Паэзія Эдуарда Акуліна ўвабрала трапныя, маляўнічыя вобразы, рухомыя асацыяцыі, тонкія, ледзь улоўныя адчуванні на струнах шчымлівых уражанняў. Зрэдку ў паэтычную тканіну твораў уплятаецца нітка пачуццяў болю, што робіць яе больш моцнай, трывалай і каштоўнай, бо немагчыма яе разарваць на кавалкі, як немагчыма пазбавіць творцу любові да роднай зямлі, малой бацькаўшчыны адчування вечнасці і незваротнасці часу. Скразной у яго з’яўляецца тэма малой радзімы:
Тут плячом векавым дуброва
падпірае высока неба.
Тут матуліным родным словам
людзі дзеляцца, нібы хлебам. («Вёска») [1, c. 21]
Э. Акулін здольны выткаць на паэтычных нітах душы самы складаны, адмысловы ўзор, які, асветлены дыяментамі яго таленту, ажывае і выяўляе свет рэчаў у сваёй бясконцай шматстайнасці і багацця барваў і адценняў, а жыццё — у вечным руху і не эмацыянальнай насычанасці. Адметнасць творчай лабараторыі паэта заключаецца ва ўменні адлюстроўваць акаляючы свет, родны край у яркіх, запамінальных і шматзместавых малюнках, а таксама ў адметных вобразах, якія рассыпаюцца на безліч самых нечаканых і ўражлівых адчуванняў:
Прышчапілі ігрушыну.
Спрэс сады цвілі…
А яна памерла
ад чужой крыві. («Прышчапілі ігрушыну…») [1, c. 33]
Паэт імкнецца выкарыстаць семантычныя і выяўленчыя магчымасці слова, вынаходзячы новы жанр паэтычнага жывапісу — малюнкі ў вершах:
Душы патрэбны адпачын,
яна ад стомы ледзь жывая.
Алтар кастрычніцкіх асін
святлом апошнім дагарае. («Душы патрэбны адпачын») [1, c. 32]
Э. Акулін — майстар мясцовых лірычных пейзажаў. Малюнкі гомельскай прыроды ствараюцца паэтам найчасцей не шляхам рэалістычнага ўспрымання свету, а праз словы, якія, нам здаецца, аўтар знаходзіць інтуітыўна:
Там, дзе хваля цалуе водмель
і палац на узгорку гожы,
усміхаецца ветла Гомель
людзям, чайцы, сівому Сожу. («Гомель») [1, с. 23]
Тэматычная прастора паэзіі Э.Акуліна знаходзщца ў традыцыйным для беларускай літаратуры вымярэнні зместу і характарызуецца сталымі, звыклымі для чытача тэмамі і праблемамі. Але кожная творчая індывідуальнасць мае свой погляд на рэчы, сваё бачанне рэчаіснасці, таму здольная нават самыя банальныя, будзённыя пытанні асэнсоўваць у незвычайным святле, штодзённыя праблемы вырашаць адметным, непаўторным чынам
Паэзія Акуліна сабрана з вобразаў, сімвалаў, якія вярэдзяць сэрца і не даюць забыць пра былое. Аўтарам апаноўвае пачуцце незваротнасці часу, яго хуткаплыннасці. Страх таго, што благое можа здарыцца зноў, балюча адгукаецца ў кожным слове. Не апошняе месца ў творчасці паэта займае тэма Чарнобыля – бяды, якая прыйшла ў кожную вёску, у кожную хату і сям’ю, зруйнавала тое, што было нажыта стагоддзямі яго землякамі:
Ён рэхам ад чорнага выбуху стаў.
Ён цяжарам чорным на нашыя грудзі.
Ён сцежкі маленства навекі адняў.
Ён памяццю чорнаю кожнаму будзе. («Ізноў красавік») [1, с. 36]
Чарнобыль чорным груганом уварваўся ў жыццё паэта, засланіўшы сваім пякельным крылом роднае веткаўскае сонца. Малая радзіма Акуліна стала зонай адчужэння, зонай трывожнага, неспакойнага жыцця яго бацькоў, яго аднавяскоўцаў, старых і малых, хворых і нямоглых. Попел чарнобыля засыпаў маляўнічыя краявіды сожскіх паплавоў, заток, бароў, якія з маленства палюбіў будучы паэт. Чарнобыльская паэзія з плачам і болем улілася ва ўсе жылкі кожнага чалавека:
Я крочыў дамоў небам
зямлёю туды нельга… («Я крочыў дамоў небам…») [1, с. 37]
Драматычныя эмоцыі ў чарнобыльскіх вершах “Трыццаць манет за здраду…”, “Дым Айчыны – чарнобыльскі дым…”, “Журавіны бяруць жанчыны…” — гэта выпяванне ўбачанага, прачутага і душэўнаасэнсаванага ў час вялікай чалавечай і агульнанацыянальнай трагедыі. Вясновую пару паэт сустракае бязрадасна, з гнятлівасцю, бо з ёй звязаны самыя сумныя згадкі. Ён памяццю чорнаю кожнаму будзе. Балючую спавядальнасць паэтавых радкоў успрымаеш з асаблівым хваляваннем, душэўным неспакоем [2, с. 202-203]:
Трыццаць рублёў – не болей.
Трыццаць – не менш за іх.
Столькі каштуе доля
палешукоў маіх. («Трыццаць манет за здраду») [1, с. 38]
Літаратура
- Акулін, Э. Пяшчота ліўня [Тэкст] / Э. Акулін. – Мінск.: Выдавецтва ЦК КП Беларусі, 1990;
- Бельскі, А. Краса і смутак [Тэкст] / А. Бельскі. – Мінск.: 2000;
Аўтар: А.Л. Кузьміч
Крыніца: Международная научно-практическая конференция «Восточные славяне: историческая и духовная общность», посвящ. 15-летию Общества Кирилла Туровского, 15–16 апреля2008 г. [материалы] / редкол.: В.И. Коваль (отв. редактор) [и др]. Гомель: ГГУ имени Ф. Скорины, 2008. – 235 с.