Лоеўская бітва 1649 г.

0
2633
Лоеўская бітва, Лоеў

Некалькі месяцаў перамір’я Хмяльніцкі выкарыстаў на мабілізацыю сіл для далейшай вайны. Украінскаму гетману, які ўзнаўляў ваенныя акцыі супраць кароннага войска, важна было затрымаць армію Вялікага Княства ў Беларусі, не дапусціць яе да супольных з палякамі дзеянняў. Таму Хмяльніцкі выстаўляў на заслону значныя сілы. Ужо ў пачатку чэрвеня 1649 г. яго казакі спрабавалі авалодаць Гомелем. Палкоўнікі Літвіненка, Паповіч і Гаркуша шматразова штурмавалі горад, аднак не здолелі зламаць абарону, актыўну ўдзел у якой бралі і мяшчане1.

Януш Радзівіл вясной таксама энергічна рыхтаваўся да вайны. Востра не хапала грошай не толькі для найму новых харугваў, але і для аплаты жаўнераў, што знаходзіліся ў войску. Тым часам найміты ўжо пагражалі кінуць службу, калі не атрымаюць засслужанай платы. Да таго ж кароль патрабаваў ад Радзівіла прыслаць палову войска ВКЛ у Карону. Падтрыманы сваімі сенатарамі, князь адмовіўся падпарадкавацца волі манарха, паколькі прававыя нормы ВКЛ забаранялі дзяліць армію.

Да лета 1649 г. гетман сабраў каля 6 тыс. Войска пад Рэчыцай. Сам ён з’явіўся ў войску ў пачатку ліпеня і пачаў рыхтаваць марш на Украіну, чаго патрабавала ад яго Карона. Прыкрываючы Украіну, каб Радзівіл “бавіўся ў сваім краі, не даючы падтрымку палякам”2, Хмяльніцкі ў чэрвені накіраваў ў Беларусь трохтысячны загон Ільі Галоты, сілы якога павялічылі сяляне, а следам – палкоўніка Галавацкага. Галота адразу атакаваў харугвы Валовіча (1700 чалавек), што стаялі ў Загаллі. І хоць сілы казакаў намнога пераўзыходзілі загальскі абоз, дзякуючы конніцы паручніка Сарноўскага, якая падаспела, Галота патрываў паразу і сам загінуў у сечы. Таксама аддзел Галавацкага натрапіў на засаду пад Рэчыцай і сам палкоўнік быў схоплены Мірскім.

Тады Хмяльніцкі, каб паправіць становішча, спешна паслаў 12 тыс. Казакаў на чале з Падабайлам для блакавання пераправы ля ўпадзення Сажа ў Дняпро. Спаліўшы Лоеў, палкоўнік насыпаў на абодвух берагах Дняпра даўгія валы і ўмацаваўся. Тым часам Радзівіл вырашыў ісці на Кіеў і пачаў пераводзіць пад Лоеў асноўныя сілы. 18 ліпеня ён пакінуў Рэчыцу, у якой засталося толькі невялікае прыкрыццё. Ён планаваў перапраўляцца праз Дняпро ніжэй Лоева, захапіўшы пераправу ўдарамі з двух бакоў. Наперад выслаў стольніка Гасеўскага, каб той заняў плацдарм на правым беразе Дняпра, ніжэй вусця Сажа. Гасеўскаму ўдалося высадзіць пяхоту на бераг і ўзвесці ноччу земляныя ўмацаванні насупраць казацкіх акопаў3.

Тым часам украінскі гетман выслаў насустрач Радзівілу яшчэ палкоўніка Міхала Крычэўкага, ў фармаваннях якога мелася да 15 тыс. казакаў, а таксама тысячы чэлядзі і мясцовага сялянства, так што разам лічылася каля 30 тыс.4 Князь атрымаў інфармацыю пра набліжэнне Крычэўскага 25-26 ліпеня і змяніў план дзеянняў: адмовіўшыся атакаваць пераправу, ён накіраваў тысячу коннікаў на чале з Адамам Паўловічам на ўмацаванне Рэчыцы і яшчэ каля тысячы з Самулем Камроўскім накіраваў “на шаты”, каб вызначылі дакладнае месцазнаходжанне Крычэўскага. Але Крычэўскі дзейнічаў настолькі імкліва, што 31 ліпеня нечакана з’явіўся пад Лоевам і адразу ж атакаваў войска Радзівіла.

Першая атака казацкай конніцы была адбіта пяхотай з ручной зброі, што дазволіла Радзівілу расставіць харугвы (па цэнтры – кавалерыю, па баках – пяхоту і драгунаў) і паслаць іх у контратаку. Націск гусараў і агонь пяхоты змусілі казакаў адысці да лесу, але вынік сечы вырашыў толькі тылавы ўдар конніцы Адама Паўловіча, які паспеў вярнуцца, пачуўшы розгалас бітвы. Казакі адступілі да сваіх умацаваных табараў і ўначы ўцяклі з месца бітвы, пакінуўшы цяжка параненага Крычэўскага. Перамога пяцітысячнай арміі Радзівіла над прынамсі ўтрая большымі сіламі славутага палкоўніка была поўнай: яго войска перастала існаваць, табары былі захоплены, а сам Крычэўскі памёр у абозе гетмана5. Гэты лоеўскі трыюмф князя Радзівіла потым услаўлялі на карцінах і шпалерах, аб чым парупіўся сам Януш.

Кричевскій, Крычэўскі, Кричевский, МихайлоМіхайла Крычэўскі (паводле пасмяротнай маскі)

Аднак і Радзівіл не рушыў далей на Украіну, хоцьгэтага зноў запатрабаваў Ян Казімір. У лоеўскай бітве зусім скончыліся боезапасы. Край вакол быў настолькі спустошаны, што жаўнеры не маглі здабыць ніякай жыўнасці. Да таго ж дайшла вестка пра тое, што Хмяльніцкі выслаў у Беларусь чарговую групоўку казакаў. Таму гетман выдаў папераджальныя ўніверсалы да ваяводстваў і паветаў ВКЛ, а сам 5 верасня вярнуў войска да Рэчыцы, дзе заняўся ўзвядзеннем умацаванага лагера.

Аднак да новай бітвы справа не дайшла. Нечакана вайну перапыніў Збораўскі мір: у Палессі з’явіўся пасол Хмяльніцкага Мужылоўскі, які забараніў палкоўнікам далейшыя дзеянні і даставіў у рэчыцкі лагер Радзівіла каралеўскія лісты, што знаёмілі з умовамі падпісанага пагаднення. Казакі мусілі пакінуць нават тыя замкі ВКЛ, у якіх яшчэ мелі свае гарнізоны.

Літаратура

1. Gawronski Fr. Sprawy i rzeczy ukraińskie. Lwów, 1914. S. 125-127.

2. Pamietniki do ponowania Zygmunta III, Władyslawa IV, Jana Kazimierza. Wyd. K.W.Wójcicki. T.2. Warszawa, 1846. S. 102.

3. Opisanie buntu kozackiego i najscie na prowincji litewskie, 1648-1649 // AGAD. Archiwum i Radziwillow. Dz. II. Nr. 1228. § 21.

4. Z dziejów Ukrainy. Pod red. W.Lipińskiego. Kijow, 1912. S. 507.

5. Opisanie buntu kozackiego § 23-24; Wisner H. Działność wojskowa Janusza Radziwiłła 1645-1655 // RB. T. 13. S. 77.


Аўтар:
Г. Сагановіч
Крыніца: Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларуь у часы Рэчы Паспалітай (XVII-XVIII) – Мінск, 2007. С. 75-77.