Малая радзіма ў творчасці Івана Мележа

0
591
Малая радзіма ў творчасці Іван Мележ

Народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ нідзе і ніколі не забываў сваё роднае Палессе, аблогі яго балотаў і пушчаў, сакавітую зеляніну і разнатраўе шырокіх прыпяцкіх і дняпроўскіх лугоў, багацце рачулак і азярын, раздолле ўрадлівых палёў і духмяных садоў… Самымі дарагімі і незабыўнымі былі ў яго ўспаміны пра сваю радню, самабытных, непасрэдных і шчырых землякоўпалешукоў, непаўторныя Глінішчы, Мазыр, Хойнікі, Курані. “З радасцю і болем пад ’язджаю я кожны раз к родным сваім мясцінам, — пісаў пісьменнік у сваёй біяграфіі — Ад Гомеля ці ад Мазыра — гледзячы па тым, з якога боку ідзе дарога кроднаму кутку, — пачынаюцца гарады, станцыі, вёскі, на якія не магу ўжо глядзець без хвалявання. Рэчыца, Васілевічы, Мазыр — для мяне не проста назвы паселішчаў, а як бы жывыя істоты, таварышы маладосці… Чым бліжэй вядзе дарога к Глінішчам, тым бліжэйшыя, даражэйшыя таварышы выходзяць насустрач — Юравічы і Хойнікі, Брагін, Княжыца і Тунеўшчына. І нарэшце — родныя Глінішчы, дзе ўжо выходзяць насустрач такія таварышы, якія не названы на самых дасканалых картах, але якія моцна, на ўсё жыццё прапісаны ў сэрцы. Луцішчы, Тур ’я, Канапельскае, Казекава, Перавельскі круг, Паўлаў круг, беразняк, балота, выганы. Гайкі гэтыя даўно сцёрты з зямлі так, што і пнёў не асталося, у рацэ вады па костачкі, “кругі ” многія высахлі нашчэнт — і ўсё ж яны жывуць успамінам у сэрцы, шчымлівай, непатрэбнай тугой страты” [2].

Расійскі акадэмік Дз. С. Ліхачоў таксама гаварыў, што, калі чалавек не любіць хаця б зрэдку праглядваць старыя фотаздымкі сваіх бацькоў, не прызнае вартасці памяці аб іх, значыць, ён не любіць іх. Калі ж чалавек не любіць старыя вуліцы, нават даволі старыя і няўтульныя, значыць, у яго няма павагі і любові да свайго горада. Калі чалавек раўнадушны і абыякавы да помнікаў гісторыі сваёй радзімы, ён, як правіла, раўнадушны і да сваёй краіны. На жаль, сярод беларусаў ёсць і такія, хто хутка забывае пра сваю малую і вялікую радзіму, выракаецца роднай мовы, скажае сваё прозвішча, імя. Пра гэта пераканальна пісаў Генадзь Бураўкін: “Ну што, Беларусь, у цябе за сыны ? — / Хто быў паштаром, / Плугаром / Ці падпаскам, / Як толькі праб’ецца хоць трохі ў чыны, / Забыць цябе лічыць сваім абавязкам..”

Творчасць пісьменніка І. Мележа цесна звязана з Мазыром, Мазырскім Палессем. Ён любіў і ніколі не забываў гэты непаўторны куток беларускай зямлі, неаднаразова з задавальненнем прыязджаў туды, будучы ўжо вядомым беларускім літаратарам. У нарысе “Нашы вандроўкГ сябра пісьменніка паэт Мікола Аўрамчык успамінаў: “Кожны раз калі мы пад ’ язджалі да Калінкавіч, я заўважаў, як раптам святлее ягоны твар. І замест таго, каб з Калінкавічаў ехаць карацейшай дарогай, ён рабіў кругаля. Мінаў паваротку на Хойнікі, за якіх-небудзь шэсць кіламетраў ад яе пераязджаў мост праз раку і міма аўтастанцыі выязджаў на плошчу Леніна ў Мазыры. На ёй, каля школы, у якой калісьці вучылася Вера Харужая, пакідаў машыну і вёў мяне да Прыпяці. Некалькі хвілін стаяў моўчкі, аглядаючы на супрацьлеглым беразе пясчаныя пляжы з кустамі лазы… Потым вёў мяне па Савецкай вуліцы, між старых двухпавярховых дамоў, першыя паверхі якіх — з цэглы, а другія — драўляныя, з прыгожай разьбой пад дахам і на вокнах. Заводзіў на крыты рынак і вадзіў паміж сталамі, заваленымі садавіной і гароднінай. Пасля ўзбіраліся на гару. Паказваючы рукою на Мазыр, які адсюль увесь відзён як на далоні, зузгоркамі і ярамі, ён задаволена пытаўся: — Ну, як?!” [2, с. 142]. Названы вельмі дарагія і незабыўныя для І. Мележа назвы.

У творах сапраўдных мастакоў можна лёгка пазнаць прыкметы іх малой радзімы. Дз. Бугаёў на прыкладах з твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў пераканальна паказаў, як родны кут мастака слова, яго назвы, пейзажы, вобразы становяцца залатым запасам, які падтрымлівае эмацыйную сілу ўсёй іх творчасці. У прыватнасці, ён адзначаў, што такімі незабыўнымі ўражаннямі на ўсё жыццё для Янкі Купалы былі Прудзішча, Селішча, Акопы, для М. ГарэцкагаМалая Багацькаўка на Магілёўшчыне, а таксама куляшоўскія Саматэвічы, у слуцка-капыльскім рэгіёне чорнаўскія Боркі і Цімкавічы, мележаўскае Палессе з Глінішчамі і Каранёўкай пад пяром мастака стала Куранямі, чыгрынаўскі Вялікі Бор у яго раманах атрымаў назву Верамейкі і г.д. Для творчасці Я. Коласа найярчэйшым прыкладам таго, з якімі любасцю і замілаваннем услаўляецца родны кут, назвы родных мясцін, найперш з’яўляецца яго ўнікальная ў сусветнай літаратуры паэма «Новая зямля» з яе незабыўным для кожнага беларуса запевам [4, с. 13]. А гідронім Нёман у яго творах выконвае не толькі ідэнтыфікуючую функцыю — называе адну з вялікіх рэк Беларусі, на берагах якой прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады класіка нашай літаратуры, — гэта і назва-сімвал, неад’емная частка не толькі прыроднай, а і духоўнай рэальнасці роднага краю, Бацькаўшчыны.

У мазырскай абласной газеце “Бальшавік Палесся” былі апублікаваны першыя мастацкія творы Івана Мележа, пераважна вершы, якія камсамольскі работнік і пачатковец-літаратар дасылаў у рэдакцыю, не забываў ён наведваць і мясцовае літаратурнае аб’яднанне пры газеце, прыязджаючы на семінары і пасяджэнні з Хойнікаў. Дарэчы, у гэтай абласной газеце ў якасці карэспандэнта пачынаў свой шлях у вялікую літаратуру ў першыя пасляваенныя гады і Іван Навуменка — зямляк і сябра Івана Мележа, будучы народны пісьменнік. У пасляваенныя гады ў абласным Мазыры І. Мележ неаднаразова наведваў свайго школьнага сябра Пятра Чарняка, які пэўны час працаваў сакратаром Мазырскага райкома партыі. Між іншым, П. Чарняк ва ўспамінах адзначаў, што пісаць вершы І. Мележ пачынаў яшчэ раней у Алексіцкай сямігодцы, а потым друкаваўся ў Хойніцкай раённай газеце “Ленінскі сцяг”. Успамінаў, што Іван будучы скалечаным на вайне і жывучы ў Бугуруслане, шукаў праз ліставанне ўсюды параскіданых вайной беларусаў-землякоў і знаходзіў многіх, у тым ліку і такіх, якія сталі яго літаратурнымі персанажамі — прататыпамі яго “Палескай хронікі”, напрыклад, першых сваіх настаўнікаў — Параскеву Андрэеўну і Паліну Іванаўну. У Мазыры ёсць вуліца Івана Мележа, яго імя носіць Мазырскі драматычны тэатр, які неаднаразова наведваў пісьменнік. Пры яго ўдзеле і цесных творчых кантактах з таленавітым рэжысёрам Міхаілам Коласам, “самародкам з лельчыцкіх загонаў’, паэтэскай Галінай Дашкевіч (Клімовіч), іншымі здольнымі і вельмі самабытнымі артыстамі, як сведчаць успаміны гэтых творчых асоб, былі ажыццёўлены на мазырскай сцэне выдатныя пастаноўкі драматычных твораў з рэпертуару Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Андрэя Макаёнка, Георгія Марчука і, безумоўна, Івана Мележа. У выніку калектыў тэатра дасягнуў сапраўднага майстэрства і высокага прафесіяналізму: неаднаразова станавіўся лаўрэатам Усесаюзных конкурсаў самадзейных тэатраў, нават выступаў у Маскве ў Крамлёўскім палацы і за сцэнічнае майстэрства быў удастоены 7 залатых медалёў, а таксама стаў лаўрэатам 1 -га і 2-га Усесаюзных фестываляў тэатральнага мастацтва. Пасля такіх ашаламляльных поспехаў Мазырскі народны тэатр набыў статус прафесійнага і стаў асноўным культурным асяродкам на Мазырскім Палессі і з гонарам носіць у наш час імя знакамітага земляка. Галіна Дашкевіч у вершы “Іван Мележ у Мазыры” пранікнёна адзначала: “Ён выйшаў на сцэну — зямляк-паляшук, У зале раптоўна заціхлі, / Далоні вялікіх натруджаных рук, / Як крылы, стамлёна павіслі. /Не ведаў, што словы яго ў мазыран / Душу ўскалыхнуць назаўсёды, / Гарачыя вочы Гануль і Мар’ян / Засвецяцца шчырасцю, згодай, / Успыхнуць святлом незгасальным сваім, / Запаляць світанне над полем./ Шчаслівы — не зведаў чарнобыльскі дым, /Зайшоўся б, каб зведаў, ад болю’ [ Г. Дашкевіч. “Верасніца”, с. 66].

Сяргей Грахоўскі пісаў: “Цяпер ёсць вуліцы і школы яго імя, плыве па беларускіх рэках параход “Іван Мележ ”, а вось прагал у літаратуры, у нашай памяці і ў нашых сэрцах нічым не запоўніш. Ніхто не піша так, як мог напісаць толькі ён, ніхто не скажа таго, што мог сказаць Іван Паўлавіч[ 2, с. 105]. Сваім жыццём, усёй сваёй творчасцю вельмі пераканальна адказаў на гэта пытанне народны пісьменнік Беларусі Іван Паўлавіч Мележ. Яшчэ раней гэта сцвяржаў Якуб Колас, пачынаючы сваю класічную паэму “Новая зямля”: “Мойродны кут, як ты мне мілы!…”, а таксама “Мне Загібелькалепш Парыжа”.

Гэтыя словы як найлепш адпавядаюць галоўнай патрыятычнай задачы на 2018 год, пастаўленай урадам Рэспублікі Беларусь, якой мы павінны кіравацца адказаўшы на пытанне: “Якая роля малой радзімы ў жыцці кожнага з нас?” Вельмі правільна, што 2018 год афіцыйна быў аб’яўлены годам малой радзімы!

У шэрагу выпадкаў некаторыя з названых онімаў з твораў Івана Мележа, што вядомы ў народзе і мастацкай літаратуры, напрыклад, Юравічы, Мазыр, ойнікі, Глінішчы, Васілевічы ўтвараюць у носьбітаў мовы, чытачоў не толькі анамастычныя, але і вобразныя (мастацкія), а часам і энцыклапедычныя асацыяцыі. Гэты пісьменнік заўсёды быў з’яднаны, неразлучны са сваёй малой радзімай. У сваёй мнагаграннай творчасці ён, мабыць, самы першы з пісьменнікаў разам са сваім знакамітым земляком Чаславам Пяткевічам, аўтарам унікальнай кнігі “Рэчыцкае Палессе ”, як правільна заўважалі Барыс Сачанка і Уладзімір Васілевіч, энцыклапедычна поўна і падрабязна стварылі сагу пра Палессе, “мастацкі шэдэўр пра балотны край, пра сваю малую радзіму — “Палескую хроніку”. У аўтарскім прысвячэнні да першага рамана “Людзі на балоце” —бацьку, маці, бацькоўскай зямлі ” — падкрэслена непарыўная сувязь пісьменніка з зямлёй сваіх бацькоў, з Беларуссю і яе народам. У творы ж праз мастацкае адлюстраванне малой радзімы перайначана, перастворана многае з таго, што некалі было перажыта пісьменнікам, што навек замацавалася “памяццю яго сэрцаяшчэ ў дзяцінстве ” [1, с. 74].

Краіна асноўных персанажаў Івана Мележа — ойніцкае Палессе, ва ўсякім выпадку, як лічыць пісьменнік, акадэмік і яго зямляк Іван Навуменка, — тая лакальная яго частка, што знаходзіцца ў межах цяперашніх Хойніцкага і Калінкавіцкага раёнаў. У яго палескіх раманах даволі дакладна захавана “геаграфія” яго родных мясцін, прычым назвы некаторых паселішчаў пададзены без змен. Гэта айконімы Глінішчы, Ламачы, Мазыр, Тульгавічы, Юравічы, другія крыху перайначаны — Курані, Алешнікі, Хвойнае… Да гэтай думкі ў нашым кантэксце можна дадаць, што выбіраючы тапонімы для стварэння адпаведнага каларыту, уласцівага для Усходняга Палесся трыццатых гадоў ХХ ст., пісьменнік трапна падбіраў у неабходных выпадках і адпаведныя анамастычныя адзінкі, якія нярэдка адным словам — тапонімам, а дакладней, яго апелятывам стваралі праўдападобнае ўяўленне ў чытача пра ландшафт, аб’ект, мясцовасць, што апісаны ў яго раманах. Параўн.: курэнь — буда з галля, саломы ці тонкага бярвення для часовага жылля, шалаш; алешнік — альховы лес, зараснік альхавых кустоў; хвойнік — хваёвы лес і г. д. Курэнь, алешнік, хвойнік, бярэзнік, лазняк — тыповыя ландшафтныя кампаненты палескіх лясных і балотных абшараў, гэтыя апелятывы — агульныя назоўнікі ўваходзяць у актыўны слоўнік мовы жыхароў Палесся. У сваёй біяграфіі І. Мележ пісаў: “Я тут нарадзіўся, тут непаседлівым хлапчуком шныпарыў у балотных зарасніках, непраходных, як джунглі. Тут дакранаўся да загадкавага свету балот, ён уразіў маё прывіднае дзіцячае ўяўленне. Зараснікі гэтыя, балоты, край гэты назаўсёды ўлюбілі мяне ў хараство прыроды, хараство жыцця” [5, с. 309].Такім чынам, падзеі, уражанні, факты, рэаліі з асабістага жыцця пісьменніка, атрымаўшы ўсебаковае асэнсаванне і адпаведную тэкставую інтэрпрэтацыю, знаходзяць мастацкае адлюстраванне і на старонках яго твораў, а онімы з яго твораў кваліфікуюцца і ўспрымаюцца як выразныя стылёва і семантычна маркіраваныя кампаненты, якія яднаюць агульную анамастычную прастору, удзельнічаюць у пабудове і развіцці літаратурнай кампазіцыі.

Пімен Панчанка ў нарысе “Сын Палесся” вельмі высока, узнёсла, з захапленнем напісаў пра гэты край, яго прыроднае багацце, пра яго самага знакамітага пісьменніка Івана Мележа з Глінішчаў, што ў Хойніцкім раёне, з якім яго аб’ядноўвалі даўнія сяброўскія адносіны не толькі па сумеснай працы, а і асабістая павага за ўнікальны талент, адметную палескую дабрыню і мудрасць. Пасля паездкі на верталёце напярэдадні залатога юбілею ў 1971 г. на радзіму Івана Мележа (разам з П. Машэравым, Ц. Кісялёвым, М. Танкам, А. Макаёнкам, І. Шамякіным) паэт напісаў наступныя класічныя радкі, азаглавіўшы іх ёмкай перыфразай “Зямля бацькоў”, у якіх кожны беларус праз дакладна вывераныя мастацкія метафары, параўнанні, алюзіі пазнае не толькі мележаўскае Палессе з твораў класіка, а і сваю малую радзіму: А на Палессі ўсё нядробна: / Цяжкая спадчына вякоў, / Цяжкія рукі хлебаробаў, / Цяжкія сны палешукоў. / Якую трэба мець адважнасць /1 сэрца сынава, каб так / Любіць палескі край туманны /1 маці бедны андарак / Пад навальнічны подых рэзкі / Я пад буслянкаю стаю /1 ў ціхай вёсачцы палескай / Сябе малога пазнаю. / Зямля бацькоўская, святая, / Так, гэта мы. Увесь народ… / Мне ў сэрца бусел залятае / З трывожных прыпяцкіх балот. (Полымя. — 1992. — № 2. — С. 194).

Агульначалавечае, нацыянальнае, рэгіянальнае ў раманах пра Палессе прысутнічае на кожнай старонцы яго “Хронікі” ў самым арганічным, высокім адзінстве. Як адзначаў Алесь Адамовіч, Мележ палемічна абвяргаў у сваіх раманах абразлівы, хоць і узаконены традыцыяй, погляд на палешука, як на істоту з нейкага гістарычнага запаведніка. На яе, гэтую істоту глядзяць спачувальна быццам, але ўсё ж зверху [2, с. 7]. Безумоўна, што любіць, не забываць, шанаваць, ганарыцца малой радзімай, г. зн. быць патрыётам. Важна, каб кожны з нас зрабіў нешта істотнае для сваёй малой і вялікай радзімы, памножыў матэрыяльныя і духоўныя набыткі сваіх землякоў.

Гаворачы пра малую радзіму гэтага класіка, важна адзначыць, што сярод значнай плеяды беларускіх пісьменнікаў — ураджэнцаў Усходняга Палесся — выразна выдзяляюцца “тры Іваны” — Іван Паўлавіч Мележ, Іван Пятровіч Шамякін, Іван Якаўлевіч Навуменка — народныя пісьменнікі Беларусі, удастоеныя самых высокіх дзяржаўных узнагарод, усенародна прызнаныя класікі беларускай літаратуры, чый шматгранны талент мастакоў слова засведчаны ў разнастайных класічных творах, вядомых не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі. На долю гэтых пісьменнікаў, адданых сыноў Палесся, іх пакалення, выпалі самыя вялікія выпрабаванні лёсаў. Іх несумненны і ўнікальны талент ураджэнцаў некалі забітага і адсталага Палесся, “края лясоў і балот”, гартавалі і выпрабоўвалі на трываласць надзвычай трагічныя і гераічныя падзеі ХХ ст. — станаўленне дзяржавы Беларусь — маладой рэспублікі Саветаў, супярэчлівая калектывізацыя ў 30-я гады, небывалыя па трагізму і гераізму гады Вялікай Айчыннай вайны, росквіт і заняпад ідэй і планаў пабудовы сацыялізму і камунізму на адной шостай частцы планеты, вяртанне са шматлікімі праблемамі да сваіх спрадвечных вытокаў у дзяржаўным будаўніцтве, станаўленне нацыянальнай ідэі і інш. Усё гэта прайшло праз лёсы гэтых пісьменнікаў і персанажаў іх твораў.

Адметнасць і непаўторнасць на фоне іншых беларускіх пісьменнікаў выявілася нават па іх імёнах. Яны засталіся тымі Іванамі, беларусамі-палешукамі, якія заўсёды помнілі сваё радство — ганарыліся сваёй малой радзімай, шанавалі, паважалі сваіх непасрэдных, адкрытых, шчырых землякоў. Яны паламалі ўсталяваную традыцыю, створаную беларускай нацыянальнай інтэлегенцыяй канца ХІХ — пачатку ХХ ст., калі яе прадстаўнікі, ідучы за модай, ламаючы канфесійныя традыцыі, выбіралі сабе псеўданім. І тады Іван традыцыйна станавіўся Янкам, Янам: Іван Неслухоўскі — Янка Лучына, Іван Луцэвіч ^ Янка Купала, Іван Фёдараў ^ Янка Маўр і г.д. Стаўшы знакамітымі пісьменнікамі, яны не сталі Янамі, Янкамі. Такім кансерватызмам, на наш погляд, яны (Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка) выразна падкрэслівалі цесную сувязь са сваёй “малой радзімай” — Усходнім Палессем, дзе імя Іван сярод палешукоў самае тыповае, самае частае, а імёны Янка, Ян — рэдкія.

Сімвалічны сэнс гэтага імя яшчэ больш актуалізаваўся пасля вялікай Перамогі ў 1945 г., бо іменна Іваны — г.зн. беларусы, рускія, украінцы ўнеслі самы значны ўклад у Вялікую Айчынную вайну, гэта імя ў беларускай літаратуры больш за іншыя перадае нацыянальна-культуралагічны фон, а ўсе “Тры Іваны” дастойна прадстаўлялі свой народ у адказны для ўсяго чалавецтва перыяд. Двое з Іванаў — Іван Шамякін і Іван Навуменка — завяршалі Вялікую Айчынную вайну ў Германіі — краіне, адкуль вайна пачыналася. Іван Мележ, будучы цяжка параненым у самы складаны перыяд вайны, сустрэў Перамогу студэнтам БДУ, пачынаючым таленавітым пісьменнікам. Магчыма, што гэтыя мастакі слова бралі пад увагу і тое, што ў вялікай сусветнай літаратуры, культуры былі вельмі вядомыя Іван Вазаў, Іван Тургенеў, Іван Бунін, Іван Айвазоўскі і інш.

Лёс распарадзіўся так, што гэтыя тры Іваны, прайшоўшы жорсткія выпрабаванні самай жахлівай і бязлітаснай вайны, выжылі, перамаглі, не сталі бязроднымі, а, наадварот — знакамітымі і творча ўзбагацілі і прадоўжылі добрыя справы вялікай кагорты паэтаў, празаікаў, чый лёс аказаўся трагічным. Многія з таленавітых і маладых пісьменнікаў шматпакутнай Беларусі засталіся назаўсёды ў адзіночных, а часцей у брацкіх магілах, параскіданых на бяскрайніх прасторах Еўропы: у Сталінградзе Волга забрала цяжка параненага Алеся Жаўрука, афіцэра легендарнай 62-й арміі; ва Усходняй Прусіі аўтаматная чарга скасіла Аляксея Коршака; пад Берлінам фаўст-патрон трапіў у акопнага запявалу Міколу Сурначова; у гарах Славакіі загінуў дэсантнік Змітрок Астапенка, аўтар выдатнай ваеннай паэмы “Эдэм”. Гэта пра іх і мільёны іншых маладых Іванаў, што загінулі ў лясах, балотах, сярод жытнёвых палёў напісаў такія кранальныя радкі малады паэт Мікола Сурначоў:Ніколі не ехаць / хлапцу маладому / Да блізкага гаю, / Да роднага дому. / Над ім асыпаюцца / Слуцкія краскі, / Абсмалены колас / Схіліўся да каскі. / Ляжыць ён, як віцязь, / У стоптаным жыце, / Маці спаткаеце — / Ёй не кажыце… “.

Традыцыі Івана Мележа ў апісанні малой радзімы творча прадаўжалі і прадаўжаюць іншыя пісьменнікі, ураджэнцы Палесся, не толькі яго сучаснікі і сябры І. Шамякін, І. Навуменка, а і маладзейшыя — У. Ліпскі, У. Верамейчык, В. Казько, А. Бароўскі, А. Федарэнка, У. Лякін, В. Ярац, Г. Дашкевіч і інш.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

  1. Куляшоў, Ф. Іван Мележ. Літаратурная біяграфія / Ф. Куляшоў // Мінск: Маст. літаратура, 1968. — С. 74-180.
  2. Успаміны пра Івана Мележа [склад. Л. Я. Пятрова-Мележ]. — Мн.: Маст. літ., 1982. — 415 с.
  3. Пяткевіч, Часлаў. Рэчыцкае Палессе / Часлаў Пяткевіч; уклад., прадм. У. Васілевіча. — Мінск: Белрускі кнігазбор, 2004. — 627 с.
  4. Бугаёў, Дз. А я яму ўдзячны / Дз. Бугаёў // Літ. і мастацтва. — 2002. — 22 лістап. — С. 13
  5. Мележ, І. Трохі загадак і думак / І. Мележ // Пяцьдзясят чатыры дарогі. — Мінск: маст. літ., 1963. — С. 387-391.


Аўтар:
В.В. Шур
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 43-47.