Арганізатары: Дзяржаўная ўстанова “Музей гісторыі горада Гомеля”, дырэктар Юлія Святаславаўна Купрэева.
Гомельская газета “Аксамітны жах”, мастацкі рэдактар Андрэй Скідан.
Месца і час правядзення: Музей гісторыі города Гомеля (г. Гомель, вул. Пушкіна, 32).
Пачатак – 18 снежня 2009 г. а 17.00.
Удзельнікамі будуць сталыя аўтары газеты: Генадзь Лапацін, Ларыса Раманава і паэт-бард Андрэй Мельнікаў. Кожны аўтар на працягу 20 – 25 хвілін будзе прэзентаваць свой літаратурны блок, які складаецца з дэкламацыі ўласнай творчасці і твораў сяброў-паэтаў, прыхільнікаў “Аксамітнага жаху”.
Літаратурна-музычная вечарына “Аднаўленне рэпутацыі” з’яўляецца доўгачаканым працягам традыцыйных аксамітных чытанняў, ініцыяваных калектывам газеты “Аксамітны жах”.
Інфармацыя аб мерапрыемстве:
“Аксамітны жах” ўбачыў свет вясной 1994 года, і з таго часу імкнуўся, згодна сваім магчымасцям, фарміраваць культурную сітуацыю ў горадзе, у першую чаргу арыентуючыся на стваральны гомельскі андэграўнд, які мае добрыя і старыя традыцыі.
Да 2005 года выйшла 15 нумароў газеты, сярод якіх былі выразна канцэптуальныя, тэматычныя і адмыслова літаратурныя, багата аздобленыя ілюстрацыямі, стылёва праработаныя, над якімі шчыравалі аўтары аксамітнага культурнага праекта, яго сябры і прыхільнікі. Апроч таго, калектыў газеты стаўся ініцыятарам шэрагу літаратурных і музычных фестываляў і сустрэч, сярод якіх найбольш буйнымі былі двухдзённыя “Аксамітныя чытанні” і “Концерт в стиле бард-рок”, праведзеныя восенню 1999 года. “Аксамітны жах” з’яўляўся нястомным удзельнікам і арганізатарам некаторых грамадска-культурных і экалагічных акцый, найбольшымі з якіх былі “Ачышчэнне “Кагальнага рову” і “Восеньскія талокі” на навабеліцкіх могілках. Аднак, на працягу чатырох год калектыў газеткі не ладзіў літаратурных сустрэч, і не выпусціў ніводнага чарговага нумара “Аксамітнага жаху”, што выклікала меркаванне аб заўчасным сконе аксамітнай ідэі. Між тым не гэта з’явілася штуршком да правядзення чарговай перадкаляднай вечарыны, а жаданне ўбачыць нашых аксамітных аўтараў і прыхільнікаў аксамітнай творчасці, актуалізіраваць накірункі творчай дзейнасці і вызначыць выдавецкія прыярытэты на будучы 2010 год.
Гэтым разам нашымі гасцямі будуць сталыя аксамітныя аўтары: паэты Генадзь Лапацін і Ларыса Раманава і паэт-бард Андрэй Мельнікаў. Весці вечарыну даручана аднаму з аўтараў “Аксамітнага жаху” мастацкаму рэдактару газеты Андрэю Скідану.
Канцэптуальны накірунак вечарыны будзе тычыцца вуснай народнай творчасці, як крыніцы паэзіі. Акрамя вуснай народнай творчасці будзе ўзгадвацца класіка беларускай літаратуры, у прыватнасці “Ладдзя роспачы” Уладзіміра Караткевіча, на аснове якой пабудаваны літаратурна-музычнае выступленне Андрэя Мельнікава.
Разам з тым будуць гучаць вытрымкі з нумароў “Аксамітнага жаху” у дэкламацыі вядучага, аднаго з аўтараў газеты, яе мастацкага рэдактара Андрэя Скідана. Ва ўступным слове будзе коратка агучаная гісторыя стварэння і дзейнасці газеты, напрыканцы – вызначаныя перспектыўныя выдавецкія праекты на 2010 год.
Па інфармацыі Гарінфацэнтра