Важнае месца ў скарбніцы духоўных каштоўнасцей беларускага народа займае мова фальклору. У ёй фарміруецца свая сістэма паняццяў і значэнняў слова, якія часта не супадаюць з колам значэнняў літаратурнай мовы. Актуальнасць вывучэння мовы фальклору вызначаецца яшчэ і тым, што традыцыйная вусная народная творчасць звязана не толькі з навакольнай рэчаіснасцю, але і з яе ідэалізаваным вобразам, рытуалам, з сістэмай сімвалаў і народных уяўленняў. Важным кампанентам у агульнай моўнай сістэме фальклору з’яўляецца мова абраду, якая выконвае розныя функцыі. Так, абрадавая апісальная лексіка, функцыянуючы ў асноўным у сітуацыях апісання абрадаў, не толькі мае камунікатыўнае прызначэнне, але і служыць назапашванню і захаванню нацыянальна-культурнага вопыту.
Абрады выконвалі ролю гістарычнай памяці, увасаблялі народнае светаразуменне, псіхалогію і практычную мудрасць і былі прасякнуты сімваламі, уяўленнямі, рытуальнымі і магічнымі дзеяннямі. Найбольш складаны комплекс абрадаў і звычаяў, якія адлюстроўваюць светапоглядныя і сацыяльныя нормы, этнічныя і эстэтычныя ўяўленні, звязаны са сферай сямейна-шлюбных адносін, дзейнічаюць у носьбітаў культуры ў пэўны момант гістарычнага развіцця. У сямейна абрадавай лексіцы найбольш колькаснай з’яўляецца лексіка вясельнага абраду. Этнографы параўноўваюць усходнеславянскае вяселле нават не са спектаклем з вялікай колькасцю дзеючых асоб, а з «вясельнай містэрыяй», шэрагам містычных дзеянняў, аб’яднаных у адно цэлае [1].
У складзе вясельнай лексікі вылучаюцца наступныя тэматычныя групы, у якія мы ўключаем лексемы разных часцін мовы, аб’яднаныя агульнасцю паняційнай сферы і разнатыпнасцю лінгвістычных адносін паміж яе элементамі:
- Найменні вясельнага абраду і яго складовых частак. Дадзеная лексіка-семантычная група адлюстроўвае працэсуальны бок шлюбнага рытуалу і прадстаўлена як дзеясловамі (сватаць, вянчацца), так і назоўнікамі, найчасцей аддзеяслоўнымі (змовіны, заручыны): вяселле («Вяселле цягнецца тры дні» [2, с. 353]; «Вяселле начынаецца ў суботу» [2, с. 331]); змовіны («Бацькі маладой падрыхтаваліся і з гарэлкаю, так і са страваю. Можна рабіць змовіны» [2, с. 329]). Калі бацькі і іх дачка згаджаліся на шлюб, то адбываліся «запоіны, заручыны». У некаторых вёсках гэта былі два асобныя абрады (спачатку запоіны, а пасля заручыны): «Бацькі маладой завуць на заручыны ўсіх тых, хто прыйдзе на вяселле» [2, с. 329]; «Пасля запоін могуць яшчэ маладыя і аставіць адзін аднаго» [2, с. 329].
Вядомыя на тэрыторыі даследаванага рэгіёна абрадавыя дзеянні, якія маюць складаную назву: «запіванне нявесты» («Ставяць на стол гарэлку, хлеб, соль, запіваюць нявесту» [2, с. 350]); «торг за ёлку», звязаны з жаніхом і яго роднымі («Ёлку ўпрыгожвалі дзяўчаты, то яны павінны яе прадаць. Малады з дружкамі павінен выкупіць ёлку» [2, с. 333]); «суканне свечак» — адначасова ў хаце маладога і маладой самі з воску вырабляюць свечкі («Свечку ўпрыгожваюць кветкамі, і атрымліваецца маленькі букецік, а ў сярэдзіне свечка» [2, с. 337]); «гуляць куру» («Тую жывёліну, што ўкралі на падворку ў маладое, кладуць на насілкі, чатыры мужчыны нясуць яе да рэчкі, там забіваюць, абсмальваюць і зноў кладуць на насілкі і нясуць у двор. Кожнаму з гасцей даюць кусочак тае ‘куры ’» [2, с. 342]); «завіванне маладой» («Ацец і маці, дазвольце маладых завіць» [2, с. 336]); «дзявочы вечар» («У маладой сабіраліся яе падружкі на дзявочы вечар» — зап. у Нароўлі).
У суботу перад вяселлем адбываецца абрад выпечкі караваю — «каравай пякуць»: («Пасля, як каравай будзе пекціся, то нада, каб засталася дзірка» [2, с. 337]). Пасля выпечкі каравай упрыгожваюць кветкамі, лісцікамі з цеста, [2, с. 337]. У Нараўлянскім раёне пяклі два караваі — для маладога і маладой: «Будуць дзяліць каравай маладой (трэба зазначыць, што каравай буў у кожнага з маладых асобны)» [2, c. 335]. Падчас вяселля маладыя склікаюць на каравай: «Гэта значыць, што ўсе адораныя караваем павінны дарыць падарункіу часраздзелу каравая» [2, с. 346].
Адным з жартаўлівых абрадавых момантаў вяселля было выкраданне нявесты: «Асабліва спрытныя дружкі выкрадаюць нявесту» [2, с. 346]. Нявесту так проста не аддаюць, яе трэба выкупіць — адбываецца выкуп, торг, таргі: «Дружкі пранікаюць у хату, даюць ім выкуп» [2, с. 346].
Грамадзянскае ўзаконьванне шлюбу называлася «роспісь»: «Пасля царквы ідуць у сельсавет на роспісь» [2, с. 331], царкоўнае — «вянчанне, вянец» («Малады з дружкамі, сватамі і радзічамі ідуць па маладу, каб ісці ў царкву вянчацца» [2, с. 331]; «Маладым зранку не даюць есці да вянца» [2, с. 331]).
Вядомы ў Нараўлянскім раёне абрад «пярэзвы», які праводзіцца праз тыдзень пасля вяселля, у нядзелю: «Большасць удзельнікаў вяселля збіраецца на пярэзвы, галоўная мэта іх — праведаць маладых» [2, с. 353].
- Найменні ўдзельнікаў вясельнага абраду. У цэнтры паняційнага поля знаходзяцца спецыфічныя абрадавыя намінацыі, якія называюць удзельнікаў вяселля. Зафіксаваныя лексемы з’яўляюцца як агульнаўжывальнымі, так і характэрнымі менавіта для дадзенага рэгіёна. Першую групу складаюць асобы, якім належыць вядучая роля ў арганізацыі вяселля: малады, маладая, маладыя, нявеста, жаніх («Потым малады са сваімі родзічамі ідзе ў свой двор, а маладая са сваімі ідзе ў сваю хату» [2, с. 331]; «Сваты адказваюць, што ім патрэбна для жаніха нявеста» [2, с. 331]); «княжныя-дружкі» («Маладая бярэ двух дзяўчат княжных-дружак, садзіць бліжэй да сябе» [2, с. 329]).
На вяселлі абавязковымі гасцямі станавіліся сваты, бацькі, хросныя маці і бацька, музыкі: «Замешвае каравай найчасцей хросная маці з удзелам каравайніц» [2, с. 350]; «Павінны абавязкова быць музыкі» [2, с. 330]; «Маці маладой перавязвае сватоўручнікамі» [2, с. 331].
На перыферыі поля дадзенай лексіка-тэматычнай групы размяшчаюцца словы, што называюць другасных удзельнікаў абраду, іх прысутнасць была пажаданая: каравайніцы — жанчыны, якія выпякалі каравай («Каравайніцы гушкаюць каравай, кладуць і прыгаворваюць: “Благаславі, айцец і маці, добрыя людзі!”» [2, с. 350]); «баярэ» — госці жаніха («Калі баярэ выходзяць з хаты, то пяюць» [2, с. 332]); «прыданне» — госці маладой («Пакуль прыданні шлі да маладога, дарогаю спявалі песні» [2, с. 340]); «жартаўніцы» («Пры гэтым жанчыны-жартаўніцы (з боку маладой) стараюцца ў вузлы пакласці цяжкія рэчы» [2, с. 348]). Аднак гэтыя ўдзельнікі не аказвалі прынцыповага ўплыву на выкананне абраду, іх функцыі часта вар’іраваліся.
Абавязковымі асобамі на вяселлі ў Нараўлянскім раёне былі «падстаўныя» жаніх і нявеста: «…выводзяць падстаўную нявесту» [2, с. 346].
- Найменні прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў вясельным абрадзе. У дадзенай групе прадстаўлена лексіка, што ў абрадавай сітуацыі набывала сімвалічны сэнс. У цэнтры паняційнага поля размяшчаюцца найменні, якія выкарыстоўваюцца толькі ў вясельным абрадзе: каравай, дзе пераплятаюцца мужчынскі і жаночы пачатак, ён з’яўляецца сімвалам шчаслівага лёсу («З цеста качаюць шышкі, якія потым кладуць на каравай. У сярэднюю шышку закатваюць грошы — “для жыцця харошага ” (потым зразаюць каравай, гэту шышку даюць маладым)» [2, с. 350]); прыданае («Стаяў воў, запрэжаны коньмі, і паставілі скрыню з яе ўсім прыданым» [2, с. 340]); пасаг («Дружкі сабіраюць пасаг маладой -пасцель, вопратку» [2, с. 348]); «белае плацце» («Прыбіраюць яе ў прыгожае ў белае плацце» [2, с. 331]); «фата, вянок, венок» («На галаву вянок з фатою» [2, с. 331]); «кольца» («Маладым надзяваюць кольца» [2, с. 331]).
На перыферыі поля размяшчаецца лексіка, якая абазначае прадметы, што маглі выкарыстоўвацца і ў іншых рытуалах і абрадах, паўсядзённым жыцці: «ікона» («На стале проці маладой стаіць ікона» [2, с. 333]); ручнік як сімвал злучэння і згоды («Маці маладой павязвае сватоў ручнікамі» [2, с. 330]); падарункі («Вязе вузел падарункаў, якая маладая будзе дарыць радне маладога» [2, с. 340]); зерне, жыта, хлеб-соль, цукеркі, мёд («Маці маладой дала ў вузельчык жыта, з сабою жыта ці пшаніцы, каб добра жылося» [2, с. 340]; «Ставіць услончык на дарозе, ложыць хлеб і соль» [2, с. 332]); кветкі, лента, хустка («Маладой на правую старану грудзей прышпільваюць кветачку» [2, с. 331]; «Знімаюць з маладой вянок з фатою і надзяюць ёй на галаву хустку» [2, с. 349]); кажух («Маладога заводзяць на покуць, дзе на лаву засланамяккае, обычно кажухом» [2, с. 332]). Функцыю абярэгу выконвала іголка: «У адзенне маладога ўтыркваюць голкі (гэта ад дурнога вока)» [2, с. 331]. Інтэгральнай прыкметай, якая аб’ядноўвае ўсе лексемы гэтай групы, выступае выкарыстанне іх у тэксце вясельнага абраду [3].
Абрадавае значэнне мела і лексема «стол», «кутні стол», якая выкарыстоўвалася як сімвал згоды, злучэння: сесці за стол — ‘пагадзіцца’. Паказальна тое, што застолле завяршае кожны этап вясельнага абраду: «Бацькі маладой накрываюць на стол» [2, с. 329]; «Сват ставіць каравай на стол перад маладымі» [2, с. 338]; «Маладых абводзяць трыразы вакол кутняга стала» [2, с. 352]. Аднак стол адначасова выступае і сімвалам мяжы, ім перагароджваюць дарогу да нявесты: «На шляху ім некалькі разоў загароджваюць дарогу — ставяць стол» [2, с. 351].
Народныя святы і абрады выступаюць праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся лексіка належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як «вяселле, сватанне, каравай, вянок, заручыны, маладыя» і іншыя [4]. Большасць найменняў, звязаных з даследаванай тэматыкай, з’яўляецца матываванымі. Матываванасць — гэта суаднесенасць вытворнага слова з тым, ад якога яно ўтворана, калі сэнс і структура першага слова могуць быць растлумачаны шляхам звароту да сэнсу ўтваральнай лексемы. Даследчыкі па фармальным крытэрыі вылучаюць фанетычную, марфалагічную, семантычную матываванасць. Фанетычная рэалізуе ацэначныя патэнцыі таго, хто абазначае прадмет ці з’яву. Астатнія віды матываванасці зводзяцца да асноўнага — семантычнай матываванасці, якая выражала або не выражана марфалагічна [5, с. 24].
У аснове канцэпцыі матываванасці слова ляжыць ўяўленне пра безумоўны прыярытэт свядомага над бессвядомым ў маўленчай і моватворчай дзейнасці. У. У. Лявіцкі адзначае, што матываванае слова аказваецца больш жыццяздольным, чым нематываванае. Слова, матываванае фанетычна і семантычна, з’яўляецца больш устойлівым, чым тое, што матывавана толькі адным са спосабаў. Пры гэтым матываванае слова часта выцясняе нематываванае [5, с. 24].
Самым пашыраным тыпам матывацыі найменняў, звязаных з вясельным абарадам, з’яўляецца намінацыя паводле працэсуальнай прыкметы. Лексічным матыватарам такіх найменняў выступаюць назвы разнастайнага дзеяння. Вялікая колькасць зафіксаваных лексем — гэта суфіксальныя ўтварэнні: сватанне, заручыны, выкуп, торг, пасад, запоіны, пярэзвы, змовіны. Некаторыя найменні з’яўляюцца субстантываванымі назвамі: хросны, малады, маладая, вясельныя, прыданыя.
Зафіксаваны на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна і складаныя назвы: прыметнік + назоўнік (дзявочы вечар, белае плацце, зборная субота); назоўнік + назоўнік (злучэнне маладых, суканне свечак; завіванне маладой); дзеяслоў + назоўнік (дзяліць каравай, саджаць каравай, выкупіць нявесту, гуляць куру).
Такім чынам, абрадавая вясельная лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Нараўлянскага раёна, узнаўляючы шырокі фрагмент моўнай карціны свету носьбітаў гаворкі, дазваляе захаваць адну з найважнейшых частак народнай духоўнай культуры — вясельны абрад з закладзенымі ў яго старажытнымі народнымі ўяўленнямі аб сутнасці шлюбу, важнасці сямейных адносін у жыцці і развіцці грамадства.
Літаратура
- Зеленин, Д. К. Восточнославянская этнография / Д. К. Зеленин. — М.: Наука, – 511 с.
- Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад., сістэм., тэкст. праца, рэд. І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. — Гомель: Нёман, 2003. — 472 с.
- Таратынова, Н. Ю Обряд встречи молодых от венца: символика и наименования в псковских говорах / Н. Ю. Таратынова // Псковские говоры в свете актуальных проблем диалектологии: межвузовский сб. науч. трудов. — Псков, 2007. — С. 257 — 264.
- Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. / М. Фасмер; пер. с нем. и доп. О. Н. Трубачёва; под ред., с предисл. Б. А. Ларина. — М.: Прогресс, 1986 — 1987. — Т. 1 — 4.
- Левицкий, В. В. Виды мотивированности слова, их взаимодействие и роль в лексикосемантических изменениях / В. В. Левицкий // Материалы семинара по проблеме мотивированности языкового знака. — Л., 1969. — С. 21 — 25.
Аўтар: А.М. Воінава
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 26 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2019. — С. 195-199.