Магічныя локусы ў варажбе (на матэрыялах Гомельшчыны)

0
260
Магічныя локусы ў варажбе (на матэрыялах Гомельшчыны)

Найбольш папулярнай сярод моладзі была варажба аб асабістым жыцці, замужжы (жаніцьбе), знешніх і ўнутраных якасцях мужа (жонкі), характары ўзаемаадносін у сям’і і гаспадарчым дабрабыце. Дзяўчаты і хлопцы, жадаючы атрымаць веды аб будучым, прыкладвалі разнастайныя намаганні: звярталіся да сноў з іх багатымі сімвалічнымі вобразамі, да прадметаў, што неслі на сабе адбітак таямнічасці і загадкавасці, да жывёл, якія, паводле народных уяўленняў, мелі дачыненне да звышнатуральных сіл або іншасвету, выбіралі для варажбы “нячыстыя” месцы з іх магічнымі ўласцівасцямі. Такімі месцамі, па словах Л.М. Вінаградавай, лічыліся “закінутыя дамы, нежылыя памяшканні (баня, асець, хлеў, падвал, гарышча, сенцы), а таксама локусы, асэнсоўваемыя як памежная прастора паміж “сваім” і “чужым” светам (печка, парог, знешні кут дома, штыкетнік, вароты, месцы каля калодзежа, крыніцы, палонкі, скрыжаванні, межы, могілкі і інш.) [1, с. 482-483].

Каб даведацца, ці выйдзе дзяўчына замуж у гэтым годзе, варажылі пад вокнамі чужых хат (“Дзяўчыне нада было ўкрасці блін, каб ніхто не ведаў, яна выходзіла на вуліцу і станавілася пад чые-небудзь вокны. Калі пачуе “сядзь”, то ў гэтым годзе замуж яна не пойдзе, а калі пачуе “ідзі”, то выйдзе замуж” (в. Фашчоўка Гомельскага р-на)), а каб вызначыць, якая з іх выйдзе раней за астатніх, варажылі на парозе хаты, што ў дадзеным выпадку сімвалізаваў своеасаблівую мяжу асабістага лёсу дзяўчыны, перайшоўшы якую, яна апынецца ў новым сацыяльным статусе – статусе жонкі: “Дзяўчаты пяклі з рэшткаў цеста маленькія булачкі, клалі іх на парог хаты, потым прыводзілі сабаку і назіралі: чыю булачку ён з’есць раней, тая дзяўчына і замуж раней пойдзе” (в. Лубенікі Брагінскага р-на); “Маці даюць дочкам першы спечаны блін, дзяўчаты збіраюцца і кладуць бліны свае на парог і клічуць сабаку: чый блін возьме, тая дзяўчына замуж пойдзе ў гэтым годзе” (в. Сасна Жлобінскага р-на).

Знакавы статус дарогі, раздарожжа (ростані), мяжы “сваёй” і чужой” прасторы (дом / двор, двор / вуліца) як локусаў, цесна звязаных з іншасветам і здольных прадстаўляць інфармацыю аб лёсе чалавека або ўплываць на яго (пры ўмове знаходжання ў тым ці іншым месцы ў пэўны часавы прамежак), выразна выяўляецца ў шлюбнай варажбе аб накірунку замужжа (жаніцьбы). Так, каб вызначыць, з якога боку жаніх або нявеста будзе:

  • выходзілі на вуліцу, дарогу, ростані або сметнік і слухалі гукі-сігналы: шум (“Перад Раждзяством ці Крашчэннем выносілі мусар на перакростку. Выходзіш на дарогу і слухай, пакуль шум нейкі не пачуеш. Адкуль шум – адтуль і нявеста” (г. Буда-Кашалёва); “Дзяўчыны выходзяць на перахрэст 4 дарог і гавораць: “Доля мая, адзавісь”. І ў якой старане ці што грукне, ці будзе ехаць поезд, тады ў тую старану яна пойдзе замуж” (в. Грышы Ельскага р-на)), брэх сабак (“Пасля вячэры хлопцы бягуць на растанцы і слухаюць, у якім баку забрэшуць сабакі, то адтуль ім трапіцца жонка, бо гэта так суджано” (в. Юравічы Калінкавіцкага р-на); “Хапаем па аднаму бліну і бегом на вуліцу, слухаем: у яком боцы сабакі гаўкаюць – там і подам замуж” (в. Хільчыцы Жыткавіцкага р-на); “Дзяўчата пасля вячэры выбягаюць на двор, становяцца на сметніку і слухаюць: дзе забрэша сабака, у той бок яны пойдуць замуж, а калі сабакі саўсім не забрэшуць, то тая дзяўчына застанецца ў дзеўках ці пойдзе за ўдаўца” (в. Юравічы Калінкавіцкага р-на)). Трэба заўважыць, што інфармацыя, атрыманая ў працэсе варажбы, магла быць не заўсёды пазітыўнай: замест звестак аб чакаемым замужжы дзяўчына даведвалася аб няшчасці (смерці). У такім выпадку ў тэксце варажбы ўзнікае згадка яшчэ аб адным прасторавым локусе, толькі ўжо з негатыўнай семантычнай афарбоўкай, – могілках: “Яшчэ рабілі так: бралі смецце, выносілі яго на перакрэсную дарогу ў 12 часоў ночы і гукалі: “А ты, смецце, сыпся, рассыпайся, а дзе мой – адзывайся”. У яком баку адзавецца, туды і замуж пойдзеш. А еслі на кладбішчы застукае, то, значыць, дзеўка ўмрэ, жыць не будзе” (в. Малейкі Брагінскага р-на);
  • перакідвалі за межы свайго двара праз вароты і дах дамоў абутак, венікі або выходзілі непасрэдна на вуліцу (“Перакідвалі цераз варота обувь (сапог ці што) каб знаць, адкуль прыйдзе жаніх” (г. Гомель); “Яшчэ чобаты перакідвалі цераз хату. У які бок носа глядзіць, туды і замуж выйдзеш” (в. Дуброва Ельскага р-на); “Венікі перакідвалі чэраз вароты: у якую сторану ўкажа, адтуль і прыйдзе твой мужык (в. Сінск Лоеўскага р-на); “А то яшчэ было. Выйдам на вуліцу і станем кідаць галошы. У які бок галош павернецца, у той і замуж пойдзеш” (г.п. Лоеў)).

Убачыць выяву будучага мужа можна было варожачы ў бані (“Сядзелі з зеркалам у бані, каб сужанага пабачыць” (п. Мічурынскі Гомельскага р-на); “Хадзілі гадаць у баню. Абручальнае кальцо кідалі ў стакан з вадой, свечкі запальвалі і глядзелі ў ваду: каму ўжо што там пакажыцца” (в. Карма Добрушскага р-на)), склепе (“А тады ўжо ідуць у пограб, стаўляюць свечку і зеркала і глядзяць: хто пакажацца, то жаніх, значыць, будзе” (в. Крупейкі Лоеўскага р-на)) і гарышчы хаты (“Перад старым Новым годам дык тожа гадалі, нада было лезці на чардак у дванаццаць, пасматрэць, каго ты ўвідзіш. Я палезла, а там ў іх ацец умер, і паявілась такая ікона – “Хрыстос распяты”. Яі абрушылася, дык доўга ляжала: паламала рэбры, была ўся чорная” (в. Пірэвічы Жлобінскага р-на)), якія, па народных уяўленнях, з’яўляліся месцамі кантактаў з “нячыстай сілай”, што, дарэчы, абумовіла і выбар прадметаў для варажбы (люстэрка, вада, свечка), і набор эмацыянальных станаў (адчуванне пастаяннай прысутнасці “нячыстай сілы”, пачуццё страху і небяспекі (“На зеркалы ў бане мы ніколі не гадалі, бо вельмі страшна было. Казалі, што дзеўка адна гадала, вылезла з зеркала рука і дала ёй па шчаке, у той пляма чорна на ўсю жызнь асталася” (в. Пагост Жыткавіцкага р-на)) варожачых.

Да калодзежа (у некаторых раёнах да крыніцы), які, дарэчы, “з-за сувязі з вадой і падзямеллем асэнсоўваецца як памежная прастора, шлях у ірый і канал сувязі з іншасветам” [2, с. 536] і даволі часта выступае месцам шматлікіх магічных дзеянняў, ішлі дзяўчаты, каб вызначыць характар будучага мужа і свекрыві: “Шлі да калодца ці рэчкі, бралі камень і кідалі ў ваду. Еслі камень падаў ціха, то муж будзе ціхі, добры, еслі з шумам – не будзе саглашэння ў сям’і” (г.п. Уваравічы Буда- Кашалёўскага р-на); “У крыніцу камень маленькі кідалі: калі ціха на дно пойдзе, то і свякруха будзе ціхая, а калі “б-р-р-р”, то свякруха бурчэць будзе” (в.Новы Мір Веткаўскага р-на).

У хляве (а менавіта ён з’яўляўся паказчыкам дабрабыту гаспадара) дзяўчаты варажылі аб заможнасці і суджанага: “Хадзілі ў сарай у 12 часов ночы, мацалі карову. Ежалі папалі за рогі, то дзеўка пойдзе замуж за багача, ежалі папалі за серэдзіну, то за сярэдняга, ежалі папалі за хвост – за пастуха” (в.Стаўбун Веткаўскага р-на); “Хадзілі ў сарай. З заплюснутымі вачыма трогалі карову. Калі пападалі за рогі – хораша, багата будуць жыць. За хвост – жыццё будзе бедным” (в. Перарост Добрушскага р-на)), а пад вокнамі чужых хат – аб характары сумеснага жыцця (“Хадзілі слухаць пад вакно. Якая атмасфера ў хаце, такая будзе жызнь” (в. Пракопаўка Гомельскага р-на). Разгледжаныя намі тэксты варажбы дазваляюць сцвярджаць, што парог, дарога, ростані, двор, вуліца, баня, калодзеж, хлеў як прасторавыя адзінкі, звязаныя са светам духаў, іншасветам, былі самымі папулярнымі месцамі для правядзення варажбы.

Літаратура

  1. Славянские древности: этнолингвистический словарь: В 5 т. / Под ред. Н. И. Толстого. – М.: Международные отношения, 1995. – Т. 1.
  2. Славянские древности: этнолингвистический словарь: В 5 т. / Под ред. Н. И. Толстого. – М.: Международные отношения, 1999. – Т. 2.

Аўтар: А.А. Кастрыца
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфii і фальклору iмя К. Крапiвы НАН Беларусі ; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск : Права і эканоміка, 2011. – Вып. 10. – С. 367-369.