Масленічная абраднасць беларусаў: агульнаэтнічнае і рэгіянальна-лакальнае

0
120
Масленічная абраднасць беларусаў агульнаэтнічнае і рэгіянальна-лакальнае

Масленіца як гадавое свята, адзначаюць даследчыкі, знаходзіцца на мяжы зімовага і веснавога цыклаў земляробчага календара, таму і можна аднесці масленічныя святкаванні да абрадаў пераходнага перыяду. Гэтае свята, у якім знайшлі адлюстраванне прыродна-касмічны культ і культ працягу роду, урачыста адзначалі ў розных рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, у сістэме земляробчага календара Гомельшчыны таксама важнае месца адводзілася маленічным абрадам і звычаям, семантыка якіх была звязана з забеспячэннем ураджайнасці нівы і ўладкаванасцю сямейных адносін. На тэрыторыі Гомельскай вобласці, у прыватнасці, у в. Пірэвічы Жлобінскага раёна абавязковай была язда на конях: “на Масленіцу ездзілі на конях, якіх украшалі лентамі, званочкамі” (запісана ад Калядзенка Сафіі Васільеўны, 1935 г.н.). Паводле ўспамінаў Рогавай Наталлі Ануфрыеўны, 1927 г.н., з в. Ніжняя Алба, “у кожнай хаце конік ужо быў, ды коней запрагаюць і ездзяць адзін за адным па вуліцы”. Пры гэтым выконвалі масленічныя песні, як напрыклад:

Прыдзі ка мне, цёшча, на Масленіцу,
А я цябе ўпрашу.

Зяць пад ручкі цёшчу вадзіў,
А маладую жонку на руках насіў,
Бо жонку лучшэ берагчы,
А цёшчу і чорт не возьме.

У в. Пірэвічы старанна рыхтаваліся да святкавання Масленіцы: “Убіраюць дома, гатуюць смачную ежу, пякуць бліны, сыры робяць. Вечарам упрыгожвалі запрэжаных коней лентамі, званочкамі і ехалі катацца. Гулялі напераганкі. Катаюцца ўсю ноч да рання” (запісана ад Сасны Елізаветы Карпаўны, 1912 г.н.). Вядомы на Гомельшчыне абрад “цягаць калодку” атрымаў у мясцовай традыцыі в. Пірэвічы сваю адметную форму: у якасці “калодкі” выкарыстоўвалі не абрубак палена, а невялікую “трэсачку”, якую “вешалі на пояс і заходзілі да каго-небудзь у госці, перавешвалі яе хазяіну, за гэта ён ставіў гарэлку” (запісана ад Калядзенка Сафіі Васільеўны, 1935 г.н.).

Як пацвердзілі жыхары в. Верхняя Алба, у іх мясцовасці “ў панядзелак на масленічным тыдні збіраліся бабы з усяе вёскі, бралі нож і да аднаго канца прывязывалі невялікі, але тоўсты абрубак дрэва, а другі канец нажа прывязваюць да нагі халастога хлопца, які ім сустракаўся, як бы ў пакаранне за тое, што ён не жаніўся. Калі хлопец не пажадае насіць гэты цяжар за сабой увесь дзень, ён павінен адкупіцца і даць бабам на пранікі некалькі манет” (запісана ад Канаваленка Наталлі Ануфрыеўны, 1933 г.н., Байдакова Сцяпана Васільевіча, 1929 г.н.). У названай вёсцы аналагічныя абрадавыя дзеянні выконваліся і ў дачыненні да дзяўчат, якія своечасова не выйшлі замуж.

Рытуальная трапеза за святочным сталом на Масленіцу ў в. Верхняя Алба пачыналася з частавання блінамі, стос якіх трэба было разрэзаць крыж-накрыж на чатыры часткі: “затым кожны член сям’і бярэ чвэрць бліна, скручвае яго і акунае ў міску з творагам і разагрэтым каровіным маслам” (запісана ад Байдакова Сцяпана Васільевіча, 1929 г.н.).

Сярод абрадавых момантаў святкавання Масленіцы ў в. Саланое вылучаюцца такія, як катанне на санках з гары, абходы моладдзю хат аднавяскоўцаў, прывязванне гаспадару “ленты з бубеньчыкамі, як хамут”, адорванне падарункамі, спальванне лялькі, што сімвалізуе зіму, ваджэнне карагодаў, наладжванне розных гульняў. Адметным быў і той факт, што з апошнім днём Масленіцы былі звязаны абрадавыя дзеянні сустрэчы вясны (“рабілі свістулькі ў выглядзе жывёлы, гэта не толькі для забавы рабілася, але і для закліку вясны), песнямі-вяснянкамі гукалі на ўзгорку вясну, елі кашу, сыр, яйкі, хлеб (“абавязкова пакідалі крошкі для птушак, каб яны, падкрапіўшыся, хутчэй вялі вясну”).

Важным абрадавым атрыбутам масленічных святкаванняў на Жлобіншчыне, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, з’яўлялася спальванне саламянага пудзіла або лялькі, што сімвалізавала развітанне з зімой і сустрэчу з вясной. Паводле ўспамінаў Г айдакова Івана Мяфодзьевіча, 1924 г.н., з в. Марусенька, у іх вёсцы раней спальвалі зробленую з саломы ляльку: “Мой прадзед расказваў мне, што рабілі ляльку з саломы, адзявалі ёй старыя якія-небудзь вешчы, ставілі яе на вялікую такую палку дзеравянную і падпальвалі”. З гэтым рытуалам была звязана варажба: “Калі лялька доўга загаралася, ці плоха гарэла, дык гаварылі, што зімаяшчэ бушаваць будзе”.

Зімовыя святы на тэрыторыі Чачэрскага раёна таксама заканчваліся святкаваннем Масленіцы: “Масленіцу ў нас святкавалі весела, развітваліся з зімою, а сустракаліся з вясною”, — паведаміла Балыкова Марыя Ігнатаўна, 1909 г.н., з в. Нісімкавічы. Паводле яе звестак, менавіта на Масленіцу “добры гаспадар аб’езджваў каня, лічылася, што тады конь будзе здаровы”. У апошні дзень Масленіцы “палілі пудзіла, а потым попел раскідвалі на полі, каб яно радзіла добры ўраджай”. Лахцерава Таццяна Дзмітрыеўна, 1932 г.н., з в. Бабічы, пацвердзіла факт бытавання абраду “калодкі” на Чачэршчыне: “Быў звычай хлопцам ці мужчынам у гадах, якія яшчэ не ажаніліся, вешаць на шыю калодку, і хлопец павінен быў хадзіць цэлы дзень з калодкай. Калодкай магло быць палена ці на шыю вешалі ключ на вяроўцы ”.

Масленічныя абрады і песні ў сістэме земляробчага календара Петрыкаўскага раёна захоўваюць агульнаэтнічную аснову і вылучаюцца адметнай мясцовай спецыфікай. З Масленіцай, паводле сведчанняў Марыі Сцяпанаўны Плікус, 1930 г.н., з в. Кацуры, былі звязаны такія рытуалы, як ушанаванне бабкі-павітухі, а затым частаванне бабкай-павітухай унукаў: “На ўтары дзень бабку-павітуху сажалі на сані, запрагалі коні, а ў каго не было коней, самі цягалі бабку па сялу і крычалі: “Еслі ты, баба, яшчэ не ўгосціш, то мы цябе скінам у снег. Бабка-павітуха зноў частавала сваіх унукаў. Калі вазілі яе па сялу, то выконвалі песню:

Масліная, шчаслівая,
Працягніся да Вялікадня!

Масліная, шчаслівая, белая вутка,
Нясі сыру, масла да няхутка.

А хто сыру не дае,
Няхай таму сгніе”.

У в. Дуброва выконвалі абрад спальвання саламянага пудзіла, што сімвалізавала развітанне з зімой: “Збіраліся раненько ўся маладзёж ды ішла на Лысу гару ў нас там, у Дуброве. Неслі чучало з саломы. Ужэ быццам эта зіма. Ставілі яе ля Лысае гары, а зацем запальвалі яе. Это ўжэ значыло, што мы праганяем зіму” (запісана ад Гошка Евы Пятроўны, 1929 г.н.). Адметная мясцовая дэталь у святкаванні Масленіцы ў гэтай вёсцы — “гойданне на варотах”, што мела аграрна-магічны сэнс: “Гойдаліся на варотах только хлопцы і дзеўкі. Казалі старыя людзі, што гойдацца трэбо для таго, каб на той год рос лён доўгі і крэпкі”. Жыхары в. Белін верылі, што для павышэння ўраджайнасці нівы трэба было раскідаць там попел пасля таго, як спалілі пудзіла Масленіцы: “Пасля спальвання пудала бралі попел і выхадзілі ў поле, раскідалі яго, каб быў добры ўраджай” (запісана ад Маславай Ніны Фёдараўны, 1920 г.н.). Звесткі пра абрад пад назвай “калодка” атрыманы надзвычай сціплыя. Паводле сведчанняў Равуцкай Элеаноры Ігнатаўны, 1930 г.н., з в. Колкі, у іх мясцовасці “адкрывалі хлопцы дзверы і кідалі палена ў хату. Так хлопцы заляцаліся да местачковых дзевак, каб тыя не сядзелі ў хаце, а ішлі на вуліцу”. Быў вядомы на Петрыкаўшчыне і масленічны рытуал “аб’езду маладых коней, быкоў, валоў” (запісана ў в. Пясочная Буда Гомельскага раёна ад ураджэнкі в. Дуброва Петрыкаўскага раёна Гошка Евы Пятроўны, 1929 г.н.). Этнаграфічныя апісанні абраду Масленіцы ў в. Дуброва Петрыкаўскага раёна сведчаць аб тым, што яго рытуалы блізкія да абраду гукання вясны. Гэта, напрыклад, выкананне песень на ўзвышанай мясцовасці (“А тады які-небудзь хлопчык маладзенькі залазіў на етую гору і начынаў запяваць, а другіе ему памагалі і карагод вадзілі”), падрыхтоўка абрадавага печыва ў выглядзе птушак (“Гулялі, елі блінцы, разные выпячкі ў відзі голубаў, пцічак разных”).

Масленічны абрадавы комплекс Хойнікшчыны, зыходзячы з успамінаў інфармантаў, меў адметную мясцовую спецыфіку. Выклікаюць цікавасць выказаныя жыхарамі меркаванні адносна абавязковага святкавання Масленіцы: “Шчыталі, што не весяліцца на Масленіцу — значыць жыць у бядзе і закончыць жызнь пагана” [1, с. 77]. Асноўныя структурныя кампаненты масленічнай абраднасці ў в. Вялікі Бор — гэта выпечка бліноў, падрыхтоўка пудзіла Масленіцы, катанне моладзі на санках з гары, “вешанне хлопцам-пераросткам дзеравянных калодак”, ушанаванне маладых пар, што ў гэтым годзе ўзялі шлюб, провады Масленіцы: “Да цемнаты чучала Масленіцы насілі ці вазілі па дзярэўні з песнямі”, спальванне саламянага пудзіла Масленіцы і рассыпанне попелу з кастра на ніве, каб “разбудзіць зямлю і вярнуць ёй новую жызнь” [1, с. 77].

Жыхары в. Вялікі Бор ашчадна захоўваюць спрадвечныя народныя вераванні сваіх продкаў, кіруюцца ў жыцці іх правіламі і прадпісаннямі, звязанымі з Масленіцай: у першую чаргу прытрымліваюцца забароны працаваць у масленічныя вечары (“Вечары ў Масле­ніцу звалі “святымі”. Вечарам запрашчаласяработаць, толькі хадзіць адзін к аднаму ў госці можна”) [1, с. 77], нельга было пасля вячэры прыбіраць са стала, каб “у сям’е не было сварак” [1, с. 77], нельга было ў дні святкавання Масленіцы піць гарэлку, бо “шчыталася, хто ў еты дзень паследні п’е гарэлку, той першы памрэ” [1, с. 77]. Гушканне на арэлях у мясцовай традыцыі в. Віць сімвалізавала “ачышчэнне паветра”, а таксама прагназавала добры ўраджай лёну (“еслі катацца на арэлях, то ачышчаеш светлае паветра, што калі катаешся на арэлях, то на той год лён будзерасці доўгім імоцным”) [1, с. 78].

Структуру масленічнай абраднасці Лоеўшчыны складаюць наступныя кампаненты: выпечка бліноў (“На Масленіцу пяклі бліны, перамазвалі іх салам ілі мёдам” — запісана ў п. Пабядзіцель ад Марозавай Вольгі Пятроўны, 1929 г.н.), абрад “цягання калодкі” (“Сабяруцца ды ў дзесяць вечара і цягаюць тыя калодкі, песні паюць” — запісана ў в. Вулкан Лоеўскага раёна ад Пратасава Арсенція Дзмітрыевіча, 1932 г.н.), распальванне вогнішча і скокі праз яго (“Увечары палілі кастры маладзёж, прыгалі цераз іх” — запісана ў в. Катловіца Брагінскага раёна ад Максімчык Алены Уладзіміраўны, 1932 г.н., раней пражывала ў в. Крупейкі Лоеўскага раёна), катанне на санках (“На Масленіцу гулялі, санкі па вуліцы вазілі. Усе сядуць і санкі возяць. Санкі нічым не ўпрыгожвалі” — запісана ў п. Пабядзіцель Лоеўскага раёна ад Таўкачэнка Аляксандраўны Ларывонаўны, 1918 г.н.), падрыхтоўка і спальванне пудзіла Масленіцы (“На Масленіцу чучала спальвалі” — запісана ў в. Ручаёўка Лоеўскага раёна ад Ціханенка Ганны Васільеўны, 1947 г.н.). У п. Па­бядзіцель абрад “цягання калодкі” меў сваю адметную спецыфіку (прывязванне “калодкі” да рукі гаспадара): “Такжа збіраліся некалькі чалавек і цягалі дзеравянную калоду, украшаную лентачкамі. Калі заходзілі ў хату, к руцэ хазяіна прывязвалі палку, украшаную лентамі ілі прыгожай бумагай, і не адпускалі, пака хазяін не пакорміць блінамі і шкваркамі” (запісана ад Марозавай Вольгі Пятроўны, 1929 г.н.). У некаторых вёсках, як адзначылі жыхары, у выкананні абраду “калодка” ўдзельнічалі толькі хлопцы, як напрыклад, у в. Вулкан (“Хлопцы калодкі цягалі, а дзеўкі ўжэ сароміліся” — запісана ад Жураўскага Сяргея Адамавіча, 1910 г.н.), а ў в. Чаплін “калодкі вязалі дзеўкам, хлопцам” (запісана ад Маджары Васіля Фёдаравіча, 1935 г.н.). Адметным момантам у сістэме масленічных святкаванняў на тэрыторыі Лоеўшчыны з’яўлялася варажба на блінах: “Еслі дзевушка ўстрэце на шляху мужчыну, то яна ў етым гаду замуж пойдзе, а калі не, то, значыць, замуж пойдзе не скора” (запісана ў г.п. Лоеў ад Язікавай Зіновіі Калінікаўны, 1924 г.н.); “А на Масленицу было так: спекли блины. Я первый блин схватила и побежала. Добежала аж до школы. І встретила по дороге Рыгора. Ну, думаю, значит, он моя судьба. И на самом деле. Мы с ним поженились ” (запісана ў в. Бывалькі Лоеўскага раёна ад Пікас Варвары Пятроўны, 1927 г.н.).

Сціплыя звесткі пра Масленіцу былі запісаны на тэрыторыі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Называлі яе “бліннай”, “Улассе”. Асноўныя структурныя кампаненты масленічнай абраднасці — гэта выпяканне бліноў, развядзенне вогнішча і спальванне чучала, што сімвалізавала засцярогу ад звышнатуральнага ўздзеяння нячыстай сілы (“прагнаць злога духа” — в. Лань), катанне на конях, варажба “на першым бліне”, а таксама бытаваў звычай прасіць прабачэння ў радні. Адметнай масленічнай з’явай у вёсках Нясвіжскага раёна з’яўлялася катанне на конях, якое звязвалі з магіяй ураджайнасці ільну: “Каталіся на доўгі лён” (в. Лань). Жыхары з в. Альхоўка таксама пацвердзілі, што ў іх вёсцы “ездзілі на кані, каблён доўгірос”. У в. Качановічы, паводле ўспамінаў жыхароў, на атрыманне добрага ўраджаю ільну ўплываў звычай хаджэння ў госці: “Счыталось: к каму в госці заходзіш, у таго лучшэ будзе лён”. У в. Лань “катанне на конях” мела шлюбную сімволіку: “Дзе дзяўчына была, заязжалі ў двор, жэлалі, каб замуж вышла, каб дома ўсё было”. Адзначым, што агульнаславянскі звычай масленічнай калодкі на тэрыторыі Нясвіжскага раёна сустрэўся толькі ў адзінкавых запісах і з іншай семантыкай абрадавых дзеянняў. “Палена на вяроўцы”, якое выступала ў якасці масленічнай калодкі, з’яўлялася своеасаблівым выкупам для незамужняй дзяўчыны: “Калі ў хаце была дзяўчына незамужняя, калодку давалі як выкуп” (г. Нясвіж).

Святкавалі Масленіцу і на тэрыторыі Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, што пацвярджаецца экспедыцыйнымі матэрыяламі. Паводле сведчанняў жыхароў, абавязковай стравай падчас масленічных святкаванняў былі бліны. Абрад пад назвай “калодка” на Глыбоччыне ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі меў сваю адметную спецыфіку. Прывязаную да нагі хлопца і да нагі дзяўчыны “калодку”, згодна з мясцовымі вераваннямі, нельга было згубіць, інакш ім не быць у пары: “Дзеўкі і хлопцу прывязвалі калодачку. Еслі дзяржалася, тады яны пара, а калі ўпадзець — усё” (в. Празарокі); “Прывязвалі калодкі жанчыне і мужчыне, якія любілі адзін аднаго і пускалі іх па дзярэўні, калі калодка ў аднаго адарвецца, значыць не быць ім разам” (в. Празарокі). У вёсках Паддуб’е і Шчарбы ў абрадзе “цягання калодкі” ўдзельнічалі толькі дзяўчаты: “Цягалі калодкі, каб выйсці замуж. Усе разам дзяўчаты цягнуць да мяжы, каб выйсці замуж” (в. Шчарбы). Паводле сведчанняў жыхароў в. Мнюта, у іх мясцовасці калодку прывязвалі або да нагі нежанатага хлопца, або да нагі дзяўчыны, якая не была замужам: “Той, каму прывязвалі, гаварыў: “Як буду жаніцца — у свадзьбу прыглашу”. Сярод іншых структурных кампанентаў мясцовай масленічнай абраднасці можна назваць катанне на конях (“У нас здесь озеро бальшое, оно ж замярзает, запрягалі лашадзей, каталісь маладзёж” — в. Залессе), распальванне вогнішча і спальванне чучала (“Прыезжалі 3-4 пары лашадзей, каталісь, агонь раскладывалі, чучала палілі” — в. Залессе), ушанаванне бабкі-павітухі (“Шанавалі бабулю-павітуху, у госці прыглашалі, падаркі куплялі, хоць хустачку ёй купяць” — в. Мнюта).

Асноўныя структурныя кампаненты масленічнай абраднасці выяўляюць земляробчую скіраванасць і маюць выразны шлюбны характар. Захоўваючы агульнаэтнічную аснову, масленічныя абрады і песні беларусаў выяўляюць адметную мясцовую спецыфіку.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Хойнікшчыны спеўная душа: народная духоўная культура Хойніцкага краю: фальклор. этнаграф. зб. / пад агул. рэд. В.С. Новак. — Мінск: Выд. цэнтр БД.

Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Скарынаўскія традыцыі: гісторыя і сучаснасць: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гом. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. — 252 с. С. 87-93.