Лельчыцы. Назва паводле легендаў і паданняў

0
1505
Лельчыцы горад

Даўным-даўно гэтая гісторыя здарылася. Нават не памятаю і сама, колькі стагоддзяў прайшло-мінула, але памяць пра яе захоўваецца ў людскіх пакаленнях. Кожны пераказвае яе як прыклад вернага кахання, якое ўсё радзей і радзей сустракаецца на зямлі апошнім часам.

А было ўсё так. У адным мястэчку жыў каваль Пятрок, у яго падрастаў сынок — Сымонка. Там жа жыў і млынар Паўлюк, а ў Паўлюка дачушка расла — Паўлінка.

Пятрок быў адмысловым майстрам. Да яго людзі з усяго наваколля цягнуліся, каб замовіць якую рэч ці купіць ужо гатовую. Так і казалі:

— Лепей, чым Пятрок, ніхто не зробіць.
— Так, яго рэчы нават параўноўваць нельга з вырабамі іншых майстроў. Здаецца, з аднаго жалеза робяць, у адным вогнішчы паляць, а глядзі, як атрымліваецца.
— Ёсць у яго нешта адметнае… Адна рыса…
— Якая?
— Калі працуе, то душу сваю ўкладвае ў выраб. Таму ў яго любая рэч нібы спявае.

Каваль і сына свайго не адпускаў ад сябе, усё навучаў:

— Глядзі, Сымонка, пройдзе год-другі, пастарэю я, і табе давядзецца мянезамяніць.
— Калі трэба, то трэба, тата, — адказваў той па-даросламу.
Запамятай назаўсёды, што любая справа не любіць паспешлівасці. У нас асабліва, бо адным ударам можна ўсё сапсаваць. Кожны ўдар, кожнае дзеянне павінны адпавядаць патрабаванням, ні больш ні менш.

Хлапчына рос здаровым і высокім. Маці гаварыла, калі глядзела на свайго першынца:

— Што бацька будзе.

Той усміхаўся і адказваў:

— А што ж тут, жонка, благога, калі сын на бацьку падобны?
— Нават кропелькі ўсе пазбіраў. Трэба ж, каб такім ужонарадзіўся.
— Добра стараліся.
— Табе б толькі языком мянташыць, а хлапчына расце на вачах. Пройдзе пару гадоў, і пойдзе ад нас ствараць сваю сям’ю.
— Каб толькі ўсё добра ішло, то ў гэтым нічога благога няма. I нічога мы не зробім.

Жыццё ідзе, і яно свайго ад усіх патрабуе: і ад маладых і старых, і ад багатых ды бедных. Як ты ні круціся, а яго не падманеш.

Хлапчына рос і ўжо здорава-такі дапамагаў бацьку ў кузні. Прасцейшыя вырабы гаспадар даўно дазваляў яму рабіць. Людзі гэта прыкмячалі і адзначалі:

— Добры майстар будзе.
— У бацьку і тут пайшоў.
— Пакуль што за складанае не бярэцца, але тое, што робіць, то не падкапаешся.
— I трымаецца, як сталы.
— Ага. Стараецца ва ўсім паходзіць на бацьку.

Задаволены быў гаспадар, што вяскоўцы з такога ўзросту хваляць сына. У якога ж бацькі пры гэтым сэрца не зашчыміць.

Час ляцеў непрыкметна. Прайшло яшчэ некалькі гадоў, і Сымонка стаў ужо дарослым хлопцам. Ды такім вырас асілкам, што нават родная матуля здзіўлялася:

— Нават’ бацька твой, здаецца, у маладосці такім не быў.
— Я ж…
— Не, нічога дрэннага. Проста дзіўлюся, які ты ў нас здаровы стаў.

А ён быў і на самай справе здаровы. Калі падкоўвалі коней, то людзям не трэба было іх трымаць ды яшчэ прывязваць. Гаспадар, пасміхваючыся, звычайна казаў:

Мяхай хіба Сымонка патрымае?

Калі вясковец не ведаў, хто гэта такі, то прамаўляў:

— Ну, калі сам управіцца…
— Зараз пабачым. Сымонка, сынок, хадзі сюды.

Толькі паказваўся ў дзвярах асілак, як усе прысутныя смяяліся:

— Гэты на адной руцэ коніка падыме, не толькі што ўтрымае.

I сапраўды. Сымон клаў магутную руку на шыю жывёліне, і тая рахмана стаяла побач, толькі вокам касавурыла на здаравяку, відаць, і сама здзіўлялася той сіле, якую адчувала побач. Каваль, зрабіўшы справу, казаў:

Адпускай, сынок, няхай ідзе конік.

Шчаслівы гаспадар задаволена разводзіў рукамі:

— Вось дзякуй вам, майстры. I коніка падкавалі, і мне выжыльвацца не давялося, трымаючы яго. Вось дзякуй.

Аднаго разу, а справа была вясной, бацька і кажа сыну:

— Заўтра паедзем да балота. Руды трэба накапаць. Жалеза ў нас ужо канчаецца.

Прывязём вазоў з пяць. Тут жа недалёка.

Ведама што.
— Ад самага рання і падамося.

На другі дзень запрэглі каня, узялі лапаты і паехалі. А там і не балота, а прыгожы луг раскідваўся. Птаства ўсялякага было вялікае мноства. Здавалася, што ў кожнай купіне сядзіць нябачная птушыная сям’я і толькі і займаецца тым, што спявае-вызвоньвае. Едуць майстры і ўсміхаюцца ад задавальнення:

— Мы там куём-грукочам і не чуем сапраўдных песень, а тут вунь як жыве прырода, — заўважыў бацька.
— Наслухаемся, то да наступнага разу хопіць, — падтрымаў гаворку сын.
Праедзем яшчэ крыху. Вунь у той бок, бліжэй да млына. Там руда багацейшая.

Распрэглі коніка і сталі працавань. Неўзабаве сын запрапанаваў:

Я тут застануся, буду накопваць, а з конікам і аднаму можна ўправіцца. Там жа толькі разгрузіць і застанецца? Завязеш і назад вернешся.

Бацька паехаў з канём, а Сымонка застаўся. Капае сабе паволі, услухоўваецца ў птушыныя спевы. Хораша яму на ўлонні прыроды. І тут хлапчыне падалося, што недзе побач загучала песня. Прыпыніў працу і прыслухаўся. I сапраўды, аднекуль неслася:

А ў татулькі ў вароціках Калінка стаіць.
На каліне, на маліне
Усё беленькі цвет.
Ніхто ж мяне, маладзенькую,
Замуж не бярэць…

Не ўтрымаўся Сымон, вылез з яміны і падаўся на голас. Расхінуў кустоўе і ажно знерухомеў: прама перад ім сядзела на купіне дзяўчына з залацістымі, доўгімі валасамі і з лугавых кветак віла сабе вянок. Віла і выводзіла словы старадаўняй песні, якія гэтак хораша і гучна несліся над лугам, над балотам, над кустоўем. Хлапчына стаяў і слухаў, не хацеў перабіваць незнаёмку, а калі яна скончыла спяваць ды глыбока ўздыхнула, тады і запытаўся:

— I чаму ж цябе замуж не бяруць?

Дзяўчына ўздрыганулася, хутка зірнула на Сымона і нібы адрэзала:

Так жа і налякаць можна.

Асілак сумеўся:

— Прабач, я не падумаў.

Незнаёмка ўсміхнулася:

— Ты яшчэ і чырванець умееш?
— Ды… — сумеўся хлапчына.

А прыгажуня пачала распытваць:

— Ты хто?
— Сымон.
— Сымон, — перадражніла незнаёмка. — Я пытаюся, адкуль ты ды чый? — і засмяялася.

Здаравіла страсянуў плячыма, але чамусьці не зазлаваў, а таксама стаў смяяцца разам з прыгажуняй.

— Дык скажаш ты мне, Сымон, адкуль ты ды чый?
— Цяпер скажу. Бо супакоіўся ўжо і не хвалююся.
— А спачатку што, трэсла?
— Ага, — шчыра прызнаўся ён.
Такі здаравіла і злякаўся?
— Ды не, не спужаўся, а разгубіўся.
— 1 чаго ж ты разгубіўся?
— Бо цябе ўбачыў, — выпаліў хлапчына.

У адказ прыгажуня ўсміхнулася:

— Што, спадабалася я табе?
— Яшчэ як.
— Вось за гэта дзякуй.
— Не смейся, я шчыра сказаў, — прызнаўся Сымон.
— Бачыш ты на яго, першы раз дзяўчыну ўбачыў, і яна яму так спадабалася, што ажно спалохаўся. Дык чый ты?
— Кавалёў сын. Сымон.
— Цяпер скажу і я, што чула не раз і не два тваё імя. Хваляць цябе.
Асілак перавёў гаворку на іншае.
— А як цябе завуць?
— Паўлінка. Бацька мой млынар.
— Ведаю, дзе млын, але не быў там, бо ўсё праца ды праца. Цяпер, спадзяюся…
— Што?
— Ды так, — ухіліўся Сымон.
Мне час ісці, бо тата будзе хвалявацца, — прамовіла прыгажуня.
Слухай, Паўлінка, а ты заўтра на гэтае месца прыйдзеш?
— Навошта?
— Пабачыцца хочацца.
— Бачыш, чагозахацеў? — сказала і ўскочыла на ногі. — Пабягу.
— Прыйдзеш?
— Не ведаю. Як тата пусціць…

Дзяўчына засмяялася і пабегла, а хлапчына пасунуўся да яміны, дзе яго ўжо чакаў бацька.

Сымон не мог дачакацца наступнага дня. Усё пазіраў на сонца, круціўся, часта выскокваў на падворак.

— Ці не захварэў, сынку? — трывожна запытаўся бацька.
Ды не.
— А што ж так разбегаўся?
— Ды…
— То ідзі адпачні?
— Я лепей пад полудзень схаджу на балота, тых птушак, учарашніх, паслухаю.
— Схадзі, я і адзін упраўлюся, працы сёння не м-нога.

Нібы на крылах ляцеў на луг Сымон, толькі кустоўе трашчала ды птушкі ў розныя бакі разляталіся, бо не выбіраў асілак дарогі, лупіў напрасткі.

Дзяўчына сядзела на той жа купіне, што і ўчора. На гэты раз яна не жартавала з Сымона, і яны пагутарылі сур’ёзна.

Так, раз за разам сустракаючыся, пакахаліся хлопец з дзяўчынай. Неўзабаве каваль даведаўся, куды штодня знікае сын, і запытаўся:

— Сымон, то хутка нас ужо пакінеш?
— Чаго гэта, тата?
— Сваю сям’ю будзеш будаваць.
— Буду, але ад вас не адмоўлюся.
— Дзякуй, сынку, за добрае слова.

Але атрымалася так, што калі каваль з жонкай былі не супраць таго, каб іхні сын жаніўся на Паўлінцы, то мельнік такога і чуць не жадаў:

— Яны ж супраць мяне галадранцы!
— Нам, татачка, багацце тое не трэба. Мы самі нажывём, — пярэчыла дачка.
Аддам цябе толькі за пана. Простаму мужыку не дастанешся. Толькі вяльможнаму чалавеку.
— Але ж я мужычка.
— Ты прыгожая і багатая, а за гэта можна ўсё купіць!

Як ні прасіла Паўлінка бацьку, як ні маліла, не паслухаў ён яе і сказаў аднаму памешчыку, што аддасць дачку за яго. Прыбегла дзяўчына да каханага і кажа:

Пайшлі хутчэй.

Той устрывожыўся, а як пачуў навіну, то і ўвогуле галаву апусціў. Дзяўчына, праўда, падбадзёрыла:

— Я ведаю, што рабіць. Толькі калі ты пагодзішся…
— Я згодны.

Павяла Паўліна хлапчыну да знахара, які жыў у лесе, і пачала прасіць, каб той дапамог. Стары ўважліва выслухаў і сказаў:

— Адзінае, чым магу дапамагчы, — гэта ператварыць вас у птушак… У лелькаў…
— А хто гэта? — не зразумелі закаханыя.
— Па-нашаму, па-ўкраінскаму, гэта буслы…
— Добра, нічога, што ў птушак, затое заўсёды разам будзем.

Так іх той чараўнік і ператварыў у лелькаў. Сталі яны жыць у гняздзе на высокай бярозе. Кожную вясну прыляталі, а ўвосень адляталі. Людзі, заўважыўшы іх, крычалі:

— Лелькі прыляцелі!

Даўно гэта было. Бярозы той і знаку не засталося, закаханыя памерлі, а памяць засталася. Памяць ды назва, якая на паселішча пазнейшае перайшла, — Лельчыцы.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 213-218.