Леў Генрыкавіч Шнірэльман

0
1491
Шнирельман, Шнірэльман

Леў Генрыкавіч Шнірэльман (2(15) студзеня 1905, Гомель — 24 верасня 1938, Масква) — савецкі матэматык, доктар навук (1929), член-карэспандэнт АН СССР (1.2.1933).

Самастойна, у 12 гадоў, прайшоў курс элементарнай матэматыкі, на працягу некалькі месяцаў наведваў фізіка-матэматычныя курсы для тых, хто скончыў сярэднюю школу. Звярнуўшы на сябе ўвагу выкладчыкаў курсаў, атрымаў магчымасць працягваць адукацыю ў Маскве. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт (1925), аспірантуру Інстытута матэматыкі і механікі Першага МДУ.

У 1929–34 гг. быў прафесарам матэыматыкі ў Данскім палітэхнічным інстытуце ў Навачэркаску.

З 1934 працаваў у Матэматычным інстытуце АН СССР ім. Сцяклова. У той жа час ён шмат працаваў з моладзю, чытаў лекцыі, прымаў удзел у арганізацыі першай матэматычнай алімпіяды сярод школьнікаў, быў адным з заснавальнікаў матэматычнага гуртка для школьнікаў пры МДУ.

Скончыў жыццё самагубствам, магчыма, з-за тагачасных рэпрэсій.

У навуцы

У 1929-30 гадах былі апублікаваны тэарэмы, якія прынеслі Шнірэльману сусветную вядомасць і сталі сапраўднай сенсацыяй у матэматыцы.

Шнірэльман унёс істотны ўклад у розныя раздзелы матэматыкі: алгебры, тапалогіі, тапалагічныя і якасныя метады аналізу. Яму належаць фундаментальныя вынікі ў тэорыі лічбаў, ён развіў тапалагічныя (якасныя) метады варыяцыйнага вылічэння, сыграў важную ролю ў вырашэнні праблемы Гольдбаха, якую матэматыкі спрабавалі вырашыць з 1742 г., доказаўшы тэарэму аб тым, што ўсякая цэлая лічба больш адзінкі ёсць сума абмежаванай колькасці простых лічбаў.

Пад уплывам яго работ узнік новы раздзел: метрычная тэорыя лічбавых паслядоўнасцяў (1930). Ён увёў паняцце шчыльнасці паслядоўнасці ў шэрагу натуральных лічбаў. Шнірэльман даказаў некалькі тэарэм тэорыі лічбаў. Разам з Л. А. Люстэрнікам (1899-1981) развіў тапалагічныя метады варыяцыйнага вылічэння. У развіцці гэтага напрамку матэматыкі вялізную ролю адыграла тое, што Шнірэльман і Люстэрнік вырашылі задачу французкага матэматыка А. Пуанкарэ аб трох замкнёных геадэзічных лініях, якая доўга не падавалася рашэнню. Выкарыстанне якасных метадаў аналізу дазволіла Шнірэльману і Люстэрніку канчаткова вырашыць гэтую задачу. Уведзеная для гэтага катэгорыя Люстэрніка – Шнірэльман адносіцца да самых глыбокіх і плённых паняццяў сучаснай тапалогіі.

Для вызначэння колькасці рашэнняў варыяцыйнай задачы Шнірэльман увёў важнае паняцце катэгорыі замкнёнага мноства, якое дае магчымасць ацаніць колькасць рашэнняў варыяцыйнай задачы. Гэтыя метады пазней былі перанесеныя на функцыянальныя прасторы. Шнірэльман абагульніў метад мінімакса максімумаў (метад Р. Куранта) і паспяхова ўжыў яго ў тэорыі лінейных ураўненняў.

Праца за мяжой 

У 1931 Шнірэльман баў камандзіраваны на некалькі месяцаў за мяжу. Некаторы час працаваў у Гётынгене, які быў Меккай матэматыкі таго часу. Акрамя фенаменальных вынікаў працы Шнірэльман адрозніўся тым, што «walked barefoot through the streets of Gottingen» – гуляў босым па вуліцах Гётынгена. Адно з прэстыжных германскіх выдавецтваў прапанавала Шнірэльману выдаць манаграфію, але пасля прыходу да ўлады фашыстаў гэтым планам здейсніцца стала немагчыма.

Ацэнкі

Адзін з выдатнейшых матэматыкаў 1930-х гадоў. Існуе легенда, што калі Шнірэльман у 16 гадоў прыехаў у Маскву паступаць ва ўніверсітэт, у яго сшытку ўжо была запісана тэарэма, якая пазней прынесла яму сусветную вядомасць.

Асоба выдатных і шматгранных здольнасцяў, апроч заняткаў матэматыкай, маляваў і пісаў вершы.

Лазар Аронавіч Люстэрнак, які шмат працаваў разам з Львом Генрыкавічам , пазней успамінаў, што іх настаўніку Мікалаю Мікалаевічу Лузіну неяк прыснілася, што да яго прыйшоў юнак падобны на Шнірэльмана і вырашыў праблему кантынуўма. Пасля гэтага пабачыўшы Шнірэльмана ўпершыню Лузін прыняў яго як пасланніка нябёсаў. Але ж праблему кантынуўма Шнірэльман вырашыць не пасьпеў і чалавецтву прыйшлось чакаць яшчэ 60 гадоў.

Сям’я

Бацька быў настаўнікам рускай мовы. Да 16 гадоў Леў Генрыкавіч жыў у Гомелі.

 

Крыніца: Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі + дапоўнены раздзел “Навука”.

Спасылка: http://be.wikipedia.org/wiki/Леў_Генрыкавіч_Шнірэльман