З развіццём беларускага Інтэрнэту традыцыйныя выданні пачынаюць губляць чытачоў. Час вымагае новых падыходаў, новага бачання публіцыстычнага тэксту. Як вядома, «журналісцкі тэкст выступае ў якасці своеасаблівага барометра змен жыццёвага ўладкавання грамадства, дапамагае вызначыць іх характар, рэалізуе магчымасці мовы» [2, с. 84].
Форма выдання таксама мае значэнне. Папяровыя часопісы больш не актуальныя для моладзі. Малады чалавек жадае пабачыць, пачуць, «намацаць» новую інфармацыю. Амаль кожнае перыядычнае выданне мае свой афіцыйны сайт (часопісы «Маладосць», «Дзеяслоў», «Arche», «Czasopis», газеты «Наша ніва», маладзёжная «Музыкальная газета» і інш.). З’яўляюцца мультымедыйныя выданні, у тым ліку і на беларускай мове («34 MULTIMEDIA MAGAZINE»).
Што да непалітычнага беларускамоўнага мультымедыйныя выдання «34 MULTIMEDIA MAGAZINE», то асноўныя тэмы, якія ў ім асвятляюцца — гэта альтэрнатыўная музыка, кіно, розныя грамадскія мерапрыемствы, літаратура. Пабудова выдання адметная: часопіс — гэта папка з файламі, першы з якіх так званы Readme. У ім пададзена, як правільна карыстацца часопісам, якое абсталяванне патрэбна, каб прагледзець старонкі, пабачыць анімацыю і паслухаць музыку. Далей змешчана прадмова (Enter), дзе прапісваецца асноўная думка нумара выдання і навігацыя, затым прапануецца 13 тэматычных раздзелаў, у кожным з якіх прыкладна 2-4 старонкі.
Стыль маўлення — такі ж маладзёжны і альтэрнатыўны. На старонках часопіса сустракаем слэнгавыя словы, вульгарызмы, размоўную лексіку ледзь не ў кожным сказе. Гэта можна патлумачыць тым, што выданне скіравана на канкрэтных рэцыпіентаў, на іх адэкватнае ўспрыняцце інфармацыі. Адрасатам маўлення з’яўляецца малады чалавек, таму найболынага эфекту можна дасягнуць праз яркую і экспрэсіўную лексіку (у тым ліку слэнг). Зразумела, што слэнгавыя словы могуць прывабіць моладзь, а, улічваючы тое, што часопіс беларускамоўны, узвысіць родную мову ў вачах чытача, зрабіць яе сучаснай, моднай.
Традыцыйна тэрмін «слэнг» разглядаецца ў якасці сіноніма да тэрмінаў «жаргон» і «сацыяльны дыялект». Прынята лічыць, што і «жаргон», і «сацыяльны дыялект», і «слэнг» — гэта перш за ўсё «разнавіднасць мовы, якой карыстаюцца прафесіянальныя групы і сацыяльныя праслойкі людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча» [3, с. 403]. Аднак на сучасным этапе слэнг «не мае выразнай сацыяльна-прафесійнай арыентацыі, ім могуць карыстацца прадстаўнікі рознага сацыяльнага і адукацыйнага статусу, розных прафесій і г. д. Таму можна адзначыць такую асаблівасць слэнгу, як агульнавядомасць і шырокую ўжывальнасць» [1, с. 188].
Варта падкрэсліць, што асноўнымі карыстальнікамі беларускага слэнгу з’яўляюцца маладыя людзі і падлеткі рознага сацыяльнага становішча, якія хоць і не ўваходзяць у пэўныя прафесіянальныя групы, усё ж такі ўмоўна аб’яднаныя агульным родам заняткаў (вучоба, хобі, кап’ютэр), ладам жыцця (болынасць з іх яшчэ не працуе, таму мае шмат часу для разваг і камунікацыі), поглядамі (ідэі свабоды, справядлівасці і інш.). Разам з тым яны востра адчуваюць апазіцыю «свой — чужы» — неабходнасць адасобіцца ад іншых падлеткаў, якія ў побытавых зносінах выкарыстоўваюць рускую мову, ад бацькоў, настаўнікаў, выкладчыкаў; жадаюць, каб іх пабачылі, пачулі, а нават і пазайздросцілі ім.
Пранікненне ў маўленне беларускай моладзі падобных лексічных адзінак адбываецца ў выніку моўнага ўплыву Інтэрнэту, замежных СМІ, масавай культуры і г. д. Разам з тым, на думку вучоных, «пранікненне запазычаных слоў — непазбежны аб’ектыўны працэс, з якім наіўна змагацца, але які трэба пазнаваць і рэгуляваць» [4, с. 71].
Нельга забываць і пра тое, што беларускі маладзёжны слэнг з’явіўся нядаўна і ўсё яшчэ знаходзіцца на стадыі развіцця і папаўнення яго лексічнымі адзінкамі, што ён, у адрозненне ад рускага маладзёжнага слэнгу, не мае ярка выражанай «субкультурнай» замкнёнасці: слэнг беларускіх «панкаў» не адрозніваецца ад слэнгу беларускіх «готаў», бо часцей за ўсё яны выкарыстоўваюць рускую мову. Тыя ж маладыя людзі, якія карыстаюцца беларускай мовай (у тым ліку і яе слэнгавымі лексічнымі адзінкамі), часцей за ўсё не існуюць адасоблена, але і не належаць ні да якой маладзёжнай «субкультуры».
Беларускую слэнгавую лексіку паводле паходжання можна падзяліць на слэнгавыя словы, утвораныя на аснове агульнаўжывальнай лексікі, і лексічныя запазычанні.
Да першай групы адносяцца лексічныя адзінкі, пры ўтварэнні якіх назіраецца тэндэнцыя да ўсячэння асновы слова, захавання мінімальнай колькасці фанем: дзяк (вар. дзякі) — ‘дзякуй’; зара (сін. 5 сек) — ‘зараз’, ‘праз хвіліну’; канц — ‘канцэрт’; універ — ‘універсітэт’; кросы — ‘красоўкі’; чал (вар. чэл) — ‘чалавек’; інфа — ‘інфармацыя’; комп — ‘камп’ютэр’; татуха — ‘татуіроўка’ і г. д. Усячэнне асновы таксама можа суправаджацца ўзнікненнем дадатковага суфікса (дыскач — ‘дыскатэка’; канц, канцык — ‘канцэрт’ і інш.).
Значную частку лексічных запазычанняў у беларускім маладзёжным слэнгу складаюць англа-амерыканскія лексічныя запазычанні. Так, у маўленні маладых людзей сустракаюцца англа-амерыканізмы кшталту: хітчхайкінг (сін. аўтаспын) — англ. hitchhiking — ‘язда на спадарожных машынах’; хіпі (вар. хіпан) — англ. hippie — ‘хіпі’, ‘чалавек, які адносіць сябе да пацыфістаў’, ‘чалавек свабодных поглядаў’; канэкціцца — англ. to connect — ‘звязвацца’, ‘выходзіць на сувязь’; лагініцца — англ. login — ‘праходзіць аўтарызацыю’; энтэр — англ. enter — ‘уваход’; вінда — англ. Windows — ‘аператыўная сістэма Windows’; гугел — англ. Google.com — ‘сайт-пашукавік Google.com’ і інш.
Ужыванне англа-амерыканізмаў абумоўлена натуральным жаданнем кожнага маладога чалавека выдзеліцца, звярнуць на сябе ўвагу, а таксама абазначыць апазіцыю «свой-чужы» : акей! — англ. ок! — ‘згода’, ‘добра’; паці — англ. party — ‘вечарына’; коп(ы) — англ. сор — ‘міліцыянт / паліцыянт’,’ прадстаўнік(і) ўлады’ (За спінамі бацькоў і копаў); цішотка англ. T-short — ‘майка’, ‘кашулька’, ‘футболка’; крэатыў — англ. Creative — (даслоўна:’творчы’) ‘творчы, вельмі свабодны нарыс, эсэ’ і інш.
Варта адзначыць, што адной з асаблівасцей беларускага маладзёжнага слэнгу з’яўляецца тое, што ў адрозненне ад рускага, дзе англа-амерыканізмы функцыянуюць ужо даволі даўно і вызначаюцца як слэнг рускіх «хіпі», некаторыя запазычанні з англійскай мовы ў маўленні беларускай моладзі яшчэ не страцілі сваёй іншамоўнай афарбоўкі. Так, напрыклад, можна дакладна ўзнавіць паходжанне беларускіх слэнгавых слоў: аскацъ — англ. to ask — ‘пабірацца, спрабаваць нешта пазычыць’; стафф — англ. staff — ‘цікавая рэч, інфармацыя’; хітчхайкінг (сін. аўтаспын) — англ. hitchhiking — ‘язда на спадарожных машынах’; хіпі (вар. хіпан) — англ. hippie — ‘хіпі’, ‘чалавек, які адносіць сябе да пацыфістаў’, ‘чалавек свабодных поглядаў’ і інш.
Адной з асноўных крыніц лексічных запазычанняў выступае руская мова. Гэта абумоўлена перш за ўсё сітуацыяй беларуска-рускага білінгвізму, а таксама багаццем рускага слэнгу. Сапраўды, сярод беларускіх слэнгавых слоў, што сустракаюцца на старонках «34 MULTIMEDIA MAGAZINE», болыпасць лексем якраз рускага паходжання: myca (аднакар.: тусоўка, тусіць, тусавацца) — ‘кампанія’, ‘група людзей (моладзі)’; тэма — ‘добрая думка’, ‘музычная мелодыя’, ‘субкультура’, ‘плынь’ (Файная тэма! або: Яна не ў тэме); сцёб — ‘гумар’, ‘іронія’ (Зрабіць нешта па сцёбу); прыкід (ст. шмоткі, барахло) — ‘адзенне’, ‘вонкавы выгляд’; корачка (вар. корка — зневаж, ‘дыплом аб вышэйшай адукацыі’ (Фізік паводле корачкі); баблос (вар. бабло, бабкі, бабосы; сін. капуста, зялёныя, лавэ, лаванда) — ‘грошы’ (Не ў баблосе шчасце); галяк — ‘адсутнасць грошай’; фігня — ‘лухта’, ‘драбяза’ (Што ты фігнёй маєшся?); чувак — ‘чалавек’, ‘хлопец’, ‘мужчына’; чувіха — ‘дзяўчына’, ‘кабета’; страла — ‘сустрэча’ (Спазняюся на стралу з кім-небудзь); размуціць — ‘набыць’, ‘знайсці’, ‘прыдбаць’ (Размуціць бы сачку!) і інш. Запазычанні з рускага слэнгу маюць вельмі моцную фамільярную эмацыянальную афарбоўку, а таксама валодаюць вялікай разнастайнасцю адценняў: ад жартаўлівага да вульгарнага.
Асобную нешматлікую групу лексем складаюць беларускія калькі з рускіх слэнгавых слоў: задзяўбаць руск. задолбать) — ‘надакучыць’; аўтаспын руск. автостоп) — ‘язда на спадарожных машынах’; ніштавата (руск. ништяк) — ‘нядрэнна’, ‘амаль добра’ і інш.
Слэнг з’яўляецца ў маўленні маладых людзей ў выніку моўнага ўплыву Інтэрнэту (матэрыялаў сайтаў, блогаў і г. д.), замежных СМІ, масавай культуры і інш. У сваю чаргу слэнгавыя словы пранікаюць ў беларускія сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і мультымедыйныя выданні, праз маўленне аўтараў публікацый, саміх журналістаў, большасць з якіх — гэта маладыя людзі, актыўныя карыстальнікі Інтэрнэту, тыя, хто шырока ўжывае слэнг ў паўсядзённых побытавых зносінах. Гэту думку пацвярджае і аналіз мультымедыйнага часопіса «34 MULTIMEDIA MAGAZINE», на старонках якога дастаткова шырока пададзены беларускія слэнгавыя словы.
Традыцыйна слэнг разглядаецца як негатыўная з’ява. Аднак, зразумела, што сітуацыя, калі актыўныя носьбіты беларускай мовы ў нефармальных зносінах карыстаюцца пераважна яе літаратурнай разнавіднасцю, выглядае ненатуральна. Мова павінна развівацца цэласна. Ужыванне беларускага слэнгу ў публіцыстычных тэкстах сведчыць пра актыўнае выкарыстанне беларускай мовы і павелічэнне агульнай колькасці яе носьбітаў, а таксама пра яе натуральнае развіццё.
Літаратура
- Бойка В. Структура і семантыка тэксту. Слэнгавая лексіка ў беларускамоўным інтэрнэт-дыскурсе // Актуальныя праблемы мовазнаўства і лінгвадыдактыкі: Матэрыялы Рэспубл. навук. канферэнц. да 70-годцзя з дня нарадж. праф. Г. М. Малажай. Брэст, 2008. С. 188-190.
- Іўчанкаў В. I. Інтэгратыўны падыход да журналісцкіх даследаванняў (лінгвістыка публіцыстычнага тэксту — дыскурсны аналіз CMI) // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Сер. 4. 2003. №1. С.84-88.
- Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / АН Беларусі. І-т мовазнаўства імя Я. Коласа; Пад рэд. А. Я. Баханькова. Мінск, 1994.
- Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы: Вуч. дапам. для студ. фак. журналістыкі. 2 выд., дапрац. і дап. Мінск, 1995.
- 34 MULTIMEDIA MAGAZINE. Інтэрнэт-адрас: http://34mag.net/content/867.
Аўтар: М. Авярчук
Крыніца: Сборник работ 67 научной конференции студентов и аспирантов Белорусского государственного университета. 17-20 мая 2010 г., Минск. В 3ч. Ч.2. — Минск, 2011. — С. 3-6.