Мастацка-вобразны свет паэзіі Анатоля Сыса

0
52
Мастацка-вобразны свет паэзіі Анатоля Сыса

У пашанотным спісе пісьменнікаў — ураджэнцаў Гомелыпчыны (I. Мележ, I. Шамякін, I. Навуменка, А. Грачанікаў, Б. Сачанка, В. Коўтун, Μ. Кусянкоў, У. Ліпскі, Μ. Мятліцкі..мастакоўская асоба Анатоля Сыса не губляецца, хоць, здавалася б, маючы не вельмі багаты літаратурны набытак (калі мець на ўвазе колькасныя паказчыкі), паэту цяжкавата прэтэндаваць на такое ганаровае суседства. Але справа, сапраўды, відаць, не ў колькасці, як бы трывіяльна гэта ні гучала. Сам А. Сыс неаднойчы гаварыў, што Μ. Багдановіч стаў класікам дзякуючы адзінай кнізе — “з друкарні пана Марціна Кухты”, а П. Багрым абяссмерціў сваё імя нават не кнігай, а вершам “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” (пры гэтым, праўда, ён дадаваў, што ў дадзеным выпадку слава паэта “падвышаецца” славай каваля — мелася на ўвазе славутая багрымаўская жырандоль).

“Багдановіч, Купала і Караткевіч — вось “Тройца”, на якую ён моліцца!” [2, с. 6], — з упэўненасцю сцвярджае аўтар кнігі “Сыс і кулуары” Л. Галубовіч. Калета па пяры, ведаючы паэта зблізку, мог меркаваць пра яго творчыя і жыццёвыя прыхільнасці не толькі на аснове публічных абвяшчэнняў, якіх у А. Сыса было нямала. За шматразовымі атэстацыямі сябе як “сына Купалы” і “брата Багдановіча” стаяла, пэўна ж, штосьці большае, чым звычайная бравада ці прага самаўзвелічэння. Сталася ж так, што сказанымі ці то жартам, ці то ўсур’ёз словамі А. Сыс нібыта запраграмаваў сваё месца побач з самымі слыннымі айчыннымі творцамі, заснавальнікамі паэтычных традыцый, якімі жыла нацыянальная літаратура на працягу ўсяго XX ст.

Даследчыкі ў свой час неаднойчы адзначалі праблемнае, тэматычнае, стылёва-вобразнае перагукванне паэзіі другой паловы 1980-1990-х гг. з “нашаніўскай”, якое было ў многім абумоўлена блізкасцю сацыякультурнай сітуацыі на пачатку і ў канцы мінулага стагоддзя. У грамадскую і літаратурную свядомасць вярталіся многія з пастаўленых некалі, але так і нявырашаных (ці вырашаных няпоўнасцю) пытанняў, галоўнымі сярод якіх былі адраджэнне нацыянальнай свядомасці, захаванне гістарычнай памяці, паважлівае стаўленне да роднай мовы і культурнай спадчыны.

“Слухайце час!” — гаварыў глыбокашанаваны А. Сысам “нашанівец” Μ. Багдановіч, адгукаючыся на зменлівыя, часта драматычныя падзеі сучаснага яму жыцця. Паэтычны нашчадак аўтара “Вянка” слухаў свой час — 1980-я — пачатак 1990-х гг. — час, калі імкліва ўзняўся ўзровень грамадскай актыўнасці, вырасла нацыянальная самасвядомасць, стала запатрабаваным публічна сказанае слова. Маладыя паэты пакалення “Тутэйшых”, да якога належаў і А. Сыс, былі заангажаваны беларушчынай, як калісьці Янка Купала, Якуб Колас, Μ. Багдановіч, В. Ластоўскі, Алесь Гарун і інш. Час заўсёды выбірае нераўнадушных, неабыякавых да лёсу Радзімы і будучыні народа — прарокаў, песняроў, сейбітаў разумнага, добрага, вечнага.

Робячы агляд маладой беларускай паэзіі 1980-х гг. і разглядаючы ў тым ліку творчасць А. Сыса, крытык С. Кавалёў спасылаўся на трактат польскага літаратара Я. Парандоўскага “Алхімія слова”, дзе, у прыватнасці, гаварылася: “Ёсць розніца паміж пісьменнікам, якога натхніла ідэя, і пісьменнікам, закліканым самім пісьменніцкім інстынктам. Першы выбірае пяро сярод некалькіх магчымых сродкаў дзейнасці і, калі яно было для яго адзінай магчымасцю, адкладвае яго, як толькі выканае сваю місію. Для другога ж творчасць часцей за ўсё спыняецца разам з жыццём” [6, с. 30].

Адштурхнуўшыся ад слоў вядомага знаўцы псіхалогіі творчасці, С. Кавалёў працягваў: “Калі прыняць гэткую класіфікацыю за ўніверсальную для ўсіх часоў і народаў, стане відавочна, што малады беларускі паэт Анатоль Сыс адносіцца да першай катэгорыі пісьменнікаў: да прапагандыстаў-агітатараў і прарокаў у літаратуры. Прычым хутчэй за ўсё да прарокаў, бо звяртаецца найперш да веры, да пачуццяў чытачоў, у той час як прапагандысты-агітатары апелююць да розуму, да лагічнага мысленна” [3, с. 77]. Прымаючы ў цэлым дадзенае меркаванне, лічым патрэбным удакладніць: у выпадку з А. Сысам класіфікацыя дала невялічкі “збой”. Нягледзячы на яго апантанасць нацыянальнай ідэяй, на прызнаную многімі пасіянарнасць (ды ён і сам, відаць, верыў у сваю абранасць), на тое, што гады маўчання паэта супалі ca зменамі ў грамадска-культурным жыцці, поклічам да творчасці была ўсё ж не толькі ідэя. Думаецца, мае рацыю зямляк і аднафамілец паэта Сяржук Сыс, калі сцвярджае, што “вялікі талент і бунтарства духу яму былі дадзеныя па праву нараджэньня і па максімуму. Як быў наканаваны і трагізм менавіта такога сыходу” [8, с. 295]. Сапраўды, талентам, “пячаткай майстра” (як сказаў бы незабыўны Μ. Стральцоў) пазначаны не толькі творы адраджэнскай тэматыкі, але і ўся мастацкая спадчына А. Сыса, што выдатна пацвердзілі выдадзеныя пасля яго заўчаснай смер ці кнігі выбранага “Лён” і “Alaiza”.

Эстэтычнае крэда, сфармуляванае ў першай кнізе А. Сыса “Агмень” (1988), сведчыць пра ўсведамленне паэтам адказнасці, якой патрабуе абраная ў якасці прыярытэтнай вечная, “сакральная” тэма Бацькаўшчыны. У вершы-зачыне “ — З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы…”, пабудаваным у форме дыялогу лірычнага героя і яго “апанента” — унутранага іранічнага голасу паэта, А. Сыс акрэсліў крытэрыі, якім, на яго погляд, павінна адпавядаць мастацкае слова, каб не быць зацяганым, рытарычным, прахадным, асабліва тады, калі яно дакранаецца да такой святыні, як Радзіма. Служэнне паэзіі, патрабуючы надзвычайнага душэўнага выдаткавання ў прынцыпе (невыпадкова на яе алтары “згарэлі” многія выдатныя творцы розных часоў і народаў), ва ўмовах “тутэйшай” рэальнасці здаўна мела дарагі кошт — даводзілася выбіраць не проста род дзейнасці, а Беларусь, беларускую мову (і шырэй — беларускую справу). А. Сыс, свядома ўзышоўшы на “поле бою”, дзе “не адзін паэт сканаў” [7, с. 13], выбраў “долю” служыць Беларусі і застаўся на гэтым шляху да канца, спазнаўшы ў выніку і тую “нядолю”, якую прадказваў празорлівы “субяседнік” лірычнага героя.

Мастацкая рэалізацыя тэмы Радзімы ў творчасці А. Сыса рознілася ад пашыранага ў паэзіі савецкага перыяду яе ўвасаблення, калі вобраз роднага краю паўставаў ідэалізаваным, прыхарошаным (шчаслівая країна ca шчаслівымі людзьмі), і набліжалася да яе трактоўкі паэтамі “нашаніўскай” пары. У іх — побач з верай у лепшую будучыню народа (“Беларусь, твой парод дачакаецца Залацістага, яснага дня” [1, с. 338]) гучыць боль ад усведамлення драматызму яго гістарычнага шляху (“Знікла ўсё, як імгла, Няма славы тваёй; Злая доля змагла / I мой край, і людзей!” [4, с. 59]). Па меры сталення таленту А. Сыса матыў Радзімы ў яго творах набыў адценні акрэсленага гістарызму, філасофскага абагульнення (“Колькі нашай любові / не спазнала Радзіма?.. Колькі вояў-сыноў не счакала радзіна?.. ” [7, с. 37]), што выразна прысутнічае ў творчасці працытаваных вышэй Μ. Багдановіча, Янкі Купалы, а таксама Алеся Гаруна, В. Ластоўскага.

Складнікі шляху да Радзімы пазнавальныя (“Дарога полем — да маці. /Дорога лугам — да бацькі. Дарога рэчкай — да любай. Але і полем, і лугам, і рэчкай іду заўжды да Радзімы ” [7, с. 20]), як пазнавальныя і людзі, без якіх радзінная зямля не ўяўляецца. Праз вобразы блізкіх (маці, бацькі, дзядулі) адбывалася набліжэнне да маральна-псіхалагічных асноў народнага быцця. Гэтая набліжанасць, разуменне сапраўдных, а не надуманых каштоўнасцей выявілася як у шматлікіх вершах, так і ў ліра-эпічным творы “Алаіза”. У крытычных водгуках на паэму справядліва падкрэслівалася, што, акрамя арыгінальнага ўвасаблення постаці Цёткі, яна моцная сімволікай каласоў, жыта і што вобраз жыта падводзіць да філасофскай па сваёй сутнасці высновы пра няспыннасць жыццёвай плыні, пра неабходнасць духоўнай повязі з першакрыніцамі: “Поле спеліць вяпен жытнёвы, акрыяюць нямыя вусны, нібы людзі, збяруцца словы. ні бы рэкі, / успомняць вусце” [7, с. 61].

З самага пачатку творчасці родная зямля набудзе вельмі важную іпастась — маці: “Дзве маці ў одного сына… / І былі яны такія родныя — / мая маці Марыся і мая маці Радзіма” [7, с. 23]. Вобраз маці, маючы рэальнага прататыпа, выяўляе адначасова пачуццё нацыянальнага патрыятызму, пераводзіць грамадзянскую любоў да Айчыны ў сферу асабіста-інтымную (“Радзіма пачынаецца з жанчыны…”, “Блудны сын” і інш.). Сыноўняя ўдзячнасць за плён паўсядзённай сялянскай працы набывае, як правіла, абагульнена-сімвалічны сэнс. Так, вышыты пад спеў вяснянак матчын ручнік становіцца своеасаблівай Арыяднінай ніткай, якая выведзе “блуднага сына” і да роднай хаты, і да Бацькаўшчыны: “Ты спявай, ты спявай, ты свяці, ты свяці, рассцялі ручнікі, як сцяжыны, можа, здарыцца так, я заблудну ў жыцці, тагды выйду па іх да Айчыны ” [7, с. 94].

Паэтычны шлях да Радзімы нашага сучасніка, як і яго папярэднікаў, пралягаў праз поле мовы, якое ён, падобна дбайнаму аратаму, абрабляў нястомна і самааддана. Народжанае ў негалодны час, пакаленне А. Сыса адчувала голад духоўны, вымушана было “жабраваць” роднае слова на ўласнай зямлі: “Так скажу: ару я мову. / І бывае, ў непогоду стынуць вусны, мёрзнуць словы, / я з хатолкай — год голодны” [7, с. 21]. Наталіць прагу “бязмоўнасці” можа толькі “мова прашчураў, якая ў вершаваным радку А. Сыса асацыіруецца з пашыраным у вусна-паэтычнай творчасці вобразам жывой вады. “Збірае” яе лірычны герой “ад хутара да вёскі” — там, дзе звініць непаўторнае палескае “о”, дзе “вырай <…> радзіму кліча: Кры-чаў, Кры-чаў… ” [7, с. 22].

Яшчэ адным міфапаэтычным вобразам, што мае канцэптуальную значнасць для выяўлення патрыятычна-адраджэнскай ідэі, выступае вобраз агню. Думаецца, мастаку блізкі погляд на агонь старажытных грэкаў, для якіх паняцці “патухлы агонь” і “заняпалы род” былі тоеснымі. Веру ў будучае свайго народа паэт увасабляе ў метафары агню, нездарма ў назву першай кнігі А. Сыс вынес напаўзабытае слова “агмень”: у адным з вершаў лірычны герой выклікае з небыцця свайго даўняга продка — “чалавека, які падтрымлівае агмень”, кліча яго на дапамогу ў зберажэнні духоўных скарбаў народа. Па сутнасці ж, сам аўтар з’яўляецца такім чалавекам: уся яго творчасць сарыентавана на захаванне агменю беларускасці, абуджэнне ў суайчыннікаў прыцьмелага нацыянальнага пачуцця. Нягледзячы на ўсведамленне трагічнасці беларускага народнага лесу, А. Сыс верыць у лепшае, марыць пра “вясёлку над Белай Руссю ” [7, с. 41], параўноўвае Радзіму з міфічнай птушкай Фенікс, якая “з попелу уваскрасае”: “я ведаю / я дакладна ведаю гэта птугыка нашага лесу узнімуцца з попелу вёскі узнімуцца з попелу людзі уваскрэсне з попелу паэзія Максіма / мы — белорусы осенены крылом гэтай цудадзейнай nmyuικi” [7, с. 72-73].

Варта падкрэсліць, што фальклорна-міфалагічная метафарызацыя ў мастацкіх тэкстах паэта выяўляецца ў розных плоскасцях і ракурсах: у назвах першых дзвюх кніг і шматлікіх вершаў, у паэтызацыі язычніцкай абраднасці, у стварэнні вобразаў міфалагічных персанажаў, у звароце да эсхаталагічных матываў, у апрабацыі жанраў народна-песеннай лірыкі, у выкарыстанні рытмічнага ладу фальклорнай першакрыніцы. У ліку самых заўважных набыткаў А. Сыса, па словах І. Штэйнера, — вяртанне ім у беларускую культуру “традыцыі міфалагічнага ўспрымання свету, страчанага не толькі намі, але і ўсімі славянам!…” [10, с. 7].

Актуальныя для пісьменнікаў-“нашаніўцаў” (чыя творчасць для А. Сыса была пастаянным арыенцірам) праблемы мастак і народ, паэт і паэзія аказаліся запатрабаванымі і ў канцы XX ст., хоць пытанне для каго ўздымаць “скібіну слова” (Янка Купала), пэўна ж, даўно вырашана. Дзякуючы Μ. Багдановічу быў адшуканы, здаецца, парытэт паміж матэрыяльным і духоўным, утылітарным і эстэтычным – паміж каласамі і васількамі. А. Сыс, трэба адзначыць, у дадзеным выпадку ўступае ў палеміку з аўтарам “Апокрыфа” — твора, які найбольш скандэнсавана выяўляе разуменне Μ. Багдановічам месца прыгожага ў жыцці і літаратуры (“…Нашто каласы, калі няма васількоў? ” [1, с. 351]). У вершы “Якое б жыта ні ўрадзіла…” сучасны паэт звярнуўся, па сутнасці, да тых жа вобразаў, што і яго папярэднік: “А калі доля быць паэтам, дык мерай спраў маіх ці слоў мне будзе не цнатлівасць кветак, а важкасць спелых каласоў” [7, с. 39]. Супрацьпастаўленне каласоў і кветак у А. Сыса мае іншую семантыку, якая больш выразна раскрываецца ў вершы “Паэт” і звязана з рэаліямі канца XX ст.: “Паэт не мае права быць паэтам цнатлівае і чыстае красы, калі ў Айчызне загніваюць рэкі /і засыхаюць на вачох лясы ” [7, с. 185].

Рэзкае непрыманне пісьменнікам “чыстай красы” тлумачыцца, на наш погляд, не толькі яго актыўнай жыццёвай пазіцыяй, але і замацаваным у свядомасці многіх людзей уяўленнем пра грамадзянскую місію творцы (успомнім хоць бы хрэстаматыйныя радкі Μ. Някрасава: “Поэтом можешь ты не быть, / Но гражданином быть обязан”) і ў сувязі з гэтым далекім ад сапраўднага разуменнем поглядаў аўтара “Вянка” на ролю мастака і мастацтва ў жыцці народа. Не будзем забываць, што ў “апалагета “чыстай красы” (якая нібыта адарвана ад усякіх жыццёвых праблем — агульнаграмадскіх і індывідуальна-асабістых) балела душа за сацыяльную і нацыянальную неабароненасць народа, за тысячы нявінных ахвяр Першай сусветнай вайны, за раз’яднанасць і варожасць паміж людзьмі, якія “разам ляцяць да зор”.

Так атрымалася, што служэнне паэтычнаму слову стала для А. Сыса галоўнай жыццёвай патрэбай, прычым слова, якое “заўжды хавае ў сабе сэнсу больш, чым можа спасцігнуць чалавек”, — не проста адна з незвычайных дзеючых асоб вобразнага свету А. Сыса. Праз тое, наколькі ўдалося мастаку наблізіцца да адкрыцця таемнасці слова, запаліцца яго агнём, вывяраецца паэтам сапраўдная вартасць кожнага з творцаў, вызначаецца каштоўнасць пакінутага імі на зямлі следу” [9, с. 28]. У шматлікіх вершах розных перыядаў творчасці (“Часта пытаюцца…”, “Натхненне”, “Быць паэтам — і фарс, і драма…”, “Загубіла мне паэзія жыццё…”, інш.) А. Сыс выказаў свае неадназначнае стаўленне да паэзіі, да мастацтва: ‘7 словы мае — вярыгі мае і семем было мне Слова і той хто пасеяў яго — гавеў і кленчыў у храме мовы” [7, с. 79]. Успрыняцце паэзіі нярэдка рэалізуецца праз сімвалічны вобраз вярыгаў, што дае магчымасць амбівалентнай інтэрпрэтацыі праблемы мастака і мастацтва: з аднаго боку, паэт — асоба богавыбраная, з другога — несвабодная (“Паэзія — як рэлігія, паэт — яе вечны Бог, але, быццам раб, вярыгамі закуты з плячэй да ног” [7, с. 312]).

Тыя ідэйна-сэнсавыя дамінанты, якімі вызначыліся кнігі “Агмень” і “Пан Лес”, — а гэта найперш пытанні, звязаныя з адраджэннем гістарычнай памяці, з пошукам! нацыянальнай тоеснасці, духоўна змястоўнага быцця народа, — “працавалі” ў тым ліку на канцэпцыю свабоды.

Ідэя свабоды (калі разглядаць яе не ў агульнафіласофскім плане, а з прывязкай да канкрэтнай сітуацыі і з выхадам на мастацкую творчасць) грунтуецца звычайна на яе рамантычным разуменні — асоба, якой многа дадзена, якая ставіцца, так бы мовіць, у цэнтр Сусвету, застаецца часцей за ўсё адзінокай, незразуметай, незапатрабаванай. У 1980-1990-я гг., як і на пачатку XX ст., былі актуалізаваны арсенал, светаадчуванне рамантычнага мастацтва. Разглядаючы гэтую з’яву, Μ. Тычына зрабіў выснову: “Беларускіх неарамантыкаў не вельмі бянтэжыла тое, што іх захапленне рамантызмам з яго абагульненасцю погляду і надсветавасцю выглядала ва ўмовах рацыяналістычнага часу досыць наіўным і выяўна адсталым, што небывалыя сацыяльныя ўзрушэнні і драматычныя калізіі XX ст. вымагалі іншых мастацкіх падыходаў. Як толькі ў грамадскай атмасферы начынала лунаць ідэя свабоды (у перыяд вайны, у часы “адлігі”, у эпоху “галоснасці”), новы нацыянальны рамантызм станавіўся зноў запатрабаваным і актуальным” [5, с. 81].

У мастацкім свеце А. Сыса канцэпцыя свабоды мае несумненную арыентацыю на вырашэнне яе Янкам Купалам. Увогуле, аўтарытэт народнага песняра для аўтара зборнікаў “Агмень” і “Пан Лес” быў непераўзыдзеным, што выяўлялася ў шматразовых паэтычных прызнаннях, а таксама мела разнастайныя творчыя сыходжанні, якія закраналі светаадчуванне, эмацыянальную сферу, паэтычную мову і г. д. Маючы перад сабой выразныя творчыя арыенціры, А. Сыс, аднак, не капіраваў свайго вялікага папярэдніка, заставаўся арыгінальным у рэалізацыі канкрэтнай задумы. Тым не менш аснова яго канцэпцыі пазнавальная: ідэя свабоды разглядалася паэтам у нацыянальным, сацыяльным, палітычным, духоўным аспектах, падразумявала выяўленне дзяржаўных, народных, асобасных памкненняў і запатрабаванняў. I ўсё ж на першы план выходзіў нацыянальна-патрыятычны аспект, што было характэрна для беларускіх адраджэнцаў розных пакаленняў. Невыпадкова таму духоўнымі настаўнікамі маладога паэта, акрамя Янкі Купалы, сталі П. Багрым, Цётка, Μ. Багдановіч, В. Ластоўскі, У. Караткевіч, А. Разанаў, а таксама персанажы яго выдатных вершаў-маналогаў — Карусь Каганец, С. Палуян, Алесь Гарун, 3. Жылуновіч, У. Жылка, Я. Драздовіч і інш.

Героямі маналогаў паэта з’яўляюцца асобы трагедыйнага лёсу, бунтоўнай натуры, якія, кожная ў сваім гістарычным часе, спрыялі духоўнаму разняволенню нацыі і чалавека, гатовы былі пайсці на Галгофу дзеля ажыццяўлення ідэалаў вальналюбства, справядлівасці, гуманізму. Вуснамі пісьменніка-палеміста XVII ст. Апанаса Філіповіча А. Сыс прамаўляе: “У гэтай краіне не маю я дому, / вось воблака — сяду і ў свет палячу над гэтай гаморай, над гэтым садомам, ні грошай, ні славы — я волі хачу, бо ў гэтай краіне не маю я волі… ” [7, с. 196]. А ў “Маналогу Зміцера Жылуновіча” паэт, як і герой твора, літаратар і палітычны дзеяч, вярэдзіцца пытаныем: “Чаму ж ты, мой народ, падатлівы, як гума?” [7, с. 44].

Асэнсаванне А. Сысам ідэі свабоды запатрабавала адпаведных сродкаў яе мастацкай рэалізацыі (вобразы агню, крыжа, крыві, маці, радзімы, сейбіта, прарока, ваўка і інш.). Раскрываючы ідэйны змест паняцця, паэт абапіраўся на асаблівасці міфалагічнага светаўяўлення далёкіх продкаў, на розныя пласты духоўных набыткаў нацыі. Канцэпцыя свабоды ў творчасці А. Сыса паслядоўна матэрыялізавалася ў кантэксце рэалій часу, што, у сваю чаргу, абумовіла наяўнасць аўтарскай сістэмы вобразаў, кампаненты якой набылі адметнае сэнсавае напаўненне.

На ўсіх этапах існавання літаратуры актуальнай застаецца праблема абнаўлення яе зместу і формы. І калі змест вельмі часта “падказвае” жыццё, то форма звычайна звязана з пошукамі, эксперыментаваннем саміх творцаў. А. Сыс, зарэкамендаваўшы сябе як прыхільнік класічнай мастацкай традыцыі (гэта выявілася ў адраджэнскім пафасе творчасці, у выкарыстанні архетыпаў нацыянальнага свету, у сугестыўнасці выказвання, інш.), засведчыў, што традыцыі жывуць не ў “чыстым”, “знятым” выглядзе, а ў развіцці, што наследаванне ім не выключае ўласнага актыўнага пошуку. Назіранні над мастацкімі асаблівасцямі паэзіі А. Сыса дазваляюць гаварыць пра шматвектарнасць жанрава-стылёвых рашэнняў, рытміка-інтанацыйную гнуткасць, вобразную шматзначнасць і экспрэсію, разнастайнасць і багацце строфікі — усё гэта патрабуе заглыбленай, рознаўзроўневай гаворкі пра яго паэтыку як рухомую эстэтычную цэласнасць. Гаворкі, дзе б суадносіліся і аналіз, і абагульненне.

Творчая асоба А. Сыса, ярка, запамінальна выявіўшыся ў паэзіі, засведчыла яшчэ адну грань таленту — даследчыцкую. I хоць літаратурна-крытычныя набыткі пісьменніка больш сціплыя, яны пацвярджаюць усталяванае меркаванне, што адораны чалавек таленавіты ва ўсім. Уяўляецца, што ў выпадку з А. Сысам адбывалася ўзаемаўзбагачэнне дзвюх граняў мастакоўскага дару. З аднаго боку, практычнае валоданне сакрэтамі паэтычнай творчасці спрыяла болып тонкаму пранікненню ў “старонні” мастацкі свет, а з другога – праз крытычнае асэнсаванне літаратурнага даробку іншых паэтаў выпрацоўваліся і ўласныя эстэтычныя крытэрыі. Прынята лічыць, што літаратуразнаўчыя, крытычныя працы старэюць даволі хутка. У артыкулах А. Сыса, прадстаўленых у кнізе “Лён”, няшмат таго, што называюць данінай часу, што патрабуе пераасэнсавання (пра гэта сведчаць сціслыя, але ёмістыя характарыстыкі творчых індывідуальнасцей У. Дубоўкі, В. Маракова, П. Панчанкі, Д. Бічэль-Загнетавай, Я. Янішчыц і інш.). Асаблівае месца ў літаратуразнаўчай спадчыне А. Сыса займае цыкл артыкулаў, прысвечаных П. Багрыму, дзе выявілася паважлівае стаўленне аўтара да гістарычных фактаў, уменне гэтыя факты адшукаць і адпаведным чынам вытлумачыць.

Яшчэ ў першым паэтычным зборніку “Агмень” малады А. Сыс у форме трыяды “маці мова – вечнасць” выразна сфармуляваў ідэйна-эстэтычныя прыярытэты. Гэтыя словы сталі, па сутнасці, своеасаблівым кодам яго паэзіі, што знайшло ўвасабленне ў творах як гэтай кнігі, так і наступных прыжыццёвых (“Пан Лес”, “Сыс”), а таксама пасмяротных (“Лён”, “Alaiza”) выданняў. З’яўляючыся паэтам, які па характары, складзе душы быў схільны да адкрытага, маналагічнага, грамадзянска-тэмпераментнага выяўлення пачуццяў, А. Сыс, разам з тым, не цураўся і мяккага лірызму, і засяроджанага роздуму, і песеннасці. 3 гадамі гэтых якасцей у яго паэзіі станавілася ўсё больш. Не ўсе вымярэнні мастацкага свету А. Сыса знайшлі адлюстраванне ў дадзеным матэрыяле. Аднак пэўнае ўяўленне пра адметнасць і плённасць творчай асобы паэта, будзем спадзявацца, склалася. Запаветным жаданнем мастака было, каб “рунь пра сейбіта” расказала. Зайздросныя ўсходы паэтычнай руні Анатоля Сыса чакаюць новых інтэрпрэтатараў.

Літаратура

  1. Багдановіч, Μ. Зорка Венера: творы ∕ Μ. Багдановіч. — Мінск: Маст, літ., 1991. -462 с.
  2. Галубовіч, Л.М. Сыс і кулуары: літаратурна-крытычныя эсэ / Л.М. Галубовіч. — Мінск, 2010. — 176 с.
  3. Кавалёў, С. Як пакахаць ружу: літ.-крытыч. артыкулы пра маладую беларускую паэзію 80-х гадоў / С. Кавалёў. — Мінск: Бібліятэка час. “Маладосць”, 1989. — 80 с.
  4. Купала, Я. Вершы. Паэмы. П’есы / Я. Купала; прадм. У. Гніламёдава. — Мінск, 2007. — 704 с.
  5. Літаратура пераходнага перыяду: тэарэтычныя асновы гісторыка-літаратурнага працэсу / Μ. А. Тычына [і інш.]. — Мінск: Беларус. навука, 2007. — 363 с.
  6. Парандовский, Я. Алхимия слова. Петрарка. Король жизни / Я. Парандовский. — Μ.: Правда, 1990. — 656 с.
  7. Сыс, А. Лён: выбраныя творы / А. Сыс. — Мінск: Кнігазбор, 2006. — 436 с.
  8. Сыс, С. “Дагадзіў жа ты мне, Анатоль, дагадзіў…” / С. Сыс // Дзеяслоў. — — № 2 (27). — С. 290-305.
  9. Шынкарэнка, В. “Светлы мой, бялюткі ты мой хлопчык…” / В. Шынкарэнка // Крыніца. — 2001. — № 6 (66). — С. 25-30.
  10. Штэйнер, I. “Свае руны мне не вышыць…”: спадчына Анатоля Сыса / I. Штэйнер. — Мінск, 2008. — 40 с.

Аўтар: А.С. Гурская
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 27 верасня 2013 г. / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна”; [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2013.