Ленінская канцэпцыя самавызначэння народаў на практыцы: гомельскі варыянт

0
251
ленінская канцэпцыя самавызначэння народаў

Эпоха, якая ахопліваецца праблематыкай нашай канферэнцыі, была эпохай глыбокага сістэмнага крызіса індустрыяльнага грамадства, меўшага свае асаблівасці на захадзе і ўсходзе Еўропы. Калі на захадзе крызіс быў выкліканы вычарпаннем індустрыяльных метадаў развіцця, што штурхала палітыку да таптання сфарміраваўшых гэта грамадства ідэалаў, то на ўсходзе Еўропы, у Расіі, ён быў абумоўлены ўзніклай у ходзе Першай сусветнай вайны разбалансаванасцю сістэмы пераходнага, у вялікай ступені яшчэ некапіталістычнага, традыцыйнага грамадства. У даваенныя гады прамысловае развіццё і урбанізацыя тут ішлі значна вышэйшымі тэмпамі, чым мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі. Таму, як толькі ў гады вайны вялікая маса мужчынскага насельніцтва і конскай цяглавай сілы аказаліся вырванымі з вёскі, гарады адразу ж пачалі адчувавць недахоп харчавання, які к вясне 1917 г. вырас да маштабаў сапраўднага голада. Разам з зацягваннем няўдачнай для Расіі вайны гэта прывяло да хуткага иадзення аўтарытэта цэнтральнай улады і, ўрэшце, да рэвалюцыі. А паколькі хлеб, паліва, сыравіна знаходіліся далёка ад буйных прамысловых цэнтраў, то рэвалюцыя набыла характар барацьбы галоднага горада супраць сытай вёскі, цэнтра супраць перыферыі, да таго ж меўшай пераважна нерускі этнічы характар і даўняе абгрунтаванае адчуванне сваёй налітычнай прыніжанасці ў гэтай дзяржаве. Па гэтай прычыне такім важкім аказаўся нацыянальны кампанент у расійскай рэвалюцыі 1917 г. Лепш, чым любая іншая партыя, гэта зразумелі бальшавікі. Яны прыйшлі да ўлады, упершыню ў Расіі аб’явіўшы праграмным прынцыпам правячай партыі рэалізацыю пра­ва прыгнечаных народаў на самавызначэнне аж да іх аддзялення і стварэння самастойных дзяржаў.

Нацыянальная палітыка бальшавіцкай партыі мусіла аказаць і аказала модны ўплыў на гістарычны лёс Беларусі як на адну з нацыянальных ускраін былой Расійскай імперыі, меўшую сваю спецыфіку. Беларусь засталася тэрыторыяй, ляжаўшай на самым кароткім шляху з Расіі ў Центральную і Заходнюю Еўропу, адкрытым для руху як у заходнім, так і ў адваротным накірунках. Хаця за гады вайны яна была моцна вытангана войскам і абодвух бакоў, страціла ў бежанстве значную частку свайго насельніцтва, аднак засталася і “хлебным” краем у параўнанні з галадаючай Цэнтральнай Расіяй. Прысланы ca Смаленска ў Мінск на пасаду старшыні Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта насля адыходу немцаў Ісак Рэйнгольд у першым сваім данясенні ўсклікнуў: “Тут рай на зямлі!” І патлумачыў, чаму: хлеба і бульбы тут хапае і ўсё таннае”1. Дык як жа рэалізавалася адносна гэтага краю бальшавіцкая ідэя аб праве народаў на самавызначэнне?

Вядома, што прызнанне прынцыповага зиачэння для бальша­віцкай партыі гэтай ідэі служыла аксіёмай у савецкай гістарыяграфіі. Але гэты дагмат быў некрытычна пераняты і сучаснай бела­рускай гістарыяграфіяй і працягвае функцыянаваць у навуцы, нягледзячы на тое, што беларускімі гісторыкамі ўжо асвоена цэлая сістэма фактаў, ідучых з ім уразрэз. Склалася сітуацыя, калі прыз­нанне прынцыповага характару ідэі аб праве народаў на палітычнае самавызначэнне ў нацыянальнай палітыцы РСДРП(б) — РКП(б) не дазваляе пераадолець пазнаваўчыя тупікі, у якія трапляе даследчык працэсу станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1918-1920 гг. Сапраўды, калі ідэя самавызначэння народаў была прынцыпам, г. зн. вядучай ідэяй, асноўным правілам практычнай дзейнасці партыі, то чаму так доўга савецкі ўрад ігнараваў патрабаванні аб самавызначэнні беларускага народа, хоць бы ў форме аўтаноміі Беларусі? Патрабаванне аб ёй гучала з боку беларускіх нацыянальных арганізацый яшчэ з дарэвалюцыйнага часу і было вядома бальшавікам2. А раптам прызнаўшы гэта права ў канцы 1918 г., аж у форме савецкай рэспублікі, у межах рассялення беларускага этнасу, савецкі ўрад тут жа парушыў яго, адрэзаўшы ад БССР некалькі ўсходніх губерняў. Чаму? I гэта быў не апошні паварот: дзве савецкія рэспублікі, якіх толькі што вызначылі як самастойныя, наеуперак їх волі аб’ядноўваюцца ў адну — Літоўска-Беларускую ССР. Рашэнні аб гэтых палітычных кульбітах прымаліся адной інстанцыяй — ЦК РКП(б) у Маскве. Дык дзе ж тут прынцып права народаў на самавызначэнне? Узнікае ўражанне аб тактычным, падначаленым характары гэтай ідэі ў палітыцы бальшавіцкай партыі.

Гэта ўражанне пацвярджаецца ўважлівым вывучэннем ленінскіх прац і партыйных дзкументаў таго часу. З іх вынікае, што, вылучаючы лозунг аб праве нацый на самавызначэнне, партыя пераследавала некалькі мэтаў: забяспечыць падтрымку мас у нацыянальных раёнах, садзейнічаць інтэрнацыянальнаму выхаванню працоўных пануючай нацыі, якіх шакалі вялікія міжнародныя задачы, і нейтралізаваць палітычных праціўнікаў: да кастрычніка 1917 г. — унутры краіны, а пасля прыходу бальшавікоў да ўлады — і на міжнароднай арэне; апошняя задача набыла асаблівую актуальнасць у сувязі з прасоўваннем Чырвонай Арміі на захад у канцы 1918 г. Усе гэтыя мэты былі падпарадкаваны задачы барацьбы за ўладу і ўтрымання яе. “Інтарэсы класавай барацьбы за сацыялізм вышэйшыя за права нацыі на самавызначэнне” — гэтай чоткай формулай заўсёды вызначалася прынцыповае стаўленне партыі, усіх яе кіраўнікоў, да права нацый на самавызначэнне3. Адсюль выводзілася і манапалізаванае партыяй права рашаць аб мэтазгоднасці ў кожным канкрэтным выпадку дапусціць рэалізацыю права на самавызначэнне ці не, а калі дапусціць, то ў якой юрыдычнай форме. Толькі неспрыяльныя суадносіны сіл маглі прымусіць яе кіруючыя структуры саступіць гэта права самім народам, іх палітычным прадстаўніцтвам, як гэта было ў Прыбалтыцы, Фінляндыі і Польшчы ў 1920 г. Аднак гэтыя саступкі разглядаліся ў кожным выпадку як часовыя, да надыходу новай хвалі рэвалюцыі, якая сатрэ ўстаноўленыя граніцы.

Тактычны, падначалены характар ідэі аб праве нацый на самавызначэнне ў палітыцы бальшавіцкай партыі выдатна выяўляецца ў адносінах вышэйшых органаў савецкай улады да Гомельскага рэгіёна Беларусі. Нашаму рэгіёну выпаў няпросты лес: на працягу года пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут змянілася некалькі палітычных рэжымаў. У снежні 1918 г. намецілася чарговая змена: у сувязі з паражэннем Германіі ў сусветнай вайне яе войскі пакідалі Беларусь і Украіну, а вызваленыя імі тэрыторыі займала Чырвоная Армія. Пры гэтым тэрыторыя Ўсходняй і Цэнтральнай Беларусі ўключалася ў склад РСФСР, а на ўсходзе Украіны (фактычна нават па-за яе межамі, у Курску) была абвешчана Украінская Савецкая рэспубліка, якая імкнулася расшырыць сваю тэрыторыю на поўдзень і ўсход. Што датычыць Гомельшчыны, то адпаведна з Брэсцкім мірным дагаворам значная яе частка да таго часу належала несавецкай украінскай дзяржаве — Украінскай Народнай Рэспубліцы. К пачатку трэцяй дэкады снежня цэнтральнае савецкае кіраўніцтва (Масква) не вызначылася з палітычнай прыналежнасцю рэгіёна. Было дастаткова дадзеных, каб лічыць гэту тэрыторыю беларускай: у прыватнасці, у Савецкай Расіі да таго часу некалькі разоў была выдадзена “Карта беларускага племені” акадэміка Карскага, якая адназначна адносіла Гомельшчыну да Беларусі. Аднак Беларусь як палітычна-адміністратыўная адзінка на той момант існавала толькі ў форме юрыдычна нікім не прызнанай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе не збіраліся прызнаваць і бальшавікі. Разам з тым, у іх яшчэ не выспела рашэнне аб стварэнні для супроцьвагі БНР Беларускай Савецкай рэспублікі. Таму напярэдадні адыходу немцаў з Гомельшчыны ўзніклі два супроцьлеглыя праекты яе саветызацыі, якія ўмоўна можна назваць украінскім і расійскім. Першы прадставіў у сваёй тэлеграме Леніну, адпраўленай са станцыі Уза ўвечары 19 снежня, Хрысціян Ракоўскі, нядаўні кіраўнік савецкай дэлегацыі на псрагаворах з УНР і будучы старшыня украінскага савецкага ўрада. Ён лічыў, што Гомель і чыгуначную лінію Рэчыца — Калінкавічы — Лунінец мусяць займаць украінскія савецкія войскі4, што азначала б уключэнне гэтай тэрыторыі ў склад савецкай Украіны. Аднак з ім не пагадзіўся нарком па справах нацыянальнасцей Сталін, які праз некалькі дзён тэлеграфаваў свайму прадстаўніку на Ўкраіне, што гэта лінія з’яўляецца тэрыторыяй Расіі і таму яе будуць займаць расійскія чырвоныя войскі5. Ні той, ні другі аб Беларусі не гаварылі.

Аднак літаральна праз суткі пасля адпраўкі Сталіным названай тэлеграмы абстаноўка прынцыпова змянілася: ЦК РКГІ(б) вырашыў усё-такі ствараць Беларускую Савецкую рэспубліку. Можна меркаваць, што гэта рашэнне было прадыктавана, у першую чаргу, міжнароднымі прычынамі, перш за ўсё, жаданнем прадэманстраваць народам заходніх краін, што савецкі ўрад не збіраецца аднаўляць Расійскую імперыю пад чырвоным сцягам і антысавецкія захады іх правячых колаў з’яўляюцца безпадстаўнымі. Задача была актуальнай, паколькі дзяржавы Антанты расшыралі сваю інтэрвенцыю супраць Савецкай Расіі, матывіруючы яе імкненнем стрымаць савецкую экспансію на захад. Менш відавочнымі былі іншыя матывы рашэння ЦК РКП(б), якія варта абмяркоўваць асобна6. Тут жа дастаткова адзначыць, што абвясціць аб прынятым рашэнні было даручана VI абласной Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) у Смаленску, якой дзеля гэтага давялося назваць сябе I з’ездам Кампартыі Беларусі.

І вось I з’езд КП(б) 30 снежня 1918 г. прыняў пастанову аб граніцах Беларусі, на аснове якой тэрыторыя сучаснай Гомельшчыны з Мазыром уключна была аднесена да БССР7. Намечаная граніца на ўсходзе ішла далёка ад Гомеля і адпавядала існаваўшым этнаграфічным картам.

Такая сітуацыя, аднак, захавалася ненадоўга. Акрамя таго, што украінскія і мясцовыя расійскія савецкія ўлады мелі свае меркаванні наконт прыналежнасці раёнаў Гомельшчыны, не супадаўшыя з меркаваннем новаспечаных беларускіх уладаў, з сярэдзіны студзеня вырашальны ўплыў на яе лёс пачала аказваць пазіцыя ЦК РКП(б) адносна беларускай рэспублікі ў цэлым. Яна больш-менш чотка выкрысталізавалася якраз к гэтаму часу8. БССР мусіла выканаць ролю палітычнага буфера, праз які Савецкая Расія магла б правесці перагаворы аб неабходным ёй міры з Польшчай, пазбягаючы рызыкі ўзнікнення новага палітычнага крызісу, падобнага на той, які быў выкліканы падпісаннем “ганебнага” Брэсцкага міру з Германіяй. Праведзеныя на мяжы 1918-1919 гг. дыпламатычныя кантакты з Польшчай дазволілі зразумець, што цаной гэтага новага “Брэсцкага” міру можа быць сасгупка ёй Беларусі ў той ці іншай форме (не абавязкова ў форме інкарпарацыі). Па адным з варыянтаў (якраз інкарпарацыйным) Польшча на ўсходнюю Беларусь не прэтэндавала, па другім — дамагалася яе аддзялення ад Расіі як самастойнай рэспублікі. У любым выпадку перад Савецкуай Расіяй узнікала пытанне, наколькі шмат беларускай зямлі яна можа страціць. Так у ЦК РКП(б) узнік праект аддзялення ад БССР трох стратэгічна важных усходніх губерняў і ўключэння іх у склад РСФСР. Рашэнне ЦК было прынята 16 студзеня.

На момант прыняцця ЦК РКП(б) гэтага рашэння асноўная тэрыторыя сучаснай Гомельшчыны ўваходзіла ў склад трох губерняў: Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай. Гомельскай губерні не існавала. Аднак на працягу лютага 1919 г. аформілася рашэнне аб яе стварэнні за кошт тэрыторый названых губерняў. На нашу думку, яно знаходзілася ў сувязі з рашэннем ЦК РКП(б) ад 16 студзеня, што зараз мы пасгараемся паказаць, не засяроджваючыся на фактычным баку працэса ўтварэння губерні, прадстаўленым у публікацыях беларускіх гісторыкаў9.

Беларускія гісторыкі лічаць ініцыятарамі стварэння Гомельскай губерні Палескі райком РКП(б) і Гомельскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт, якія 5 лютага 1919 г. звярнуліся з адпаведнай прапановай да маскоўскіх уладаў10, а тыя далі ход гэтаму працэсу. Аднак, як нам здаецца, значэнне гэтай фармальнай ініцыятывы не варта перабольшваць, улічваючы невялікую кампетэнтнасць яе аўтараў па ўзнятым пытанні. Важней звярнуць увагу на дзейнасць гут, на Беларусі і Гомельшчыне, прадсгаўніка расійскага савецкага ўрада, “асобаўпаўнаважанага” Ю.Д. Гопнера. 15 лютага ён правёў нараду прадстаўнікоў уладаў Гомельскага, Магілёўскага, Рагачоўскага і Суражскага уездаў, якая выказалася за перанясенне губернскага цэнтра з Магілёва ў Гомель і намеціла контуры будучай новай гу­берні. Прапанова матывіравалася перавагамі Гомеля як буйнога прамысловага цэнтра перад Магілёвам як “нязначным цэнтрам без прамысловага насельніцтва”, што, на думку аўтараў прынятай рэзалюцыі, не давала старому цэнтру магчымасці “ідэйна накіроўваць савецкае палітычнае жыццё губерні”11. У гэтай рэзалюцыі, трэба прызнаць, выяўляўся абгрунтаваны недавер арганізатараў адміністратыўнай рэформы да магілёўскіх губернскіх уладаў, дзе бальшавікі не мелі надзейнай апоры12. Аднак гэта акалічнасць набывала рашаючае значэнне толькі ў спалучэнні з іншымі фактарамі. На іх указаў Гопнер у сваёй тэлеграме ca Жлобіна наркому Чычэрыну ад 14 лютага (копіі — Свярдлову, Леніну), у якой прасіў інструкцый для правядзення намечанай назаўтра нарады13. Для Гопнера відавочнымі былі стратэгічныя аргументы на карысць перамяшчэння губернскага цэнтра з Магілёва, і ён толькі канстатаваў іх наяўнасць. Але тут варта патлумачыць, што Магілёў знаходзіўся ля ўвахода ў так званыя “смаленскія вароты” на прамым шляху да Масквы і легка рабіўся аб’ектам любога ўдару з захаду. Гомель жа знаходзіўся далёка збоку. “Акрамя стратэгічнага значэння, — тэлеграфаваў Гопнер, — Гомель — адзіны прапускны [з] Украіны пункт харчавання [для] недастатковай Магілёўскай, галадаючых Смаленскай, Віцебскай і Паўночнай губерняў… Лінія Гомель — Бранск безумоўна належыць нам (Савецкай Расіі. — Р. Л.)”. Максімум, што РСФСР, на думку Гопнера, магла саступіць “Літве” (так называў Літоўска-Беларускую ССР, якую якраз пачалі ствараць), дык гэта Рэчыца і Мазыр14.

Відаць, у атрыманай інструкцыі (Гопнер прасіў яе “тэлеграфаваць сёння” ж) яму было дазволена не настойваць на ўключэнне Мазыра ў склад Гомельскай губерні, што і знайшло адлюстраванне ў рэзалюцыі нарады. У ёй жа было падкрэслена, што Гомельская губерня “павінна застацца ў межах Велікарасіі”.

У канцы лютага пытанне разглядалася маскоўскімі ўладамі: Усерасійскі ЦВК Саветаў у прынцыпе прыняў рашэнне на карысць стварэння Гомельскай губерні, аб чым Свярдлоў паведаміў прадстаўніку Магілёўскага губвыканкама Тольмацу15. 25 лютага гэта рашэнне паспрабавапа канкрэтызаваць міжведамасная нарада пры Наркамаце замежных спраў, у якой, акрамя яго супрацоўнікаў, удзельнічалі той жа Гопнер, нрадстаўнікі расійскага Наркамата унуграных спраў, Украінскага Савецкага ўрада, Магілёўскага губвыканкама і Гомельскага рэўкома16. Прадстаўнікі ўладаў Літбел у нарадзе не ўдзельнічалі і пазней паспрабавалі назмагацца за Рэчыцкі уезд, відавочна, на той падставе, што да адабранай у іх і ліквідуемай цяпер Магілёўскай губерні ён ніколі не належаў. Яны патрабавалі наваг арышту членаў Рэчыцкага выканкама, правёўшых рашэнне аб далучэнні павета да Гомельскай губерні17. Аднак дабіцца адмены рашэння Масквы хоць бы адносна гэтага аднаго павета ім не ўдалося.

З гэтага часу падзел Беларусі паміж дзвюма савецкімі рэспублікамі стаўся рэальнасцю, хаця фарміраванне новай губерні пa прычыне Стракапытаўскага мяцежу ў Гомелі зацягнулася яшчэ на некаторы час. У выніку праведзенага падзелу Савецкая Расія ўзяла пад свой непасрэдны кантроль тэрыторыю, па якой ішлі важныя для яе лініі камунікацый: водныя артэрыі — Днепр і Заходняя Дзвіна, звязваўшыя цэнтр краіны з Чорным і Балтыйскім морамі, а таксама чыгуначныя лініі паміж больш багатымі, чым беларускія, хлебнымі раёнамі Украіны і дзвюма расійскімі сталіцамі. Разам з тым перад знешнім светам бальшавіцкім урадам была выяўлена гатоўнасць заняць пазіцыю абароны карэнных нацыянальных інтарэсаў, даўно вядомых Захаду, і адмовіцца ад рэвалюцыйнага націску ў яго накірунку. (Іншая справа, ці гатовы быў Захад у гэта паверыць). А бліжэйшая заходняя суседка, Польшча, у выніку праведзенай з Беларуссю аперацыі, мусіла ўбачыць перад сабой тэрыторыю, ляжаўшую аж да Бярэзіны і Дняпра, наконт прыналежнасці якой Савецкая Расія гатовая была весці перагаворы з ёю дзеля дасягнення міру. Ідэя аб праве нацый на самавызначэнне была жорстка падпарадкавана гэтым разлікам, а Гомельскі рэгіён, зрэшты, як і уся Беларусь, аказаўся толькі матэрыялам для іх рэалізацыі. Толькі ў сярэдзіне 20-х гадоў, калі ўнутранае і геапалітычнае становішча Савецкай Расіі палепшылася, Гомельшчына была вернута ў склад Беларусі.

  1. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — Ф. 59 п. — Bon. 1. — Спр. 41. — Л. 10-13.
  2. Аб гэтым сведчыць і згода савецкага ўрада на скліканне ў канцы 1917 г. Усебеларускага з’езда. — Гл. Канчер Е. С. Из истории общественных, национальных и революционных организаций белорусов// Нёман. — 1993. — № 1. — С. 140-141.
  3. КПСС в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1. — М., 1982. — С. 446-447; Ленин В. И. Полн. собр. соч. Т. 30. — С. 44-45; Т. 35. — С. 251; Сталин И. В. Соч. Т. 5. — С. 265.
  4. Государственный архив Российской Федерации (ГАРФ). — Ф. 130. Оп. 2. — Д. 511. — Л. 230-231.
  5. Там жа. — Д. 819. — Л. 24-27.
  6. Лазько, Р. Р. Беларуская «буферная» рэспубліка ў палітыцы савецкай Расіі ў пачатку 1919 года / Р. Р. Лазько // Известия Гомельского гос. ун-та им. Ф. Скорины. — 2006. — № 2.-С. 3-10.
  7. Пратакол I з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. — Менск, 1934. — С. 33-34.
  8. Гл. Лазько Р. Р. Указ. твор.
  9. З ліку апошніх гіублікацый гл.: Елізараў С. А. Тэрыторыя і адміністратыўнатэрытарыяльнае дзяленйе ССРБ у 1919 г. / С. А. Елізараў // Весці БДПУ. Сер. 2. – 2007. — № 2.
  10. Там жа. С. 8.
  11. Гомельская губерния в лицах. — Гомель: Отдел по архивам и делопро­изводству, 2007. — С. 22-23.
  12. Перад нямецкай акупацыяй нават у органе ўлады такога высокага ўзроўню, як Магілёўскі губвыканкам, ім належала толькі 48 % месц, а па асобных паветах іх удзельная вага была яшчэ піжэйшай. — Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1918-1945 гг. / М. Касцюк (гал. рэдактар). — Мн.: Экаперспектыва, 2006. — С. 46.
  13. ГАРФ. — Ф. 1235. — Оп. 94.-Д. 570. — Л. 336-337.
  14. Там жа.
  15. Дзяржаўны архіў грамадзкіх арганізацый Гомельскай вобласці (ДАТА). — Ф. І.-Воп. 1. — Спр. 12. — Л. 8-8 адв.
  16. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. — Ф. 71. — Воп. 3. — Спр. 63. — Л. 1.
  17. ДАГА Гом. вобл. — Ф. 1 — Воп. 1. — Спр. 14. — Л. 15 адв. — 16.

Аўтар: Р.Р. Лазько
Крыніца: Гомельщина в событиях 1917–1945 гг.: материалы науч. практ. конф. / ред. кол.: А.А. Коваленя [и др.]. – Гомель, 2007. Ст. 25-32.