Ліквідацыя беспрацоўя на Гомельшчыне (1919-1930 г.г.)

0
706
Беспрацоўе ў БССР

Пачатак 1920-х гадоў у Гомельскай губерні характарызаваўся складаным эканамічным і палітычным становішчам, звязаным, у першую чаргу, з завяршэннем грамадзянскай вайны. Старыя метады “ваеннага камунізму” не спрацоўвалі. Патрабавалася новая палітыка ў галіне зканомікі.

З пераходам да НЭПу галоўнай арганізацыйнай формай кіравання ў прамысловасці стала трэсціраванне. Гомельскаму губернскаму савету народнай гаспадаркі былі падпарадкаваны. два трэсты рэспубліканскага значэння (Клінцоўскі тэкстыльны, Гомлестрэст дрэваапрацоўчых заводаў) і 3 трэсты мясцовага значэння (запалкавы, вінакурных заводаў — Гомспірт, папяровы). Усяго ў падпарадкаванні губсаўнаргаса знаходзілася першапачаткова 454 прадпрыемствы. Аднак у 1921-1922 г.г. у сувязі з тым, што не хапала фінансаў, паліва, сыравіны, губерня не ў стане была забяспечыць працу такой колькасці прадпрыемстваў. Таму ў падпарадкаванні губсаўнаргаса было пакінута 108 прадпрыемстваў з агульнай колькасцю 11,5 тыс. чалавек. Астатнія (з колькасцю каля 11 тыс.) былі перададзены ў арэнду (217) або спынілі сваю дзейнасць (прадпрыемствы Губскура, Гомадзенне)1.

Пераход буйных прадпрыемстваў на гаспразлік, здача прадпрыемстваў у арэнду прыватным асобам, закрыццё нерэнтабельных прадпрыемстваў садзейнічалі значнаму выслабаненню рабочых рук. У сярэдзіне 1921 г. налічвалася прыкладна З,8 тыс. беспрацоўных2. Пачынаючы з восені 1921 г., беспрацоўе стала рэзка прагрэсаваць. Галоўным чынам, яно ахапіла спецыялістаў швейнай прамысловасці, металістаў, харчавікоў, службоўцаў.

Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў сувязі з цяжкім становішчам сялянскіх гаспадарак, вёска перыядычна пазбаўлялася значнай часткі сялян, якія накіроўваліся ў горад. Лік беспрацоўных павялічваўся і ад скарачэння Чырвонай Арміі. Пастаянным рэзервам папаўнення беспрацоўных з’яўлялася падрастаючае пакаленне (ад 10 да 20 %). У сувязі з гэтым у кастрычніку-снежні 1921 г. пададдзел уліку і размеркавання рабочай сілы Гомельскага губернскага аддзела працы быў рэарганізаваны ў Біржу працы, якая валодала манапольным правам у вырашэнні пытання аб працаўладкаванні беспрацоўных.

На працягу 1922 г. маштаб беспрацоўя губерні вырас у 4 разы3. Па дадзеных губернскай эканамічнай нарады на 1 лістапада 1921 г. колькасць беспрацоўных дасягала прыкладна 10,5 тыс. чала­век. На кожных 5 беспрацоўных на біржы працы мелася толькі 1 прапанова. На пачатак 1923 г. беспрацоўем былі ахоплены Гомельскі, Магілёўскі, Навазыбкаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі, Старадубскі паветы Гомельскай губерні. Найбольш цярпелі цэнтры прамысловых паветаў — Клінцы, Магілёў, Навазыбкаў, Рэчыца. Беспрацоўе пачынала набываць устойлівы характар з тэндэнцыяй да павелічэння. Аналіз статыстычных дадзеных па месяцах паказвае, што найбольш крытычны перыяд наступіў напрыканцы восені, калі завяршыліся сельскагаспадарчыя работы і насельніцтва з сельскай мясцовасці адпраўлялася на заробкі ў горад. I, наадварот, накал беспрацоўя пачынаў спадаць вясной-летам у сувязі з адкрыццём навігацыйнага сезона на рэках, разгортаваннем будаўніцтва, пачаткам сельскагаспадарчых работ. У пачатку 1924 г. у Гомельскай губерні налічвалася больш за 2 тыс. беспрацоўных4. Масавае беспрацоўе ў гарадах і ператварылася ў вострую сацыяльную праблему. Яно ахапіла усе слаі і групы насельніцтва.

Мясцовыя органы ўлады і прафсаюзы шукалі шляхі зніжэння узроўню беспрацоўя. На пачатковым этапе немалаважнае значэнне мела арганізацыя грамадскіх работ. Беспрацоўныя, якія прыцягваліся на грамадскія работы, займаліся ў асноўным добраўпарадкаваннем горада, а таксама пабудовай дарог і пад’яздных шляхоў, умацаваннем берагоў рэк, дапамагалі сельскім працаўнікам у перыяд сяўбы і ўборачнай кампаніі. Але паступова грамадскія работы пачалі губляць сваё значэнне.

Найбольш эфектыўнай формай арганізацыі працы беспрацоўных былі працоўныя калектывы. У 20-я гады колькасць працоўных калектываў пастаянна ўзрастала, уцягваючы ў сваю дзейнасць пераважна кваліфікаваных беспрацоўных. Шэраг калектываў паступова пераўтвараўся ў буйныя прадпрыемствы, іншыя з-за недахопу сродкаў не здолелі пашырыць сферу дзейнасці.

Высокі ўзровень беспрацоўя ў губерні захоўваўся да 1926 г., нягледзячы на тое, што двойчы (1923 і ў кастрычніку 1924 г.г.) біржай працы праводзіліся чысткі беспрацоўных. Мэта гэтага мерапрыемства ў архіўных дакументах не раскрываецца. Аднак, сістэматызуючы ўсе звесткі, можна меркаваць, што гэта былі акцыі па выяўленні і зняцці з уліку грамадзян, якія мелі дадатковы заробак, т. зв. “мёртвых душ”, г.зн. асоб, якія знайшлі сабе працу, але своечасова не зарэгістравалі гэта, а таксама выехаўшых за межы губерні

Пачынаючы з канца 1925 г. па статыстычных дадзеных прагледжваецца паступовае зніжэнне ўзроўню беспрацоўя. Гэта тлумачыцца шэрагам прычын. Змяншэнню колькасці беспрацоўных у губерні садзейнічалі аднаўленне і рэканструкцыя старых, увод у дзеянне новых прадпрыемстваў, стабілізацыя становішча ў сельскай гаспадарцы. На скарачэнне колькасці беспрацоўных аказвалі ўздзеянне змены, якія адбыліся ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Гомельшчыны да канца 1926 г. Магчыма і тое, што дадзеныя статыстыкі не адлюстроўвалі дакладнае становішча з беспрацоўем. Многія беспрацоўныя страцілі веру ў магчымасць атрымання работы і не з’яуляліся для перарэгістрацыі на біржу працы. Акрамя таго, ў некаторых гарадах (Рэчыца, Старадуб і інш.) з-за адсутнасці органаў уліку статыстыка беспрацоўя не вялася. Ніхто не ўлічваў беспрацоўных у пасёлках і мястэчках, такіх як Лоеў, Ветка. Калі ў верасні 1926 г. было зарэгістравана 7,5 тыс. беспрацоўных, то ў снежні — каля 6 тыс. Колькасць занятых на вытворчасці ў адносінах да колькасці беспрацоўных складала 26,7 %5.

Пасля ліквідацыі Гомельскай губерні (снежань 1926 г.), перадачы Гомеля, Гомельскага і Рэчыцкага паветаў у склад БССР і ўтварэння Гомельскай акругі ў 1927 г. назіраўся некаторы рост беспрацоўя. Гэта было звязана з недахопамі ў арганізацыі гаспадарчай дзейнасці, ліквідацыяй часткі арганізацый і ўстаноў і скарачэннем колькасці сулрацоўнікаў. Па дадзеных статыстыкі, са студзеня па травень 1927 г. колькасць беспрацоўных у Гомельскай акрузе вагалася ад 6 да 6,7 тыс. У чэрвені колькасць зарэгістраваных беспрацоўных скарацілася да 4,7 тыс. Гэта тлумачылася тым, што ў адпаведнасці з пастановай СНК СССР ад 28 сакавіка 1927 г. “Аб мерах па ўрэгуляванні рынка працы” з уліку Гомельскай біржы былі зняты “непрацоўныя элементы” — гандляры і кустары. На ўліку засталося 69 % ад зарэгістраваных раней беспрацоўных. Але ўжо да жніўня 1927 г. колькасць беспрацоўных павялічылася да 5,8 тыс., а на пачатку 1928 г. — да 7,8 тысяч. Дадзеныя за 1928-1929 г.г. не дазваляюць прасачыць, як змянялася колькасць беспрацоўных. У чэрвені 1929 г. у акрузе было зарэгістравана 6,1 тыс. бепрацоўных6. З 1930 г. у СССР было аб’яўлена аб ліквідацыі беспрацоўя. Пачынаючы з гэтага часу, дадзеныя ў архівах адсутнічаюць.

Літаратура

1 Аднаўленне народнай гаспадаркі Гомельскай губерні (1921 – 1925). Гомель. 1960. С.295.

  1. ДАГВ. Ф.1408.Воп. 1. Спр.ІІ. Арк. 489.
  2. Там жа. Ф.24. Воп.1. Спр 10. Арк 106.
  3. Там жа. Ф.1408. Воп.1. Спр II. Арк 29, 696.
  4. Там жа. Ф. 252 І. Спр.25. Арк.69; Ф 433. Вон 1 Спр. 1970. Арк. 369.
  5. Там жа. Ф.252. Воп.1. Спр.25. Арк.71.

Аўтар: М.П. Савінская, Т.М. Васілец
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 116-120.