяве караля Карла I Сцюарта работы мастака Ван Дэйка.

“Археалогія дала поўнае пацверджанне гістарычнай пісьмовай крыніцы, — паведаміў мне тады Сяргей Рассадзін, маючы на ўвазе першае згадванне Шацілінскага Вострава пад 1560 годам. — Для нас гэта важна, таму што Светлагорск юрыдычна ўзнікае па дакументах у XVI стагоддзі, паколькі Шацілінскі Востраў — гэта Шацілкі, а Шацілкі — гэта Светлагорск. Тое, што ў 1956 годзе вёска Шацілкі ператварылася ў пасёлак гарадскога тыпу, а ў 1961 годзе — у горад Светлагорск, сутнасць яе не змянілася”.

Ад зямяніна да шляхціча

Хоць статус Рамана Шацілы па пісьмовых крыніцах не вызначаны, ён быў зямянінам, як і Ждан Манкевіч. Паводле “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (Мн., 1996. Т. 3. С. 461.) зямяне — катэгорыя ваенна-служылага насельніцтва ВКЛ у ХV—XVI ст, частка феадальнага стану. Зямяне павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну, але ў выпадку вайны іх не сплочвалі, а мусілі ставаць з канём і рыштункам у войска. Не выступалі пад павятоваю харугваю, а толькі ў атрадзе пана. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сойміках. Да пачатку ХVІІІ ст. зямяне як асобная катэгорыя амаль зусім зніклі, увайшлі ў склад шляхты альбо сялян, трымаўшых зямлю на чыншавым праве.

У нашым выпадку Манкевічы да 1576 года ўжо сталі шляхтай. І служылі пры Чачэрскім замку. Гісторыку В.У. Галубовічу ўдалося выявіць звесткі аб дакуменце, які быў “пісьмом рускім пісаны” (г. зн. па-беларуску). Складзены 25 снежня 1576 г., ён быў зацверджаны ўласным каралеўскім подпісам Стэфана Баторыя. Гэта было каралеўскае рашэнне па скарзе некалькіх шляхцічаў Рэчыцкага павета, сярод якіх быў Здан (Ждан) Манкевіч. Кароль загадаў, каб яны, «з пункту гледжання падставаў, ад продкаў атрыманых» не выконвалі аніякіх іншых павіннасцяў, апрача вайсковай службы ў выпадку непрыяцельскага нападу на Чачэрскі замак (Галубовіч, В.У. Дакументы па гісторыі Рэчыцкага павета ў кнігах запісаў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага за перыяд праўлення Уладзіслава IV Вазы // Трэція міжнародныя Доўнараўскія чытанні. Рэчыца, 14 – 15 верасня 2001 г.” Мінск, 2002. С. 244).

Гэты факт дае падставу меркаваць, што, магчыма, прывілей ад 15 ліпеня 1560 года, у якім згадваецца Шацілінскі Востраў, падпісаны Вялікім князем Літоўскім Жыгімонтам ІІ Аўгустам, быў напісаны таксама на старабеларускай мове.

Беларускія ідальга ці самураі

З копіі прывілея ад 15 ліпеня 1560 года мы даведваемся, чым валодалі Шацілы, а пасля Манкевічы. Кароль ім пажалаваў «Востраў Шацілінскі, які ляжыць на тракце Горвальскім над ракой Бярэзінай, з яго землямі, лясамі, барамі, дубравамі, з дрэвамі бортнымі і небортнымі, з рэкамі, рэчкамі і сенажацямі, з гонамі бабровымі на рацэ Бярэзіне, з усялякімі выгодамі і ўгоддзямі з абодвух бакоў ракі Бярэзіны». Як бачым гэта толькі экалагічныя рэсурсы, пра ворную зямлю з феадальна залежнымі сялянамі у дакуменце — ані слова.

Светлагорск і раскопкі
Пачатак раскопак Шацілінскага Вострава. 2007 г. Фота В. Раманцова.

“Крыху заможнейшыя за сярэдніх сялян, каралеўскія «баяры», уладальнікі Шацілінскага Вострава, таксама аралі зямлю, палявалі, лавілі рыбу, бортнічалі, але заставаліся пры тым абаронцамі Айчыны, нашымі беларускімі ідальга ці самураямі”, — зазначае ў сваёй працы “Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска” Сяргей Рассадзін. (Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010. Светлагорск, 2011. С.32).

Манкевічы пад Расійскай імперыяй

Знойдзеныя ў выніку археалагічных раскопках манеты даюць падставу меркаваць, што ў перыяд з 1773 па 1793 год (І і ІІ падзел Рэчы Паспалітай) Шацілінскі Востраў з’яўляўся мытным стражам. Тут збіралася мыта з гандляроў, якія праплывалі па Бярэзіне і праязджалі ўздоўж яе па Горвальскаму тракту.

У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Шацілінскі Востраў трапіў у склад Расійскай імперыі. Пасля далучэння да чужой дзяржавы беларускіх сялян аддавалі ў прыгон расійскім дваранам, а беларускім шляхцічам патрабавалася пацвердзіць сваё высокае паходжанне, каб таксама не стаць прыгоннымі. Гэта называлася “разборамі шляхты”. Мяркуючы па дакументах, Манкевічы сваё шляхецкае паходжанне пацвердзілі некалькі разоў. Спачатку 26 верасня 1797 годзе ў Рэчыцкім судзе Амяльян Манкевіч пацвердзіў сваю радаслоўную, а 14 сакавіка 1802 года Манкевічы былі прызнаны шляхецкім родам Мінскім Дваранскім дэпутацкім Сходам і ўнесены ў дваранскую радаслоўную кнігу.

Цягам часу некаторыя Манкевiчы страцiлi сваё шляхецкае званне. Так, паводле звестак, адшуканых Сяргеям Рассадзіным, у 1908 годзе земскім начальнікам 4-га участка Бабруйскага павета быў накіраваны запыт у Мінскі губернскі дваранскі сход з пытаннем, ці належаць да дваранскага роду жыхары Шацілак Манкевічы: Лявон Віталісаў, Уладзімір Палікарпаў, Цімафей Iосіфаў і Гаўрыіл Віталісаў, якія называюць сябе сялянамі. Адказ прыйшоў адмоўны. 

Сёння прозвішча Манкевічаў носіць шмат жыхароў Светлагорска. Гэта нашчадкі славутага роду, які з’явіўся тут амаль 5 стагоддзяў таму.

Вяртанне Шацілінскага Вострава

Шацілінскі Востраў – гэта старажытная частка Светлагорска, своеасаблівы верхні горад. У 2009 годзе грамадскасць раёна прапанавала мясцовай уладзе аднавіць яго, накіраваўшы ў раённую адміністрацыю ліст, які падпісалі вядомыя людзі. Наверсе ідэю падтрымалі. Плануецца на Шацілінскім Востраве адбудаваць шляхецкую сядзібу, агарожу ў выглядзе драўлянага частаколу. Безумоўна, гэта месца стане ў будучыні культурным, гістарычным цэнтрам, турысцкім аб’ектам Светлагорска, месцам для адпачынку. Было б няблага пабудаваць прыгожы замак-маёнтак ў стылі ХVІ ст, куды будзе цягнуць кожнага жыхара і госця горада. Шацілінскі Востраў стане не проста адноўленым замкам-маёнткам, а ўжо стаў маёнткам аднаўленай памяці.

Сёння я толькі падсвядома разумею, сведкам і ўдзельнікам чаго з’яўляюся. На вачах аднаўляецца наша гісторыя, забытая за савецкі час. З’явілася шмат запоўненых старонак гістарычнай кнігі Светлагорска, якія былі яшчэ зусім нядаўна пустымі. Сяргей Рассадзін рыхтуе кнігу пра Шацілкі-Светлагорск. Я напісаў першую кнігу пра наш раён пад назвай “Зведаная зямля: Светлагоршчына ў пытаннях і адказах”, якая хутка выйдзе з друку. На вачах вяршыцца штосьці вялікае і каштоўнае для раёна і Беларусі. Вяртаецца адметнасць тутэйшай зямлі.

Аўтар: Віктар Раманцоў (21 жніўня 2011 г.)