Вясельны абрад – разнажанравы шматактны фальклорна-этналiнгвiстычны комплекс, якi адлюстроўвае духоўную культуру нашага народа. Як адзначаюць даследчыкi, вясельны рытуал мае складаную структуру i ўключае акцыянальны, агенсны, вербальны i рэчыўны кампаненты, а яго кодавая сiстэма змяшчае ўстойлiвыя слоўныя, дзейсныя i прадметныя элементы, важнейшымi з якiх з‟яўляюцца абрадавыя акты [1], [2], [3]. Слоўны код, або вербальны кампанент – неад‟емная састаўная частка вясельнага абраду, якая арганiчна звязана з характарам i зместам рытуальных актаў i якую трэба разглядаць у цеснай сувязi з iмi.
Вясельны абрад у розных славянскiх народаў традыцыйна падзяляецца на тры этапы: дашлюбны, шлюбны i пасляшлюбны [1]–[6]. Значную ролю ў вясельнай абраднасцi адыгрывае перадшлюбны этап, найбольш важным i адказным эпiзодам якога лiчыцца сватанне. Аб‟ектам нашага даследавання з‟яўляецца лексiка, звязаная з абрадам сватання, крынiцай фактычнага матэрыялу – дыялекталагiчны архiў кафедры беларускай мовы ГДУ iмя Ф. Скарыны, складзены па вынiках дыялекталагiчных практык у розных раёнах Гомельскай вобласцi, а таксама асобныя выданнi фальклорна-этнаграфiчных матэрыялаў гэтага рэгiёна.
Значымасць абраду сватання ў сiстэме перадшлюбных актаў пацвярджае наяўнасць вялiкай колькасцi найменняў для яго абазначэння, розных па структуры i спосабах ўтварэння. У iх лiку як аднаслоўныя намiнатыўныя адзiнкi – дзеясловы сватацца, пасватацца, сватаць, пасватаць, высватаць, засватаць, высватаваць, субстантывы-аддзеяслоўныя дэрываты з працэсуальным значэннем: сватанне, сватаўство, метанiмiчныя назвы сваты (перанос назвы асоб на дзеянне, утвараемае iмi), магарыч (перанос назвы рэалii на час i працэс яе выкарыстання), так i шматлiкiя ўстойлiвыя спалучэннi: ісці ў сваты, ісці сватацца, пасылаць сватоў, прысылаць сватоў, прыйсці ў сваты, хадзіць у сваты, прыходзіць у сваты, прыехаць у сваты, прыхадзіць у сваты, а таксама фразеалагiзаваныя спалучэннi тыпу ваўкі ішлі „сваты былi‟: Ка мне сваты прыходзілі, у мяне тры дочкі, я ўсіх пааддавала (в. Уць, Добр.); Прыіжджалі ка мне сваты з дзярэўні ў кварціру. Ну папілі, паелі, дагаварылісь (в. Старое Сяло, Ветк.); Ой, тады такая беднасць была! Так гулялі: прыедуць за маладой, ужо пасватаюць сваты, маладую высватаюць і там па чарцы гарэлачкі, закускі (в. Хальч, Ветк.); Сватанне называецца магарычом (в. Бялёў, Жытк. – ВНГ, с. 59); Дзяўчыну ўжо сасваталі. Потым пьюць, гуляюць… Людзі на гэта гавораць:“Ваўкі ішлі”, г. зн. сваты былі (в. Затон, Жлоб. – ВНГ, с. 56).
У сваты iшлi, як правiла, самыя блiзкiя людзi – бацька i мацi хросныя, дзядзька, брат маладога, бралi з сабою ў пачастунак хлеб або пiрог, бутэльку гарэлкi, якую перавязвалi чырвонай стужкай: Можна і бацьку, і матку хросных узяць на сваты, дзядзьку, цётку там родную, прыходзяць раднейшыя, чалавек шэсць–сем (в. Стаўбун, Ветк.).
Перш чым iсцi ў сваты, старалiся высветлiць, цi атрымае малады чалавек ад патэнцыяльнай нявесты згоду на шлюб. Гэты працэс называўся пярэпыты, перапыты, перапытаць, прапыткі, заказы, аглядзіны. Гэта мог быць зговар памiж маладымi, якi выражаўся праз сiмвалiчныя дзеяннi: Калі маладому падабаецца дзяўчына, ён на адной з вечарынак павінен надзець ёй на галаву вяночак у знак таго, што скора прыйдзе да яе ў сваты. Калі дзяўчына не супраць, то яна не знімае з галавы вяночак (в. Красная Слабада, Акц. – ВНГ, с. 9), або праз абмен рытуальнымi прадметамi: Када жаніху платок дадуць, гавораць, ідзём к надзёжнай, ну. Она ўжэ за цебя пайдзёт (г. Ветка). Гэта магло быць папярэдняе апытванне членаў сям‟i будучай нявесты на прадмет яе згоды. Пярэпыты маглi насiць яўны, адкрыты, «афiцыйны» характар: Найперш у дом нявесты прыходзяць сваха і маці хлопца – у прапыткі. У прапытках высвятляюць, ці згодна дзяўчына выйсці замуж за гэтага хлопца (в. Казацкiя Балсуны, Ветк. – В., с. 231); Спачатку былі заказы. Бацька з маткай маладога прыходзяць і кажуць, калі прыйдуць у сваты (в. Стаўбун, Ветк. – ВНГ, с. 112); Калі хлопец надумае жаніцца, ён аб гэтым гавора дома. Тагда цётка, маці, хросная маці ідуць у хату нявесты на аглядзіны (в. Кругавец, Гом. – ВНГ, с. 176); а маглi быць тайнымi, выконвалiся пастароннiм чалавекам, якога жартаўлiва называлi шпіёнам: Калі хлопцу спадабалася дзяўчына і ён захацеў з ёй пажаніцца, бацькі хлопца адпраўлялі ў тую вёску, дзе жыве дзеўка, шпіёна. Шпіён хадзіў ля дому дзеўкі, слухаў, разгаварываў з рознымі людзьмі, узнаваў, ці добрая дзеўка. Шпіён прыязджаў да бацькоў хлопца і гаварыў, што можна ехаць у сваты або не (в. Дуброва, Акц. – ВНГ, с. 21).
Згода нявесты выражалася праз яе пэўныя дзеяннi ў час сватання: Жаніх прывозіць хлеб, абвернуты палаценцам, ложыць ета ўсё на стол. Еслі невеста згодна, яна разразае хлеб (в. Вязок, Браг. – ВНГ, с. 28); Калі нявеста давала згоду ісці замуж, то яна павінна была перарэзаць хлеб, які прынеслі сваты. Адну палавіну гэтага хлеба яна выносіла на вуліцу… і кідала хлеб уверх. Было такое павер‟е: хто першы зловіць гэты хлеб, той наступны пойдзе замуж (в. Мiхноўка, Браг. – ВНГ, с. 38–39); Колісь казалі: малады адчыніць дзверы да лапці кіне; як возьме яна тыя лапці, прыме, значыць, пойдзе замуж, а як вукіне назад за дзверы, значыць, к другой ідзі (в. Малыя Зiмовiшчы, Маз. – ВНГ, с. 325); Першую чарку давалі выпіць маладым. Калі яны выпіваюць, то, значыць, згодныя (в. Жгунь, Добр. – ЗЧД, с. 251); Калі нявеста сагласная была выйсці замуж, то яна дарыла бацькам жаніха ручнік – ета для бацькі і хусцінку – для маці (в. Пянчын, Буда-Каш. – ВНГ, с. 86); Потым маладая дае бацькам збан з жытам. Гэта сведчыць аб тым, што яна дае згоду і аддае ім сваё жыццё. Бацькі гэта жыта сыпалі у двары і ў хаце, каб добра жылося і каб выгнаць нячыстую сілу (в. Агароднiкi, Калiнк. – ВНГ, с. 266); Калі маладая і яе бацькі былі згодны, то маладых перавязвалі рушнікамі (в. Страдубка, Лоеўск. – ВНГ, с. 319); Маці з бацькам пытаюцца ў дачкі, ці сагласна, то яна падыходзіць да стала, на якім стаіць бутэлька з гарэлкай… і развязвае красную лентачку. У некаторых рэгiёнах Гомельшчыны дзяўчына рассцiлала перад сватамi вышыты ёю ручнiк (в. Малыя Казловiчы, Жлоб.). Iншы раз нявеста рабiла выгляд, што яна раздумвае, вагаецца, не спяшаецца замуж: За месяц да свадзьбы прыязджаюць сваты… Прыходзяць у хату да маладой, тая стаіць ля прыпечку, калупае яго, робіць выгляд, што не хоча ісці (в. Маркаўскае, Лельч. – ВНГ, с. 315). Дзяўчына магла калупаць ў сцяне мох памiж бярвеннямi (в. Вераснiца, Жыт. – ВТГ, с. 4).
Многiя iнфарматары адзначаюць, што, iдучы ў сваты, бралi з сабою гарбуз, якi быў своеасаблiвым “iндыкатарам” паспяховага завяршэння справы: Ну, прыходзяць раднейшыя, чалавек шэсць–сем. Нявеста даўжна закуску прыгатовіць. Стол накрыць. Садзіліся, пілі, дамаўляліся. Са стараны жаніха бяруць з сабой гарбуз, заходзяць і пакацілі па хаце (в. Стаўбун, Ветк.); Сёння мы ідзём у сваты. Дзержым гарбуз. Біром гарбуз і коцім к невесцінаму дому. Такой быў абычай перад сватамі (в. Старое Сяло, Ветк.).
Такiм чынам, згода маладой на шлюб выражалася наступнымi дзеяннямi i адпаведнымi iм слоўнымi формуламi: надзець вяночак, даць платок, прыняць хлеб, разрэзаць хлеб, перарэзаць пірог, выпіць чарку, прыняць лапці, прыняць гарбуз, насыпаць жыта, развязаць лентачку, падарыць бацьку жанiха ручнiк, а мацi – хусцiнку, паднесцi бацькамi нявесты будучаму зяцю каравай, калупаць мох у сцяне, калупаць прыпечак .
Сiмвалiчнымi i разнастайнымi былi таксама спосабы адмовы дзяўчыны выйсцi замуж, у якiх таксама выкарыстоўвалiся розныя прадметы: гарбуз, тыква, ступа, венiк, кажух, баранкі, хлеб, чайнiк: Калі малады не падабаецца, то дзеўка хлеб іхны аддае назад (г. Ветка); Адзін раз, каб адказаць хлопцу, павесілі баранкі, на нітку надзелі (в. Церуха, Гом.); Калі дзеўка не хацела выходзіць замуж за етага хлопца, тут жа перад сватамі выкатвала гарбуз. А ета бальшы пазор хлопцу (г. п. Церахоўка, Добр.); Калі нявеста не сагласна, яна ставіць на стол гарбузу (в. Зашчоб‟е, Рэч. – ВНГ, с. 398); Як вукіне назад [лапці] за дзверы, значыць, к другой ідзі (в. Малыя Зiмовiшчы, Маз. – ВНГ, с. 325); Калі радзіцелі не сагласны, жаніху выносілі тыкву во такую (в. Церуха, Гом.); Калі ж дзяўчына вымятала мусар з ізбы, гэта значыла, што яна не згодна, і малады з дружынай пакідалі хату (в. Страдубка, Лоеўск. – ВНГ, с. 319). У знак адмоўнага рашэння дзяўчына магла выйсцi да сватоў у апранутым навыварат кажусе (Лоеўск. – ВТГ, с. 5). Як паказчык адмовы выкочвалi пад ногi сватам ступу (в. Карма, Добр. – ВТГ, с. 5). Калi нявеста не згодна на шлюб, то жанiху прывязвалi чайнiк, i той павiнен выйсцi з чайнiкам (в. Васiльеўка, Добр. – ВТГ, с. 6).
У некаторых выпадках адмоўны адказ насiў ускосны, ветлiвы характар: Калі не жадае нявеста выходзіць замуж, яе бацька, каб не пакрыўдзіць сватоў, гавора, што дачка яго яшчэ зусім маладая. Няхай падрасце яшчэ (в. Кругавец, Добр. – ВНГ, с. 180). Дзеяннi, звязаныя з адмовай дзяўчыны на шлюб, перадавалiся, такiм чынам, наступнымi выразамi: зняць вяночак, аддаць хлеб, чаркі не браць, выкаціць (вынесці) гарбуз (тыкву), выкінуць лапці, месцi падлогу, апранаць вывернуты кажух, выкочваць ступу, даваць ступу, даваць матузку з венiка, даваць чайнiк. Iншы раз указваўся матыў адмовы, як правiла, надуманы: маладая яшчэ.
Абрад сватання часта меў гульнёвую форму, ён насычаўся сiмвалiчнымi дзеяннямi, алегарычнымi формуламi, прыказкамi, прымаўкамi. Напрыклад, сваты часта гаварылi, што заблудзiлiся i прасiлi пусцiць iх пераначаваць (в. Лубенiкi, Браг. – ВНГ, с. 33). Маладому чаплялi за адзенне драўляны коўш з вадою, якi ён павiнен быў цягаць па хаце: Той коўш з вадой у той хаце зачапілі павадком такім і маладому на спіну за хлясцік на фуфайцы ці чым прычапілі, штоб пацёг па хаце. Гэта рабілі для смеху, мол, дзеўка не хацела ісці замуж…
Сваталі–сваталі, усе тры сваты па хаце пацягалі коўш туды–сюды, угаварвалі, потым сагласіліся (в. Шкураты, Браг. – ВНГ, с. 43–44). Iснаваў таксама рытуал выкупу пеўня, якi праводзiлi ў час сватання. Пеўня шылi спецыяльна, абшывалi яго лентамi i прапаноўвалi сватам выкупляль яго (в. Грабаўка, Гом. – ВТГ, с. 7).
Сваты ўступалi ў дыялог з бацькамi маладой, выкарыстоўваючы iншасказальную форму: “Добры вечар, добры вечар, – гавораць, – нам сказалі, што ў вас цёлачка ё харошая, пародзістая тамака…” Ужо прыдумаюць… “Дак можа б нам прадалі тую цёлачку, а яны: – Ёсцяка, ёсцяка цёлачка ў нас, паглядзіце, панаравіцца, дак прададзім, а не панаравіцца, дак не” (в. Старое Сяло, Ветк.); Зашлі к молодой, а тут ужо з юмором говораць, што цёлка зашла во двор, а хто говорыць, што куніца зашла ў двор, а ў нас охотнік (в. Валаўск, Ельск.); Сваты кажуць: У вас прадаецца цяліца? Чулі, можа купіці? Бацька: Можна, заходзьце. Сваты: Колькі стоіць? Бацька: Две бутылкі. Выпіваюць, дагаворваюцца, на які дзень свадзьба.
Абычна праз две–тры нядзелі (в. Церуха, Гом.). Такая размова называлася торгам: І тут пачынаецца торг. Сваты гаравылі, што можа тут цялушка есць і мо прадасце яе. Бацькі адказвалі, што ніякой цялушкі няма, а есць у іх дочка (в. Сямурадцы, Жытк.); “Кагда прыязжаюць у сваты, то сразу не гавораць, чаго прыехалі. А гавораць, што хацяць купіць цялушку.
Тагда гавораць “вам тавар – нам купец”. Кагда сваты уязжаюць, то ужэ гавораць, што прапілі дзеўку” (в. Церуха, Гом.); Сваты пыталiся: – А праўда, што ў вас ёсць цёлачка? – Не толькi цёлка, а i кароўка, выбiрайце! – Нам тую, што вы цёлачкай назвалi (в. Малажын, Браг. – ВТГ, с. 36–37); Як прыйдуць да дзеўкi, дак у хату не заходзяць, а стануць на парозi дай пытаюцца:“Цi не загубiўся наш бычок? Мо ён к вам прыйшоў. Мы прыйшлi яго шукаць” (в. Чамярысы, Браг. – ВТГ, с. 49).
Падобныя дыялогi, як бачна, насычаны метафарычнымi назвамi жанiха (бык, бычок, охотнiк, купец) i нявесты (цяліца, цёлачка, цялушка, цёлка, тавар, куніца), якiя мелi сiмвалiчнае значэнне i ўмела ўпляталiся ў алегарычны кантэкст перадшлюбнай цырымонii сватання.
У сваты звычайна хадзiлi позна вечарам, у суботу, ёсць розная матывацыя гэтага звычая: Едуць яны ў цёмнае, каб людзі іх не бачылі, бо нявеста можа перадумаць (в. Патапаўка, Буда-Каш. – ВНГ, с. 90); На сватанне ехалі ўвечары, як пачынала цямнець, “каб дурныя вочы не бачылі і не маглі паддзелаць” (г. Рэчыца); Ішлі сватаць вечарам, каб ніхто не сурочыў, на месячнай поўні, каб было поўнае шчасце (в. Данiлавiчы, Ветк. – ВНГ, с. 104).
Пасля атрымання папярэдняй згоды на шлюб праводзiўся рытуал запоіны, прыпоіны, заповіны, пад час якiх яшчэ раз, ужо канчаткова, вызначалася згода на шлюб: Пасля сватання, праз некаторы час, праходзяць запоіны. У час запоін дзеўку “запіваюць да роду жаніха”, пасля чаго яна ўжо не можа адказацца (в. Агароднiкi, Калiнк. – ВНГ, с. 266); Сначала былі заповіны. Ну, эта была, еслі дзеўчына саглашалася ісці замуж і бацька ейны ўсім гаварыў аб этым (в. Старое Сяло, Ветк. – В., с. 224); Сваты спрашывалі: Ці выдаеце вы дачку сваю замуж? Мы атвечаем: Выдаем, канешне. Прыпоіны папілі – свадзьба будзе (г. Ветка); Калі нявеста сагласная, тады п‟юць, прапіваюць маладую (г. Ветка). Праз тыдзень–другі ідуць запіваць дзеўку. У запоіны ідзе той, хто буў у сватох (в. Пухавiчы, Жытк.). На запоiнах больш блiзка знаёмiлiся, абменьвалiся падарункамi родныя жанiха i нявесты.
Пасля прыняцця канчатковай згоды на вяселле адбывалiся заручыны: На другі дзень пасля сватання бацька нявесты крэпка біў са сватамі па рукам, перадаваў сватам дачку як бы з рук у рукі (в. Баршчоўка, Добр.– ЗЧД, с. 248); Маладыя станавіліся на абрус, ім звязвалі рукі – заручалі (в. Лiтвiнавiчы, Карм.). Гэты эпiзод перадшлюбнай цырымонii называўся таксама змовiны: Змовіны апяць праходзілі ў хаце нявесты, пасля таго, як прайшла адна нядзеля пасля заповін… Нявеста ўжо не магла адказацца ад замужжа (в. Дуброва, Акц. – ВНГ, с. 22); Змовіны – дагаворваліся аб свадзьбе. А патом дзелалі чэраз месяц, двое. Бывала, і такое, што пасля змовін адказваліся, тады гаварылі: “Свадзьбу разарыла” (в. Казацкiя Балсуны, Ветк.). На гэтым этапе агаворвалiся ўмовы шлюбу, абмяркоўвалiся матэрыяльныя выдаткi на вяселле.
Пасля заручын былi яшчэ печаглазіны, агледзіны, аглядзіны, на якiх праводзiўся агляд гаспадаркi жанiха: На іх дамаўляліся, калі ўжо сабірацца на свадзьбу (в. Казацкiя Балсуны, Ветк. – ВНГ, с. 129).
Лексiка, якая называе розныя эпiзоды перадшлюбнага абраду сватання, мае празрыстую структурна-семантычную матывацыю i адносiцца пераважна да аддзеяслоўных субстантыўных дэрыватаў, матываваных характарам выконваемага дзеяння, што пацвярджае актыўны, дзейсны характар гэтага акта: сватанне, сватаўство (матывуецца дзеясловам сватаць); пярэпыты, прапыткі (пытаць, перапытаць), заказы (заказваць), запоіны, заповіны, прыпоіны (прапіваць, запіваць), заручыны (заручаць „звязваць рукi‟, заручацца „бiць па руках‟), змовіны (дамаўляцца), агледзіны, аглядзіны (глядзець, аглядаць). Па сваёй структуры гэта як аднаслоўныя намiнатыўныя адзiнкi тыпу сватанне, запоіны, заручыны, аглядзіны, так i словазлучэннi свабоднага i ўстойлiвага характару: хадзіць у сваты, кідаць лапці, каціць гарбуз, даваць ступу i iнш. Побач з лексiчнымi адзiнкамi, якiя выкарыстоўвалiся ў прамым значэннi для намiнацыi галоўных удзельнiкаў шлюбнай цырымонii тыпу хлопец, дзяўчына, малады, маладая, дачка, сын, у час сватання актыўна ўжывалiся iх метафарычныя (зааморфныя) назвы бык, бычок, охотнiк, купец; цяліца, цёлачка, цялушка, цёлка, тавар, куніца, што было абумоўлена алегарычнай формай дыялогу i звязана з традыцыйнай вясельнай сiмволiкай. Такiм чынам, самая адметная асаблiвасць лексiкi, звязанай са сватаннем, – значная перавага ў яе складзе працэсуальных i метафарычных назваў.
Умоўныя скарачэннi
Акц. – Акцябрскi р.-н Браг. – Брагiнскi р.-н Буда-Каш. – Буда-Кашалёўскi р.-н В. – Вечнае: Фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / аўт. уклад.: І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2003. – 362 с.
Ветк. – Веткаўскi р.-н ВНГ – Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад.: І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак – Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. – 472 с.
Гом. – Гомельскi р.-н
Добр. – Добрушскi р.-н
Жлоб. – Жлобiнскi р.-н
ЖПР – Жаўруковая песня радзімы: Народныя духоўныя скарбы Буда-Кашалёўскага краю: манаграфія / ГДУ імя Ф. Скарыны; пад агульн. рэд. В.С. Новак. – Гомель: Сож, 2008. – 424 с.
Жытк. – Жыткавiцкi р.-н ЗЧД – Зямля чароўная дабра: Добрушскі край: гісторыя і сучаснасць / пад агульн. рэд. А.А. Станкевіч. – Гомель: ААТ “Полеспечать”, 2008. – 280 с.
Калiнк. – Калiнкавiцкi р.-н
Карм. – Кармянскi р.-н
Лельч. – Лельчыцкi р.-н
Лоеўск. – Лоеўскi р.-н
Маз. – Мазырскi р.-н
Нараўл. – Нараўлянскi р.-н
Рэч. – Рэчыцкi р.-н
Літаратура
- Никольский, Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности / Н.М. Никольский. – Минск: Изд-во АН БССР, 1956. – 273 с.
- Варфоломеева, Т.Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы / Ред. З.Я. Можейко. – Минск: Наука и техника, 1988. – 156 с.
- Гура, А.В. Терминология севернорусского свадебного обряда (на общеславянском фоне): автореф. дис. … канд. фил. наук: 10.02.01 / А.В. Гура; М.: Изд-во МГУ, 1878. – 18 с.
- Матушенко, В.Б. Сучасне весілля в контексті украінськоі обрядовой культури: автореф. дис. … канд. культурологи: 26.00.01 / В.Б. Матушенко; Киів, 2009. – 20 с.
- Узенева, Е.С. Болгарская свадьба: этнолингвистическое исследование / Е.С. Узенева. – М.: Изд-во «Индрик», 2010. – 280 с.
- Кузнецова, В.П. Русская свадьба Заонежья (конец ХIХ – начало ХХ в.) / В.П. Кузнецова, К.К. Логинов / научн. ред. К.В. Чистов. – Петрозаводск: Изд-во ПетрГУ, 2001. – 328 с.
Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, №1(76), 2013. С. 39-43.