У ліпені 2012 г. Гомельскім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” вывучаўся манументальны прадмет культу хрысціянскай рэлігіі – каменны крыж, які знаходзіцца на тэрыторыі Свята-Троіцкага сабора ў г.п. Лоеў Гомельскай вобл. Ён добра вядомы прыхаджанам царквы і мясцовым жыхарам, але дагэтуль не ўведзены ў навуковы ўжытак.
Крыж высечаны з валуна, складзенага з буйназярністага пясчаніку (?), вертыкальна ўкапаны ў зямлю (пасля 2010 г. каля яго пакладзена тратуарная плітка). Памеры крыжа: вышыня – 32 см; шырыня ўнізе – 24 см; таўшчыня – каля 17 см, шырыня па гарызантальнай папярочыне – 36 см. На пярэднім баку выраба, у цэнтры, выбіты чатырохканцовы крыж (Мал. 1).
Неабходна ўдакладніць, што сабор, каля якога знаходзіцца крыж, узведзены ў 1990 г. над старой драўлянай царквой, якую пабудавалі пасля Вялікай Айчыннай вайны на месцы колішніх могілак. На іх цяпер людзей не хаваюць. На могілках захавалася мала надмагільных помнікаў, сярод якіх адзначаюцца пераважна спарахнелыя драўляныя ды металічныя крыжы. Мясцовыя краязнаўцы мяркуюць, што першыя пахаванні на могілках здзяйсняліся ў другой палове XVII ст. Магчыма, тут пахавалі забітых ваяроў Лоеўскай бітвы 1649 г. ці 1651 г., альбо мясцовых жыхароў, якія загінулі падчас падзей 1654 г. [1].
Бясспрэчна, што гэтыя могілкі вельмі старыя. Яны знаходзяцца ў 750 м ад гарадзішча XI–XIII ст., замка XIV–XVIII ст. [2]. Праз 250 м ад могілак працякае ручай Вітач, які ўпадае ў р. Дняпро. Захавалася паданне пра гэты каменны крыж. Ганна Максімаўна Александронец 1931 г. н., якая болей за 40 гадоў жыве ў Лоеве, распавядала: “Калісьці праз Лоеў па Дняпры людзі гналі плыты. Адзін з плытагонаў моцна захварэў і неўзабаве памёр. Сябры вырашылі пахаваць спачылага на лоеўскіх могілках. Па іх замове мясцовыя майстры высеклі з прывезенага, на адваротным шляху, валуна крыж. Ён дагэтуль стаіць на яго магіле. Калі тут быў пахаваны плытагон, ніхто не памятае”.
Хутчэй за ўсё, камень для крыжа быў прывезены аднекуль здалёк. Падставай такой думкі з’яўляецца выключна нізкая завалуненасць глебаў Лоеўскага раёна і, увогуле, сучаснай Гомельскай вобласці (0,1%) [3]. Нягледзячы на тое, што на царкоўнай тэрыторыі дастаткова вольнага месца, у 2010 г. святары і царкоўны савет Свята-Троіцкага сабора вырашылі ўстанавіць побач са старажытным крыжом памятны знак протаіерэю Міхаілу Мандрыку, які з 1971 г. па 2009 г. кіраваў Лоеўскім прыходам (спачыў у Бозе ў 2009 г. і пахаваны ў г. Брэсце). Крыж апынуўся ў “палоне” тратуарнай пліткі (Мал. 2). Cуседства старадаўняга каменнага крыжа і сучаснага памятнага знака, на жаль, не спрыяе паўнавартаснаму ўспрыяццю гісторыка-культурных аб’ектаў на сядзібе Свята-Троіцкага сабора. Лоеўскі каменны крыж можна ідэнтыфікаваць як надмагільны. Ён нагадвае вядомыя тураўскія, малыя крыжы, якія знаходзяцца на Барысаглебскіх могілках у г. п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.

- Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. – У 2 т. – Мінск, 2007. – Т. 2. – С. 215-217.
- Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. – У 2 т. – Мінск, 2011. – Т. 2 – С. 23-24; Макушников О. А. Гомельское Поднепровье в V – середине ХІІІ вв.: Социально-экономическое и этнокультурное развитие. – Гомель, 2009. – С. 53.
- Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі. – Мінск, 2011. – С. 12.
Аўтар: В.С. Лось (Гомель)
Источник: Археологические исследования в Еврорегионе «Днепр» в 2012 году: междунар. сб. науч. ст. / междунар. редкол. : О. М. Демиденко (отв. ред.), Н. Н. Кривальцевич (зам. отв. ред.), О. А. Макушников (науч. ред.), Ю. В. Панков (отв. секр.) [и др.] ; Гом. обл. исполн. ком., Ин-т истории НАН Б, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — 210 с.