Lesley Knife: «Чакайце сто адсоткаў Gods Tower!»

0
1375
Лэсли Найф или Lesley Knife

Мусіць няма сярод гомельскіх металістаў такога чалавека, хто б застаўся раўнадушным пры ўзгадванні Gods Tower (Вежа Багоў). У 90-я гады іх “боскі” pagan metal дасягаў сусветных маштабаў. І вось, 14 кастрычніка, нарэшце, гурт прэзентуе ў Гомелі свой першы (пасля доўгатэрміновага перапынку) альбом “Steel says last“.

Напярэдадні такой падзеі мы вырашылі пагаманіць з нязменным вакалістам гурта Уладзіславам Наважылавым (Lesley Knife).

Марыся Тульжанкова: Прывітанне! Можаш адказаць на пару маіх пытанняў?

Lesley Knife: То я зраблю зь вялікай радасьцю – ў гэтым годзе гэта будзе маё першае інтэрвію на роднае мове!

Марыся: Калі я правільна разумею, ты стаў ініцыятарам узнаўлення Gods Tower. Што стала падставай для такога адказнага кроку?

Lesley:  Не, ты не зусім пэўна зынфармавана. Працэс адраджэньня спачатку йшоў без майго ўдзелу. Ініцыятарам стаў Зьміцер Аўчыньнікаў – ён зрабіў усю першапачатковую працу, мая роля была толькі абвесьціць аб адбыўшымся факце. Я спачатку наогул меў аб рэюньёне адны скрозь сумневы. Толькі ў мінулую восень я канчаткова даў праэкту веры. А падставай для гэтага асобна для мяне стала тое, што я больш у аніводным праэкце сабе ўтульна не адчуваў. Толькі тут.

Марыся: Па шчырасці , сумнёвы былі і ў нас.

Lesley: (пасміхаецца)

Марыся: Адраджэнне легендарнага(не пабаюся гэтага слова) гурта стала значнай падзеяй у музычным жыцці не толькі Гомеля, але і усёй Беларусі. Ці не баішся асабіста ты крытычных позіркаў і заўзятых ацэнак. Вядома, новы Gods Tower будуць параўноўваць са старым.

Lesley: Ды нічога я не баюся. Хай ламаюць дзіды. Я баюся толькі таго, што Беларусь губерняй стане.

Марыся: То ўзаемна. А чаго чакаць слухачам ад новага альбому?

Lesley: Як я заўжды ў такіх выпадках адказваў – чакайце сто адсоткаў Gods Tower, можа болей, але ніяк не меней! Чакайце беларускі метал!

Марыся: Абнадзейвае. А няўжо нічога не змянілася за час творчай неактыўнасці гурта?

Lesley: Ну, гэта ўжо вам вырашаць – зьмянілася што альбо не. Мяркую – калі й зьмянілася дык у лепшы правы бок!

Марыся: Ок. Яшчэ пара папсовых пытанняў, з твайго дазвалення.

Найбольш мяне цікавіць ваш выбар мовы. Чаму англійская, не беларуская?

Lesley: Бо хэві метал. Мы заўжды па-ангельску сьпявалі.

Марыся: А ты нешта спрабаваў запісаць па-беларуску?

Lesley: У мяне быў праэкт Нескароны з Ігарам Палонікам з Dragonflame і зараз у Dis Tortion мы плянуем зрабіць пару рэчаў па-беларуску

Будзе абавязкова…

Марыся: Будзем чакаць. Дарэчы, як, калі не сакрэт, ты ставішся да творчасці сучасных беларускамоўных гуртоў?

Lesley: Стары Ольса! Жыгімонт Ваза! Кашлаты Вох! А болей мне асабліва ніхто не да спадобы.

Марыся: А можна інтымнае патанне ў звязку з накірункам  музыкі? Ты вернік?

Lesley: Я аніміст. Не лічу што багоў трэба удакладняць мянушкамі – яны паўсюль. Але калі выбіраць – дык толькі сваіх. […] Анімізм – гэта ня вера, а светапогляд. Практычна тое ж паганства, але бліжэй да прыроды.

Марыся: Скажы , што (ці хто) цябе натхняе на творчасць?

Lesley: Андрэй Саньнікаў.

Марыся: Зразумела, падобныя людзі з вялікай літары натхняюць на барацьбу, але творчасць, мусіць, інтымны працэс. Ці гэта не так для цябе?

Lesley: Творчасьць гэта ўвогуле не працэс, гэта нешта неадкуль – вось ты йдзеш па вуліцы і раптам прыдумваеш вершы, а спэцыяльна ніколі нічога не атрымліваецца. Дарэчы творчасьць, гэта тая ж барацьба, толькі не вонкавая.

Марыся: Напэўна, маеш рацыю. Што яшчэ, акрамя вершаў, займае важную частку твайго духоўнага жыцця?

Lesley: Вой… мне цікава вельмі шмат чаго. Я так і не адкажу. Я стала сяджу на нейкіх гістарычных сайтах. То нэаліт, то этрускі. То эсперанта (пасміхаецца). […] Сёньня  у “ЖЖ” пра каменны век на Беларусі чытаў.

Марыся: Што ж, дзякуй. Дзякуй за тое, што вы ёсць менавіта тут – у Гомелі, а не ў Менску, як большасць гомельскіх талентаў!

Lesley: Насуперак!

Марыся: І апошняе: скажы што-небудзь натхняльнае на развітанне.

Lesley: Жыве Беларусь, будзьце сабой!