У шматграннай навукова-даследчьщкай дзейнасці вядомага бсларусазнаўца Е.Р. Раманава значнае месца належала рэлігійна-канфесійнай праблематыцы. Энцыклапедыст па сваіх навуковых інтарэсах, Е.Р. Раманаў, натуральна, не мог абыйсці ўвагай такі гістарычны і духоўна-культурны феномен, які ўяўляла сабой стараабрадніцтва ва Усходняй Беларусі. Нарадзіўшыся ў мяшчанскай сям’і з гомельскага прадмесця Беліцы, будучы вучоны да 17 гадоў меў магчымасць непасрэдна назірадь жыццёвы ўклад мясцовых старавераў. Гэты пачатковы ‘эмпірычны” запас ведаў у далейшым папаўняўся Е.Р. Раманавым у навуковых экспедыцыях і службовых паездках, падчас педагагічнай працы ў Гомельскай прагімназіі (1831-1883 г.), праз родных і сваякоў, якія засталіся на радзіме, а таксама мясцовых карэспандэнтаў і калег-даследчыкаў. Усе гэта разам з асваеннем навейшых дасягненняў акадэмічнай навукі забяспечыла даволі высокі ўзровень кампетэнтнасці Раманава як знаўцы праблематыкі стараабрадніцтва.
Пачатак яе непасрэднай распрацоўкі прыпадае на перыяд падрыхтоўкі вучоным яго першых фальклорных зборнікаў. У 1886 г. на старонках другога выпуску свайго вядомага “Беларускага зборніка” Е.Р. Раманаў змясціў восем духоўных песень, запісаных у асяродцзі стравераў пераважна Гомельскага павета [1, вып. 2, с. 369-372]. Заўважым, што ў гэты перыяд малады вучоны цалкам быў захоплены ідэяй збірання і захавання ўласна беларускага фальклору і вельмі скептычна ставіўся да практыкі яго аб’яднання з т. зв. “занесенымі песнямі”, да якіх ён адносіў і раскольніцкія. Таму Е.Р. Раманаў свядома аддаў перавагу той групе духоўных песень, якія мелі вялікую папулярнасць сярод мясцовага люду і “асіміліраваліся з песнямі безумоўна беларускай творчасці” [1, с. IX]. Аднак такая радыкальная пазіцыя вучонага паступова мянялася. На яе паўплывалі і актыўныя кантакты Е.Р. Раманава з акадэмічнымі коламі фалькларыстаў і вынікі пяці комплексных фальклорна-этнаграфічных экспедыцый 80-х — пачатку 90-х гг. XIX ст., якія пашырылі знаёмства даследчыка з духоўна-культурнай спадчынай стараабрадцаў, яе арыгінальнымі праявамі. Творчым увасабленнсм гэтых змен стала публікацыя Е.Р. Раманавым даволі значнага комплексу духоўных вершаў і песень, а таксама асобных літаратурных помнікаў стараабрадніцкага паходжання ў пятым выпуску “Беларускага зборніка” (1891 г.) [2]. Выданне адрознівшіася высокім навукова-метадычным узроўнем, вызначалася больш дасканалай класіфікацыяй фальклорных помнікаў, істотным пашырэннем іх геаграфічнага арэала. Гэта праца знайшла станоўчы водгук у навуковай грамадскасці Расіі.
Памежжа XIX i XX стагоддзяў стала новым этапам у навуковай і грамадска-асветніцкай дзейнасці Е.Р. Раманава. Ён выступае ініцыятарам стварэння царкоўна-археалагічных музеяў у Віцебску і Магілёве, займаедца актыўнымі пошукамі разнастайных помнікаў старажытнаці, мэтанакіравана даследуе царкоўныя і манастырскія архівы і кнігасховішчы [7, с. 72-74], рыхтуе да публікацыі і выдае каштоўныя крыніцы беларускай гісторыі (“Баркулабаўскі летапіс” і інш.), распрацоўвае і публікуе шэраг комплексных праграм краязнаўчых даследаванняў, займаецца арганізацыяй Таварыства аматараў вывучэння Магілёўскай губерні [8. с. 117-127]. Але нават у такіх напружаных умовах, Е.Р. Раманаў захоўвае устойлівы інтарэс да праблематыкі, звязанай са стараабрадніцтвам на Беларусі. У гэтыя гады працягваюцца яго даследаванні фальклорных матэрыялаў і помнікаў народнай літаратуры. Вынікам гэтай працы стала цікавая публікацыя арыгінальных твораў рукапісных зборнікаў старавераў Веткі і Віцебшчыны пад назвай “Из старообрядческой литературы” (1901 г.). Разам з цыклам духоўных вершаў і палемічнай прамовай позняга паходжання тут быў змешчаны рэдкі для мясцовай літаратуры твор “Разговор чая”, у якім даволі арыгінальна трактавалася традыцыйная для старавераў пасляпятроўскага часу тэма “грахоўнасці” спажывання тытуню, чаю, цукру [4, с. 79-82]. У даведках і каментарыях да тэкстаў Е.Р. Раманаў закрануў праблему літаратурных і рэлігійна-этычных традыцый стараабрадцаў, выкарыстаў цікавыя гістарычныя звесткі (трактоўкі вобраза “антыхрыста” і інш.) [4, с. 79-80, 86]. Гэта дакументальная публікацыя, як і шэраг ранейшых, сведчыць аб даволі крытычным стаўленні Е.Р. Раманава да духоўных вершаў позняга паходжання. Вучоны канстатуе ў іх прысутнасць “пустых фраз”, беднасць і таўталагічнасць апавядання, эклектычнасць тэкстаў, дзе традыцыйныя народныя вершы штучна аб’ядноўваліся з фрагментамі якія Е.Р. Раманаў кваліфікаваў як «измышления старовера-борзописца» [4, с. 86]. Аднак у гэтых ацэнках не варта шукаць праяву нейкай канфесійнай варожасці і абумоўленай ёю тэндэнцыйнасці. Справа, на наш погляд, у базавых навуковых прынцыпах Е.Р. Раманава, асаблівасцях яго гістарызму, які заўсёды быў разгорнуты да глыбінных гарызонтаў любой даследуемай з’явы. Самакаштоўнай для гэтага вучонага была першаснасць кожнага артэфакта культуры. Таму аналагічнай была рзакцыя Е.Р. Раманава і на урбаністычныя ўплывы, якімі, на яго думку, дэмафармавалася і незваротна разбуралася ў сваіх асновах традыцыйнае соцыякультурнае асяроддзе, духовая культура і мараль беларускага народа.
У перыяд да першай сусветнай вайны Е.Р. Раманаў працягваў пошукі, сістэматызацыю і навуковую распрацоўку фальклорна- літаратурнай спадчыны стараабрадцаў Беларусі. Архіў вучонага. які быў падрабязна апісаны ў 1920-я гг. А. Шлюбскім, захоўваў артыкулы і тэматычна згрупаваныя матэрыялы па праблематыцы, звязанай з гістарычнымі песнямі і духоўнымі вершамі т.зв. штучнага паходжання [8, с. 266-267]. На жаль, гэтыя каштоўныя навуковыя крыніцы загінулі ў час апошняй вайны [8, с. 163].
Да праблемы стараабрадніцтва Е.Р. Раманаў неаднаразова звяртаўся ў сваіх гісторыка-краязнаўчых даследаваннях. Абагульняючы крыніцы па гістарычнай геаграфіі і тапаніміі Усходняй Беларусі, вучоны удакладняў рассяленне старавераў, шляхі зносін, якімі яны карысталіся, звярта ўвагу на невядомыя скіты і г.д. [3, с. 79]. Прыцягвалі ўвагу Е.Р. Раманава арыгінальныя з’явы побыту і дэкаратыўнага мастацтва стараабрадцаў. Спецыяльны артыкул ён прысвяціў царкоўнаму крэслу з надпісамі 1769 г., якое было выраблена майстрамі слабады Касецкай. Верны сваім прынцыпам, Е.Р. Раманаў з занепакоенасцю канстатаваў, што гэты рарытэт не забяспечаны належнымі ўмовамі захавання [4, с. 1-2]. Значную частку сваіх матэрыялаў вучоны змясціў у заснаваным яго намаганнямі альманаху “Могилевская старина”, вакол якога аб’ядналася група вядомых даследчыкаў беларускай даўніны. Праблемы гісторыі стараабрадцаў у сваіх дакументальных публікацыях (першым i другім выпусках) закраналі Дз. Даўгяла, Ф.Жудро. Але асабліва каштоўнай з’яўляецца праца вядомага спецыяліста па царкоўнай гісторыі Усходняй Беларусі П. Гаручкі “Материалы для истории раскола старообрядчества в Могилевской губернии конца XVIII-го и начала XIX столетий” (выпуск III). На аснове дэталёвай распрацоўкі архіўных фондаў Свяцейшага Сінода і магілёўскай духоўнай кансісторыі (болып за 30 спраў) гэты даследчык стварыў фундзіраваны і дастаткова разгорнуты нарыс-хроніку грамадскага царкоўнага жыцця старавераў Гомельшчыны азначанага часу. П. Гаручка даволі аб’ектыўна прадставіў неадназначную рэакцыю старавераў Веткі і гомельскіх прадмесцяў на спробы магілёўскага епіскапа Анастасія (Братаноўскага) пашырыць адзінаверскі рух у межах епархіі праз палітыку талерацыйных захадаў у дачыненні да раскольнікаў- папоўцаў [6, с. 49; 5, с. 25-27, 30]. У публікацыі даюцца сістэматызаваныя звесткі пра раскольніцкія прыстанкі, скіты і манастыры; унікальныя факты пра стаўленне ўлад да стараверскай набажэнскай літаратуры, шлюбаў і г.д. [5, с. 27- 32].
Выданні Е.Р.Раманава, адрасаваныя шырокай і разнастайнай аўдыторыі, не толькі стымулявалі рост навуковых інтарэсаў да тэмы стараабрадніцтва на Беларусі, але разам з гэтым аб’ектыўна (праз веды і інфармаванасць) фарміравалі сярод мясцовай грамадскасці культуру міжканфесійных зносін.
- Белорусский сборник Том I. Вып. I и II. Киев, 1886.
- Белорусский сборник. Вып. V. Витебск, 1891.
- Могилевская старина. Вып. I. Могилев, 1900.
- Могилевская старина. Вып. П. Могилев, 1901.
- Могилевская старина. Вып. Ш. Могилев, 1903.
- Ашок Т. Стараабрадцы Магілёўшчыны напярэдадні і пасля далучэння да Расійскай імперыі (другая палова XVIII — першая палова XIX ст.) //Магілёўская даўніна. Магілёў, 2000.
- Аляксейчанка Г.А., Грэбянчук І.В. Музейная справа і яе месца ў краязнаўчай дзейнасці Е.Раманава //Чарнобыль і духоўная спадчына беларускага народа. Ч. П. Гомель, 1997.
- Бандарчык В.К. Еўдакім Раманавіч Раманаў. Мн., 1961.
Аўтар: Г.А. Аляксейчанка
Крыніца: Старообрядчество как историко-культурный феномен / Материалы Международной научно-практической конференции “Старообрядчество как историко-культурный феномен” (Гомель, 27-28 февраля 2003 г.): Гомель: ГГУ, 2003. — 312 с. Ст. 13-17.