Лячэнне “ляку” ў знахарскай практыцы беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст.

0
252
Лячэнне і знахарства

Знахарства Беларускага Палесся ў пачатку ХХІ ст. з’яўляецца адным з нешматлікіх элементаў традыцыйнай культуры, які працягвае функцыянаваць. Недастатковая даследаванасць гэтай з’явы, а таксама абмежаванасць доступу да знахарскіх ведаў і зместу знахарскай практыкі, стварылі трывалы стэрэатып аб нязменнасці знахарства. Аднак аналіз вялікіх аб’ёмаў этнаграфічных матэрыялаў, якія маюць храналагічную прывязку да пэўнага перыяду, дазваляе выдзеліць заканамернасці ў развіцці знахарства і прасачыць яго развіццё на працягу ХХ ст. Актуальным у гэтым кантэксце з’яўляецца вывучэнне практыкі лячэння асобных хвароб у знахарстве рэгіёна, паколькі лячэнне людзей традыцыйна з яўлялася адной з асноўных (і асноўнай у цяперашні час) знахарскіх функцый. Адной з найбольш распаўсюджаных хвароб у знахарскай практыцы рэгіёну з’яўляецца лячэнне “ляку”.

Мэта работы — вывучэнне практыкі лячэння “ляку” ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст. Крыніцамі для напісання работы паслужылі матэрыялы палявых этнаграфічных даследаванняў канца ХІХ — пачатку ХХІ ст., а таксама працы этнографаў і фалькларыстаў дадзенага перыяду.

Традыцыйна “ляк” з’яўляецца адной з самых распаўсюджаных хвароб у знахаскай практыцы Беларускага Палесся. Як бачна з яе назвы, асноўнай прычынай “ляку” традыцыйна лічылі моцны псіхалагічны стрэс у выніку знешняга ўздзеяння (звычайна нечаканага), якое, аднак, адрознівалася ад іншых падобных хвароб, паколькі апошнія мелі характар звышнатуральнага (матанакірааванага (“зробленае”) ці выпадковага (“урокі”, “прыстрэк”) магічнага ўздзеяння). Матэрыялы пачатку ХХ ст. прыводзяць такія назвы гэтай хваробы, як “перапуг” (Рэчыцкі павет) [1, с. 387], “пуд” (в. Дарашэвічы Петрыкаўскага раёна) [2, с. 164 (№ 12)], “пярэпалах”: “Ест такія бабы, каторыя добра ўмеюць качаць перапалах” (в. Колкі Клецкага раёна) [3, с. 187 (№ 1673)]. Матэрыялы сярэдзіны — другой паловы ХХ ст. акрамя вышэйзгаданых, прыводзяць і іншыя назвы, якія ў ранейшых крыніцах не былі зафіксаваны: “зляк” (в. Новакузнечная Лоеўскага раёнаў) [4, с. 122 (176)], “ляк” (в. Верхнія Жары Брагінскага) [4, с. 122 (№ 177)] і як яго варыянт “ляг” (в. Жахавічы Мазырскага раёна), “жах” (в. Сіманічы Лельчыцкага раёна). Акрамя гэтага, у матэрыялах гэтага часу пачынае фіксавацца слова “іспуг” (“спуг”) (в. Залатуха Калінкавіцкага раёнаў) [4, с. 121 (№ 175)].

Вынікі сучасных палявых этнаграфічных даследаванняў падцвярджаюць і дапаўняюць гэтую інфармацыю. Назіраецца пэўная рэгіянальная лакалізацыя вышэйпрыведзеных назваў. Так, найбольш пашыраным словам, для абазначэння “ляку” ў Беларускім Палессі з’яўляецца ўласна слова “ляк»: “А шчэ я шапчу дзецям як спужаюцца ляк» (Маркоўская Марыя Пракопаўна, 1920 г.н., в. Маркоўскае Лельчыцкага раёна). Пры гэтым ва ўсходняй частцы рэгіёна (Брагінскі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Хойніцкі раёны) для абазначэння дадзенай хваробы пашырана слова “зляк»: “Ну, зляк, дзіця ўжо не спіць, дзёргаецца, вочы не закрывае, павядзеш і к бабе, а яна кажа, што спугаўся” (Скачок Кацярына Антонаўна, 1935 г.н., в. Губічы Буда — Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Міхалёўка Брагінскага раёна). У цэнтральнай частцы Беларускага Палесся таксама распаўсюджаны такія словы, як “пуд”, “жах”. Пры гэтым дадзенае размеркаванне не з’яўляецца абсалютным. Напрыклад, слова “зляк” было зафіксавана аўтарам у в. Моталь Іванаўскага раёна. Самі інфарманты часта ведаюць некалькі адпаведнікаў і свабодна карыстаюцца імі ў размове: “Жах бувае, ляк называецца, ляк” (Астаповіч Анастасія Уладзіміраўна, 1931 г.н., в. Дуброва Лельчыцкага раёна). Асобнае месца ў абазначэнні “ляка” займае слова “спуг” (“іспуг”). Гэтае слова не фіксуецца ў крыніцах пачатку ХХ ст. і вельмі мала сустракаецца ў запісах пазнейшага перыяду. Аднак у тэкстах канца ХХ — пачатку ХХІ ст. яно з’яўляецца адным з самых пашыраных абазначэнняў “ляку”. Гэтыя факты, верагодна, сведчаць аб запазычванні гэтага слова з рускай мовы ў выніку культурных працэсаў ХХ ст. Падцверджаннем гэтага з’яўляецца, напрыклад, тое, што ў замовах ад “ляку” слова “спуг” сустракаецца вельмі рэдка. Некаторыя інфарманты прама кажуць аб нехарактэрнасці гэтага слова для мясцовай традыцыі: “Гаворыцца іспуг, ляк, по нашэму это лякы называюцца” (Цярлецкая Валянціна Антонаўна, 1930 г.н., в. Дубое Пінскага раёна).

Як ужо адзначалася вышэй, прычынай ляку ў народнай традыцыі лічыцца моцнае нечаканае псіхалагічнае ўздзеянне на чалавека. Як адзначае інфармант А.К. Сержпутоўскага: “Пярэпалах вельмі ліхая хвароба. Яна робіцца з таго, як хто — небудзь спужае. Пярэпалах робіцца раптоўно. От быў здароў, а як спалохаецца, дак адразу й захварэе да так баццэ ўжэ пракачаўса тыдзень ці больш” [3, с. 224 (№ 2019)]. Сучасныя інфармнты падцярджаюць гэтыя словы: “А ад чаго ляк бывае? — Од чого? Од чого хочэш злякаецца. Злякаюцца воны ўжэ” (Кульбеда Ганна Несцераўна, 1923 г.н., в. Моталь Іванаўскага раёна). Сярод сімптомаў “ляку” называюцца калачэнне, адсутнасць апетыту, апатыя, у маленькіх дзяцей наадварот — капрызнасць і пастаянны плач: “Пярэпалахі бываюьц ат людзей, жыўёла ці абы ат чаго. Хваробу гэтую лёгко пазнаць, бо ў ёй дзіця дражыць, нічого не бярэ ўрот і доўго крычыць і крычыць” [3, с. 188 — 189 (1689)]; ці: «Ну вот як, еслі ён не спіць, і прыходзіць, вот трасе яго, і ён есць не хоча вот, ён знае, шо ён злякаўсь. […] Прыводзяць яго ка мне, і вот ён сядзіць, і вот на ём і зубы калоццяцца, і рукі калоцяцца, і ўсе калоціцца, вот ізляк» (Краўчанка Тамара Ніканораўна, 1937 г.н., в. Чамярысы Брагінскага раёна). Пры гэтым адзначаецца, што «ляк” з’яўляецца вельмі небяспечнай хваробай, паколькі, калі яго не лячыць, ён можа што называецца «ўдаўніцца” — перайсці ў хранічную стадыю і паспрыяць з’яўленню іншых захворванняў: «»із — пад спугу любая балезнь падкідаецца, дажэ сахарны дзіябет із — пад спугу падкідаецца” (Уласенка Наталля Рыгораўна, 1944 г.н., в. Чамярысы Брагінскага раёна); ці: “Вот это ж спуг. Это болезць сама цяжэлейша, од іспугу. Вона і нервы, вона і на вум вліяе, вона і ногы, вона й на глаза, куды хочэш, і ў сэрэдыне ўсэ вона. І заболееш і на лёгкыі, і на ўсё заболееш, на пэчэнь заболееш. А ўрачы ее не прызнаюць: “Здороў, ты здороў. Чо ты прыдурываешся? Ідзі работай ”. А він нэ можэць ходыты” (Кузьміч Фядора Мартынаўна, 1923 г.н., в. Баландзічы Іванаўскага раёна), і нават стаць прычынай смерці: «»Ты знаеш шо ў нас от спуга дзеўка, ета, маладая, ішла ўвечары на вечоркі гуляць і сабака сарваўся, прыбег яе спужаў, бег за яю, укусіў яе, іззадзі за юбку ўхапіў да парваў. І яна спужалася, ў яе нага забалела, забалела, яна скора ўмерла. — Ад спуга? — Ад спуга, да, это сама горша хвароба, спуг” (Юшкевіч Марыя Андрэеўна, 1927 г.н., в. Сярэднія Печы Лельчыцкага раёна). Традыцыйна лічылі, што на “ляк” у большасці хварэюць дзеці: «Яшчэ часто дзеці хварэюць з пуду ці пярэпалаху” [3, с. 188 (№ 1689)], аднак часта з гэтай хваробай да знахароў звярталіся і дарослыя: «А вот і едуць этые хлопцы, каторые в это во, да бывае ж па дарозе йідуць, да нэ дай Бог аварыя. Дык, от одын казав, выйшла якась жэншчына, ну, якась бэзумная, вылезла на дарогу, а він жэ на ее не наехав нішчо, але казав думав вона впала, а він думав, шо він еі пэрэйіхав, так він ужэ без памяці это. То вы знаэтэ, шо він став быто мэшацца ўжэ. Вот это ж спуг” (Кузьміч Фядора Мартынаўна, 1923 г.н., в. Баландзічы Іванаўскага раёна). Пры гэтым адзначаецца, што «»ляк»» (у адрозненні, напрыклад, ад «урокаў», «прыстрэку»») з’яўляецца толькі чалавечай хваробай: «Не, коровам лякі не, корова мо не лякаецца»» (Амянчук Аляксандра Паўлаўна, 1935 г.н., в. Моладава Іванаўскага раёна. Нарадзілася ў в. Гаравата Іванаўскага раёна).

Адпаведна, дыягностыка «ляку» грунтавалася на вышэйпералічаных сімптомах, якія дапаўняліся аповедамі пацыентаў: «То дэтына злякаецца, то й сам злякаецца дэ хто, да прыйдэ: “баба, я нэ можу спаты, мэнэ”… Да я ёй поговору той ляк, шо вона злякаецца. Да вона і… Гэто нэ вэльмі даўно прыходзіла няка да кажэ: “Гэтак шось зробілось, шо нэ можно спаты, нэ можно й ходыты і просто больная”. А я помолылася да той ляк. Да кажу: “Як ты, тобе ліпшай ужэ”? — “Добрэ ўжэ стало”. Добрэ. Абы помогло” (Кульбеда Ганна Несцераўна, 1923 г.н., в. Моталь Іванаўскага раёна). Але часта сімптомы хворага не дазваляюць паставіць дакладны дыягназпа прычыне існавання ў знахарстве ўяўленняў аб вельмі блізкіх па паходжанню хваробах (“урокі”, “паддзіў», “прыстрэк”), якія па сімптаматыцы нагадваюць “ляк”. У выпадку сумненняў пры пастаноўцы дыягназу распаўсюджана практыка пераказвання вядомых “шаптухам” замоў, пакуль “знаючы” (у больш рэдкіх выпадках пацыент) не пачынае моцна пазяхаць, што лічыцца знакам таго, што менавіта гэтую хваробу і трэба лячыць: “А воно зразу, як ты, як ты етого, ў його як вон ляк, чы ўрокі, так ты молышса, молышса і домолышса, от ужэ ляк, і ты так, і тэбе так позяхі бэруць, ты позяхаіш” (Амянчук Аляксандра Паўлаўна, 1935 г.н., в. Моладава Іванаўскага раёна. Нарадзілася ў в. Г аравата Іванаўскага раёна). Акрамя гэтага, прычына хваробы, яе крыніца і ступень цяжкасці ўдакладняюцца непасрэдна падчас лячэння.

Што тычыцца ўласна спосабаў лячэння “ляку”, то можна адзначыць значную колькасць вядомых спосабаў лячэння гэтай хваробы, якія існавалі ў рэгіёне. Пры гэтым найбольш распаўсюджаным з’яўлялася “выкачванне” ляку з дапамогай яйка ці хлеба. Яшчэ А.К. Сержпутоўскі ў пачатку ХХ ст. прыводзіць прыклад выкачвання ляку з дапамогай хлеба і падкурванне хворага поўсцю жывёлы якая яго спужала (калі тая лічылася крыніцай хваробы): “Пакуль не ведаюць, з чаго стаў перапалах, та перш усяго яго качаюць, дзеля чаго па жывату хворага качаюць мякішам хлеба, покуль скачаюць галку. Тую галку даюць сабацы. Як той сабака зьесць той хлеб, та дзіцяці будзе лягчэй» [3, с. 189 (№ 1689)]. У аповядах інфармантаў прыводзяцца і даволі нетыповыя спосабы лячэння, калі хворым займаліся адразу некалькі “знаючых”, якія выкарыстоўвалі розныя спосабы: “У мяне брат пас кароў. Дык сеў на пень, а вуж ды ў рубашку яму. Ён спужаўся, пабег. Дык другі пастух паймаў яго. Як прыйшоў дадому, ды як забалеў. Банкамі лячылі, ці што гэта такое. У бальніцу завозім. У бальніцы прызналі востры туберкулёз. Забралі з бальніцы, прывезлі яго. Ён ужо ніякі, у яго пальчыкі паўцягаліся. Прыйходзіць той хлопчык і кажа: “Дзядзя Павел, знаеце што, ваш Іван спужаўся, ета ён вужа”, ды давайрасказваць як. Дык мы тады скарэй, дзед запрог коней і ў Міхалёўку, да дзеда таго Палітавіча. Дык дзед еты і баба яго лячылі. Дык дзед павёў на зоры лячыў, а баба на хлеб на печы лячыла. Вот і к зорам лячыў, увечары. Яны ж знаюць на якія зоры. Знаеце што, не еў ён нічога. Дык туды вялі яго пад ручкі, а назад сам ішоў. Дык дзед сказаў, што колькі ён будзе спаць, столькі хай спіць, не будзіце яго. І прыехаў дадому: “Мама, есць. ” Дык мамка яму патроху. Дык ачуняў патроху і ў армяю яшчэ пайшоў» (Скачок Лідзія Якаўлеўна, 1926 г.н., в. Губічы Буда — Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Крукі Брагінскага раёна).

У канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. працягваюць існаваць такія спосабы, як выкачванне “ляка” з дапамомогай хлеба ці яйка. Напрыклад, Міранчук Аляксандра Дзмітрыеўна (1928 г.н., в. Жмурнае Лельчыцкага раёна) можа выкачваць «ляк» і хлебам, і яйкам: “Выкачваю і хлебом. І яйцом вікачваю. Яечком выкачваю, шапчу і вікачваю, а потом яечко над головою ўжэ трэці раз по…, покачаю, да воды набіраю ў стакан, да туды яечко б ’ю, да там ужэ покажэ зразу, ці спуг йе, ці е ляк ці німа, на водзе”. Пры гэтым таму, ці будуць часткі яйка, ўлітага ў шклянку з вадою, цягнуцца да паверхні (так званыя “головы”), вызначаюць ці хворы чалавек (калі так, цягнуцца, то хворы), і па іх колькасці вызначаюць ступень хваробы: “Вот у тэбэ іспуг тожэ есця. Вот эта выліць трэба. А еслі нэ дай Бог, чы аварыя, чы, сільно прыпугаўса, так повэн стакан аж… Так кіпіло, порвало б стакан” (Кузьміч Фядора Мартынаўна, 1923 г.н., в. Баландзічы Іванаўскага раёна). Некаторыя інфарманты па форме “галоў» вызна­чаюць і мяркуемую прычыну хваробы: “А на яйцо, вот вукачаю яйцом сырым, яйцом, і на воду вуллю. І яно тамака стаіць дак ійе такое во, ці мужчына, ці ад трактара, ці ад сабакі, ад сабакі будзе кашлатае такое вада, ну вот такое нізкае. А ак чалавек, дак так вот, стоўбікамі» (Садчанка Ганна Еўстраф’еўна, 1926 г.н., в. Губічы Буда — Кашалёўскага раёна. Да 1984 г. пражывала ў г. Хойнікі Хойніцкага раёна).

Пры гэтым назіраецца тэндэнцыя знікнення часткі спосабаў лячэння (напрыклад, “вылівання”), а таксама спрашчэння працэдуры лячэння, калі акцыянальна — прадметны бок працэсу лячэння паступова знікае, пры захаванні і дамінаванні вербальнага кампанента (замовы і малітвы). Напрыклад, частка інфармантаў адзначала, што яны выкарыстоўваюць не поўную працэдуру лячэння, вылючыўшы з яе пэўныя элементы: “Я й хлебом не… Каталі і хлебом колісь, катала баба Марына” (Хвацік Ніна Іллінішна, 1926 г.н., в. Сіманічы Лельчыцкага раёна); ці: “Раньшэй укачывалі яйцом. А я так, пошапчу, дай і помогае” (Міненка Дар’я Марцьянаўна, 1914 г.н., г.п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна). Аднак да нашага часу ступень заханасці комплексу спосабаў лячэння “ляку” з’яўляецца досыць высокай у параўнанні з большасцю астатніх хвароб. Акрамя таго, паколькі сёння пацыенты часта жывуць далёка ад месца пражывання знахароў, распаўсюджванне атрымалі дыстанцыйныя спосабы лячэння “ляку”, калі “знаючы» пераказвае неабходную замову на ваду, якую затым перадаюць хвораму.

Такім чынам, лячэнне “ляку” ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся дэманструе значную ступень захаванасці ў параўнанні з матэрыяламі першай трэці ХХ ст. Пры гэтым назіраецца з’яўленне новых назваў хваробы (“спуг”), скарачэнне спосабаў лячэння “ляку”, якія існуюць у знахарскай практыцы ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст., і спрашчэнне тых з іх, што захаваліся. Таксама, ў сувязі з немагчымасцю прамога кантакта знахара з часткай пацыентаў у знахар­скай практыцы Беларускага Палесся ўзрастае роля безкантактных спосабаў лячэння.

Крыніцы і літаратура

  1. Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе / Часлаў Пяткевіч ; уклад., прадм. У. Васілевіча ; пер. з пол. — Мінск: Беларус. кнігазбор, 2004. — 670 с. — (Беларускі кнігазбор: БК, Серыя 1, Мастацкая літаратура. Серыя 2, Г історыка — літаратурныя помнікі).
  2. Moszynski, K. Polesie wschodnie: Materjaly etnograficzne z wschodniej cz^sci b. powiatu Mozyrskiego oraz z powiatu Rzeczyckiego / K. Moszynski. — Warszawa : Wyd — wo Kasy im. Mianowskiego, 1928. — 304 s.
  3. Сержпутоўскі, А. К. Прымхі і забабоны беларусаў — палешукоў / А. К. Сержпутоўскі ; навук. рэд. А. С. Фядосік ; прадм. У. К. Касько]. — Мінск: Універсітэцкае, 1998. — 301 с.
  4. Полесские заговоры: в записях 1970 — 1990 — х гг. : сб. / Рос. акад. наук, Ин — т славяноведения. — М.: Индрик, 2003. — 751 с.


Аўтар:
У.А. Ганчар
Крыніца: Гістарычныя шляхі беларускага народа і суседзяў: узаемадзеянне і ўзаемаўплывы. Зборнік навуковых артыкулаў. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2016.

Uladzimir Hanchar

Treatment of fright in the healing practice of Belarusian Polesie in 20  —  beginning 21 century

In the article is considered the curing of “fear” — the illness, which allegedly appears as the result of someone was frightened — in witch — doctors ’ practice in Belarusian Polesie in the XXth — the beginning of the XXIst century. The variability of illness names, its symptoms, means of its diagnosing and curing are investigated, and evolution of means of “fear” curing in the period under review are traced. Author comes to conclusion about considerable stability of “fear” curing complex in witch­doctors’ practice of the region. Meanwhile, he notes the tendency to shortening and simplifying of “fear” curing means, and to growing of significance of contactless ways of its curing.