На паўднёвы ўсход ад Мазыра па праваму берагу Прыпяці ўніз па цячэнню да вёскі Барбароў цягнецца Мазырскае ўзвышша. Вакол яго, і справа і злева, раскінулася вялікая нізіна. Наваколле Мазыра рэзка адрозніваецца ад суседніх мясцін. Яшчэ ў канцы XIX ст., згодна з геаграфічнымі апісаннямі даследчыкаў, чатыры пятыя тэрыторыі былога Мазырскага павета Мінскай губерні займалі непраходныя балоты. Пасяленні былі аддалены адно ад аднаго на дзесяткі вёрст і, здаралася, доўгі час паміж імі адсутнічалі ўсялякія зносіны. А што было тут у старажытныя часы? Цяжка адказаць дакладна, але, думаецца, мы не зробім памылкі, калі скажам, што існавала тут вялікая краіна лясоў, вод і туманаў, у якой, здавалася, насуперак разумнаму сэнсу сяліліся людзі, вялі гаспадарку, гандлявалі з суседзямі. Неверагодна, але амаль на кожным грудку ўздоўж Прыпяці адшукваюцца месцы старажытных паселішчаў, аб якіх сведчаць абломкі гаршкоў, крамянёвыя вырабы, рэшткі вогнішчаў. Не з’яўляецца выключэннем і Мазырская града. У межах сучаснага Мазыра археалагічныя даследаванні выявілі месца былога гарадзішча і селішча, якія існавалі прыкладна ў VIII-XI стст. Відаць, гэтыя пасяленні былі правобразам будучага горада.
Звесткі аб старажытнай гісторыі Мазыра захаваліся, як гэта звычайна бывае, у фрагментах, якія, калі іх размясціць у храналагічнай паслядоўнасці, апавядаюць выключна пра княжацкія сваркі, войны, знішчэнне і адбудову горада. Вось асноўныя здарэнні ў даўняй гісторыі Мазыра, згодна з адным з самых аўтарытэтных выданняў канца XIX ст.1 1155 год — князь Юрый Даўгарукі аддае горад тагачаснаму чарнігаўскаму ўладару Святаславу Вольгавічу. Гэта — першае летапіснае паведамленне аб Мазыры. На працягу XII ст. горад пераходзіць ад аднаго князя да другога. У XIII ст. трапляе пад уладу літоўскіх правіцеляў. У 1241-ым горад быў разрабаваны і спалены атрадамі татарскіх ханаў Гаюка і Кайдгана. 1497, 1521, 1534 гады — зноў рабаўнічыя набегі, на гэты раз крымскіх татар, зноў льецца кроў, зноў застаўшыеся ў жывых мазыране адбудоўваюць горад нанава. У 1508 і 1535 гадах Мазыр аказваецца аб’ектам спрэчак паміж уладарамі Літоўскай і Маскоўскай дзяржаў і зноў церпіць ад нападаў, пажараў і разбурэнняў. 1569 год — Мазыр прызначаецца павятовым горадам Мінскага ваяводства ў складзе толькі што ўтворанай новай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. 1609 год — страшэнны пажар, які знішчыў увесь горад. У 1648 — 1654 гадах жыхары Мазыра і сяляне павета змагаюцца супраць польскага панавання. У 1793 годзе горад далучаецца да Расіі і з 1796-га становіцца цэнтрам павета Мінскай губерні.
Кожны з прыведзеных фактаў годны ўвагі і пры ўмове дэталёвага даследавання можа стаць асновай цікавага краязнаўчага ці, мабыць, літаратурнага апісання. Нас жа ў дадзеным выпадку цікавяць тыя падзеі, якія не адлюстраваліся ў адзначаных фактах і адлюстраванымі быць не маглі. Гэта — пачаткі горада, яго вытокі, яго ўзнікненне і звязанае з гэтым пытанне аб паходжанні яго назвы. Назва — гэта своеасаблівая загадка. І калі разгадаць яе, яна раскажа пра тых людзей, якія засялілі мазырскія ўзвышшы, і пра тое, чаму, як і калі яны ўжылі слова Мазыр для наймення пасялення над Прыпяццю.
Згодна з найбольш абгрунтаваным на сённяшні дзень тлумачэннем назвы Мазыр, яе вытокі ўзыходзяць да наймення этнаграфічнай групы заходнеславянскага (польскага) насельніцтва — мазураў2. Такое тлумачэнне сапраўды мае важкія падставы. Даследаванні апошніх гадоў сведчаць аб этнічных кантактах паміж усходнімі і заходнімі славянамі яшчэ ў VIII-X стст. У XI-XII стст. актывізуюцца гандлёва-эканамічныя, палітычныя і культурныя сувязі заходніх славян з насельніцтвам Беларусі. У адзначаны час, як можна меркаваць, закладваліся асновы для ўзнікнення шматлікіх геаграфічных назваў Беларусі ад этнічных найменняў ляхі і мазуры. Толькі на Палессі ёсць 12 такіх назваў. Гэта вёскі Ляхавічы (Жыткавіцкі, Драгічынскі, Іванаўскі раёны), Ляхаўцы (Кобрынскі, Маларыцкі раёны), хутар Ляхава (Пінскі раён), горад Ляхавічы (Брэсцкая вобласць), вёскі Мазуры (былы Мазырскі павет, Ельскі, Кобрынскі раёны), Мазуркі (Ляхавіцкі раён), Мазуршчына (Светлагорскі раён). Гэтыя геаграфічныя назвы маглі ўзнікнуць толькі пры наяўнасці болыпых ці меншых груп польскага насельніцтва або асобных перасяленцаў у адзначаных раёнах. Аднак зусім не абавязкова ўсе назвы адносіць да старажытнарускага часу, да VIII-XII стст.
У другой палове XIV ст. палякі з’явіліся на землях Вялікага княства Літоўскага ў якасці палонных пасля ваенных паходаў літоўскіх князёў на Польшчу. Ёсць даныя, якія сведчаць, што колькасць палякаў у межах тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў той час складала каля 23 тысяч чалавек3.
Ці адбываліся перасяленні палякаў на ўсход і паўднёвы ўсход (на тэрыторыю Беларусі, Падолля і Валыні) пасля заключэння ў 1386 годзе так званай Крэўскай уніі, згодна з якой у асобе Ягайлы спалучаўся кароль польскі і вялікі князь літоўскі, і асабліва пасля Люблінскай уніі 1569 года, калі ўсе беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай? Адназначны адказ на гэта пытанне даць цяжка. Заканадаўства Вялікага княства Літоўскага (статут 1588 года, артыкул 12, раздзел III) не дазваляў палякам мець землі ў межах Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, забараняў ім набываць тут маёмасць, маёнткі і г.д. Між тым, некаторыя ўскосныя факты, у прыватнасці вялікая колькасць геаграфічных назваў на тэрыторыі Беларусі, утвораных ад этнічных найменняў ляхі, мазуры, палякі (па нашых даных, толькі адна этнанімічная аснова ляхвыяўляецца ў 20 геаграфічных найменнях, якія сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі рэспублікі і служаць для назвы 73 населеных пунктаў), а таксама географа-статыстычныя звесткі XIX стагоддзя дазваляюць меркаваць, што пранікненне польскага насельніцтва, асабліва пад этнічным абазначэннем ляхі, якое з’яўляецца больш старадаўнім, чым, напрыклад, этнонім палякі, адбывалася, няхай і не ў масавым парадку, а паступова, і ў XVI і ў наступныя стагоддзі.Відаць, пэўныя заканадаўчыя акты ў Вялікім княстве Літоўскім таму і прымаліся, што міграцыі заходнеславянскага насельніцтва (палякаў, галоўным чынам) сапраўды мелі месца.
Каб вызначыць дакладны час паходжання таго ці іншага населенага пункта, у назве якога адлюстраваліся найменні ляхі і мазуры, патрэбна карпатлівая работа ў архівах і на месцы, гэта значыць у самім населеным пункце. Але ёсць і іншыя магчымасці, не менш надзейныя. Напрыклад, вядома, што этнічнае найменне мазуры сустракаецца ў пісьмовых крыніцах толькі з XV ст. Адсюль вынікае, што вёскі Мазуры, Мазуршчына, Мазурышкі і іншыя па ўсёй Беларусі не маглі атрымаць сваю назву раней гэтага часу.
Мазуры былі адной з самых шматлікіх польскіх груп. Яны засялялі зямлю Мазоўша на паўночным усходзе Польшчы. Рускія князі хадзілі ў гэтую зямлю з войскам яшчэ ў XI ст. Але тады было вядома толькі найменне мазаўшаны. Кіеўскія дружины звичайна прыводзілі з паходаў палон, які потым рассяляўся на ўскраінах Кіеўскага княства. А паколькі шлях на Мазоўша пралягаў па Прыпяці, то зусім верагодна, што мазаўшаны маглі асесці на сталае жыхарства ў асобных незаселеных раёнах Палесся яшчэ ў XI ст.
У наступным стагоддзі ўпершыню ўпамінаецца Мазыр (1155 год). Аднак ці можна яго назву звязваць з мазаўшанамі, паланёнымі палякамі ці перасяленцамі? На нашу думку, наўрад ці. І галоўная перешкода на гэтым шляху — фіксацыя формы мазур толькі з XV ст., калі Мазыру ішло па меньшай меры ўжо чацвёртае стагоддзе. Да таго ж структура геаграфічнай назвы Мазыр вельмі нетыповая, каб бачыць у ёй адлюстраванне этнічнага наймення. Паходжанне ж назвы горада ад больш старажытнай формы наймення аднаго і таго ж народа — мазаўшаны зусім немагчыма.
Як жа ў такім разе тлумачыць загадкавую геаграфічную назву, дзе шукаць яе вытокі?
Пры разгадванні старажытных найменняў, якія даўно страцілі свой першапачатковы сэнс, геаграфічную назву нельга разглядаць асобна, без сувязі з іншымі назвамі. Кожнае імя абавязкова паўтараецца ў такім жа ці трохі ў змененым выглядзе на суседніх тэрыторыях, прычым нярэдка ў якасці наймення аб’ектаў іншага роду — не толькі населених пунктаў, але і азёр, рэк і г.д.
Такія акалічнасці справы і ў нашым прыкладзе. У басейне Дняпра на тэрыторыі Украіны ёсць рэчка Мазырка (Мазірка). На Гомельшчыне каля вёскі Рудня Калінкавіцкага раёна вядома Мазырскае балота. На поўначы Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, а таксама на Ушаччыне размяшчаюцца дзве вёскі з аднолькавай назвай — Мосар. Урочышча Mуcap ёсць і ля вёскі Свяча Нараўлянскага раёна. Вёска Масоры фіксуецца ў Сенненскім раёне Віцебскай вобласці, а ў Шумілінскім раёне той жа вобласці — вёска Мосарава. Сенажаць Масароука адзначаецца побач з вёскай Закаблукі Мінскага раёна.
Назвы тыпу Мосар, Масоры і Мазыр можна лічыць роднаснымі, нягледзячы на розныя зычныя гукі (с) і [з] у іх складзе. Такое гукавое чаргаванне сустракаецца і ў іншых назвах: рака Уза — рака Уса, рака Соленка — рака Золенка, рака Ведрач — рака Ветрыч (у апошняй назве адбываецца чаргаванне іншых гукаў, але таксама звонкага і глухога зычнага).
Як вядома, у беларускім вымаўленні націск у назве Мазыр падає на другі склад, у рускім жа вымаўленні — на першы (Мозырь). Параўнанне з роднаснымі геаграфічнымі імёнамі сведчыць, што нефіксаваны націск у назве Мазыр — Мозырь мае працяглую гісторыю. Першая фіксацыя назвы — Мозырь (1155 год), відаць, прадугледжвала націск на першым складзе. У фіксацыях XII-XIV стст., па сведчанню В. А. Жучкевіча, можна сустрэць Мозър і Мазър, дзе літара [ъ] (у першым выпадку па ўсёй верагоднасці абазначае ненаціскны гук, у другім — націскны (магла передаваць гукі [ы, о, а]).
Параўнанне з яшчэ адной назвай — Замосарск (хутар да 1936 г. у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці) — дазваляе зразумець, што можа ляжаць у аснове як слова Мазыр, так і іншых нагаданых імён. Назву хутара Замосарск трэба разумець як “аб’ект, што знаходзіцца за мосарам”. Дык што ж такое мосар? Па ўсёй верагоднасці, гэта балота, балоцістая нізіна, старое рэчышча, якое парасло кволай расліннасцю. Хутар Замосарск знаходзіўся побач з вёскай Колкі. Колкамі ж называюць бярозавае рэдкалессе, хмызняк часцей за ўсё на балоце, сырой западзіне. Успомнім і нагаданае вышэй Мазырскае балота. Назву ж рэчкі Мазыркі на тэрыторыі Украіны ў басейне Дняпра належыць разумець як “тая, што працякае праз балота, нізіну”.
Тлумачэнне назвы Мазыра ад слова мосар матывуецца асаблівасцямі геаграфічнага ландшафту. Згодна з апісаннямі другой паловы XIX ст., большая частка Мазырскага павета ўяўляла сабой непраходную нізіну. Толькі левы бераг Прыпяці, а таксама месцы вакол Мазыра і Турава былі зручнымі для жыхарства. У астатніх частках пасяленні знаходзіліся адно ад другога на дзесяткі вёрст і былі пазбаўлены часам на доўті тэрмін усялякіх паміж сабой зносін. Аднак людзі тым не менш ca старажытных часоў насялялі Палессе і мелі паміж сабой сталыя і трывалыя сувязі. Яны абжывалі Палессе, як і іншыя лясныя раёны, з дапамогай водных шляхоў — самых старажытных ліній камунікацыі. У гэтай даўняй сістэме шляхоў зносін немалую ролю адыгрывалі волакі.
Мы нездарма падкрэсліваем гэтую акалічнасць, бо мяркуем, што слова мосар, з дапамогай якога тлумачым усе нагаданыя вышэй назвы, абазначала не проста балота, балоцістую нізіну, лагчыну. Рэканструяванае намі слова мосар вельмі нагадвае словы мосер, мосьор, якія ў комі мове маюць значэнне “волак, шлях па водападзелу, лагчыне”. Ці не ёсць супадзенне слоў беларускай і комі моў адной з праяў старажытных моўных сувязей продкаў сучасных народаў усходняй Еўропы? Адзначым, што пэўнай, больш позняй рэалізацыяй старажытнага слова мосар з’яўляецца геаграфічны тэрмін mozirje ў значэнні “балота”, зафіксаваны на тэрыторыі Паўднёвай Славіі, у славенскіх гаворках.
Зразумела, прапанаваныя намі меркаванні патрабуюць дэталёвага і ўсебаковага вывучэння. Мы лічым, што далейшыя даследаванні павінны мець не толькі лінгвістычны, але і гісторыка-геаграфічны аспекты. Прынамсі ўжо цяпер трэба паспрабаваць суаднесці лінгвістычнае тлумачэнне назвы Мазыра з тапаграфіяй мазырскага наваколля, каб лінгвістычны бок справы абгрунтаваць яшчэ і гісторыка-геаграфічнымі меркаваннямі.
Таму на заканчэнне выкажам яшчэ адну здагадку. Ці не нарадзілася назва Мазыр (Мозырь) на месцы былой вёскі Кімбараўка каля мэблевай фабрыкі, паміж ярамі, дзе размяшчаецца старажытнае гарадзішча VIII-X стст.?
- Живописная Россия. Т. 3. Ч. II. СПб., М., 1882.
- Жучкевич В. А. Мозырь и мазуры // Нема». 1972. № 3. С. 188-189.
- Этнаграфія беларусаў. Мінск, 1985. С. 93-94.
Аўтар: А.Ф. Рогалеў
Крыніца: Рогалеў А. Ф. Сцежкі ў даўніну: Геагр. назвы Беларус. Палесся. Мн.: Полымя, 1992. — 159 с. Ст. 32-36.