Лоеўская бітва 1649 года

0
1698
Лоеўская бітва 1649 года

Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг. ахапіла вялізную тэрыторыю, прыцягнула да ўдзелу масы насельніцтва, якія прадстаўлялі розныя яго сацыяльныя групы і пераследавалі розныя мэты. Маштабнасць падзей і значэнне вайны для далейшага лёсу беларускага народа робяць яе даследаванне надзвычай актуальным. Казацка-сялянская вайна з’яўляецца вынікам перапляцення сацыяльных супярэчнасцей, выражаных у форме рэлігійнай барацьбы [1, c. 92]. У ходзе вайны адбылося шмат яскравых падзей, сярод якіх найбольш маштабнай падаецца бітва каля Лоева 1649 г.

У Лоеўскай бітве зышліся сілы літоўскага войска на чале з польным гетманам Янушам Радзівілам і казацка-сялянскае войска наказнога гетмана Міхаіла (Станіслава) Крычэўскага. Уначы 31 ліпеня казацкае войска Крычэўскага падыйшло да Лоева, дзе стаяў лагер дзяржаўных сіл. Дапамогу Крычэўскаму павінны былі аказаць казакі чарнігаўскага палка Сямёна Падабайлы, што размясціліся на левым беразе Дняпра. На досвітку была склікана казацкая старшынская рада, на якой ўзніклі рознагалоссі адносна неабходнасці штурму шляхецкага лагера. Старшына ўказвала наказному гетману на аслабленыя сілы казацкага войска пасля шматкіламетровага маршу, на перавагу літоўскага войска ў артылерыі, але Крычэўскі здолеў пераканаць апанентаў у неабходнасці імклівай атакі [2, арк. 249]. Сямёну Падабайлу быў адасланы загад падчас атакі фарсіраваць Дняпро [3, с. 61].

Раніцай 31 ліпеня адзін з казацкіх раз’ездаў напаў на шляхецкіх фуражыраў, частка з якіх здолела папярэдзіць Я. Радзівіла, што «непрыяцеля ў паўтары мілі бачыў на вочы» [4, с. 27; 5, s. 359]. Фактар нечаканасці М. Крычэўскі страціў, аднак ведаючы, што частка войска ВКЛ яшчэ не вярнулася ў лагер, ён вырашыў дзейнічаць неадкладна, адмовіўшыся ад рашэння, прынятага на старшынскай радзе. Такім чынам планавалася атака шляхецкага лагера сіламі кавалерыі з ходу, без падрымкі ўласнай пяхоты і артылерыі, а таксама без дапамогі палка Падабайлы. Крычэўскі спадзяваўся, што Падабайла здолее зразумець сітуацыю, аднак як паказаў ход бітвы, спадзяванні наказнога гетмана на фактар раптоўнасці былі марнымі. У выніку праведзенага даследавання крыніц, а таксама вывучэння мясцовасці можна выдзеліць чатыры асноўных этапы бітвы пад Лоевам.

Першы этап характарызуецца абаронай лагера войска ВКЛ ад атакі кавалерыі Крычэўскага і контрнаступленнем літоўскага войска, у выніку якога казакі былі адцеснены да лесу. Вялікую ролю ў перамозе шляхецкага войска на гэтым этапе бітвы адыгралі два фактары. Па-першае, гэта своечасовае вяртанне атрада Самуэля Камароўскага з-пад Брагіна і ўзважаная ацэнка ім сітуацыі, у выніку чаго яго атрад нанёс абсалютна нечаканы ўдар з тылу па леваму крылу казакаў. Войска Крычэўскага было разарвана на дзве часткі, левае яго крыло было акружана. Па-другое, адсутнасцю падтрымкі войска Крычэўскага як з боку Падабайлы, які позна зарыентаваўся ў сітуацыі і сваечасова не падтрымаў атаку наказнога гетмана, так і з боку ўласнай пяхоты, якая не паспела падысці да месца бітвы [4, с. 27; 5, с. 47; 6, s. 359].

На другім этапе бітвы цэнтр баявых дзеянняў перамясціўся да Татарскага броду, праз які стаў фарсіраваць Дняпро Падабайла. Войска Крычэўскага было блакіравана ў лесе. Такім чынам, падтрымаць манеўр чарнігаўскага палкоўніка наказны гетман не здолеў. Баючыся ўдару з тылу, Падабайла ўвёў у бой толькі частку свайго палка — каля 3 тыс. чалавек, што дало магчымасць літоўскаму войску, якое мела больш зручную пазіцыю, не саступала колькасна і мела ў распараджэнні кавалерыю, прадпрыняць контратаку і адцясніць казакаў да Дняпра, адрэзаўшы іх ад чаўноў. Спадзеючыся неяк выратавацца, казакі паспрабавалі перасекчы Дняпро ўплаў, аднак пад шквальным агнём значная іх частка была забіта [4, с. 28; 6 s. 360].

Пасля разгрому дэсанта Падабайлы пачаўся трэці этап бітвы. Я. Радзівіл атрымаў інфармацыю, што пяхота Крычэўскага ўжо на адлегласці каля дзвюх міляў ад месца бою. З мэтаю прадухілення аб’яднання кавалерыі і пяхоты казакаў Я. Радзівіл, працягваючы блакіраваць лагер наказнога гетмана, выслаў супраць яго пяхоты значныя сілы пад кіраўніцтвам Грыгорыя Мірскага. У чвэрці мілі ад лагера Крычэўскага атрад Мірскага атакаваў казацкую пяхоту і на працягу паўгадзіны разграміў яе [4, с. 28; 6, s. 360].

Чацвёрты этап бітвы характарызуецца няўдалымі спробамі М. Крычэўскага прарваць блакаду яго лагера і з’яднацца з пяхотай, а пасля яе разгрому — наступнымі атакамі войска ВКЛ казацкага лагера. Казакі, пабудаваўшы ўмацаванні з трупаў людзей і коней, аказалі сур’ёзнае супраціўленне, у выніку якога штурмуючыя неслі значныя страты, былі паранены некалькі афіцэраў, адчуваўся недахоп пораху і куль. Гэтыя фактары ў сукупнасці прымусілі Радзівіла спыніць наступленне і адкласці штурм на раніцу наступнага дня [4, с. 28; 6, s. 360]. Начную перадышку казакі выкарысталі для адступлення. Уначы з 31 ліпеня на 1 жніўня яны лясамі і балотамі патаемна пакінулі свой лагер.

Казацкае войска панесла пад Лоевам вялізныя страты. У гістарыяграфіі і крыніцах звесткі аб колькасці забітых вагаюцца ад 7 да 30 тыс. чалавек [4, с. 29; 7, с. 136, 48; 8, с. 481]. Для высвятлення рэальных маштабаў бітвы пад Лоевам і страт, якія панеслі абодва бакі, неабходна вызначыць колькасны склад абедзвюх армій. Атакуючая на першым этапе бітвы кавалерыя М. Крычэўскага ацэньваецца ў 10-16 тыс. чалавек, колькасць палка Падабайлы вагаецца ад 6 да 10 тыс. чалавек, колькасць пяхоты М. Крычэўскага можна ацаніць у некалькі тысяч. Усяго разам казацкае войска налічвала не менш за 20 тыс. ваяроў. Сам Крычэўскі, гаворачы перад смерцю аб страце 30 тыс. чалавек, верагодна, меў на ўвазе ўвесь колькасны склад падначаленых яму падраздзяленняў, у тым ліку і чарнобыльскага палка. Гэтая лічба падаецца дастаткова даставернай, яна пацвярджаецца вынікамі допытаў палонных паўстанцаў [4, с. 28]. Завышанымі ўяўляюцца звесткі, паводле якіх войска М. Крычэўскага магло дасягаць 40 тыс. чалавек [9, с. 298].

Падчас бітвы чарнігаўскі полк С. Падабайлы, па інфармацыі Я. Радзівіла, страціў ад 2,5 да 3 тыс. чалавек, Й.Г. Шледэр прыводзіць страты казакаў у 4-5 тыс. чалавек [4, с. 28; 6, s. 360]. Параўноўваючы гэтыя лічбы, можна дапусціць, што страты С. Падабайлы склалі ад 3 да 4 тыс. чалавек. Апроч патанулых, да 3 жніўня ў 4 вялізных магілах было пахавана каля 2 700 ваяроў М. Крычэўскага [10, арк. 248]. Усяго было вырыта 16 велізарных магіл, у якіх, калі ўлічыць, што ў адну магілу памяшчалі ад 500 да 1 тыс. трупаў, магло быць ад 9 да 16 тыс. забітых паўстанцаў [4, с. 28]. Калі дадаць да гэтай лічбы колькасць патанулых, а таксама казакаў, якія былі забіты або памерлі ад ран у лясах, агульныя іх страты можна ацаніць ў 15­-20 тыс. чалавек.

Страты шляхецкага войска дакладна высветліць таксама няпроста. Паводле пераліку войска ВКЛ, якое вярнулася ў жніўні ў Рэчыцу, яго колькасны склад, уключаючы 1-1,5 тыс. жаўнераў рэчыцкага гарнізона і 3 тыс. ваяроў, якія падыйшлі з унутраных паветаў ВКЛ, налічваў каля 7 тыс. чалавек [3, с. 79; 11, c. 37]. Такім чынам, з-пад Лоева вярнуліся каля 3 тыс. чалавек. Улічваючы, што сілы Радзівіла пад Лоевам складалі каля 6 тыс., можна ацаніць страты шляхецкага войска ў 3 тыс. Такая розніца ў стратах — 15-20 тыс. паўстанцаў і 3 тыс. жаўнераў ВКЛ — не з’яўляецца дзіўнай. Адной з прычын паражэння казацкага войска і значных стратаў пад Лоевам з’яўляецца і стратэгічная памылка М. Крычэўскага, які вырашыў выкарыстаць фактар раптоўнасці і, відавочна, памыліўся, што дазволіла шляхецкаму войску знішчыць кожны з элементаў казацкага войска паасобку.

Крыніцы і літаратура:

  1. Чаропка, С. Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гадоў на Беларусі: некаторыя вынікі даследавання// Извест. Гом. гос. ун-та им. Ф. Скорины. — 2009. — № 4 (55). — Ч. 1. — С. 92-96.
  2. Львоўская навуковая бібліятэка Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны імя В.С. Стэфаніка (ЛНБ). — Ф. Асалінскіх — Спр. 225/ІІ. — Арк. 249-250. — Канфесата допыту казакоў.
  3. Переяславський, О. Лоїв / О. Переяславський. — Каліш: б.в., 1935. — 95 с.
  4. Уривки з німецької хроніки «Театр Європи» // Сіверянський літопис. — 1999. — № 2. — С. 24-31.
  5. Кислюк, О. Польський хроніст Самуель Грондський і його опис Лоївської битви 1649 р. / О. Кислюк // Гісторыя Лоеўскай зямлі. Факты. Каментарыі. — Гомель, 2006. — С. 43-48.
  6. Lipinski, W. Stanislaw Michal Krzyczewski. Z dzejow walki szlachty ukrainskiej w szeregach powstanczych pod wodz^ Bohdana Chmelnickiego / W. Lipinski. — Krakow, 1912. — VIII, 375 s.
  7. Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да 1996 г.: у 3 т. — Мінск: Беларуская навука, 1997. — Т. 1. / Я.К. Анішчанка, Г.Я. Галенчанка, В.Ф. Голубеў і інш. — 1997. — 430 [1] с.
  8. Грыцкевіч, А. Лоеўская бітва 1649 г. // Энцыкл. гіст. Беларусі: у 6 т. — Мінск, 1997. — Т 4. — С. 390.
  9. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссией (АЮЗР). — СПб.: тип. Кулиша, 1861. — Т. 3. — С. 604, 134, 22.
  10. ЛНБ. — Ф. Асалінскіх — Спр. 225/ІІ. — Арк. 246-248. — Рэляцыя аб разгроме Крычэўскага.
  11. Чаропка, С. Палессе ў полымі войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя // Український культуролог, альманах. 2011. Вип. 4 (90). Україна — Білорусь. Кн. 1. Київ: ФСРМ, 2012. С. 283-332.

Аўтар: С.А. Чаропка
Крыніца: Днепровский паром. 2017 г. Международных историко-краеведческих чтений «Днепровский паром» (8-9 августа 2017 г., г. Лоев). Ст. 88-91.