Лясун

0
40
лясун

Шкоднік-лесун у лесе жыве. Ён плядзіць лясных птушак, раслін ды звяроў. Чалавека заплутаць можа ў лесе. Каб ад яго абараніцца, трэба перабуцца з нагі на нагу і тры разы сказаць: “Шоў, нашоў, пацяраў”.

Запісана ў в. Свяцілавічы Веткаўскага р-на ад Бардуковай Саф’іАляксееўны, 1924 г.н., студэнткай Карніеўскай Т.

Жыве ён у лесе — лясны хазяін. У нас завуць яго Лешы. Пахожы ён на старога гарбатага дзеда з дліннай барадой. Ходзіць у парванай адзёжы. Адзёжа парваная, патаму што ён ходзіць па лесу, цапляецца за галінкі і сучкі, і яна рвецца. Глядзіць, каб у лесе ўсё было добра, было чыста, каб ніхто не нарушаў спакойствія, не пужаў звярэй. Часцей ён добры. Калі яго не трогаць і нічога плахога ў лесе не дзелаць, так і ён злога не здзелае. Калі добры чалавек заблудзіцца ў лесе, дык ён яго выведзе, а плахога, наабарот, шчэ спецыяльна загубіць.

Запісана ў в. Міхалькі Гомельскага р-на ад Абрамцовай Марыі Малахаўны, 1932 г.н. студэнткай Гук Ж.

Лесавік — гэта такое сушчаство, якое любіць, каб у лесе быў парадак. Еслі ідзеш у лес па ягады ілі па грыбы і не порціш ягадніку, і нічога плахога ў лесе не делаеш, тады і ён к табе добра адносіцца. Еслі зблудзішся ў лесе, то лесавік можа вывесці. Яго не відзіш, а ён усядно можа памоч.

А калі буцзеш у лесе яго порчы ўсякія дзелаць, то завядзе туцы, што і не выйдзеш. Нада ўсё і вездзе ўважаць.

Запісана ў в. Хутар Светлагорскага р-на ад Казловай Анастасіі Яўхімаўны, 1929 г.н. студэнткай Філіпавай М.

Ой, пра лесавіка я чула такое, што ён можа абарачацца ў звярэй і пціц, старога дзядка. Што ён робе? Жыве ў лесе. Таксама ён збівае з дарогі, каб чалавек папахадзіў па лесі. А лесавіку гэта наравіцца!

Я чула, аднаго чалавека папавадзіў лесавік па лесі. Ён расказваў: “I дарогу добра знаў, ні раз хадзіў і сам, і з саседзямі. А тут, ну, як здурэў! Хажу сабе па кругу і хажу. I цёмна было, і страшна. I колькі я хадзіў, усё якаясь пцічка перад мной лётала, ажно надаела. Насілу я выбраўся з леса. Ага, толькі я вышаў з лесу, ажно чутно — дзіця плача. Я — назад. Іду, — а яно далей плача. Я далей іду, — а яно далей плача. I тут зноў папаў на тое месца, на якім па кругу хадзіў. I ўсё пцічка летае перад мной. Ох жа ж, і перапугаўся я! I маліцца пачаў. Дамоў прышоў — цёмна зусім було. Жонка казала — я быў бледны-бледны, што мерцвяка сустрэў!”

Запісана ў в. Перавалока Рэчыцкага р-на ад Канавалавай Марыі Трафімаўны, 1932 г.н. студэнткай Сідарэнка I.

Лесавік — жыве ў лесе, дзе блытае людзей, прадстаўляючы прыкметы. Яго можна падмануць, калі пры ўваходзе ў лес назваць няправільны шлях. Калі гэта не зроблена — Лесавік адразу падступаецца да ахвяры. Ён прымушае чалавека кружыць па лесе некалькі гадзін, праходзіць па адным і тым жа месцы некалькі разоў, заводзіць у глыбіню лесу, у самы гушчар.

Лесавік надзейна і няспынна служыць таму, хто яго паклікаў: гоніць яму дзічыну, паказвае дарогу да ягадных і грыбных мясцін, паказвае месцазнаходжанне скарбаў.

Запісана ў в. Роза Люксембург Ельскага р-на ад Анасенка А.І., 1944 г.н. са слоў яе маці студэнткай Дворак Л.

Лясун ахоўвае лес, бо сам жыве ў ім. Ён падобны на чалавека маленькага росту. Мае вопратку з лісцеў. Мае доўгія валасы і бараду. У лясуна ёсць дзеці і жонка, але яны не ходзяць разам з лясуном па лесе. Яны маюць свой асабісты дом.

 

Запісана ў в. Сяменча Жыткавіцкага р-на ад Чарнагаловай Парассі Пятроўны, 1927г.н. студэнткамі Шчур А., Макарэвіч А.

Лясун — глава лесу. Гаспадарнічае ў лесе. Калі старае дрэва скрыпіць, то ў ём сядзяць бесы. Калі людзі ідуць ў лес і потым расказваюць, як доўга круціліся яны па лесе і не маглі знайсці сцежку дадому, гэта лясун закруціў іх так, каб яны заблудзіліся. I толькі тады яны знойдуць дарогу дадому, калі лясун стоміцца вадзіць іх па крузе.

Запісана ў в. Будаўнік Хойніцкага р-на ад Гапоненка Ніны Іванаўны, 1930 г.н. студэнткай Працэўнікавай I.

У лесе жыве і не дае людзям яго абіжаць. Прабачэння трэба прасіць за ўсё, што забіраеш ад яго. I болыл чым нада, нельзя браць. Усё раўно не пойдзе лішняе на дабро, згіне, прападзе, а можа і гора прынесці, балезнь.

Лясун усё бачыць і ўсё ведае, што робіцца ў лесе.

Помніць дабро і зло. Калі адзін раз нашкодзіш, хаваць будзе і ягады, і грыбы.

Запісана ў в. Пракісель Рэчыцкага р-на ад Канюшэнкі Веры Зінавееўны, 1933г.н. студэнткай Коваль М.

Лясун або лесавік жыве ў лесе. Ростам ён высачэзным, сам увесь чорны. Гавораць, што лясун — гэта самае высокае дрэва ў лесе. Не любіць сварак у лесе. У вольны час путае дарогі, вые непанятным голасам. Каб ён не папутаў дарогі, нада куртку наізнанку адзяваць. Лясун вартуе лес і аберагае звераў і пціц. Калі хто заблудзіўся ў лесе, нада выйці на скрыжаванне дарог і папрасіць лесавіка, каб ён паказаў дарогу. I ён пакажа.

Запісана ў в. Бабоўка Жлобінскага р-на ад Аўраменка Ніны Дзмітрыеўны, 1930 г.н., перасяленкі з в. Дронькі Хойніцкага р-на студэнткай Ядчанка В.

Кажуць, раней іх многа было, а зараз, мабыць, няма. Гэта такі маленькі, вельмі стары дзядок, з барадой. Ён жыве ў лесе. Кажуць, што, калі хто-небудзь у лесе зробіць што-та не так, дык ён, ну гэтае, так раззлуецца, што ад яго і адбіцца мужыкі не могуць. А яшчэ ён можа громка скуголіць. А яшчэ, кажуць, што ён можа і памагаць у лесе, як бы сілу якую дае, і яшчэ ён не любіць, калі пры ім чорта ўспамінаюць, зліцца вельмі. Задушыць можа.

Запісана ў в. Лясец Калінкавіцкага р-на ад Русаковай Соф’і Мікалаеўны, 1923 г.н. студэнткай Яцэнка Н.

Я ў лес хадзіла ў грыбы. Дык і пабачыла лесавіка. Ён абросшы, валасаты такі. I яшчэ быў такі случай пасля вайны. Ішлі мы жыта жаць чалавек 15. Ішлі праз лес. Ідом, ідом, пасля глядзім — не ведаем, дзе мы знаходзімся, ідом — не ведаем, куды. Туман такі кругом. Тут адна жанчына пераабула обувь з правай нагі на левую. Адна толькі яна пераабула. I туман раптам знік. I ўсе ўжо ўбачылі, куды ісці. Гэта нас лесавік вадзіў.

Яшчэ дзядзька расказваў адзін. Лесніком ён працаваў. Злез ён з поезда. Ішоў, ішоў, а хаты та няма. Тут ён здагадаўся, што гэта лесавік яго водзіць. Дзядзька і кажа: “Калі ты мяне водзіш, дык са мной і выпей!” Наліў чарку, выпіў. Пасля другую наліў, аж глядзіць — і хата ягоная стаіць. Ён так лесавіка задобрыў. I дамоў пайшоў.

Запісана ў в. Старое Сяло Веткаўскага р-на ад Дубоўка Вольгі Фёдараўны, 1919 г.н. Новак В.С., студэнткай Бужан А.

Лясун жыве ў лесе, пахожы на дамавіка, увесь у лісці, ветках. На дрэве жыве, перадвігаецца па лесу. Лясун — харошы чарадзей, ён прыносіць дабро. Калі чалавек панравіцца, то памагае ў лесе яму, калі не — завядзе, заблудзіць у чашчу і не выведзе.

Запісана ў в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на ад Булацкай Марыі Дзмітрыеўны, 1936 г.н. студэнткай Шэўчык Н.

Лесавік — гэта хазяін леса, але гэта не Бог, гэта тыя парні, якія вешаюцца ілі топяцца, якія пагібаюць ад любві. Ён можа весці людзей па лясу, можа чалавек не выйсці з лесу. Чалавек, які можа ўбачыць яго, можа забалець. Чалавеку, які заблудзіўся на перакростку дарог, ён прадстаўляецца красівым парнем на кані, на ім зброя залатая, красівым прадстаўляецца чалавеку. Еслі чалавек яму не панравіўся, ён можа ўдарыць яго, і тада чалавек цярае сазнанне і дажа знаходзіцца без сазнання ў лясу. Ад такога чалавека, гавоРаць, лечаць. Нада аднесці адносы: хлеб, соль. Палажыць на чыстае палаценца ілі чысценькі платочак, ні разу не быўшы ў патрабленні, панесці яго і палажыць на перакростку на пянёчак гэта ўсё, і кагда ў лес уваходзіш, гаварыць нада: “Лес-лясной, хазяін часной, разрашы па тваёй рошчы прайці”, — так гаварылі. I тады гэта кладуць на пянёчак гэты самы аднос ежы і кланяюцца без краста, і кагда ў лес уваходзяць тожа не крэсцяцца, таму што гэта не ад Бога лесавікі етыя. Не крэсцюцца, а адбіваюць тры разы паклоны ўперад, а патом тры шагі адступаюць назад і тожа паклон адбіваюць, патом у праву старану адступаюць тры шагі і зноў тры разы паклон і ў левую на перакростак, і тада ідуць дамой і не аглядуюцца. Пакудава дамой дойдзеш, ні з кем не разгаварувай і не аглядуйся ні на лес, ні куды, пакудава дамой не прыйдзеш. Вось такія срэдствы ад яго.

Запісана ў в. Матнявічы Чачэрскага р-на ад Дзяржынскай В.П., 1932 г.н. студэнткай Пагірэйчык Н.

Раней у маладосці мы часта з дзеўкамі бегалі ў лес, чуць не кажды дзень. Жыла ў нас у дзярэўні дзеўка адна. Усё бяжыць і бяжыць у лес. Скора людзі сталі гаварыць, што дзеўка гэта стала паўнець. Праз некаторы час радзіла яна сына. Сын рос здаровым, вумным. А дзяўчына кожную свабодную мінутку бяжыць у лес. Людзі сталі казаць, што, навернае, бегае яна к лесуну. Сын вырас, паехаў у горад, вывучыўся і застаўся жыць там. А гэта жанчына так і жыла адна. К ёй сваталіся хлопцы, а яна не хацела ні за кога іці.

Чым за каго ісці замуж, лепш ужо са старым пнём жыць, — яна так казала.

I вось прапала гэта жанчына. Шукалі яе ўсей дзярэўняй і знайшлі мёртвую яе ў лесе. Яна ляжала і абнімала стары пень.

Запісана ў в. Бацвінава Чачэрскага р-на ад Гусаковай Людмілы Пятроўны, 1942 г,н. студэнткай Васільевай Н.

Лясун жыве ў лесе. Мае доўгі твар, доўгую бараду. Сам увесь валасаты. Ён не ходзіць, а кубарам каціцца.

Запісана ў в. Азершчына Рэчьіцкага р-на ад Казловай Марыі Кандратаўны, 1934 г.н. студэнткай Кундзелевай I.

Бабулька казала: “Вялікі быў такі, барадаты, зморшчыны і стары. Скура яго валасатая была. Яго ўсе баяліся. Мы яго звалі госпадаром лясным. Ночай у лес не хадзілі. Бо матка казала: “Паслышіт жывога і заб’е сваёму сабаку”. Когда хадзілі за грібамы, заходзячы ў лес, хрысціліся і прасілі дапамогі адшукаць грыбочкі. Яго ніколі не злавалі, таму ані зналі, что хорошо к нему і дапоможіт.

Одіножды я заблукала в лесу і прасіла лесуна дапамогі выйсці, відець яго мне хацелася. Для этаго была заговорка: “Хаджу па лясах, па кустах, па імхах, па болатках, па лыкадзёрынах, па гнілішчах, па гарнішчах, па … (тут яна ўжо не памятае, але ж самы канчатак мне паведаміла)…, ад мяне рабы божескай, адвярніся, у дубочак абвярніся. Амінь!” Гэтай замове яе навучыла маці, якая, па яе словах, вельмі верыла ў духоўныя істоты.

Запісана ў г. Добрушы ад Лысоўскай Лізаветы Еўкліданы, 1910 г.н. Берлінай А.

Не знаю, гэта ці не ён. Але матка мая ўсё время, кагда я была маленькая, расказвала мне, шчо жыве ў лесе такі дзед, шчо, як увідзя ён чалавека якога ў лесе, так яго заблытывае, загукувае, шчо той ужо не можа знайсці дарогу дадому. А яшчэ ён мяняе галасы, быодам ты яго знаёмы, і клікае цябе.

Запісана ў в. Лядцы Гомельскагар-на ад Кашлаковай Матроны Зосімаўны, 1927 г.н. студэнткай Лук’яновіч I.

Ён збіваў з дарогі людзей.

Запісана ў в. Матнявічы Чачэрскага р-на ад Дамасканавай Вольгі Маркаўны, 1930 г.н. студэнткай Сярогавай В.

Казалі, што ў лесе ёсць лесавік — ахоўнік лесу. Гэта такі невялікі дзядок з доўгай барадой, увесь у лісцях і шышках. Ён можа дапамагаць чалавеку і наадварот, так заблытаць сляды, што і не знойдзеш назад дарогі.

Запісана ў г. Гомелі ад Драбышэўскай Надзеі Іванаўны, 1928 г.н. студэнткай Канавалавай Т.

Лесавік — гэта зьмяя. Вось мне казала яшчэ мая матуля, калі зойдзеш у лес і яна цябе ўкусіць, тады ты вельмі сільна захварэеш. Яшчэ лесавіком завуць вужа. Ён дапамагае чалавеку. Вось калі ён згубіць сваю шкуру, яна гадзіцца на раны.

Запісана ў в. Карма Добрушскага р-на ад Пузікавай Марыі Антонаўны, 1929 г.н. студэнткай Траціннікавай М.

Жыве лесавік у лесе. Ростам ён з самыя высокія дрэвы ў лесе. Яго цела пакрыта шэрсцю, і ходзіць ён у шкурах звяроў. Ліцо ў лесавіка белае. Вушы большыя за голаву і тырчаць у розныя бакі. Калі ён ідзе па лесе, аглядваючы свае ўладзення, то чапляецца імі за кусты і дрэвы. Вочы ў лесавіка невялікія і свецяцца і ўдзень, і ўночы. Рукі доўгія, моцныя. А ногі тоўстыя і вельмі вялікія. Абувае правы лапаць на левую ногу, а левы — на правую. Мог пакараць за плахія паводзіны ў лесе. Гэта калі мусарыш, ломіш дрэвы, топчаш ягады. Лесавік тады рабіў так, што ты заблудзішся ў трох соснах. Таму людзі стараліся не сярдзіць яго і астаўлялі яму лакамы кусочак.

Запісана ў в. Людзвінаўка Свешлагорскага р-на ад Гумбатавай Ганны Сяргееўны, 1939 г.н. студэнткамі Чарняўскай Т., Курашовай Н.

Лесун — лесавы чалавек. Замечалі іх у бліскучай адзеждзе з бліскучымі пугавіцамі. Стаіць на сцежцы ў лесе, дажэ чуецца разгавор. Пасля сустрэчы з ім чалавек памірае, калі ён, лесавік, не прасціць яму.

Каб засцерагчыся ад яго, трэба было меней з ім разгаварываць.

Запісана ў г.п. Акцябрскі ад Паўлюковай Надзеі Сямёнаўны, 1924 г.н., перасяленкі з в. Калюды Кармянскага р-на студэнткай Курбацкай Т.

Злы вельмі лесавік. Мог задушыць кожнага сустрэчнага. Крычыць рознымі галасамі, як чалавек. Заманьваць можа чалавека ў чашчобу, тады чалавек мучыцца, не можа знайсці дарогу назад. Гаварылі, трэба яго задобрываць, але чым, я не ведаю.

Я не слыхала пра пушчавіка. Можа, і быў такі.

Запісана ў в. Карма Добрушскага р-на ад Сакаловай Алены Ізотаўны, 1917 г.н. студэнткай Уласавай Н.

Лясун — стары чалавек вялікага росту ў звярынай шкуры, ад яго няма цені. Ён можа мяняць рост — у лесе ён як дрэвы, а выйдзе ў поле — ростам як трава. Ён аберагае лес, жывёл, пераганяе жывёл па лесу. Ён пужае людзей, збівае іх з дарогі. Каб пазбавіцца гэтага, нада пераабуць, памяняць вобуў з правай нагі на левую.

Пушчавік — старэйшы брат лесуна. Ён жыве ў вялікіх некранутых лясах — пушчах. Ён вельмі высокі — як самае высокае дрэва, пакрыты мохам. Ён вельмі шкодны, робіць людзям зло, можа забіць чалавека.

Запісана ў г. Гомель ад Шкурко Адама Ігнатавіча, 1928 г.н. студэнтам Балмачэнкам Дз.

Быў у лесе лясун. Ён няславіў жанок, і яны баяліся адны хадзіць па лесе, а есці няма чаго было, таму збіраліся гуртам і шлі разам.

Запісана ў в. Глініца Мазырскага р-на ад Цалко Аляксандры Пракопаўны, 1925 г.н., Радаўні Арсенія Міхайлавіча, 1927 г.н. студэнткамі Высоцкай Т., Жыліч Н.

Как заходзіш у лес, то ляжыць балыпое дзерава ілі браўно такое здаравеннае, што яго не абайці. Яго пераступаць нельзя, таму што будзеш кружыцца, заблуцзішся, не сможаш выйсці з лесу. Лясун закруціць. На дрэва трэба наступіць і пайці далей сваім ходам.

У лес заходзіш і на первы папаўшы грыбок наступі, штобы ножкі не балелі.

Штоб в лясу не заблуцзіцца, трэба сказаць: “Як мне ў лес увайці, так і выйці!”

Запісанаў в. Балотня Рагачоўскага р-на ад Бужан Марыі Аляксандраўны, 1938 г.н. студэнткамі Бужан А., Гарбачовай М.

Над лясамі і ўсім, што ў іх, властвуе лясун. Ён ростам ва ўзровень з дрэвамі таго леса, у якім разгульвае. Ён можа ўвялічвацца і ўмяншацца. Ён моцны: калі разыграецца ў лесе ў час буры, то з коранем вырывае дубы, на кускі ламае сосны, засцілае свой пуць у лесе, каб ніякая сіла не магла прабрацца да яго жылля. А жыве ён у сярэдзіне пушчы. Жыллё акружана непраходным лесам. Калі лясун разгульвае па сваім ўладзеніям, то яго саправаждаюць стада звяроў і стаі птушак, асобенна совы, філіны, вораны і сарокі. Галава яго пакрыта доўгімі кудрамі; адзеты ў звярыныя скуры ваўка ці мядзведзя, шэрсцю навыварат; рукі і ногі тоўстыя і крэпкія; глаза гараць, як у ваўка ці савы. Ён смяецца, калі яму весела; вые воўкам, калі яму грусна; рычыць, як мядзведзь, калі злы. Ён хлопае ў ладошы, і ад гэтага ідзе трэск па лесу. У руках ён дзержыць дубіну, ёю ўдарае па дрэвам. Ад гэтага чуецца ў лесе грохат. Можа напужаць чалавека і ваўкамі затравіць.

Пушчавік — старэйшы брат лесуна. Ён жыве ў некранутых пушчах, у самым гушчары ў лесе з высокімі дрэвамі. Прыносіць людзям зло, не шкадуе ні дарослых, ні дзяцей,ні звяроў. Пушчавік можа ўбіць сваім відам. Ён касматы, пакрыты доўгім мохам. Ён стары, дрэнна бачыць і не смяецца, як лясун. Калі з ім сустрэнешся, то трэба ўцякаць.

Запісана ў г. Добруш ад Брычанка Марыі Міхайлаўны, 1932 г.н., нарадзілася ў в. Прудок Калінкавіцкага р-на студэнткай Антончыкавай Н.

У лесе іменно жыве хадзяін лесу — лесавік. Як захадзілі у лес, то прасілі: “Хадзяін, дай, пажалуйста, свае дары”. А калі выходзілі, то дзякавалі за тое, што даваў лесавік. Казалі, што раней старыя людзі бачылі лесавікоў. Тых людзей, якія не паважалі яго законы, ён заводзіў далёка ў лес. Заблудзіў-шыса, мала хто прыходзіў дадому. Таму паважалі хадзяіна лесу.

Запісана ў в. Ванюжычы Петрыкаўскага р-на ад Кудравец Вольгі Максімаўны, 1932 г.н. студэнткай Фурман А.

Дапамагае тым, каго палюбіць, а другім, наабарот, можа заблудзіць у лесе. Адна жанчына, як ні пойдзе ў лес, так старалася адысці ад усіх асобна. Ніхто не набярэ ягад, а яна поўныя карзіны. Людзі гаварылі, што ёй дапамагаў лесавік.

Запісана ў в. Бальшавік Гомельскагар-на ад Аўдзеевай (Дзямідавай) Зінаіды Іванаўны, 1932 г.н., перасяленкі з в. Гарадок Кармянскага р-на студэнткай Карабаньковай Л.

Лясун, як і дамавік, можа з’явіцца чалавеку ў розных відах, але часцей за ўсё ён паказваецца драхлым старычком. Кажуць, што ён мае адну нагу, якая навыварат, пяткаю наперад, адзін вялікі глаз, а таксама адну вялікую ціцьку, якую ён засоўвае ў рот чалавеку, душыць яго. Лясун любіць крычаць у лесе, тым самым адпугвае людзей. Калі шутка ўдавалася, то ён рагатаў і хлопаў у далоні. Калі лесавік завядзе каго-небудзь у лесе, то людзі думаюць, што трэба вывернуць адзенне навыварат, каб выйсці з лесу. Людзі лічаць, што лесавік жыве ў камышах альбо ў лясных чашчобах. Але лясун не сядзіць дома, а ходзіць па лесе, начуе ў розных месцах.

Выратавацца ад уздзеяння Лесуна можна, апрануўшы вопратку навыварат. Для абароны ад Лесуна трэба насіць пры сабе кавалачак дрэва, ачышчаны ад кары.

Гавораць, што калі сустрэнеш Пушчавіка, то трэба ўцякаць, рэзка мяняць накірунак бегу.

Запісана ў п. Бальшавік Гомельскага р-на ад Логвінавай Марыі Мікалаеўны, 1924 г.н. студэнткай Фёдаравай Л.

Ета вешчаство не відзяшчае, калі чалавек сустракае яго ў лесе, яму становіцца плоха.

Запісана ў в. Бабічы Чачэрскага р-на ад Карпоўскай Вольгі Міронаўны, 1928 г.н. студэнткай Хрысцінай С.

Мабыць, гэта мужчына-прыгажун, які жыў у лесе.

Запісанаў в. Баец Калінкавіцкага р-на ад Гаркуша Марыі Іванаўны, 1923 г.н., Коўгар Соф’і Лявонаўны, 1935 г.н. студэнткай Хмяльніцкай I.

Крыніца: Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік. — ЛМФ «Нёман», 2003. — 320 с. Ст. 73-84.