Замовы з’яўляюцца тымі з нямногіх фактаграфічных крыніц, дзе захаваліся назапашаныя за немалыя стагоддзі (а то і тысячагоддзі) веды і можна гіпатэтычна ўзнавіць хаця б найбольш істотныя светапоглядныя, міфалагічныя элементы, што яшчэ жывуць у глыбінях народнай памяці. Творы замоўнага жанру вызначаюцца багацейшай інфарматыўнасцю і глыбіннай гістарычнай памяццю. У гэтых творах найбольш поўна зафіксаваны асноўныя ментальныя якасці народа, паказана гісторыя яго развіцця і паступовага далучэння да гуманістычных агульначалавечых каштоўнасцей і нормаў.
На жаль, незваротна згублены самыя раннія замовы, што прамаўляліся нашымі прашчурамі, калі яны збіраліся на паляванне і выконвалі рытуальнамагічныя «танцы-скокі». З аседласцю мяняецца ўклад жыцця, калі спыняецца вечны пераход з месца на месца ў пошуках ежы, бяспечнага месца для адпачынку і начоўкі, калі збіральніцтва замяняецца вырошчваннем раслін (земляробствам), а паляванне — прыручэннем і развядзеннем жывёлы (жывёлагадоўляй), з’яўляюцца новыя клопаты сельскагаспадарчага кшталту: распрацаваць дзялянку зямлі для пасеву, прыручыць і дагледзець жывёлу. Ці не адной з першых старажытным чалавекам была прыручана карова, і ў гаспадарцы ёй адводзілася прыярытэтнае месца карміцелькі, таму яе больш апякалі (пра што сведчыць калекцыя замоў, што вылучаецца колькасцю ў параўнанні з іншымі), пра яе больш клапаціліся. З цягам часу адбываецца пашырэнне семантыкі вобраза (маецца на ўвазе не толькі гаспадарчая, але і магічна-сакральная функцыя (дождж — нябеснае малако і г. д.)) і па шкале падзелу архаічнай карціны свету «прырода — культура» карове адводзіцца сталае месца ў сацыялізаваным асяроддзі. Асабліва чулае стаўленне да каровы назіраецца з боку гаспадыні, якая ў асноўным даглядала, карміла, даіла, аберагала жывёлу ад хвароб, што адлюстравана ў функцыянальнай групе замоў на першы выган жывёлы на пашу. Праз адносіны чалавека да жывёлы раскрываецца хоць і ўніфікаваны, пазбаўлены асобасных уласцівасцей, але псіхалагічна дакладна і ўсебакова распрацаваны характар гэтых адносін. У якой бы мясцовасці ні былі запісаны творы, амаль заўсёды ў тэкстах гучыць субматыў «зварот замаўляльніка (гаспадыні) да каровы», прычым вельмі часта ў адносінах да аб’екта ўжываюцца памяншальналаскальныя слоўныя канструкцыі: «…пад сваю кароўку саджуся, луной абгаражуся, зорамі асыплюся…»1 (зап. у в. Чацвярня Жлобінскага р-на ад Н. С. Здараўцовай, 1926 г. н.); «І ты, вадзіца-царыца крынішная, каладзішная, рачная, памагала статку, памажы і етай рагатай скацінцы, чорнай шарсцінцы»; «Адчыняйцеся, царскія вароты, мінайцеся ў етай скацінкі, чорнай шарсцінкі ўрокі» (зап. у в. Бабовічы Гомельскага р-на ад М. Я. Васілеўскай, 1935 г. н.); «Штоб кароўка стаяла і ў яе малачко прыбывала» (зап. у в. Капараўка Рэчыцкага р-на ад А. Д. Бур’як, 1911 г. н.); «Ідзі, мая кароўка, ідзі, мая чорна-белая…»; «Зорачка (мянушка каровы. — С. В.), не тойся, уроку не бойся… » (зап. у в. Бацунь Буда-Кашалёўскага р-на ад М. А. Іванчыкавай, 1936 г. н.); «Як аснована зямля на трох кітах, на трох кіцінах, як з места на места зямля не шэвеліцца, так бы любімая скацінка (чарнавушка, пестравушка і прочая) з места не шэвелілась» («Ад лягання каровы», в. Краўцоўка Гомельскага р-на [1, с. 24]). Замовы цікавыя яшчэ і тым, што хаця створаны яны ўжо ў часы хрысціянства («Не дай ёй, Госпадзі, ні нажнога лягання, ні хваставога махання… Госпадзі, прымі мой дух») тым не менш у іх яскрава праявіліся рудыменты старажытных вераванняў: у міфалогіі нашых старажытных продкаў агульнапрынятым было меркаванне пра тое, што зямля знаходзіцца пасярэдзіне акіяна і трымаецца на трох кітах/чарапахах. У прыведзеных прыкладах адметнае ўяўленне: «Зямля стаіць на трох кітах, на трох кіцінах/кіціцах». У замове «Пры выгане скаціны ў поле» таксама зафіксаваны архаічныя ўяўленні — відавочныя рудыменты шанавання святла (ясны свет) — і салярны культ («Красна сонца і ясен свет, і з лунамі яснымі, і звёздамі частымі, з зорамі вогненнымі, і ранішняй расой, і з вячэрняй, і сушу і мора насычаеш, і маць-сыру зямлю ўграваеш…» (в. Верхняя Алба Жлобінскага р-на) [2, с. 489]. «Ясны свет» як прыналежнасць вышэйшай боскай сілы ўжываецца нароўні з жыццядайнымі зямлёй, сонцам і нябеснымі свяціламі. Ідэя белага свету, цяпла як умовы жыцця ў язычнікаў звязвалася з Дажбогам, а боства сонечнага дыска — «дневное око» — з Хорсам. Такім чынам, у свядомасці старажытнага чалавека размяжоўваліся паняцці «сонечны дыск» і «сонечнае яснае святло» (Хорс — бог сонечнага дыска быў нібы другарадным, дапаўненнем да Дажбога, які даў, стварыў Сусвет, «белы свет»). Сваім маштабна-касмічным малюнкам, дзе аб’яднаны і сонца, і луна, і зоры, і росы, і суша, і мора («распусці зялёну траву па лясах, па лугах, па канавах, па кустах»), узбуйненымі прыродналандшафтнымі вобразамі замова выявіла даволі падрабязна і дэталёва распрацаваную сімволіку, якая захавала аўтэнтычнасць. Аснову самога замаўляльнага рытуалу складаў сакральна-магічны пачатак. Абрад уяўляў сабой нібы дыялог з Сусветам, зварот чалавека да бостваў: «Сахрані ты маіх мілых жыватоў ад усякага ліхадзея. Даруй маім жыватам піценне і ядзенне, пакрый іх шоўкавай пеляной, а ліхадзея забі вогненнай стралой, агнёмпламенем… » (зап. у в. Гарадзец Рагачоўскага р-на ад Г. Д. Талашовай). Да таго ж, не будзе лішнім адзначыць уменне нашага продка-творцы ўзнавіць жывое дыханне сівой даўніны, вылучаючы, здавалася б, вядомыя побытавыя рэаліі. У шэрагу замоўных тэкстау дамінуюць ахоўна-засцерагальныя матывы. Напрыклад, «бабка Лукер ’я, храні маю кароўку жалезнымі прутамі і ў гарах, і ў барах, і ў далінах, і ў лугах… » (зап. у в. Жгунь Добрушскага р-на ад Е. Я. Кліменкі, 1929 г. н.); «Прашу Божую Маць Прачыстую, спасі маю чорна-рабую кароўку ад буйнага ветру, дробнага дажджу і лютай змяі» (зап. у в. Хальч Жлобінскага р-на ад Г. П. Бабковай); «Божы прыпадобнік, пасі ў дзень пад сонцам, вечарам пад месяцам, пад яснымі зорамі. Гасподняю палою ўкрывай, каменнай сцяной застаўляй, маю карову аберагай. Святы пагон, гані маю карову дамой» (зап. у в. Орсічы Бабруйскага р-на ад П. І. Букас, 1926 г. н.). Першы выган худобы на пашу тэмпаральна прымеркаваны да грамадска-рэлігійнага свята Юр я, таму ў тэксце дадзены матыў дапаўняецца матывам звароту замаўляльніка, дзе аб’ектам з’яўляецца гэты хрысціянскі святы, бо менавіта да яго перайшлі функцыі аховы жывёлы і палеткаў, якімі раней валодаў язычніцкі «скоцій бог» Велес.
У замовах названай функцыянальнай групы матыў першага выгану («замаўляльнік выганяе жывёлу») дапаўняецца аналагічнымі рэальнымі дзеяннямі гаспадыні, і адбываецца гэты акцыянальна-вербальна-рэальны рытуал у адзін з самых важных дзён гадавога кола ў гаспадарчай дзейнасці селяніна — на Юр’е (6 мая), свята, што прысвячаецца святому Георгію-пераможцу, заступніку свойскай жывёлы і засеянай нівы. На Юр’я гаспадары з падарункамі-ахвярапрынашэннямі аглядалі палеткі, першы раз выганялі на выпас жывёлу. Святы Юрый — «Божы ключнік», захоўвае ключы, і толькі ён здольны замыкаць зямлю на зіму і «адмыкаць зямліцу, выпускаць расіцу», якая (і гэтая вера дажыла да нашых дзён) мела незвычайную цудадзейную, гаючую сілу, што адлюстравана ў каментарыях інфарматараў і адпаведных замоўных матывах: «Трэба было, каб карова абавязкова ўхапіла юр’еўскай расы, штоб здаровая была, штоб малако давала» (в. Шыхаў) [2, с. 355]; «Ідзі, кароўка, у чыстае поле, на юр ’еўскія росы, на мікольскія травы. Юр ’еўскія росы співай, Мікольскія травы з ’ядай, нанач дамоў прыбывай з поўнымі бачкамі, густым малачком, жоўтым маслечкам» (зап. у в. Пратасы Акцябрскага р-на ад Я. Ф. Сілівончык, 1921 г. н.); «Госпаду Богу памалюся, святому Юр’юЯгор’ю пакланюся. Прашу цябе, Юр’я-Ягор’я, выганяю я табе скаціну на шырокую даліну, на Юр’еву расу» (зап. у в. Валосавічы Акцябрскага р-на ад Н. П. Юрчак, 1925 г. н.). Карову выганялі на юраўскую расу з адметнымі дзеяннямі, прызначанымі для абароны жывёлы, і гэта яшчэ раз даказвае, што асаблівасці менталітэту народа, у дадзеным выпадку славян, непасрэдна звязаны з укладам яго жыцця, сацыякультурнымі ўмовамі і вераваннямі. Разам з шырока распаўсюджанымі элементамі жывёлагадоўчай магіі існавала шмат уяўленняў, што грунтаваліся на практычнай дзейнасці сялян, іх асабістых назіраннях. Так, дойнасць каровы гаспадары вызначалі па шэрагу знешніх прыкмет: тлустых жылах на жываце, доўгаму хвасту, худой шыі, тонкай скуры, па месцы, якое займае карова ў статку (немалочная карова цягнецца ззаду) [3, с. 76]. Таму зразумела, што гарантам поспеху ў гаспадарчых справах было не толькі веданне, але і следаванне назапашаным стагоддзямі ведам, традыцыям, абрадам, хоць яны найчасцей спалучалі ў сваім складзе рэальнае і ірэальнае, рэалістычнае і фантастычнае. А. Д. Бур’як, 1911 г. н., з вёскі Капараўка Рэчыцкага раёна ведае некалькі спосабаў абароны каровы пры першым выгане: «Першы раз выганяюць карову ў поле з вярбою. Вярба павінна быць свяцонаю. Толькі вярбу свяціць трэба за нядзелю да Пасхі. Выганяючы карову ў поле, трэба гаварыць так: “Ехаў Юр ’я на сівой лошадзі, а Рыгор’я дзяржаў востры меч, засякаў ведзьмарам і ведзьмам усяку рэч, штоб да варот ні дапускаці, ад маёй кароўкі нікому спору не атабраці». Юр’я/Ягор’я/Рыгор’я звычайна ўспрымаецца як адзін святы, але ў розных мясцінах яго імя вымаўляецца па-рознаму. У нагаданых замовах ён уяўляецца як дзве асобы. Хутчэй за ўсё, гэта здарылася таму, што інфарматар недасканала запомніла тэкст. Тады чытаем: «Ехаў Юр ’я-Рыгор ’я…», — і далей па тэксту. Параўнаем. У замове «Выганяючы тавар у поле», запісанай у вёсцы Орсічы Бабруйскага раёна ад П. І. Букас, 1926 г. н., «святы Юрый-Грыгорый, Божы прыпадобнік, пасі ў дзень пад сонцам, вечарам пад месяцам, пад яснымі зорамі». А. Д. Бур’як таксама рэкамендуе: «Першы раз выганяць карову ў поле можна і з розгамі ліпы або клёна, якія застаюцца пасля Тройцы. Абыходзячы карову, тры разы гавораць такія словы: “Ішла Прачыстая Маці полем, несла пясочак у прыполі, панесла ў царкву. Як таго пясочку нікому не ўзяці, так ад маёй кароўкі нікому спору не атабраці”»; «Загаворваць можна і макам. Робяць гэта так. На Макавей свецяць мак (мак звычайна свецяць у бліжайшай цэркві) і тым макам пасыпаюць хлеў, дарогу, дзе і кудой ходзщь карова, каб ніякая трасца і гадасць не ішла ў хлеў і не чаплялася да каровы. Пасыпаючы мак, гавораць: “У чыстым полі стащь стол, за тым сталом сядзщь Маці Божа, чорнай рызай абкрыта, чорным макам абсыпана. Як таго маку не падабраці, так ад маёй кароўкі спору нікому ў свеце не атабраці”. Гаварыць тры разы». Даволі своеасаблівы ахоўназасцерагальны акт пры першым выгане каровы здзяйсняе М. У. Прышчэп, 1927 г. н., з вёскі Ручаёўка Лоеўскага раёна: «Трэба ўзя^ булку хлеба, разрэзаць на тры куска. Туды маку свячонага, солі святой. Вярбічкай святой на крыжу тры разы ўдары^ у хляве і сказаць: “Ідзі, мая кароўка, на юраўскія росы, на мжольсюя травы, і хадзі, мая кароўка, па лясам, па палям, траўку з ’ядай, а расу співай, а ка мне з вялікай карысцю прыбывай. А ты, ведзьмагадзюка, нажом разрэжся, на іголку наткніся, ты ж маёй каровачкі малака не наясіся”» [4, с. 28-29].
Сакральна-магічны акт замаўлення ўражвае глыбінёй, прадуманасцю кожнага ўжытага сімвала паасобку і ўсёй мастацка-вобразнай і ідэйнафункцыянальнай сацыякультурнай сістэмы ў цэлым. Сапраўды, хлеб у славян спрадвеку ўспрымаўся як дарунак нябёсаў, Бога і надзяляўся найбольшай сакральнай сілаЙ, якая здольная ўберагчы, абараніць ад злых сіл. Як і хлебу, солі таксама надавалі апатрапеічныя ўласцівасці: лічылася, што злыя духі баяцца солі, таму яна можа выкарыстоўвацца ў якасці абярэга. Мак у міфалагічным успрыманні старажытнага чалавека звязваўся з сімволікай не толькі наркатычнага, снатворнага ўздзеяння, але і смерці, бо гэта быў атрыбут грэчаскага бога сну Гіпноса — брата бога смерці Танатаса [5, с. 229-230]. Хутчэй за ўсё, такая семантыка фрагмента замовы «Ад прыстрэку», калі сарокі «панеслі (прыстрэкі-ўрокі. — С. В.) па макавай траве, крыллямі разнеслі, лапкамі разгрэблі, клювамі раздалблі» (зап. у в. Салагубава Лельчыцкага р-на ад А. І. Бех, 1913 г. н.). Макавая трава, відавочна, у дадзеным кантэксце валодае тымі ж наркатычнымі і нават смяротнымі ўласцівасцямі, што і сам мак, таму на макавай траве лягчэй здзейсніць поўнае знішчэнне хваробы. Адметны статус маку ў многіх традыцыях звязваецца з тым, што ён шырока прымяняецца ў народнай медыцыне і магіі.
Іншай, найбольш распаўсюджанай у замоўным жанры рысай маку, якая грунтуецца на жыццёвых назіраннях селяніна-гаспадара, з’яўляецца наяўнасць неверагодна вялікай колькасці дробнага насення, што, адпаведна, прыводзіла да высновы: палічыць ці сабраць гэтыя дробныя чорныя/шэрыя зярняткі немагчыма. На гэтым перакананні трымаецца апатрапеічная функцыя маку. Нельга абмінуць увагай цікавыя сведчанні інфарматараў, дзе яны засяроджваюцца на традыцыйных правілах паводзін, адметнасцях побытавых адносін, абставінах лекавання і г. д.
Абсыпанне макам з’яўляецца адным са спосабаў засцярогі ад ведзьмы, і тут такама бачна дубліраванне рэальнага дзеяння словамі, прычым і ў рэальнай, і ў вербальнай частцы гэтага магічнага рытуалу прысутнічае адзін матыў. Так, каб абараніць карову ад чараў ведзьмы пры першым выгане на пашу, А. Д. Бур’як параіла: «Загаворваць макам можна і так: абсыпаючы дарогу, хлеў і інш., гавораць такія словы: “Кароўку асыпаю макам, ганю карову на пашу”». І яна ж ведае замову «Каб карова жырнае малако давала». Тут мак выкарыстоўваецца для абароны лугу, дзе будзе пасціся статак: «… на том прыстоле — шаўкова скацерка, на той скацерцы ляжаць дзве макаўкі сярэбраная і залатая. Бяру я тыя макаўкі ды рассею па зялёнаму лугу, па шаўковай траўцы. Тут чорна-рабой кароўцы хадзіць, траўку з’ядаць, расу співаць, хазяйцы карысць аддаваць». Шчыра верыць, што абараняе сваю карову, абсыпаючы яе макам, і Н. А. Юрчак, 1933 г. н., з вёскі Валосавічы Акцябрскага раёна: «Абсыпаю сваю карову макам. Хто еты мак сабярэ, той маей карове ўракне… Як маку ведзьме не сабраць, так у етай каровы спору не узяць». Нават сама Багародзіца, ведаючы магічную сілу маку, карыстаецца ім для абароны лугоў: «Разрыла Прачыстая Маці залатую макаўку і стала рассяваць па зялёных травах, па шаўковых лугах, дзе будзе хадзщь мая скацінка…» (зап. у в. Бабовічы Гомельскага р-на ад М. Я. Васілеўскай, 1935 г. н.). Прыкладаў, што з’яўляюцца сведчаннем багацця міфалагічных уяўленняў старажытнага чалавека, можна ўзгадаць значна больш, але і з вышэйпрыведзеных зразумела, якую сілу надавалі магічнаму ўздзеянню маку нашы продкі.
Са старажытных часоў славяне верылі, што ў дзень святога Юрыя ён на белым кані аб’язджае палеткі, не толькі бярэ пад сваю апеку-абарону ўсходы і свойскую жывёлу, але і дапамагае пастухам. Таму Юр’е — гэта і свята пастухоў, бо ад іх у многім залежала захаванне статку. Таму, выганяючы кароў на пашу першы раз, кожная гаспадыня выносіла пастуху «абетнік»прынашэнне, свайго роду ахвяраванне — надзея і падзяка за добрае стаўленне да жывёлы. У сваю чаргу і пастух «дзяліўся» гэтым набыткам-падарункам з духамі пашы, здзяйсняючы пры гэтым адпаведныя, вядомыя толькі пастухам «прафесіянальныя» сакральна-ахоўныя дзеянні, накіраваныя на захаванне даверанага яму статка ад драпежнікаў, імкнучыся з дапамогай магічных дзеянняў «замкнуць губы і зубы ваўкам»: «Чорнайрызай вочы засцілаю, засланяю, замыкаю зубы, губы, ногці, когці залатымі замкамі, сярэбранымі ключамі» (зап. у в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на ад М. А. Зыкавай, 1921 г. н.).
Такі складаны абрад першага выгану, яго міфалагічны змест, адзіны вербальна-акцыянальна-рэальны комплекс сведчаць пра тое, што ў свядомасці носьбітаў традыцыйнай народнай культуры ён успрымаўся як адзінае цэлае і быў накіраваны на абарону жывёлы ад «ведзьмы-гадзюкі» і на тое, каб карова хадзіла «на Юраўскія росы, на Мікольскія травы… а ка мне (гаспадыні. — С. В.) з вялікай карысцю» прыбывала [4, с. 28].
Згодна з прынцыпам цыклічнасці, супадзення законаў прыроднага і чалавечага светаўпарадкавання, абрадавыя дзеянні паўтараліся кожны год, тым самым забяспечвалася і трываласць традыцыі, і спадзяванне на адпаведны вынік. Так, кожны год, выганяючы першы раз карову на пашу, гаспадыня прамаўляе: «…бяру хварасцінку, выганяю скацінку на шырокую далінку» («Для каровы», зап. у в. Гусявіца Буда-Кашалёўскага р-на ад А. М. Барабанавай, 1911 г. н.).
З прычыны традыцыйнасці ўсёй беларускай культуры гэтыя і іншыя рэкамендацыі захаваліся, нягледзячы на гістарычныя і рэлігійныя змены на працягу доўгага перыяду, і дайшлі да нашых дзён, бо і цяпер карову, выганяючы першы раз, пабіваюць галінкай вярбы. Так, Ева Іванаўна Лешчанка, 1925 г. н., з вёскі Гаць Акцябрскага раёна прызнаецца: «У мяне заўсёды дрэнна было з каровай, пакуль мне маці не перадала свае словы. Гэта трэба казаць, калі гоніш карову першы раз на пашу, трэба ўзяць карову і сказаць: “Святы Юр ’я, Ягор ’я, памажыце вы мне маю скацінку адратываць. Выганяю я сваю скацінку на Юр ’еву расінку, на шаўковую травінку “». Замова запісана ў 2003 г., і гэта пацвярджае меркаванне, што для паспяховага вядзення гаспадаркі неабходна, па-першае, валодаць адпаведнымі ведамі, добра вывучанай і засвоенай інфармацыяй, праверанай і пацверджанай практыкай, а па — другое, замовы як жанр бытуюць у якасці актыўнага пласта культуры і па сённяшні дзень функцыянуюць ў сацыяльна-побытавай сферы жыцця народа.
Літаратура
- Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / уклад., сістэм., тэкст. праца і рэд. В. С. Новак. — Гомель: Полеспечать, 2007. — 456 с.
- Святло каштоўнасцей духоўных. Жлобінскі край: мінулае і сучаснасць / пад агул. рэд. В. С. Новак, А. А. Станкевіч. — Гомель: Полеспечать, 2009. — 544 с.
- Сержпутоўскі, А. К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / А. К. Сержпутоўскі. — Мінск: Універсітэцкае, 1998. — 301 с.
- Лоеўшчына… Бэзавы рай, песенны край: сучасны стан традыцыйнай культуры Лоеўшчыны / уклад., сістэм., тэкст. праца В. С. Новак. — Гомель: Сож, 2007. — 472 с.
- Словарь символов и знаков / авт.-сост. Н. Н. Рогалевич. — Минск: Хорвей, 2004. — 510 с.
Аўтар: С.А. Вяргеенка
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 18 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2015. — С. 210-216.