Малая i вялікая радзіма ў анамастыконе твораў Івана Шамякіна

0
244
Малая i вялікая радзіма ў анамастыконе твораў Івана Шамякіна

Яркая старонка ў беларускай мастацкай літаратуры XX — пачатку XXI стагоддзяў — творчасць Івана Пятровіча Шамякіна, народнага пісьменніка Беларусі, сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”, Дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, Старшыні Вярхоўнага Савета БССР, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата дзяржаўных прэмій СССР і БССР, аўтара шматлікіх раманаў, аповесцяў, апавяданняў, п’ес, кінасцэнарыяў і тэлесцэнарыяў, публіцыстычных і крытычных прац. Пісьменніку, як сведчаць шматлікія публікацыі пра яго творчасць, уласціва вострае адчуванне працэсаў грамадскага жыцця, маральна-этычных праблем, паказ чалавека праз актуальныя дачыненні да народных інтарэсаў. Ён прызнаны майстра вострага дынамічнага сюжэту, займальнай інтрыгі. Сюжэты яго асноўных твораў звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннай рэальнасцю, лёсы яго герояў асацыіруюцца з лёсам усяго пакалення, якое спазнала цяжкія выпрабаванні вайны, а ў апошнія гады жыцця мастака — з працэсамі перабудовы нашага грамадства, распаду СССР, катастрафічнымі вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая ўскалыхнула амаль увесь сусвет і асабліва малую радзіму пісьменніка. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы і тэлефільмы: кінааповесць “Эшалон прайшоў”, кінафільмы “Хлеб пахне порахам”, “Вазьму твой боль”, “Вясельная ноч”, “Гандлярка і паэт” і інш.

Біяграфізм — выразная адметнасць яго шматграннай творчасці, пра што сведчаць сюжэты яго асноўных мастацкіх твораў, успаміны, напісаныя пісьменнікам у апошнія гады жыцця, а таксама іншыя, сабраныя і кваліфікавана апрацаваныя яго дачкой, прафесарам Таццянай Іванаўнай Шамякінай, эсэ, мемуарная аповесць “Слаўся, Марыя!”, змешчаныя ў арыгінальнай і надзвычай пазнавальнай кнізе “Іван Шамякін: вядомы і невядомы: успаміны, эсэ, аповесць” (уклад. Т. I. Шамякіна. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011, — 272 с.). Яго майстэрства як пісьменніка-наватара, класіка падрабязна прааналізавана ў шматлікіх манаграфіях, артыкулах, дысертацыях, падрыхтаваных вядомымі даследчыкамі яго творчасці В. Каваленкам, А. Гардзіцкім, Д. Бугаёвым, А. Марціновічам, С. Майхровічам, П. Дзюбайлам, А. Бельскім, М. Пашкевічам, Г. Дашкевіч, У. Каваленкам, Г. Кісліцынай, I. Шаўляковай і інш. Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы народаў былога СССР і іншых краін. Ён адзін з самых чытальных беларускіх пісьменнікаў.

Мястэчка Церуха Гомельскага раёна пісьменнік Іван Шамякін называў сваёй малой радзімай, а яго апісанне, яго жыхары-прататыпы прысутнічаюць у многіх яго творах. Дарэчы, назва Церуха на Гомельшчыне неадзінкавая — гэта найперш рэчка з аднайменнай назвай — левы прыток Сожа даўжынёй 57 км, невялікі, але надзвычай рыбны і маляўнічы, а таксама мястэчка Церуха — радзіма жонкі пісьменніка Марыі Філатаўны Кротавай (Шамякінай). Таццяна Шамякіна спрабавала нават растлумачыць паходжанне гідроніма Церуха, магчыма, як яна лічыць, ад слова церушыць (скажам, лён), або цераб — у дыялектнай мове — лугі, пакосы, што ачышчаны ад кустоўя. Прыгажосць ваколіц Церухі на ўсё жыццё ўвайшла ў сэрца будучага класіка. У 1951 годзе, як успамінаў пісьменнік, ён на грошы Сталінскай прэміі за раман ‘Тлыбокая плынь” будуе ў Церусе звычайную вясковую хату, куды пастаянна прыязджае з сям’ёю на лета. У Церусе напісаны раманы “У добры час”, “Крыніцы”, “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”, аповесць “Ах, Міхаліна, Міхаліна… ” Вось, што адзначала пра гэта дачка пісьменніка Таццяна Іванаўна: “Іван Шамякін найбольш любіў раман-пенталогію «Трывожнае шчасце». Не толькі таму, што твор у вялікай ступені аўтабіяграфічны, а і таму, што пісаў яго шчаслівы чалавек. Я добра памятаю час, калі ствараўся раман — памятаю менавіта таму, што гэта былі самыя шчаслівыя для нашай сям’і гады — яны не паўтарыліся… Нягледзячы на адсутнасць звыклага камфорту, I. Шамякін любіў Церуху, як любяць родны кут, малую радзіму, як любяць месца, што дае магутны стымул для творчасці і ў той жа час дорыць сапраўдны адпачынак — не бяздумны, а таксама творчы. Ужо ў канцы жыцця I. Шамякін гаварыў, што нідзе яму так добра не працавалася, як у Церусе [5, с. 60-70].

Бацьку пісьменніка, Пятра Мінавіча, лесніка, здаралася, пераводзілі з месца на месца. Нейкі час у пачатку 1930-х гадоў ён працаваў у лесе каля вялікай вёскі, фактычна мястэчка Церухі, блізкай да Гомеля. Тут сям’я пражыла адзін год, калі Іван вучыўся ў пятым класе. Прыгожая прырода ваколіц вёскі асабліва кранула сэрца ўражлівага хлопца, але галоўнае, як неаднаразова паўтараў пісьменнік, тут ён сустрэў сваю будучую жонку — каранную церушанку Марыю Філатаўну Кротаву, якая стала прататыпам многіх яго гераінь. Завяршаючы ў верасні 1998 г. сваю біяграфічную аповесць-споведзь “Слаўся, Марыя!: Гісторьгя кахання, любові, жыцця”, дзе ўсе персанажы рэальныя, пісьменнік пранікнёна шчыра завяршаў: “Няхай светлы вобраз Марыі Філатаўны навечна застанецца ў памяці не толькі блізкіх ёй людзей, але ўсіх, хто яе ведаў, а можа, і ў некаторых з тых, хто прачытае гэтую гісторыю нашага кахання, любові, жыцця. Вам, мае ўнукі, адрасую яе, маю споведзь ” [5, с. 270]. I хоць былое мястэчка Церуху пісьменнік паслядоўна называў сваёй малой радзімай, у сапраўднасці, як сведчаць энцыклапедычныя звесткі, ён нарадзіўся 30.01.1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна. Гэта, як мы мяркуем, можна растлумачыць тым, што яго бацьку, лесніка Пятра Шамякіна, як і бацьку Якуба Коласа, Міхала Міцкевіча, таксама лесніка, часта пераводзілі з аднаго лясніцтва ў іншае, і малому Івану Шамякіну на ўсё жыццё запомніліся незабыўныя дзяцінства і маладосць, што прайшлі ў мястэчку і ваколіцах Церухі, пра што ён неаднойчы згадваў у сваіх настальгічных успамінах. Дарэчы, прозвішча Шамякін, якое растлумачыў I. Капылоў, паводле паходжання, — мянушка, якая найчасцей сустракаецца на тэрыторыі суседняй Расіі. У Беларусі гэты антрапонім у першую чаргу асацыіруецца з асобай народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна, які нарадзіўся на крайнім усходзе Гомельшчыны. У іншых рэгіёнах Беларусі гэта прозвішча не сустракаецца, за выключэннем Мінска, дзе жывуць прадстаўнікі роду знакамітага пісьменніка. I. Капылоў прыводзіць некалькі этымалогій гэтага прозвішча: “яно вельмі старажытнае, вядомае як мянушка з дахрысціянскіх часоў і ўтворана з двух кампанентаў — шы са значэннем шыя і мяка са значэннем мяць. Такую мянушку маглі даць моцнаму, смеламу, дужаму чалавеку — адным словам, асілку”. Ёсць і іншыя думкі (Звязда. — 20 жніўня 2013. — С. 6). Такое тлумачэнне мянушкі, на нашу думку, не крыўдзіць класіка. У мінулым мянушкамі карысталіся цары (Іван Грозны), знатныя феадалы — князь Мікалай Радзівіл па мянушцы Сіротка, вядомыя дзяржаўныя дзеячы: напрыклад, А. А. Грамыка меў мянушку Бурмак, якая яго не крыўдзіла. Дакладна, напрыклад, вядома, як узнікла мянушка-прозвішча Кудзелька таленавітага беларускага паэта 20-30-х гг. XX ст. Міхася Чарота (Кудзелькі Міхаіла Сямёнавіча). Прадзед паэта быў прыгонным панскім ткачом у Рудзенску. За ўменне лепш за іншых апрацоўваць палатно, разбірацца ў нітках, кроснах, кудзелях ён набыў пры двары пана мянушку Кудзелька, якая затым, ужо як прозвішча, замацавалася за родам знакамітага і надзвычай здольнага ткача, а потым… і за таленавітым унукам. Мянушку свайго бацькі — Струк, падрабязна растлумачыў Якуб Колас: “Бацька мой — Міхал Казіміравіч — вельмі дужы, шырокі ў плячах… Валасы чорныя, кучаравыя. Няўпынная рупнасць і клопат жылі ў яго істоце. На ногі быў лёгкі і з’яўляўся заўсёды там, дзе яго не чакалі парубшчыкі. Праз гэту ўвішнасць ды таму, што ён хударлявы, высах, бегаючы па лесе, мусіць, і далі яму мянушку Струк”. Параўн.: Струк у ТСБМ: доўгі і вузкі плод некаторых раслін, які складаецца з дзвюх палавінак, да якіх прымацавана насенне: струк гароху. сухія струкі фасолі і інш. Па характары, як пісалі даследчыкі творчасці Я. Коласа, Міхал Казіміравіч Міцкевіч быў цвёрдым але чулым, дзяцей выхоўваў у паслушэнстве, але і шкадаваў. Неабходна адзначыць, што жыццёвыя біяграфіі бацькоў Якуба Коласа і Івана Шамякіна ў многім падобныя.

Такім чынам, антрапаформула Шамякін Іван Пятровіч гучыць сімвалічна. Параўн.: Іван — самае тыповае ўсходнеславянскае імя, яно — сімвал рускага, беларуса, украінца. Імя Іван сярод праваслаўных у дарэвалюцыйнай Расіі было самым частым сярод асноўнай часткі насельніцтва: у царкоўных святцах на працягу аднаго года яно паўтараецца 167 разоў. Адсюль, відаць, і высокая частотнасць яго ужывання сярод простага люду, у прыказках і іншых жанрах беларускага, рускага і ўкраінскага фальклору, у творах мастацкай літаратуры. Такія вельмі вядомыя ў народзе і ў літаратуры онімы, як сведчаць даследчыкі, утвараюць у носьбітаў мовы не толькі анамастычныя, але і вобразныя (мастацкія), а часам і энцыклапедычныя асацыяцыі. А Пятровіч ад імя Пётр — з грэч. — цвёрды, камень.

Сваю малую радзіму — Гомельшчыну, Палессе — праславілі яшчэ два Іваны — Іван Паўлавіч Мележ і Іван Якаўлевіч Навуменка, народныя пісьменнікі Беларусі. У гэты ж пералік самых знакамітых асоб з Гомельшчыны, безумоўна, уваходзяць Андрэй Андрэевіч Грамыка — самы знакаміты савецкі дыпламат, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы; Кірыла Трафімавіч Мазураў — адзін з таленавітых кіраўнікоў Савецкай Беларусі і Савецкага Саюза і інш. У сваіх кнігах-успамінах яны ганарыліся сваімі роднымі каранямі, землякамі, не цураліся роднай мовы, заўсёды дапамагалі бацькоўскай зямлі. Яны на міжнародным узроўні стваралі гонар і пашану ўсёй Беларусі-радзіме.

Пра Івана Шамякіна як майстра сюжэту і пісьменніка, які вельмі творча і паспяхова ўводзіў у кантэкст твораў факты біяграфіі, сведчаць не толькі даследчыкі яго творчасці, калегі-пісьменнікі, сябры, члены яго сям’і, але асабліва разважанні самога пісьменніка ў апошнія гады жыцця, засведчаныя ў “Начных успамінах”, у кнігах “Размова з чытачом”, “Карэнні і галіны”, “Слаўся, Марыя!”: “Таццяна Маеўская ў«Глыбокай плыні» — мая жонка. Сюжэт можа ўзнікнуць з характару чалавека, які жыве, працуе побач з табой. Сюжэт «Глыбокай плыні» «трымала» Таццяна Маеўская. Пра гэта сказаў на памінальным абедзе, калі пахавалі дарагога мне чалавека, маці маіх дзяцей, Іван Навуменка… Марьгя Філатаўна была не толькі памочнікам у творчай працы, але і прататыпам гераінь многіх маіх раманаў, аповесцей. I гэта так, я зрабіў такое прызнанне ў біяграфічнай аповесці «Слаўся, Марыя!»” [11, с. 47].

Пісьменнік успамінаў: “Многія старонкі свайго жыцця ўлажыў у творах «Трывожнае шчасце», «Зеніт», «Карэнні і галіны» пра настаўнікаў і калег”. “«Помста»! Трагедыя і душэўная вялікасць чалавека. А хіба не такімі мы былі, як мой Раманенка? «Глыбокая плынь»! Гераізм людзей. А хіба не было яго? Безумоўна, нота высокая. Але такі быў час, і я быў шчырым сынам свайго часу” [10, № 7, с. 193]. “Жыццё новае, мірнае я праўдзіва напісаў у «Мосце». Гэта самая аўтабіяграфічная рэч у «Трывожным шчасці». Ну, яшчэ «Непаўторная вясна» [10, № 8, с. 165]. “Я паслаў «Помсту» ў «Беларусь». У добрыя рукі трапіла мая аповесць — Іллі Данілавічу Гурскаму. Не маючы магчымасці надрукаваць яе ў сваім танюсенькім часопісе, ён перадаў яе суседзям — у «Полымя». А там прозай загадваў Усевалад Краўчанка, а галоўным быў Пятрусь Броўка. Рэч ім спадабалася, і яны з ходу запусцілі яе ў нумар” [10, № 8, с. 167].

Падрабязна абагульненні і разважанні пра прататыпаў і літаратурных персанажаў з твораў Івана Шамякіна запісала яго дачка Таццяна Іванаўна Шамякіна. Прыводзім некаторыя, самыя характэрныя, выказаныя самім аўтарам. Марьгя Філатаўна Кротава — жонка пісьменніка з’яўляецца прататыпам многіх вобразаў жанчын у яго творах: “Якая гэта была натура, які характар, калі гэтага хапіла на дзясятак, калі не больш, яркіх, запамінальных характараў беларускіх жанчын”. “Бліжэй за ўсё да Машьг — Саша Траянава з «Трывожнага шчасця», гэтая рэч у многіх сваіх і сюжэтных ходах, і характарах аўтабіяграфічная… А хіба Таццяна Маеўская з «Глыбокай плыні» не Маша? I сюжэтная канва з першай часткі — жыццё сям’і Кротавых у акупацыі. А фельчарка Тася Батрак з рамана «Вазьму твой боль», Поля з «Атлантаў і карыятыдаў»… у іх характар маёй жонкі, яе вернасць, адданасць мужу, дзецям. Ёсць вобразы, якія па сюжэце далёкія ад жыцця Марыі Філатаўньг, але тыя з маіх калег, якія блізка ведалі яе, пазнавалі асобныя рысы. Такая Вольга Ляновіч з«Гандляркі і паэта». Надзея са «Снежных зім». Вольга — зусім іншы характар — імпульсіўная, у нечым нават авантурная, а часам і нахабная, што Машьг было зусім не ўласціва. Але калі пісаў раздзелы пра яе каханне і яе свядомае ўступленне ў барацьбу з акупантамі, я, добра помню, не раз думаў: а на каго з прататыпаў, якія акружалі мяне, «прымераць» яе ўчынкі?.. Галіна Адамаўна, жонка доктара Яраша з рамана «Сэрца на далоні». Ніхто, нават Андрэй Макаёнак, не пазнаў у Галгне Машу… [5, с. 197-199]. Не ўсе прататыпы з твораў I. Шамякіна выразна пазнавальныя, як, напрыклад, у творах Я. Коласа. Параўн.: Міцкевіч Лабановіч, Прорвіч Пражорыч, Ядвіга Ядвіся. У I. Шамякіна пазнавальнасць выяўляецца найчасцей праз значны кантэкст, аналогіі і ўзаемаадносіны, а таксама праз нязначныя падказкі самога аўтара або сяброў пісьменніка, напрыклад, у ‘Тлыбокай плыні” камандзір Гомельскага партызанскага злучэння Ружак (ззаду наперад — амаль І.П. Кожар, Герой Савецкага Саюза, як патлумачыў сам I. Шамякін) [10, с. 175].

У ‘Тлыбокай плыні” старшыня сельскага Савета Іван Сяргеевіч Бабінаў, з якім сябраваў I. Шамякін, расказаў, як расстралялі яго сям’ю, уначы, па-бандыцку, — і ў будучага пісьменніка з’явіўся сюжэт, з’явілася задума першага рамана, а назву рамана, вядомую цяпер усім, яму прыдумаў Андрэй Макаёнак, ён напісаў Шамякіну з Журавіч [10, № 8, с. 169]. Пра “Глыбокую плынь”, самы знакаміты раман пісьменніка, які аўтару прынёс усесаюзную славу і за які ён быў уганараваны Сталінскай прэміяй, пісалі многія даследчыкі (П. Дзюбайла, А. Марціновіч, У. Каваленка), і ўсё яны падкрэслівалі наватарства аўтара, навізну сюжэту, рэальнасць прататыпаў. Так, Алесь Марціновіч адзначаў: “Сам пісьменнік, калі пісаў «Глыбокую плынь», то ішоў ад тэмы. У першыя пасляваенныя гады рэспубліка наша, людзі жылі ўсё яшчэ героікай партызанскай барацьбы… «I я хоць сам і не быў у партызанах, — адзначаў I. Шамякін, — таксама жыў партызанскай тэмай. Вядома, тады мае пошукі адрозніваліся ад пошукаў сённяшніх. Ідучы ад тэмы, не маючы сюжэта, я пачаў шукаць прататыпаў. I пачуты мною эпізод пра тое, як яўрэйскага хлопчыка ўратавалі ад фашыстаў жыхары вёскі Дзятлавічы, што на Гомельшчыне, паслужыў пачаткам для работы»” [8, с. 232].

У рамане “Зеніт” ваенныя падзеі адлюстраваны амаль дакументальна, як піша сам аўтар, гэта “праўдзівая гісторьгя свайго 33-га асобнага зенітна-артьглерьгйскага дьгвізіёна ”. Эпізод у “Зеніце” спісаны з Хаіма Шалюбскага — саслужыўца пісьменніка, камандзіра гарматы, маленькага, вяртлявага, добрага камандзіра, родам з Дзятлава. ‘Тэта ён граміў нямецкую кватэру, калі ўступілі ў Германію. Аднак у старога немца, які прысутнічаў у кватэры, не стрэліў, хаця яго сям’ю ў Дзятлаве фашысты знішчылі” (с. 158). Многія вобразы рамана-копіі прататыпаў: Калбенка Калбека, Кузаеў — Кузьмін, Тужнікаў — Нужненка. Вобраз Глашы з гэтага рамана, якую пакаралі за сувязь з сяржантам, пісьменнік у многім спісаў з жонкі сябра па службе ў арміі Віктара Вольскага — Уладзіславы, яршыстай, з выразным характарам. “Я яе ведаў гадоў трыццаць і «прыцэльваўся» — куды, у які твор уставіць, у якой іпастасі… У «Зеніт» яна як бы сама папрасілася” [10, № 8, с. 148]. Літаратурныя традыцыі ў выбары такіх імёнаў прататыпаў прасочваюцца яшчэ з творчасці Ф. Багушэвіча, 3. Бядулі, Я. Коласа.

Часам нават не даследчыкі, а толькі блізкія пісьменніку людзі могуць выявіць у мастацкіх тэкстах прататыпаў і літаратурных персанажаў. Так, Таццяна Шамякіна пра сюжэт і галоўных герояў рамана “Сэрца на далоні” пісала: “Я добра памятаю тыя часы, калі пісаўся раман. Рысы самога I. Шамякіна ўвасоблены ў вобразе журналіста Шыковіча, рысы шчырага сябра аўтара — драматурга Андрэя Макаёнка — у вобразе доктара Яраша”. Неабходна тут адзначыць, што сябра I. Шамякіна, вядомы беларускі драматург, чалавек гераічнага лёсу, Андрэй Ягоравіч Макаёнак, які вылучаўся незвычайным жыццясцвярджальным характарам, адметнымі ад іншых уласнымі перакананнямі, быў таксама прататыпам іншых літаратурных персанажаў, але асабліва адметна гэта выявілася на вобразе архітэктара Максіма Карнача ў рамане “Атланты і карыятыды ”. Ён, дарэчы, не аднойчы раіў Шамякіну замяніць назвы загалоўкаў некаторых твораў або падпраўляў іх на свой густ і мастацкую вартасць, пра што з удзячнасцю ва “Успамінах” сцвярджаў Іван Шамякін. У аповесці “Першы генерал” I. Шамякін у самым пачатку ад свайго імя вядзе дыялог з чытачом, ён смела ўводзіць у сюжэт сябе свайго сябра Міхася, у вобразе якога ўдумлівы чытач можа пазнаць драматурга Андрэя Макаёнка.

Як прасачыў Алег Лойка, прататыпам гандляркі (галоўнай гераіні аповесці ‘Тандлярка і паэт ” — Вольгі) была суседка па кватэры — жонка I. Я. Навуменкі, Ядвіга Паўлаўна Іконнікава. Яна была гісторыкам, дацэнтам БДУ. Вырасла на ўскраіне Мінска, непадалёк ад Чэрвеньскага рынку. Ядвігу Паўлаўну паважалі як умелага жартаўніка, за дасціпнасць, веданне народнай мовы, якая выяўлялася ў яе павучаннях і дыялогах, бліскучых гумарыстычных прыказках. Студэнты называлі яе любоўна Мамкай, была яна надзвычай гаспадарлівай. “У Гандляркі з аповесці I. Шамякіна, як пераконвае А. Лойка, — усё гэта па партрэце Ядвігі Паўлаўны, з яе спісаныя, … пісьменнікам быў падгледжаны, тонка ўлоўлены яе характар. Ды і проста надзіва ўдала перададзена постаць, фігура, манеры паводзін, жэсты, дасціпнасць Ядвігі Паўлаўны. Такім чынам, у адмысловым сюжэце аповесці прататыпам быў не лёс, а менавіта жывы, непаўторны характар, і яшчэ знешні воблік Гандляркі быў як амаль Ядвігі Паўлаўны” [6, с. 101-102].

Майстэрства пісьменніка выяўляецца найперш у выбары загалоўкаў. Іван Шамякін вельмі ўважліва ставіўся да выбару загалоўкаў, сюжэтаў і прататыпаў сваіх твораў. Дачка пісьменніка Т. I. Шамякіна ў кнізе “Іван Шамякін у незвычайных ракурсах” (Мінск, 2011) адзначала, што пісьменніку падабаліся назвы яго ўласных раманаў. А загаловак “Вазьму твой боль ” яму параіў яго сябра Андрэй Макаёнак, хаця ў самога аўтара да гэтага тэксту было варыянтаў каля дваццаці [5, с. 53].

Ужо ў першых раманах, аповесцях I. Шамякіна ў загалоўках выяўляюць сімвалізм, сэнсавыя прырашчэнні, наватарства, узбагачаныя традыцыямі сусветнай літаратуры ў выбары галоўных онімаў. Так, загаловак аповесці “Помста” (параўн.: помста — адплата за прычыненае зло) выразна прэтэндуе на шматзначнасць. Змест жа яе, як падкрэслівалі ўважлівыя крытыкі, наадварот, заклікаў да чалавечнасці і разважлівасці, нагадваў пра неабходнасць гуманнага, разумнага і справядлівага размежавання вінаватых і невінаватых. Удалы і метафарычна ўзбагачаны выраз “глыбокая плынь Стаўшы загалоўкам, назваю першага і адразу знакамітага рамана, ён набыў асаблівую яскравасць і новае семантычнае напаўненне. “Глыбіня” выклікае цэлы ланцуг асацыяцый, выводзячы на сэнс сакральны, метафізічны: “глыбокі” — значыць, важны, неадназначны, мудры. Так, дачка Таццяна Шамякіна, якая крытычна ставілася да асобных загалоўкаў бацькі-пісьменніка, адзначала: “…назва выключна ўдалая. Сам выраз — “глыбокая плынь ” — хоць і не крылаты, але сустракаецца ў народным уяўленні… Назва прама падказвала на народны характар партызанскай барацьбы”. Пад “глыбінёй” разумеюць і ваду, і зямлю з яе падводнымі рэчышчамі, і падсвядомасць самога чалавека. Пісьменніка хвалявалі глыбіня (сутнасць) і першавыток розных з’яў, сімвалічна звязаных перш за ўсё з вобразам вады, пра што сведчыць загаловак яшчэ аднаго рамана — ‘Крыніцы”. Крыніцы як вядома, “б’юць з глыбінь”, так што назва, такім чынам, працягвае сімвалічную лінію першага рамана [5, с. 138-139].

Лінгвагеаграфічныя асаблівасці апелятыва крыніца даволі падрабязна прасачыла А. Манаенкава, узяўшы за аснову зыходныя формы і значэнні гэтага слова з родных для Шамякіна добрушскіх і веткаўскіх гаворак. Вось некаторыя абагульненні, зробленыя даследчыцай. Калі ваду жывёле і для гаспадарчых патрэб бяруць з калодзежа (або копанкі), то для піцця і падрыхтоўкі ежы жыхары некаторых сёл выкарыстоўваюць крынічную: з крыніцы (у русле спецыяльна выкапана паглыбленне, дзе збіраецца чыстая вада, або ў той мясціне ставяць калодзеж). Слова крыніца са значэннем “калодзеж” вядомае як абласное ў курскіх, смаленскіх, пскоўскіх, данскіх, варонежскіх, бранскіх гаворках. Наяўнасць яго ў названых рускіх гаворках, як лічаць Ф. Філін і А. Манаенкава, тлумачыцца ўплывам на іх беларускай і ўкраінскай моў [7, с. 81]. Відаць, не без уплыву шамякінскіх “Крыніц” новыя паселішчы называюць гэтым прыгожым словам: у ваколіцах Мазыра ў канцы XX ст. узнік побач з Прыпяццю сучасны новы аграгарадок Крынічны.

Сімвалізмам, шматзначнасцю выдзяляюцца і іншыя загалоўкі твораў гэтага класіка. Так, “Сэрца на далоні” — гэта не анатамічны экспанат, не алагічнае словазлучэнне, а з лёгкай рукі пісьменніка — сімвал дзейснага гуманізму. Асабліва выразна такія высокія маральныя якасці асобы выяўляюцца на кантрастывах у вобразе Зосі Савіч — жанчыны гераічнай і трагічнай, у процілегласць Сямёну Гукану — чыноўніку высокага рангу, які, займаючы адказны дзяржаўны пост, кіруючыся ўласнымі карыслівымі мэтамі, імкнуўся афіцыйна зацвердзіць уласную версію пра страты і гібель многіх удзельнікаў мінскага падполля. Ён свядома кінуў цень на доктара Савіча і іншых, якія загінулі і сталі ў яго ацэнках здраднікамі, і, такім чынам, пераступіў законы чалавечай маралі, прыстойнасці, сумленнасці.

Назва яшчэ аднаго рамана I. Шамякіна “Злая зорка” таксама выразна сімвалічная: твор пра самую вялікую катастрофу XX стагоддзя, якую найбольш спазнала наша Беларусь і асабліва малая радзіма пісьменніка, — пра падзеі, звязаныя з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Вобраз палыннай зоркі, як сведчаць даследчыкі, узяты з Апакаліпсісу, прарочыць канец свету, гэта назва-полісемант, яна сімвалізавала вынікі і “брэжнеўскага застою”, і пачатак катастрафізму “дэмакратычнай эпохі”, і “перабудовы”, уласцівай дзевяностым гадам XX ст. у былым СССР. Стварэнне гэтага загалоўка каменціруе сам пісьменнік: ”… Ездзілі з хойніцкімі хлопцамі, маімі маладымі сябрамі — Міколам Мятліцкім і Барысам Сачанкам. Трапілі на другое адсяленне: галасіла родная вёска Міколы, Бабчын. Не помню, з якога факта завязаўся сюжэт… Ці не з рэплікі нейкага з кіраўнікоў, што жаніў сына ў страшны красавіцкі дзень. А другі вельмі хваляваўся, што сына-афіцэра з Грузіі паслалі ў Афганістан.

Звязаў у адно, пісаў ліхаманкава, як, можа, некалі ў маладосці “Глыбокую плынь Ажно сэрца забалела. Напісаў хутка. Назву ўзяў з Бібліі, з “Адкрыцця Святога Іаана Багаслова ”: “Третий ангел вострубил и упала большая звезда. Имя той звезды Полынь… ” Па-ўкраінску палын — чарнобыль ” [11, с. 49]. Такім чынам, у аснове назвы — спецыфічная метафарызаваная перыфраза, а назва горада Чарнобыль, якая стала сімвалам самай буйной тэхнагеннай катастрофы XX ст., вядомая ва ўсім свеце. Станаўленне назвы можна ілюстраваць наступнай схемай: чарнобыль (разнавіднасць палыну) —> Чарнобыль (горад на беразе Прыпяці, дзе, відаць, раней было многа гэтага палыну). Чарнобыль (Ч4ЭС) — метафарычная назва, якая сімвалізуе сусветную глабальную катастрофу, вынікі якой найбольш закранулі Беларусь, асабліва паўднёва-ўсходнія раёны беларускага Палесся, малую радзіму пісьменніка.

Некаторыя загалоўкі ў творах літаратуры ствараюцца на незвычайным спалучэнні слоў-кампанентаў, утвараючы такую стылістычную фігуру, як аксюмаран — узаемадзеянне супрацьлеглых дэфініцый, якія лагічна выключаюць адна другую, але, ужытыя разам, даюць новае патрэбнае пісьменніку па яго задуме мастацкае ўяўленне [3, с. 78]. Параўн.: “Гарачы снег”, “Жывы труп”, “Святыя грэшнікі”, “Аптымістычная трагедыя”, “Жывыя мошчы”. У гэты незвычайны і запамінальны для любога чытача набор загалоўкаў з твораў сусветнай літаратуры ўваходзіць і назва пенталогіі I. Шамякіна таксама з алагічнай назвай “Трывожнае шчасце”, як лічаць даследчыкі, адзін з лепшых яго твораў пра вайну і каханне, пра вернасць пачуццяў і сардэчнасць, абавязак і, безумоўна, як скразная тэма амаль усіх яго раманаў і аповесцяў — найперш пра патрыятызм, вернасць абавязку, любоў да блізкіх, да малой і вялікай Радзімы. Твор і сёння, хаця і быў напісаны ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў XX ст., актуальны і лічыцца наватарскім у беларускай мастацкай літаратуры, і, як сведчаць апытанні школьнікаў, студэнтаў, ён у ліку і самых папулярных у беларускай літаратуры.

Як мы ўжо адзначалі, у пісьменніка Івана Шамякіна ў большасці ўдалыя загалоўкі, пра што пісала і афіцыйная крытыка, аднак у сваіх “Начных успамінах” ён самакрытычна тлумачыў, чаму некаторыя назвы аповесцяў замяніў, прыслухоўваючыся да парад сяброў-пісьменнікаў: “Яшчэ будучьг ў партшколе, на выпускным курсе, я пачаў новы раман — пра калгасную вёску. Усе пісалі пра яе: Янка Брыль узнёслую паэму сачыніў «У Забалацці днее». Чым я горшы? Два гады жьгў у пасляваеннай вёсцы, рабіў і настаўнікам, і сакратаром партарганізацыі. Раман назваў «Блізкі час». Блізкі час лепшага жыця. Так разумеў. У гэтым быў нейкі сэнс. Мяне ўшчувалі (здаецца, Вялюгін), пераканалі, што лепш «У добры час»” [11, с. 37]. Аповесць “Ах, Міхаліна, Міхаліна..як сведчаць даследчыкі творчасці I. Шамякіна, заснавана на рэальных падзеях: на шчырай споведзі маладой настаўніцы пісьменніку (I. Шамякіну — В. Ш.), які як мастацкі прыём (споведзь) выкарыстаў у гэтым творы, зрабіўшы эпізоды сустрэч з гераіняй своеасаблівым сюжэтным абрамленнем твора, у цэнтры якога — сама Міхаліна. Звяртаюць увагу ў гэтым творы імёны персанажаў, якія прадумана падабраў пісьменнік. Таццяна Шамякіна адзначала, што ў аўтара паслядоўна “імя — таксама вобраз, уключаны ў агульную вобразную сістэму твора, яно найперш знак і сімвал любой асобы: Міхаліна — бясспрэчна, неардынарная асоба, якая пакахала завуча іхняй вясковай школы Аляксандра Дзямідавіча. Міхаліну прыдумаў сам аўта; сяброўкі называлі яе Лінаю, а каханы чалавек — мужчынскім імем Міхаська, а вучні клікалі Міхалінай Казіміраўнай. А імя яе бацькі Казімір — складанае і, як лічыцца, асацыіруецца з нечым вызначальным (“мір”), незласлівым і выключна цвёрда-мужчынскім. I ў той жа час Міхаліна гучыць надзвычай пяшчотна, ласкава, менавіта па-жаночы” [5, с. 102].

Некаторыя загалоўкі твораў пісьменніка, на першы погляд, нібыта не адпавядаюць іх асноўнаму зместу, напрыклад, апавяданне “У снежнай пустыні”, аповесць “Помста”, але гэта не так, хутчэй за ўсё гэта мастацкі прыём. Бо, як заўважылі даследчыкі стылю I. Шамякіна, назва першага твора прама хоць і не нагадвае пра вайну, а героі “больш змагаюцца са снежнай пустыняй, чым з нямецкімі салдатамі”, аднак ужо тады малады пісьменнік, відаць, інтуітыўна ўлічваў вопыт і класічныя традыцыі сусветнай літаратуры (параўн. творы Дж. Лондана, В. Скота — В.Ш.), і праз пэўную сістэму паводзін чалавека, умелую сюжэтную арганізацыю падзей здолеў паказаць абагулены характар і канкрэтны фрагмент вайны. Тое ж і ў аповесці “Помста”. Паводле павярхоўнага яе прачытання можа скласціся ўражанне, што шамякінскі маёр Раманенка нібыта не адпомсціў фашыстам за знішчэнне яго сям’і, блізкіх яму людзей, бо ў той час нашы салдаты-пераможцы гарэлі прагай помсты за нечуваныя здзекі. Аднак, па-філасофску, як лічаць даследчыкі, помста адбылася: “Яна ў тым, што Раманенка прыйшоў у дом фашыста Візонера пераможцам і сказаў яго сям ’і праўду пра ката ” (В. Каваленка).

Паэтэса Г. Дашкевіч, якая, дарэчы, абараніла дысертацыю па творчасці I. Шамякіна, у вершы-прысвячэнні класіку выказвае словы ўдзячнасці, умела абыгрываючы асноўныя загалоўкі яго мастацкіх твораў: Праз снежныя зімьг, завеі Упарта ідзеце наперад, На аркушы белай паперы — Любоў і надзея, і вера. На аркушы белай паперы — Чысцейшая дружба і здрада. Шырока адчынены дзверы Каханню, сумленню, спагадзе. А сэрца нястрымна імкнецца Увабраць увесь боль чалавечы. Як дрогне яно, як заб ’ецца Ад крыўды, хлусні недарэчнай! У глыбокую плынь роднай мовы, У нязгасны зеніт Адраджэння, Ісці да канца Вы гатовы… Пашлі Вам Гасподзь блаславення [4, с. 14].

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Аммон, М. Матыў фантастычнага падарожжа ў творчасці В. Адамчыка / М. Аммон // Роднае слова. — 2013. — № 11.-С. 3-6.
  2. Бугаёў, Д. Яго чалавечнасць / Д. Бугаёў // Полымя. — 1997. — № 11. — С. 223-231.
  3. Васілеўская, А. Загаловак мастацкага тэксту: на прыкладзе рамана “Каласы пад сярпом тваім” У. Караткевіча / А. Васілеўская // Роднае слова. — 2003. — №3. — С. 55-58.
  4. Дашкевіч, Г. М. Заверб’е: сшытак вершаў розных гадоў / Г. М. Дашкевіч. — Гомель, 2018. -104 с.
  5. Іван Шамякін: вядомы і невядомы: успаміны, эсэ, аповесць / Уклад. Т.І. Шамякіна. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011. — 272 с.
  6. Лойка, А. А. Займальная літаратура: Эсэ / А. А. Лойка. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2009. — 176 с.
  7. Манаенкова, А. Ф. Русско-белорусскне языковые отношення (на матер. русскнх говоров Веткн) / А. Ф. Манаенкова. — Мннск: БГУ, 1978. — 168 с.
  8. Марціновіч, А. “3 цэлым народам гутарку весці…” / А. Марціновіч // Полымя. -2001. -№ 1. -С. 230-243.
  9. Мельнікава, 3. Канцэпцыя мастака і абставін у паэме “Сымон-музыка” Я. Коласа і творах 3. Бядулі 20-х гадоў / 3. Мельнікава // Роднае слова. — 2000. — № 5. — С. 18-24.
  10. Шамякін, I. Дзе сцежкі тыя / I. Шамякін // Полымя. — 1993. — № 7, № 8.
  11. Шамякін, I. Начныя ўспаміны / I. Шамякін// Полымя. — 2003, — №9, — С. 10-50.

Аўтар: В.В. Шур
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы VI Міжнар. навук.-практ. канф., Мазыр, 27 верас. 2019 г. / УАМДПУ імя I. П. Шамякіна; рэдкал.: А. У. Сузько (адк. рэд.) [і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя I. П. Шамякіна. 2019. — С. 28-35.