Марфалагічнае ўтварэнне адапелятыўных прозвішчаў жыхароў Гомельскай вобласці

0
136
Марфалагічнае ўтварэнне адапелятыўных прозвішчаў жыхароў Гомельскай вобласці

Традыцыйна прынята лічыць, што марфалагічную структуру сучаснага прозвішча складаюць прозвішчная аснова і прозвішчны фармант. Прозвішчная аснова ўказвае, ад якой лексіка-семантычнай групы ўтворана тое ці іншае прозвішча. Прозвішчны фармант — гэта фінальны элемент антрапоніма, які сведчыць пра спосаб яго ўтварэння, і, дарэчы, не з’яўляецца ў поўнай меры ні суфіксам, ні канчаткам, бо гістарычна гэтыя элементы выконвалі канкрэтную словаўтваральную функцыю. Тэрмін “прозвішчныя фарманты” аб’ядноўвае ў сваім значэнні як паняцце “суфікса”, так і паняцце “канчатка”, чым падкрэслівае статычнасць гэтага элемента прозвішча [Мезенка, 2006, с. 83]. Упершыню структурна-тыпалагічнае апісанне славянскіх прозвішчаў было зроблена заснавальнікам беларускай антрапанімікі, акадэмікам М.В. Бірылам у працы “Тыпалогія і геаграфія славянскіх прозвішчаў” [Бірыла, 1988]. Аўтар разгледзеў не толькі прозвішчныя тыпы і іх прадуктыўнасць для некаторых славянскіх моў (рускай, украінскай, беларускай, чэшскай, харвацкай і балгарскай), але і прасачыў, як на працягу некалькіх стагоддзяў у славянскіх мовах складваліся ўстойлівыя словатворчыя антрапонімныя мадэлі, якія сталі лексіка-марфалагічнай базай для ўтварэння прозвішчаў [Бірыла, 1988, с. 15]. Такой жа думкі прытрымліваецца рускі анамастолаг І.А. Каралёва, падкрэсліваючы агульнасць прозвішчных фармантаў смаленскіх і беларускіх найменняў [Королёва, 2012, с. 100].

Пры марфалагічным утварэнні антрапонімаў да асновы апелятыва далучаюцца спецыяльныя фарманты: Дубінскі < дубін + -скі; Вайтовіч < войт + -овіч; Каваленка < Каваль + -енка, Падвербны < пад- + вярб + -ны.

У многіх лексічных асновах і словаўтваральных сродках прозвішчаў жыхароў Гомельшчыны праяўляецца роднасць і ўзаемадзеянне славянскіх (асабліва ўсходнеславянскіх) моў, у якіх працэс фарміравання прозвішчаў адбываўся прыкладна ў адзін і той жа час і ў адносна блізкіх гістарычных умовах. Напрыклад, у якасці лексічнай асновы для беларускіх, рускіх і ўкраінскіх прозвішчаў паслужылі прыкладна адны і тыя ж лексіка-семантычныя групы апелятываў, якія змяшчалі характарыстыку асобы паводле знешняга выгляду, разумовых і фізічных якасцей, паводле сямейнага становішча і г.д. Разам з тым у кожнай мове ёсць свае прозвішчныя структурныя тыпы, якія маюць спецыфічны нацыянальны каларыт. Усім славянскім мовам вядомы прозвішчы на -оў/-еў/-аў, -ін/-ын, — скі/-цкі, -іч/-ыч, -ак/-як, -ік/-ык, -ец/-эц/-авец [Мезенка, 2006, с. 93].

Тып на -іч/-ыч, -овіч/-евіч/-авіч. Найбольш яркая прыкмета прозвішчаў жыхароў Гомельшчыны — структурны тып на -овіч/-евіч, прадуктыўнасць якога на паўночным усходзе дасягае звыш 40 %. Гэты старажытны, пастаянны кампанент усіх найменняў пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, але ў значна меншым аб’ёме — 8, 32% [Бірыла, 1988, с. 34]. Тып на -іч/-ыч, -овіч/-евіч/-авіч не характэрны для паўднёва-ўсходняй часткі Гомельскай вобласці — у зоне Рэчыца — Мазыр — Лоеў. Фармант мае пераважна патранімічны характар.

Ад апелятываў-назоўнікаў мужчынскага роду ўтворана значная частка антрапонімаў: Аленіч, Бабовіч, Вайтовіч, Варановіч, Верасовіч, Зубовіч, Камарэвіч, Насановіч, Паневіч, Панковіч, Шпаковіч і інш. Сустракаюцца ў аснове апелятывы-назоўнікі жаночага роду: Бабіч, Калядзіч. Зафіксаваны прозвішчы, у аснове якіх апелятывы-прыметнікі: Малевіч, Малькевіч, Рудзевіч, Рудзіч, Чарнашэвіч, Чарнушэвіч. Што датычыцца структурнага аналізу прозвішчаўтваральных асноў, то наша даследаванне паказвае перавагу вытворных асноў над невытворнымі: Крупеніч, Ляхновіч, Мацкевіч, Скуратовіч, Чарнашэвіч і інш. Фармант -іч далучаецца і да невытворнай асновы: Бабіч, Дудзіч, Цыбуліч, Юневіч (пераважная большасць прозвішчаў — назоўнікі жаночага роду), і да вытворнай: Абушкевіч, Арашкевіч, Велічкевіч, Крупеніч і інш.

Тып -скі/-оўскі/-еўскі/-аўскі, -інскі, -цкі. Прозвішчны тып вядомы ўсім славянскім мовам. Найбольш актыўна дадзены фармант на тэрыторыі Гомельшчыны выкарыстоўваецца пры ўтварэнні антрапонімаў ад айконімаў, якія ўказваюць на месца нараджэння або пражывання чалавека. У Беларусі разглядаемыя прозвішчы складаюць 9,87% і займаюць другое месца [Бірыла, 1988, с. 29], а ў паўднёвай і ўсходняй частцы Гомельскай вобласці — да 10%. З дапамогай названых суфіксаў антрапонімы апелятыўнага паходжання на Гомельшчыне ўтвараюцца часцей ад назваў заняткаў людзей або нейкіх характэрных прыкмет чалавека: Бараноўскі < баран, Бельскі, Бяляўскі < белы, Кавалеўскі < каваль, Чарнецкі < Чорны, Шчарбінскі < шчарбаты. Сюды ж адносяцца прозвішчы: Аладзінскі, Багушэўскі, Балдоўскі, Бароўскі, Бартнеўскі, Вазоўскі, Вярцінскі, Галубінскі, Галубіцкі, Зубрыцкі, Зяленскі, Казлоўскі, Пальчэўскі, Скварчэўскі і інш. На даследаванай тэрыторыі дадзены тып з’яўляецца адным з самых прадуктыўных.

Сустракаюцца прозвішчы, дзе праблематычна вызначыць утваральную аснову: Хмялеўскі (ад хмель ці ад Хмелеўка), Хмяльніцкі (ад хмель ці ад Хмяльніцкі).

Тып -оў/-еў/-аў, тып -ін/-ын, -анін/-янін. Адзінкі, утвораныя пры дапамозе фармантаў -оў/-еў/-аў утвараюцца ад назоўнікаў мужчынскага роду з асновай на зычны і маюць патранімічны характар, г. зн. паказваюць на паходжанне ад пэўнага пачынальніка роду па лініі бацькі ці дзеда: Абухоў, Агароднікаў, Ахотнікаў, Гаваруноў, Ганчароў, Голубаў, Дубкоў, Зубкоў, Кітоў, Немцаў, Палякоў, Фурманаў, Чумакоў і інш. Тут жа лічым мэтазгодным разглядаць прозвішчы на -ін/-ын, бо выбар фармантаў залежыць толькі ад характару асновы, да якой ён далучыўся. Пры дапамозе фармантаў -ін/-ын звычайна ўтвараюцца прозвішчы ад апелятываў жаночага і ніякага роду: Бабін, Дабрынін, Дзюбін, Дубінін, Зімін, Злобін, Рубашын, Ручкін, Рысін, Шчэрбін, а таксама мужчынскага на : Дзедушкін. Разгледжаныя фарманты з’яўляюцца агульнаславянскімі і носяць “патранімічны або матранімічны характар” [Мезенка, 2006, с. 93].

У беларускай мове доля прозвішчаў з суфіксамі -оў/-еў, -ін/-ын складае 31,88%. Тэрытарыяльна яны распаўсюджаны нераўнамерна. Так, на захад ад Гомеля яны складаюць 10-30% , у паўднёвай частцы Гомельскай вобласці — 5-10%. Арэал максімальнай прадуктыўнасці прозвішчаў ва ўсходняй і паўночнай частках Беларусі прыкладна супадае з тэрыторыяй, што была ўз’яднана з Расіяй у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай. На думку М.В. Бірылы, у працэсе арганізацыі новай адміністрацыйнай структуры, упарадкавання памешчыцкага землекарыстання і прывядзення да прысягі насельніцтва далучанай тэрыторыі пры афармленні дакументаў большасць людзей была аформлена прозвішчамі з суфіксам -ов/-ев [Бірыла, 1988, с. 44].

Тып -ец/-эц, -авец, -анец. У якасці ўтваральнай асновы, што спалучаецца з дадзенымі фармантамі, зафіксаваны пераважна апелятывы-прыметнікі: Бакавец, Белавец, Белкавец, Ваянец, Варанец, Даўгунец і інш. Дадзены прозвішчны тып больш прадуктыўна ўдзельнічае ва ўтварэнні адтапанімічных прозвішчаў. У беларускай мове прозвішчы з фармантамі -ец/-эц, -авец, -анец складаюць 2,1 %. На тэрыторыі Гомельскай вобласці гэты тып з’яўляецца малапрадуктыўным.

Тып -ак/-як. Прозвішчы з гэтым фармантам на тэрыторыі Гомельшчыны нячастыя. Па паходжанні дадзеныя фарманты патранімічныя. Пры ўтварэнні прозвішчаў яны часцей далучаюцца да апелятываў-прыметнікаў: Бягляк, Бяляк, Дварак, Новак, Пазняк, Пышняк, Сівак, Чарняк, Шастак і інш. Галоўным чынам такія прозвішчы матываваны якой-небудзь прыкметай носьбіта прозвішча пры яго ўтварэнні (знешні выгляд, асаблівасці характару, этнічная прыналежнасць, месца пражывання, занятак, становішча ў грамадстве, у сям’і і інш.) [Бірыла, 1988, с. 46]. Але онімы такога тыпу можна разглядаць і як першасныя, бо ёсць верагоднасць іх лексіка-семантычнага ўтварэння ад мянушак Бяляк, Пышняк, Чарняк і інш.

Тып -ік/-ык, -чык. У беларускай мове антрапонімы з указанымі фармантамі складаюць 5% [Бірыла, 1988, с. 47]. У пераважнай частцы Гомельскай вобласці яны не адзначаны ці сустракаюцца спарадычна.

Па паходжанні разглядаемыя элементы памяншальныя, таму прозвішчы з дадзенымі фармантамі сустракаюцца і сярод першасных, і сярод другасных утварэнняў. Антрапанімічны фармант далучаўся часцей да апелятыва-прыметніка: Быстрык, Голік, Зрэлік, Лешык, Мыслік, Мялік, Новік, Серык, Шуцік; радзей — да апелятыва-назоўніка мужчынскага ці жаночага роду: Аленчык, Зубік, Марозік, Трубчык.

Тып -енка/-энка/-анка. Прозвішчы дадзенага тыпу лічацца тыпова ўкраінскімі [Мезенка, 1997, с. 63]. На Беларусі асноўны масіў бытавання прозвішчаў з фармантамі -енка/-энка/-анка знаходзіцца ва ўсходняй частцы краіны — на ўсход ад лініі Бягомль — Барысаў — Чэрвень — Слуцк — Лунінец. Найбольш распаўсюджаны яны ў паўднёвай частцы Лоеўскага раёна, дзе складаюць больш за 40%, у раёне Мазыра і Рэчыцы — больш за 30%.

Антрапонімы дадзенага тыпу ўтвораны ад апелятываў: а) назоўнікаў мужчынскага роду: Абушэнка, Алейчанка, Атаманенка, Барсучэнка, Буднічэнка, Гарбуненка, Драздзенка, Каваленка, Ліцвіненка, Маскаленка, Мядзвежанка, Стрэльчанка і інш.; б) назоўнікаў жаночага роду: Дудчанка, Лапаценка. У якасці ўтваральнай асновы выступалі і апелятывы-прыметнікі: Багаценка, Даўгуненка, Даўжэнка, Кругленка, Кучаравенка, Лысенка, Мальчанка, Рудэнка, Чарнічэнка і інш. Фармант -енка/-энка/-анка ў антрапонімах ужываецца з патранімічным значэннем і з’яўляецца даволі прадуктыўным на тэрыторыі Нараўлянскага, Мазырскага, Лельчыцкага і іншых раёнаў.

Тып -ук/-юк, -чук. Прозвішчы з суфіксам -ук/-юк складаюць украінска-беларускі арэал з адзіным ядром найбольшай прадуктыўнасці на сумежжы тэрыторыі паўночна-заходняй Украіны (Валынская, Ровенская, Жытомірская вобласці) і паўднёвай часткі Беларусі [Мезенка, 2006, с. 103]. Суфіксы -ук/-юк/-чук з цягам часу страцілі сваё асноўнае значэнне: памяншальныя суфіксы, што служылі для абазначэння маладых істот у прозвішчах набылі патранімічнае значэнне. Ад асноў апелятываў утварыліся наступныя прозвішчы: а) аснова — назоўнікі мужчынскага роду з нулявой флексіяй: Валасюк, Грабянчук, Кабанчук, Кавальчук, Лычук, Маскальчук, Мельнічук, Сталярук, Ткачук, Царук і інш.; б) ад прыметнікаў: Малюк, Сінюк, Сіўчук і інш.

Тып -онак/-анок/-ёнак. Тып уласцівы толькі беларускай мове. Прозвішчы з гэтымі фармантамі патранімічнага характару складаюць 1,26%. На даследуемай тэрыторыі намі зафіксавана невялікая колькасць адзінак з разглядаемым элементам: Дабранок, Даўгалёнак, Кавалёнак, Крывашонак, Кудранок, Царанок і інш. Прозвішчныя асновы апелятываў звычайна ўказваюць на род заняткаў, прафесію, асаблівасці знешняга выгляду ці харатару чалавека.

Тып-еня/-эня. Дадзены тып уласцівы толькі беларускай мове. Сярэдні паказчык яго прадуктыўнасці па Беларусі — каля 1%. Такія антрапанімічныя адзінкі распаўсюджаны ў паўднёвай частцы Мінскай і паўночнай частцы Брэсцкай і Гомельскай абласцей [Мезенка, 2006, с. 106]. Фармант характэрны антрапонімам адапелятыўнага паходжання Карпеня, Меляшчэня, Нямчэня, Рудзеня, Стральчэня, хаця па значэнні ён суадносіцца з апелятыўным фармантам -яня, які ўказвае на маладых істот: качаня, кацяня, шчаня.

Фарманты -оў/-еў/-аў, -ін/-ын, -скі/-цкі, -іч/-ыч, -ак/-як, -ік/-ык, — ец/-эц/-авец і іншыя прымаюць удзел не толькі ва ўтварэнні прозвішчаў, але і ў дыялектным словаўтварэнні, што выклікае дадатковыя цяжкасці пры класіфікацыі антрапонімаў. Найбольш прадуктыўнымі пры ўтварэнні адапелятыўных прозвішчаў жыхароў Гомельскай вобласці з’яўляюцца фарманты оў/-еў/-аў, -скі/-цкі, — овіч/-евіч/-авіч, -енка/-энка.

Для ўтварэння прозвішчаў жыхароў Гомельшчыны больш характэрна дэрывацыя, чым трансанімізацыя: другасных антрапонімаў налічваецца 77,6% (2095 адзінак), а першасных толькі 22,4%             (605 адзінак). Пры прозвішчаўтварэнні пераважае

марфалагічны спосаб, якім утворана 1993 антрапанімічныя адзінкі, што складае 73,8 % ад агульнай колькасці зафіксаваных на даследуемай тэрыторыі адапелятыўных прозвішчаў.

Дэрываты прадстаўлены дзесяццю прозвішчнымі тыпамі, сярод якіх шэсць агульнаславянскія, два ўсходнеславянскія і два ўнутрымоўныя (беларускія). Вядучую ролю ў сістэме другасных прозвішчаў адыгрываюць фарманты оў/-еў/-аў, -скі/-цкі, -овіч/-евіч/- авіч, -енка/-энка. Іх прадуктыўнасць на тэрыторыі Гомельшчыны значна адрозніваецца ад той, што зафіксавана па краіне ў цэлым. Напрыклад, прадуктыўнасць фарманта -енка/-энка, які справядліва лічыцца тыпова ўкраінскім, на даследуемай тэрыторыі значна вышэйшая, чым на тэрыторыі ўсёй Беларусі (40% і каля 10 % адпаведна).

Літаратура

  1. Бірыла, М.В. Тыпалогія і геаграфія славянскіх прозвішчаў / М.В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1988. — 63 с.
  2. Мезенка, Г.М. Беларуская анамастыка / Г.М. Мезенка. — Мінск: Вышэйшая школа, 1997. — 119 с.
  3. Мезенка, Г.М. Віцебшчына ва ўласных імёнах: мінулае і сучаснасць: манаграфія / Г.М. Мезенка, В.М. Ляшкевіч, Г.К. Семянькова. — Віцебск: УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, 2006. — 238 с.
  4. Королёва, И.А. Смоленская ономастика (к 1150-летию со дня основания города Смоленска). Статьи разных лет / И. А. Королёва. — Смоленск: Маджента, 2012. — 220 с.

Аўтар: Г.М. Стральчук
Крыніца: Традиционная культура на территории Российско-Белорусского по­граничья: историко-этнографический и лингвокультурологический аспек­ты: Материалы XIV международной научно-практической конференции (г. Новозыбков, Брянская область, 14-15 ноября 2012 г.) / Под ред.: С.Н. Стародубец, В.В. Мищенко, В.Н. Пустовойтова, Ю.А. Шевцовой, О.В. Белугиной. — Брянск: РИО БГУ, 2012. — С. 300-306.