Магія карагодна-танцавальных дзеянняў у абрадзе палешукоў

0
77
Магія карагодна-танцавальных дзеянняў у абрадзе палешукоў

Традыцыйная культура з’яўляецца той асновай, дзякуючы якой народ адчувае сябе жыццяздольным, ўпэўненым у сваёй сіле і высокім духоўным патэнцыяле. Працэсы глабалізацыі на зямлі закранулі не толькі палітыку, эканоміку, але і куль­туру. А гэта ўжо вядзе да нівеліроўкі нацыянальных культур, іх збяднення. Таму вельмі важна ў цяперашні час як мага больш увагі звяртаць на тыя сферы чалавечай дзейнасці, у якіх яшчэ працэс глабалізацыі не набраў вялікіх абаротаў, не перайшоў той мяжы, за якой ужо немагчыма што-небудзь выправіць.

Самым эфектным сродкам масавай культуры з’яўляецца зварот да жыватворных вытокаў народнай мудрасці (фальклору), скарбонкі, якая назапашвалася і назапашваецца з паконвеку. Гэта спрадвечнае дазваляе гаварыць пра перспектыўнасць працэсу фалькларызацыі культуры ў цэлым. Гэта надзвычай важна ў плане захавання нацыянальнай самабытнасці, нацыянальнай свядомасці і аўтэнтычных нацыянальных культур.

Беларуская нацыянальная культура бярэ свой пачатак з даўніны, з эпохі з’яўлення чалавека на зямлі. Рух з’явіўся галоўнейшай умовай існавання чалавецтва, і ад яго ўжо нядоўга да руху магічнага, абрадавага, танцавальнага.

Імітацыяй, рухамі чалавек перадаваў той ці іншы свой стан, земляробчы пра­цэс, з’яву прыроды, жыццё расліннага асяроддзя. Першапачаткова быў рух, бо з дапамогай руху чалавек размаўляў з прыродай, з другім чалавекам, перадаваў не толькі рабочы і творчы працэс, але эмацыянальнасць, стан душы, пэўны смутак ці радасць.

Ад нараджэння чалавека і да яго пахавання ўсё было звязана з рухомымі дзеяннямі. Рухі, жэсты існавалі ва ўсіх магічных дзеяннях, ці то ідучы на паляванне, ці то выконваючы земляробчую працу. Такім чынам зараджаліся спачатку рухі ў паўсядзённым жыцці, і толькі затым паўсталі танцавальныя рухі, малюнкі, якія абазначалі тое ці іншае дзеянне. На гэтых рухомых, жыццёва неабходных дзеяннях пачалі з цягам часу стварацца танцы. I першымі з’явіліся карагодныя, а затым ужо спеўныя карагоды: вясновыя, летнія, восеньскія і меншая колькасць зімовых.

Танец, рух як сродак выражэння эмацыянальна-псіхалагічнага і этычнага на­рода займае важнае месца ў беларускім фальклорна-абрадавым дзеянні. Асабліва ў кожным абрадава-святочным дзеянні існуе свой характар танца: жартоўна-заліхвацкі, дынамічна-вясёлы, гульнёвы. У паэзіі танца ажывае душа народа, у яго ма­люнках раскрываецца жыццёвае дзеянне беларуса-палешука. Шматлікія фалькларысты, этнографы (не толькі Беларусі), звярталіся да Беларускага Палесся і яго памежжа.

Спрадвечныя карагоды беларускага селяніна, каб зямля радзіла… Сярод іх — абрадавы карагод «Юр’я». У гэтым палескім карагодзе, зафіксаваным у вёсках Любавічы і Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, магічнае ўздзеянне на зямлю. Карагод гэты колавы — сонечны, каб жыта радзіла, але закопванне кавалкаў караваю ў зямлю адкрывае магічнасць падзеі.

У Юраўскім карагодзе не толькі рухомыя дзеянні скіраваны на добры ўраджай, але і песеннае слова таксама магічнае:

Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць,
А дзе не бывае, то там уляга
е.
О,то ж карагод, о то ж вялікі
Зарадзі, Божа, жыта дый на новае лета.

У карагодзе арганічна зліты як характэрны рух танца, так і гульнёвае дзеянне з песнямі. Увогуле карагоды вадзілі толькі ў суправаджэнні песні, а пазней часам і пад свісцёлку, дудку.

Збіральнікі народнай творчасці, этнографы, фалькларысты доўгі час, на жаль, запісвалі толькі словы, не звяртаючы ўвагі на сінкрэтычнасць карагоднага руху, на сінтэз лірыка-песеннага слова, харэаграфіі і песні. Яны як сінтэз адзінага цэлага, вельмі арганічна дапаўняюць адна адну і гэтым яшчэ больш яскрава выражаюць тое ці іншае дзеянне земляробчага працэсу і з’яву жыцця.

Аснова амаль усіх карагодаў абрадавая. іх разнастайнасць на Беларусі праяўляецца не толькі ў назве, але і ў характары, кожны ўзмах рукі валодае сваёй сілай, кожны абыход мае свой сэнс. Карагод — гэта не проста хаджэнні, гэта паэзія. У кожным абрадзе розныя карагодныя дзеянні: колавыя, вілюзкавыя, шаранговыя, ланцуговыя, лінейныя і вельмі рэдкія, на Зялёных Святках, перакульваючыя, калі жанчыны, лежачы на траве, перакульваюцца адна праз адну і коцяцца далей, робячы гэта некалькі разоў і па-рознаму (в. Рачыцк, Столінскага раёна, Брэсцкай вобласці).

Назва кожнага карагода, танца, гульні гаворыць сама за сябе: «Куст», «Жаніцьба Цярэшкі», «Страла», «Крывы танок», «Стрэчанне або Грамніцы», «Падушачка», «Зборная субота», «Аберагальны», «Стужачка скажы», «Млынок», «Жніце, жнеячкі, жніце», «Калядны конік шчадрэц», «Купалачка» і шэраг іншых.

Харэаграфічнай лексікай, імітацыяй, рухам жэстам выразна характарызуецца герой танца і яго праца: «Цапы», «Пастух», «Касар», «Плытагоны», «Мельнік», «ПІаўцы», «Пекар», «Бондары», «Кузняцы», «Кашалі-кашолачкі», «Гаршэчнік». Трэба адзначыць, што гэтая яскравая танцавальная палітра «працуе» тут не на ба­нальную ілюстрацыю, а на стварэнне каларытных, адметных мастацкіх вобразаў і народных тыпаў, арганічна звязаных з жыццём і акаляючым асяроддзем.

Палессе як найбагацейшы край народна-абрадавай харэаграфіі няўхільна ўзбагачаецца за кошт новых жанравых форм, іх элементаў, заліхвацкіх пераплясаў, вясёлых скокаў, хуткіх танцаў, у аснове якіх ляжыць «хто каго ператанцуе» і так званыя танцы «імённыя» (па імені галоўнага героя ці персанажа): «Хвалько», «Мікіта», «Прычэпа», «Мікола», «Халімон», «Юрачка», «Кузьняцы», «Шалапут», «Лянцяй».

Сваё асабістае месца амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі заняла кадрыля -танец своеасаблівы, ганарлівы. Тут харэаграфічная тэма драматургічная, уключае ў сябе займальны лірычна-гульнёвы сюжэт. Простыя крокі кадрылі даюць магчымасць раскрыцца артыстычнасці кожнага ўдзельніка, яскрава, выразна выказаць адносіны паміж кожным гуртом, а таксама кожнага выканаўца паасобку. Галоўная ў танцы кадрыль — цотная колькасць пар. У выкананні яны абменныя, гуллёвыя, ганарлівыя, крыжападобныя. У кадрылях часцей за ўсё выкарыстоўваюцца рухі мясцовых полек і ўнікальных індывідуальных выканаўцаў танца. Таму кадрылі часцей усяго называлі паводле мясцовасці. У кожнай кадрылі свая рэгіянальная спецыфіка выканання: «Рамельская», «Смаргонская», «Церабяжоўская», «Бялёўская», «Сімурадская», «Лельчыцкая», «Верасніцкая», «Тураўская», «Пінская», «Воранаўская», «Запясоцкая» і г. д.

Даследчыкі беларускага фальклору сцвярджаюць, што танец «Полька» прыйшоў да нас з Чэхіі. Але палешукі яго так танчаць, што падлога хадуном ходзіць, таму «полька» па тэмпераменце, тэхніцы і разнастайнасці стала характарыстыкай рэгіянальнасці выканаўцаў, беларускай. На Палессі яе танчаць дробным макам, а то і так, што ногі з падлогі не падымаюцца, а плечы трохі падзёргваюцца, а то ногі падымаюць высока «з падкіндэсам». А ў цэнтры Беларусі больш з ператупамі, падскокамі, тут назіраюцца больш блытаныя рухі «полькі». Праз мажорную настроенасць беларуская полька набыла большую малюнкавасць, каларытнасць. Абавязкова ва ўсіх польках танчаць пары. Таксама полька і яе выкананне залежаць ад рэгіянальнасці, полечных выбрыкаў, парных прыціскаў. Таму шмат назваў далі танцу населеныя пункты розных рэгіёнаў Беларусі: «Шморгалка», «Рассыпуха», «Драбней маку», «Трасушка», «Скокі Запясоцкія», «З прысядамі», «З падкіндэсам», «Тураўская плясавая», «Ку-ка», «Рудабельская», «Рамельская з пераходам», «Быструха Столінская». Кожны рэгіён у фальклоры знаходзіць сваё спецыфічна-арганічнае выкананне полечных варыяцый.

У канцы XIX ст. адбыўся працэс пераносу з вёсак самабытных бытавых танцаў, якія там танчалі без асаблівай падрыхтоўкі. Яны і склалі аснову гарадскіх танцаў. Танцуюцца яны легка. У гарадскіх бытавых танцах адна структура, адна і тая ж фігура паўтараецца некалькі разоў, большасць з танцаў песенныя. Выкананне гэтых танцаў колавае. Як і абрадавыя карагоды, яны танцуюцца парамі, часта з плясканнем у далоні, прыстукамі у большасці адной нагой, у адрозненні ад полькі, дзе прытуп робіцца дзвюма нагамі на лік «раз», «два», «тры». У бытавых танцах — толькі на лік «раз», вельмі рэдка на «тры».

Шмат народна бытавых танцаў легла ў пачатак бальнай харэаграфіі: «Свеціць месяц», «Матлёт», «На рэчаньку», «Вянгерка», «Ойра», «Какетка», «Дзевачка Надзя», ці «Лысы», «У саду ці агародзе», «Ночка», «Падэспань», «Падэграс», «Страданні», «Полька», «Карапэт» і іншыя. Вось яны і склалі пачатковую аснову масавых танцавальных вечароў.

Кожны рэгіён, кожная веска Беларусі мае носьбіта танцавальнага фальклору. Гэта сольныя танцавальныя імправізацыі, дзе парадак фігур вызначае сам выканаўца, чым і падкрэслівае сваё «я». Выканаўчаму майстэрству танцораў з народа ўласціва шчодрая самааддача, захопленасць. Для сольных танцаў характэрна і прыпевачная манера выканання.

Магічнасць карагодна-танцавальных дзеянняў мае сваю непаўторнасць, асаблівасць і рытміку. Карагоды можна падзяліць наступным чынам: карагод-песня, карагод-гульня, карагод-танец. Тэкст у песні з’яўляецца галоўным. Карагоды неад’емная частка беларускіх традыцыйных свят, абрадавых дзеянняў, танцавальных скокаў.

Танцавальна-гульнёвыя карагодныя магічныя дзеянні прыйшлі да нас з глыбіні вякоў. Яны суправаджалі многія падзеі нашага жыцця, жыцця нашых продкаў, асабліва селяніна-земляроба. Нашы продкі «карагоды вадзілі, зямлю ўхвалялі», шанавалі, ураджай добры мелі.

Аўтар: Мікалай Котаў
Крыніца: Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся: Матэрыялы другой Міжнароднай навуковай фальклорна-этналінгвістычнай канферэнцыі Мінск, 14-15 красавіка 2005 г. / Уклад. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: БДУ, 2005. — 338 с. Ст. 201-203.