Лельчыцы — Ленчыцы

0
81
Лельчыцы выява

Яшчэ не так даўно слова Лельчыцы не выклікала ў мяне ніякіх эмоцый, бо было чымсьці абсалютна цьмяным і незразумелым, якім і бывае звычайна для носьбітаў мовы большасць геаграфічных назваў. Праўда, неяк даводзілася чытаць у кнігах беларускага географа і тапаніміста В.А. Жучкевіча, што імя нашых палескіх Лельчыц узыходзіць да наймення аднаго ca старажытных бажкоў — Лелька ці да такога ж слова лелька, якім у паданнях падчас называлі белага бусла.

Буслы і цяпер жывуць у Лельчыцах, в’юць гнёзды на дрэвах, што растуць на ўскраіне гарадскога пасёлка. Белы бусел — гэта наогул сімвал палескіх прастораў. Аднак паспрабуйце знайсці хаця б адну вёску, назва якой паходзіла б ад найменняў птушак. Няма такіх вёсак. Таму і не верылася ў верагоднасць пачатку Лельчыц толькі ад белага бусла. У такім вырашэнні питання не бачилася галоўнага — адлюстравання пэўных гістарычных пад- зей, чалавечага лесу.

На якісьці момант вобраз лелька — белай птушкі зноў усплыў у памяці, калі я нечакана сустрэў цікавую легенду, расказаную ў аповесці беларускага пісьменніка Э. Скобелева «Кри­стина»1.

…Калісьці, шмат стагоддзяў назад, у час мангола-татарскага нашэсця, пачалі ворагі шукаць у лясах і сярод бясконцых балот быццам бы схаваны там залаты лік (гэта значыць сонм) Леля, ляснога бога. Тры гады шукалі, рыхтавалі ўсё новыя атрады — адны на конях, іншыя — на чоўнах. Аднак танулі баскакі-татары ў бяздонных прорвах або былі бітыя рускімі воінамі. I адступалі ворагі, і паўтаралі імя рускага ляснога бога — «Лельчы, Лельчы.„» Так і стала празывацца тое месца, дзе спынілася варожае войска, —Лельчыцы. А сам лясны Лель паслаў на дапамогу паляшанам вераб’ёў, якія заводзілі ворагаў яшчэ далей у лясы і балоты. З той пары лясную птаху-выратавальніка і завудь у народзе «ляляк», гэта значыць пасланец, ганец Леля…

Лелька — бусел, верабей, татары, лясны бог Лель… Усё, як у калейдаскопе, у чароўнай казцы. Аднак не ўсё ў гэтай легендзе казачнае.

Недалёка ад Лельчыц, у Маркаўскім сельсавеце, знаходзіцца вёска Картынічы. На сумежных балотах ёсць цікавае месца — паласа, быццам бы «шлях», глыбінёй больш за 3 метры, а побач — невялікія ўзгоркі, на якіх растуць магутныя сосны. Жыхары завуць гэтае месца “турэцкай яздой». Згодна з мясцовым паданнем, праз картыніцкія балоты праходзіла, як чорная хмара, татарская конніца. Шмат дзён і начэй з жахам прыслухоўваліся людзі да хлюпання балотнай вады пад капытамі варожых коней, да чужых галасоў, у якіх адчувалася ўпэўненасць пераможцаў. Татар было так многа, што іх коні выбілі на балоце язду.

Як бачым, водгалас падзей 1240-1241 гадоў, калі татарская арда пад началам ханаў Кайдгана і Гаюка з’явілася на Палессі і разарыла Мазыр, Брагін, Петрыкаў, Тураў, Пінск, Клецк, Давыд-Гарадок, Слуцк і іншыя гарады, жыве ў народзе…

А што дае гэты факт для разумення ранняй гісторыі населе­ных пунктаў Лельчыцкага раёна? Ён, перш за ўсё, сведчыць аб тым, што на месцы некаторых сучасных вёсак існавалі пасялєнні з характэрнай пераемнасцю насельніцтва. Інакш старажытныя паданні, як адлюстраванне рэальных гістарычных пад­зей, ніколі б не дайшлі да нашых дзён.

Цікава вось яшчэ што: у «Пісцовай кнізе Пінскага і Клецкага княстваў» таксама ўпамінаецца нейкая «дарога Батыева». А геаграфічныя працы нашага часу вызначылі, што з Турава на поўдзень у дамангольскі час праходзіў сухапутны шлях да Кіева. Не выключана, што гэты шлях ляжаў якраз паблізу ад месца сучасных Лельчыц, ці, магчыма, той вёскі, якая там у той час існавала.

Тое ж, што паведамляла легенда пра казачных вераб’ёў і ляснога бажка Леля, уяўлялася нічым іншым, як прыгожымі чароўнымі атрыбутамі, без прысутнасці якіх не абыходзяцца ні ў адным паданні. Пошукі пачаткаў Лельчыц працягваліся.

Неяк у разгаворы з ляльчанамі давялося пачуць не добра знаёмае і прывычнае Лельчыцы, а трохі нязвычнае і на першы погляд памылковае Ленчыцы. Аднак хутка прийшла перакана- насць: вымаўленне Ленчыцы — не памылка, а заканамернасць, якая добра тлумачыцца адпаведнымі моўнымі асаблівасцямі. Трэба было толькі вызначыць, якая форма была першапачатковай — Ленчыцы ці Лельчыцы.

І тут мне дапамагла бібліятэкар Лельчыцкай раённай бібліятэкі Таццяна Аляксандраўна Жогла. Добра, калі ёсць назіральныя людзі, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю! Аказалася, што ў кнізе «Крыжаносцы» польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча ўпамінаюцца нейкія Ленчыцы. Мы тут жа знайшлі гэтае месца ў тэксце і паспрабавалі перанесці яго на карту. А на карце ў цэнтры Польшчы, паміж Серадзам і Плоц- кам ляжыць мястэчка Ленчыца. Вось тут і нарадзілася тая думка, аб якой трэба расказаць.

Старажытная Берасцейская зямля разам з Турава-Пінскім княствам, на тэрыторыі якога і знаходзілася месца сучасных Лельчыц, увайшла ў склад Літоўскай дзяржавы ў пачатку XIV ст. Пасля Крэўскай уніі 1386 года ўзмацніліся міграцыйныя патокі польскага насельніцтва на ўсход, прычым менавіта на паўднёвым напрамку — Валынь, паўднёвыя раёны Беларусі (аб прытоку польскага насельніцтва пасля таго, калі ўкраінскія і шэраг паўднёвых зямель Беларусі трапілі пад юрысдыкцыю Кароны ў 1569 г., сведчыць таксама “Этнаграфія беларусаў»2.

У гэтым аспекце ўзнікненне Лельчыц (пры дапушчэнні, што першапачатковай формай было вымаўленне “Ленчыцы») бачыцца наступным чынам. Ленчыцы — гэта так званая перенесеная назва, з’яўленне якой было звязана з польскімі перасяленцамі, якія, напэўна, заснавалі невялікую вёсачку і назвалі яе так, як называлася тое мястэчка ў Польшчы, адкуль яны паходзілі. У бліжэйшых да Лельчыц вёсках Дубніцкае, Усаў, Данілевічы дагэтуль жывуць палякі.

Што ж датычыць польскага мястэчка Ленчыца, то яно ля­жыць якраз у той мясцовасці, дзе калісьці пражывала заходнес- лавянскае племя ленчычане. Паміж гэтай этнічнай назвай і тапонімам Ленчыца існує верагодная сувязь.

Але “развітвацца» на гэтым з Лельчыцамі і лічыць усе пытанні вырашанымі было б заўчасна. У нашых разважаннях мы ішлі ад таго дапушчэння, што вымаўленне Ленчыцы, якое распаўсюджана сярод жыхароў гарадка і навакольных мясцін, з’яўляецца першапачатковым і больш старажытным, чым Лель­чыцы. Аднак мы павінны прасачыць і магчыма іншы варыянт: форма Лельчыцы папярэднічала Ленчыцам, якія нарадзіліся ў мясцовай гаворцы ў выніку адпаведных моўных працэсаў (да- рэчы, і тое, і іншае вырашэнні пытання з лінгвістычнага пункту гледжання цалкам магчымыя).

Калі абапірацца на гэта другое дапушчэнне, адразу можна заўважыць, што назва Лельчыцы — не адзіная на карце Бела­русі. Не адзіная ў тым разуменні, што галоўная частка яе, ці корань, амаль такі ж, як і ў назвах Лелікава (вёска Кобрынскага раёна), Лелюкі Лелюгі (вёскі Іўеўскага і Шумілінскага раёнаў), Лялюшаўцы (веска Шчучынскага раёна).

Прыведзеныя назвы па сваёй структуры і пабудове нагадваюць тыя геаграфічныя імёны, якія паходзяць ад прозвішчаў і мянушак. Назвы Лелюкі і Лелюгі можна тлумачыць на аснове прозвішчаў Лялюк ці Лелюх. У назве Лелікава відавочна адлюстраванне прозвішча Лелікаў. А геаграфічнае імя Лялюшаўцы верагодней за усё ўтварылася ад прозвішча Лелюшаў ці Лялюшаў. Усе гэтыя імёны прыведзены ў слоўніках і спецыяльных артыкулах, прысвечаных уласным іменам, дзе мы таксама адшукалі яшчэ некалькі беларускіх (Лель, Лялько, Лялькоў, Леля, Лялюй, Лялюга, Ляляўка) і рускіх (Лелявский, Лелькин, Лельчук, Лелевнч) прозвішчаў.

А што ж Лельчыцы? У гэтым геаграфічным найменні таксама пры неабходнасці няцяжка знайсці “закансерваванае» асабовае імя, прозвішча ці мянушку, напрыклад Лелька, Леля, ці тыя ж Лелюх, Лялюк. А калі гэта так, то слова Лельчыцы ў адпаведнасці з яго пабудовай трэба разумець як “пасяленне, якое належала чалавеку з адпаведным прозвішчам, ці такое, якое было закладзена такім чалавекам».

Лельчыцы вядомы з XVI ст. як мястэчка Мазырскага павета ў Кіеўскім, а з 1569 г. у Мінскім ваяводствах Вялікага княства Літоўскага. Але заўважым: гэта толькі дата фіксацыі, а не дата з’яўлення Лельчыц. Мы перакананы, што вытокі пасялення трэба шукаць у больш раннія часы, бо фіксацыя таго ці іншага населенага пункта ў пісьмовых крыніцах адстае ад сапраўднай даты яго ўзнікнення на пэўны час. Мяркуйце самі.

У 1395 годзе вялікі князь літоўскі Вітаўт перадаў гарады Слуцк і Капыль брату польскага караля Ягайлы князю Уладзіміру Альгердавічу, які стаў уладальнікам новага феадальнага княства — Слуцкага. Сын гэтага князя, Аляксандр па прозвішчу Алелька, з’явіўся роданачальнікам беларуска- літоўскага княжацкага роду Алелькавічаў, які ў далейшым, на працягу XV і XVI стст., займаў у Вялікім княстве Літоўскім прывілеяванае становішча. Гэты род выступаў за аб’яднанне літоўска-беларускіх і ўкраінскіх земляў з Маскоўскай дзяржа- вай. Сам Аляксандр Алелька быў жанаты на дачцы вялікага маскоўскага князя Васіля — Настассі (вяселле адбылося ў 1417 годзе).

Князі Алелькавічы вялі бясконцыя войны з татарамі, ахоўваючы ад іх паўднёвыя граніцы Вялікага княства Літоўскага. Яшчэ адзін цікавы факт: у галоўнай рэзідэнцыі Алелькавічаў — Слуцку пры княжацкім двары існавала школа. Род Алелькавічаў згаснуў у першай палове XVII ст. Вядома, што ў 1612 годзе апошняя ў родзе княжна Софья Юр’еўна Алелькавіч перадала Слуцкае княства па духоўнай спадчыне свайму мужу — князю Янушу Радзівілу.

Пра князёў Слуцкіх-Алелькавічаў на Палессі дагэтуль існуюць легенды. Расказваюць, напрыклад, што на Князь-воз- еры, ці возеры Чырвоным, што ў Жыткавіцкім раёне, існаваў княжацкі замак, у якім апошнія патомкі Аляксандра Алелькі тварылі часам жудасныя нялюдскія справы. Усё гэта, без- умоўна, цікава і варта асобнага апавядання (гл. раздзел «Князь- возера»). Але вернемся да Лельчыц.

Лельчыцы ўпамінаюцца менавіта ў XVI ст. таму, што яны тады былі ўжо даволі буйным мястэчкам. Таму найбольш верагоднай датай узнікнення пасялення можна палічыць XV ст. А вось наступная акалічнасць указвае, магчыма, і на больш пэўны час. Калі шукаць тое прозвішча, якое найбольш падыходзіць да таго, каб яго лічыць асновай для геаграфічнай назвы Лельчыцы, дык трэба, перш за ўсё, звярнуць увагу на прозвішча князя Аляксандра Алелькі.

Яго ўладанні пашыраліся ад Немана да Прыпяці, да іх належалі і землі сучасных палескіх раёнаў Гомелынчыны. Як гэта звичайна бывае, князь Аляксандр Алелька будаваў на вялізных, але ў большасці пустых, бязлюдных прасторах Палес­ся населеныя пункты, дзе сяліў сваіх падданых для асваення новых зямель. Узнікаўшым пасяленням патрэбны былі назвы. Яны і даваліся на падставе розных прыкмет і асаблівасцей мес­ца — форм рэльефу, расліннасці і гэтак далей. А вось найбольш буйное з пасяленняў і найбольш важнае (такім мы лічым Лельчыцы, бо інакш яны не ператварыліся б хутка ў мястэчка) магло атрымаць назву ад прозвішча ўладара — князя Алелькі. Калі з такой версіяй згадзіцца, то часам узнікнення Лельчыц трэба лічыць першыя 20-30 гадоў XV ст., бо Аляксандр Алелька памёр у 1454 годзе.

Зразумела, Лельчыцы маглі заснаваць і бліжэйшыя патомкі князя Аляксандра, яго сыны і ўнукі. Але яны былі ўжо Алель- кавічамі. А назва Лельчыцы больш надзейна тлумачыцца якраз ад прозвішча Алелька, чым ад прозвішча Алелькавічы.

Відаць, чытачу будзе цікава даведацца, што б магло значыць прозвішча Алелька і роднасныя яму, прыведзеныя вышэй, хоць гэта пытанне і не мае дачынення да паходжання разглядаемай геаграфічнай назвы. Але за гэтым пытаннем — цікавыя факты роднай мовы, таксама вартыя ўвагі.

На наш погляд, дадзенае прозвішча трэба разумець як «пры- гожы», хоць часам яго разглядаюць як усечануїо, скарочаную форму поўнага імя Аляксандр. Чаму так? Успомнім казачнага . персанажа Леля, прыгожага юнака, які стаў добра вядомы нам дзякуючы чароўнай «Снягурачцы» А. М. Астроўскага і М. А. Рымскага-Корсакава. Дарэчы тут будзе ўспомніць і слова ляля — дзіця, а таксама дыялектнае слова лялека, ці лелька — бусел, з якім звязана павер’е аб тым, што ён прыносіць дзяцей.

У мінулым у беларусаў кожная пара года мела сваіх апеку- ноў, багоў ці царыц. Даследчыкі агульнаславянскага фальклор- нага матэрыялу лічаць, што вясну ўвасабляла багіня Леля (Ля­ля). З ёй атаясамліваліся росквіт і прыгажосць абноўленай прыроды, веснавая зеляніна. Існавала нават спецыяльнае свята Ляльнік, якое адзначалася ў дзень святога Юрыя (22-23 красавіка). Гэтае свята — своеасаблівае заклінанне вясны. Цікава, што ролю Лялі адыгрывала самая маладая, зграбная і прыгожая дзяўчына. Беларусы, калі хацелі пахваліць прыгажосць дзяўчыны, звычайна гаварылі: «Прыгожая, як Ляля». Дагэтуль у тураўскіх гаворках існує слова лялька не ca звычайным для ўсіх значэннем «лялька, цацка», а з такім даволі рэдкім і, відаць, старажытным, як «істота або рэч вельмі прыгожая, привабная знешне». Успомнім, нарэшце, і назву цудоўнай воднай кветкі — лілеі.

Але далёка не ўсе прозвішчы, якія адзначаліся вышэй, абавязкова мелі пры сваім узнікненні тое ж самае значэнне — «прыгожы, прывабны». Беларускі рэгіянальны матэрыял дазва- ляе рабіць і іншыя тлумачэнні.

Так, у лоеўскіх гаворках зафіксаваны выраз сядзець як ляляк у значэнні гультайнічаць. Ляляк — гэта птушка, якая мае яшчэ ў народзе найменні казадой, начніца, лежань. Дзве апошніх назвы гэтай птушкі тлумачацца тым, што яна можа ўпадаць у спячку. Відаць, адсюль і выраз — сядзець як лялек, а таксама слова лёлях, якое ў паўночна-заходніх раёнах Беларусі ўжываецца для абазначэння тоўстага, непаваротлівага чалавека.

Такім чынам, другі магчымы напрамак тлумачэння прозвішчаў ці мянушак тыпу Лялюк, Лелюх, Лялюга, Лялюй і іншых звязаны з успрыманнем першых іх носьбітаў як людзей непаваротлівых, тоўстых або як гультаёў.

Вось пакуль і ўсе факты, якія дазволілі зрабіць дзве версіі наконт паходжання назвы невялікага палескага гарадка Лель­чыцы. Мы наўмысна не аддаем перавагу якой-небудзь адной з іх. Няхай чытачы самі ўзважаць нашы меркаванні. Можа, яны і падкажуць іншыя, невядомыя нам факты. Ba ўсякім разе, будзє добра, калі яны яшчэ раз пераканаюцца ў тым, якой складанай, але і цікавай, з’яўляецца навука тапаніміка, навука аб геаграфічных назвах, колькі невядомых старонак даўняй беларускай гісторыі яна дазваляе спазнаць і зразумець.

  1. Скобелев Э. Кристина. Минск, 1986. С. 39-40.
  2. Этнаграфія беларусаў. Мінск, 1985. С. 94.


Аўтар:
А.Ф. Рогалеў
Крыніца: Рогалеў А.Ф. Сцежкі ў даўніну: Геагр. назвы Беларус. Палесся. Мн.: Полымя, 1992. — 159 с. Ст. 43-48.