Абрадавая вусная народная творчасць з’яўляецца скарбніцай народнага духоўнага багацця, у якой захоўваюцца ўзоры разнастайных жанраў: празаічных і паэтычных, адрасаваных дарослым і прызначаных дзеткам. У велізарнай сукупнасці паэтычных абрадавых твораў выяўляюцца песні, прыпеўкі, замовы, прыказкі, прымаўкі. Да празаічных жанраў абрадавага фальклору належаць казкі, анекдоты, легенды, паданні, успаміны.
Узаемаўплыў суседніх блізкароднасных моў у фальклоры народных абрадаў асабліва яскрава выяўляецца пры даследаванні лексікі памежных гаворак. Гомельскаму рэгіёну ў гэтых адносінах пашанцавала размясціцца на памежжы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх тэрыторый. Вынікі міжмоўнага кантактавання адзначаюцца ў абрадавым фальклоры Гомельска-Бранскага пагранічча.
У абрадавай паэзіі колькасную перавагу маюць песні. Паводле тэматычнай арыентаванасці і функцыянальнага прызначэння абрадавыя народныя песні, адзначаныя на тэрыторыі Гомельска-Бранскага пагранічча, можна падзяліць на каляндарныя і сямейныя. Апошняя група складаецца з твораў, якія традыцыйна выконваліся падчас значных для сямейнага і асабістага жыцця чалавека падзей: хрэсьбінныя песні, песні-калыханкі, вясельныя песні, пахавальныя галашэнні.
Каляндарныя песні арыентаваліся на падзеі гаспадарчага жыцця чалавека, былі прымеркаваны да сезонных гаспадарчых работ і шчыльна звязаны з кліматычнымі ўмовамі тэрыторыі даследаванага рэгіёна. З гэтай прычыны захаваліся зімовыя, калядныя, вяснянкі, веснавыя карагодныя, велікодныя, палотныя і касарскія, летнія, юр’еўскія, траечныя, русальныя, пятроўскія, талочныя (талчанскія), купальскія, жніўныя, восеньскія песні.
Для многіх абрадавых твораў уласціва выкарыстанне абрадавага слоўніка, лексіка-семантычная характарыстыка якога неабходна для поўнага лінгвістычнага даследавання абрадавага фальклору беларуска-расійскага пагранічча.
Мэтай артыкула з’яўляецца даследаванне лексіка-тэматычнай разнастайнасці каляндарных песень, адзначаных на тэрыторыі Гомельска-Бранскага пагранічча.
Ужо само вызначэнне жанравай прыналежнасці твораў абрадавага фальклору паказвае, што многія з народных песень разам з каляндарнай дакладнасцю маюць арыентаванасць на рэлігійныя традыцыі ўсходніх славян. У песнях, прызначаных да рэлігійных свят, часта ўжываюцца рэлігійныя праваслаўныя намінацыі. Заканамерна з’яўленне падобных моўных адзінак у калядных віншаваннях:
На вашым дварэ стаяла, Раю раіўся, Хрыстос нарадзіўся На вашым дварэ!
А пад тым дрэвам цісова краваць. На той краваці Божая маці.
Божая маці сынарадзіла (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 23];
Сам Бог ходзіць, Скірды лічыць (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 24].
Заўважаюцца назвы рэлігійных паняццяў у іншых каляндарных песнях:
Пылок мяце, Божай маці танок вя… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 45].
Пры гэтым адзначаюцца як назвы асоб, так і назвы свят:
Раду радзілі, чым імя наклаць.
Да й наклалі ймя Ісусам Хрыстом,
Да Йсусам Хрыстом, Святым Ражаством (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 23]; Раскажам табе дзіва дзіўная,
Святы вечар, дзіва дзіўная (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 27];
А ў ляску, ляску на жоўтым пяску,
Святы вечар! (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 28];
А ў нашымраздве сады зацвілі (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 27];
А ў нашым Пятре Дунай замярзаў (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 28].
У каляндарных абрадавых песнях Гомельшчыны натуральна адбываецца фіксаванне каляндарных свят, да якіх прымеркаваны твор:
А ў нас сёння Масленіца ж, Масленіца (в. Мядзведжае, Чачэрскі р-н) [1, с. 37];
К Ушэсцейку ж, Паеду ў поле і з сахо… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 44-45];
Ой, на Вялікодня, ой, на Вялікі дзень,
Ой-лі, ой-люлі, на Вялікі дзень (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 79];
На Івана, да на Івана Купала, Дзе Купала начавала? (в. Мядзведжае, Чачэрскі р-н) [1, с. 116]. Для фальклору характерны выпадкі своеасаблівай персаніфікацыі найменняў многіх паняццяў. У калядках частыя звароты да Каляды:
Шчодры вечар,
Каляда, Каляда!
Добры вечар,
Каляда, Каляда! (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 23].
У абрадавых песнях пашыранымі з’яўляюцца разнастайныя па лексіка-тэматычнай прыналежнасці назвы асоб:
Мамачка ж мая, ты, віша… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 46];
Па садочку ж бег малойчык, ў гуслі грая (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 87];
Канюхі свішчаць, трох каней ішчаць (с. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 71];
За таго казачаньку, за маладога (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1. с. 5].
Абрадавыя творы ўтрымліваюць тапонімы, гідронімы і іншыя геаграфічныя найменні. У песнях выкарыстоўваюцца існуючыя ў сапраўднасці геаграфічныя назвы. Народныя песні Гомельшчыны памятаюць пра тэрытарыяльна блізкія да вёсак беларуска-расійскага памежжа гарады:
Як з-пад Кіява, з-пад Чарнігава (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 69];
ШтоўКіявезвоняць, штоўКіявезвоняць (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 75]. У песнях складальнікі і выканаўцы захоўвалі таксама назвы родных любых мясцін. Сустракаецца, напрыклад, назва Неглюбка — вёска ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці: Да й ў канец сяла, ў канец Неглюбкі [1, с. 67];
Штоў Неглюбцы, у сяле, ой, у сяле [1, с. 92]
У каляндарна-абрадавых песнях можа ўзгадвацца імя аб’екта, тэрытарыяльна далёкага ад Гомельшчыны і Браншчыны: А ў нашым Пятре Дунай замярзаў (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 28]. У гэтых радках Дунай з’яўляецца характэрным для вуснай народнай творчасці зборным найменнем воднай прасторы ўвогуле. Прыгадаем славутае “Слова пра паход Ігаравы”: дквици поютъ на Дунаи [2, с. 52].
А некаторыя песні фіксуюць агульныя найменні геаграфічных, часцей водных, адзінак: Дзе маці плача — тамрэчка бяжыць (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 58];
Як паўз тый дубочакрэчачка бяжыць,
Як па тэй жарэчачкі чаўночак плывець (Гомельскі павет) [3, с. 79];
Як у нашых у варотах шырокая возяра (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 88];
Ой, што па мору…. У! (г. Ветка) [1, с. 100].
Як правіла, такія назвы таксама маюць у народных песнях памяншальна-ласкальную форму. Дэмінутыўныя ўтварэнні ў фальклорных тэкстах маюць варыянтнасць:
Ой, на тойрэчачкі да ляжыць кладачка (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 77];
На жоўтым пяску рэчанька бяжыць (в. Насовічы, Добрушскі р-н) [1, с. 33].
У абрадавых песнях Гомельска-Бранскага пагранічча сустракаюцца адметныя найменні фізічнага і сямейнага стану чалавека:
А матка плача да й да смертачкі, ..
А сястра плача да замужжайка,..
А дзеткі плачуць да выросцейку… (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 63]. Своеасаблівымі ў творах з’яўляюцца тэмпаральныя найменні:
Табеў том гняздзе не зімаваці,..
Да й табе ў таткі не векаваці, ..
Толькі лецячка пералетаваць (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 65].
Для абрадавай лірыкі характэрны вобразны паралелізм, калі некаторымі чалавечымі якасцямі ў песнях надзяляюцца жывёл, расліны або птушкі. Такая асаблівасць прыводзіць да частага выкарыстання ў народных песнях Гомельска-Бранскага памежжа найменняў птушак: Ох ты, ластаўка, ты касістая,
Ох і ой, люлі, ты касіста… У! (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 64];
Зязюлечка лугавая, Лугавая, лугавая (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 93];
Шэры лебедзі — пасярэдзіне,
Ох, і вой, люлі, пасярэдзі.. Йх! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 69];
Не збівай-ка, галачка, ранняе расы (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 84];
Як па том возяру серы гусі плавалі,..
Адкулья йузяўся серы селязенька,..
Якузяў гусачку за сераю шыйку.. (в. Стаўбун, Веткаўсік р-н) [1, с. 88];
Як наперад, як наперад белаялябёдачка,..
Як наляцеў, наляцеў сіз арол на крылушках (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 89]. Вобразны паралелізм у песні можа быць схаваны, як у папярэдніх радках, або выяўлены, калі назвы жывёльнага свету ўжываюцца ў супастаўленні з назвамі асоб або прадметаў:
Ой ты, ластаўка, ты касастая,..
Ой ты, дзевачка, ой ты, красная (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 65];
Белы лебедзіразляцеліся, ..
Залато кружжаразаткалася (в. Неглюбка. Веткаўскі р-н) [1, с. 66];
Лугавая зязюленька, лугам ляціш, Чаму не кукуеш?..
Ой ты, дзеўка-дзяўчыначка, ад бацькі йдзеш. Чаму не заплачаш (в. Крапіўнае, Навазыбкаўскі р-н) [3, с. 180-181];
Рыбка белая — маё целечка (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 70];
Хадзілалісанька па бару, Прасіла, маліла сабаля….
А хадзіла дзеванька па двару, Прасіла, маліла сужаньку (Гомельскі павет) [3, с. 162];
Ой ты, заюшка, гарнастаюшка,..
Ох ты міленькі,чарнабрывенькі.. (с. Дзятлава, Гомельскі павет) [3, с. 240].
Надзвычай пашыраным у абрадавым фальклоры з’яўляецца ўзгадванне пра коней:
Каня варанога, Раменнаю пугу (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 76];
На коніку едзя, бяліла вязе.. У! (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 85];
Конь вароны вады не п ’е, конь вароны грае (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 90]. Захавалася ў песнях найменне іншай капытнай жывёлы:
Ляжыць казёл у мяжэ Да й дзівіцца барадзе (в. Насовіч. Добрушскі р-н) [1, с. 14]
Зрэдку сустракаецца ў народных абрадавых песнях Гомельска-Бранскага пагранічча вобраз мядзведзя, што можна лічыць адлюстраваннем старажытных татэмных вераванняў усходніх славян:
Ай, жала я жала, да сцежачкі дажалася.
Мядзведзячкі спужалася (в. Залессе, Чачэрскі р-н) [1, с. 119].
Мядзведзь выступае станоўчым персанажам і дапамагае жанчыне, за што надзяляецца аўтарам памяншальным найменнем:
Прыходзя ка мне мядзведзечка?
Бог на помач, малодачка!
Тваё дзіця даўно плача.
Хацеў яго пакалыхаці,
Але баяўся, каб не задраці (в. Залессе, Чачэрскі р-н) [1, с. 119].
Не абыходзяць увагай песні найменні раслін:
Проці бацькавых варот я малада гуляла,
Ох, лёлі, каліна, лёлі, ягада маліна (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 95];
Да белая бярёзачка,
Да чаго ж ты пахялела… У! (в. Заляддзе, Веткаўскі р-н) [1, с. 108];
Што паніжа дуба ячмень малаціла,
Што павыша дуба саломка ляцела (Гомельскі павет) [3, с. 79].
Заснаванае на вобразным паралелізме супастаўленне чалавечых адносін адзначаецца ў абрадавым фальклоры і з раслінамі:
Высокаеўлесе дрэваяліна была,..
Усяму лугу зялёнаму гануду дала,..
Харошая дзяўчынаў таткі была (в. Старыя Дзятлавічы, Гомельскі р-н) [3, с. 147-148]; Вырасціце, чарнабрыўцы, Да не буяйце,
Як выйдуўвосень замуж, Дак вы і завяньце (в. Старыя Дзятлавічы, Гомельскі р-н) [3, с. 148]. Нават у вялікія святы і падчас вясёлых пацешных пагулянак народ не забываўся пра гаспадарку, таму ў песнях абавязковае ўзгадванне пра прылады, прыстасаванні і дзеянні па сельскай і дамашняй гаспадарцы:
Штоў тваім гумне Сам Бог ходзіць.. Скірды лічыць (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 24]; Печка топіцца Бліноў хочацца (в. Роўкавічы, Чачэрскі р-н) [1, с. 37].
К Ушэсцейку ж, Паеду ў поле і з сахо… У!
Із сахою ж, Вазьму песенку за сабо… У!
За сабою ж, Буду полечкаярава… У!
Яраваці ж, Буду ж песенку ёй спява… У! (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 44-45];
Пад мае сені, сені новыя,..
Да й пад ганачкі, пад цясовыя (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 66].
Часта ў абрадавым фальклоры Гомельска-Бранскага пагранічча адзначаюцца найменні адцягненых паняццяў. Дзякуючы стваральнікам і выканаўцам песень у слоўнік абрадавых лексем увайшлі назвы чалавечых якасцей і пачуццяў:
Гавораць, гавораць пра дзявочую красу…
Дзявочая краса — па сто рублей каса (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 75];
Ой, жоўты красачкі да то краса мая,
Ой-лі, вой-люлі, да то краса мая (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 78];
Ой, што на мяне на маладую
Ды худа славачкаўпала (в. Неглюбка, Втекаўскі р-н) [1, с. 110];
А ўжо тваё мінулася, дзевачка, каханейка,
Машына гулянейка (в. Крапіўнае Навазыбкаўскі р-н) [3, с. 180-181].
У асобную групу абрадавых лексем фальклору Гомельска-Бранскага пагранічча заканамерна выдзеліць воклічы-запевы-рэфрэны:
Ой, люлі ж, люлюшанькі, ў гуслі грая!.. Йх (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 87];
Ох і вой, лялюшанькі, ў гуслі йграя (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [1, с. 86];
Ой, лёлюшкі-лёлі, пусці пагуляці (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 83];
Ох і ой, люлю, мая мама (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н) [1, с. 80];
Ой-лі, вой люлі, да добру радачку (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 78];
Ой, лёлі, ой, лёлі, шырокая возяра (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н) [1, с. 88];
Вой люлі, вой люлі, дзеўкі танкі водзяць (в. Беседзь, Веткаўскі р-н) [1, с. 90];
Люлі, люлі, гэй, муроўкі (в. Свабода, Веткаўскі р-н) [1, с. 98].
Даследаванне лексіка-тэматычнай разнастайнасці каляндарна-абрадавых песень Гомельска-Бранскага пагранічча паказвае, што фальклорныя творы, прымеркаваныя да пэўных падзей календара, характарызуюцца адметным абрадавым слоўнікам.
У творах рознай жанравай арыентаванасці фіксуюцца падобныя лексіка-тэматычныя групоўкі абрадавай лексікі. Выдзяляюцца назвы асоб, рэлігійных паняццяў, найменні прыроднага свету: жывёл, птушак, раслін, водных прастораў. Сустракаюцца таксама геаграфічныя тэрміны і найменні прылад і прыстасаванняў гаспадарчай дзейнасці чалавека. Уласцівасцю абрадавых твораў з’яўляецца памяншальна-ласкальныя формы і метафарычна-алегарычнае ўжыванне многіх найменняў.
Літаратура
- Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры Гомельскай вобласці / уклад. В.А. Захарава [і інш.]; уклад. муз. часткі У.І. Раговіч. — Мінск : Універсітэцкае, 1989. — 384 с.
- Слово о плъку ИгоревЬ, Игоря, сына Святъславля, внука Ольгова // Слово о полку Игореве. — М.: Художественная литература, 1987. — С. 26-52.
- Восеньскія і талочныя песні / склад і аўт. ўступ. артыкулаў А.С. Ліс; уклад. і камент. талоч. Песень В. Т. Асташэвіч; муз частка В.І. Ялатаў; рэд. А.С. Фядосік. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 679 с.
Аўтар: К.Л. Хазанава
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016. С. 95-98.