Аднясенне прозвішчаў да адапелятыўных з’яўляецца ў пэўнай ступені умоўным, паколькі базай для іх сталі, як вядома, не апелятывы, а старажытныя славянскія імёны і мянушкі, якія паходзяць ад апелятываў. Напрыклад, памылковым будзе сцвярджаць, што прозвішча Корсак утворана непасрэдна ад апелятыва корсак “стэпавая лісіца”: яно паходзіць ад мянушкі Корсак, якую мог атрымаць хітры чалавек [1, с. 43]. Утварэнне прозвішча адбывалася наступным чынам: апелятыў корсак – мянушка Корсак, што ўзнікла шляхам метафарычнага пераносу на аснове падабенства, – прозвішча Корсак. Вядома, што да прыняцця хрысціянства славяне карысталіся імёнамі тыпу Варона, Воўк, Сокал, Бяроза, Дуб і пад., якія мелі пажадальны або засцерагальны характар. Прозвішчы, утвораныя пазней ад такіх імёнаў, таксама прынята лічыць адапелятыўнымі, хоць і яны прайшлі шлях “апелятыў – асабовае імя – прозвішча” [5, с.111].
Язычніцкія рэлігійныя вераванні на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў далёкай старажытнасці. Спачатку бяссілле людзей перад незразумелымі і непадуладнымі з’явамі прыроды, а потым бяссілле перад прыгнётам нараджалі ўстойлівыя пачуцці залежнасці, страху, адчаю, якія сталі псіхалагічным фактарам узнікнення і існавання ўяўленняў пра звышнатуральныя сілы. З дапамогай магіі сяляне імкнуліся забяспечыць поспех у паляванні, рыбалоўстве, жывёлагадоўлі. Старажытны чалавек адухаўляў прыроду, лічыў, што з навакольным светам можна весці размову, як з чалавекам, верыў у магічную сілу слова, быў упэўнены, што жывёлы, дрэвы, розныя з’явы прыроды, назвы якіх узяты ў якасці імёнаў, становяцца апекунамі, ахоўнікамі іх носьбітаў [2, с. 3]. Існаванне татэмізму абумовіла той факт, што абагоўленыя жывёлы лічыліся доўгі час родапачынальнікамі племені.
На Гомельшчыне зафіксавана значная колькасць антрапонімаў, апелятывы якіх звязаны з фаўністычнай тэрміналогіяй. Асоба на аснове падабенства выгляду ці паводзін магла параўноўвацца са зверам, птушкай, рыбай: напрыклад, каб падкрэсліць моц і сілу чалавека, яго называлі Ваўком, Мядзведзем, палахлівасць – Зайцам. Падобныя найменні неслі і сімвалічны сэнс, напрыклад, бацькі такімі імёнамі выказвалі пажаданні сваім дзецям: каб сын быў дужы як мядзведзь, вол, а дачка жвавая, як казуля. Першапачаткова функцыя імёнаў-абярэгаў была простая: “злыя сілы ганяліся за немаўлятамі, а траплялі на жывёл, рыб, птушак, якія ніякай цікавасці для іх не ўяўлялі” [4, с. 45].
Зафіксаваны прозвішчы, якія суадносяцца з назвамі наступных дзікіх звяроў: алень – Аленіч, Аленічаў, Аленчанка, Аленчык; асёл – Асёл; бабёр – Бабранёў, Бабранок, Баброў, Бобр, Бобрыкаў і інш. (12); барсук – Барсук, Барсукоў, Барсючэнка, Барсюк; воўк – Валковіч, Валчкоў, Волкаў, Воўк і інш. (6); вожык – Ежанкоў, Яжоў, параўн. рэг. еж ‘грыб саракадон чарапічны’ [3, с. 62]; выдра – Выдра, Выдранкоў; заяц – Зайкін, Зайцаў, Зайцанка, Заяц; зубр – Зубрыцкі, Зубрэй; кабан – Кабанаў, Кабанчук, Кобаў і інш. (6); казуля – Казулін; клешч – Клешчанка, Клешчаў, Кляшчоў; кіт – Кітаеў, Кітоў; корсак ‘стэпавая лісіца’ [1, с. 43] – Корсак, Корсакаў; крот – Краткоўскі, Крот, Кротаў, Кроцікаў; крыса – Крысенка; куніца – Куніца, Куніцкі (4); ліса – Ліс, Лісаў, Лісіцын і інш. (9); лось – Ласькоў, Лосеў, Лосікаў, Лось і інш. (7); мамант – Мамантаў; мыш – Мышанкоў, Мышкавец, Мышкоўскі; мядзведзь – Мядзведкаў, Мядзведзеў, Мядзведзь і інш. (5); рысь – Рысін; собаль – Сабаленка, Сабалеўскі, Собалеў, Собаль; сурок – Суркоў; суслік – Суслікаў, Суслін; тур – Тур, Туравец, Тураеў (5); тхор – Тхарук; хамяк – Хамяк, Хамякоў (4).
Узаемаадносіны чалавека і свойскіх жывёл маюць даўнюю гісторыю.
Параўнальны аналіз мянушак жывёл з прозвішчамі людзей ці са старажытнарускімі імёнамі дае падставу гавараць пра іх блізкасць [7, с. 211].
Напрыклад, антрапонім Рыжык надаецца чалавеку з рыжымі валасамі, колерам скуры, заонім Рыжык – жывёле адпаведанага колеру (каню, сабаку, кату).
З назвамі хатніх жывёл суадносяцца 58 антрапонімаў: Авечкін; Баран, Бараноўскі, Баранчук, Барашка і інш. (8); Бугаенка, Бугаёў, Бугаеўскі, Бугай; Быканаў, Быкаў, Быкоўскі, Бычко, Бычок (10); Валовіч, Валоў, Волік, Волікаў; Кабылінскі, Кабылушка; Казёл, Казловіч, Козел і інш. (10); Каняеў, Канякін, Конеў, Конкін; Кароўкін; Каткоў, Кацянкоў, Кот, Котка і інш. (8); Сабко; Трус, Трусаў, Трусевіч; Цюсік, Цюцюннікаў, параўн. рэг. цюх ‘сабака’ [3, с. 252]. Як бачна, большасць прозвішчаў утворана ад назваў тых жывёл, якія займаюць вызначальную ролю ў гаспадарцы. Каты выконваюць своеасаблівыя вартавыя функцыі ў межах дома, сабакі – у межах двара. Іншыя жывёлы забяспечваюць гаспадароў мясам, малаком. Быкі, коні з’яўляюцца цяглавой сілай, без іх немагчыма якаснае функцыянаванне гаспадаркі.
У жыцці нашы продкі часта сутыкаліся з птушыным светам. Менавіта з птушкамі ў павер’ях, народных песнях параўноўваліся людзі: хлопец з ясным сокалам, дзяўчына з галубкай, а сарокай называлі пляткарку-жанчыну, якая хутка “разносіла” навіны. Магчыма ў аснову прозвішчаў пакладзена не толькі знешняе падабенства, але і ўнутраныя асаблівасці, паводзіны: зоркі як сокал, дурны як дзяцел. Нельга не пагадзіцца з думкай У.А. Ніканава, што птушкі ў жыцці чалавека мелі эканамічнае значэнне: дастаткова ўзгадаць голубагадоўлю, паляванне на сакалоў, цецерукоў і інш. [6, с. 195].
Немалаважным з’яўляецца і той факт, што ў паўсядзённым жыцці людзі часцей сустракаліся з птушкамі, чым са звярамі і рыбамі.
Лексема птушка знаходзіцца ў аснове прозвішчаў Пташкін, Птушко (4).
Ад апелятываў, што называюць дзікіх птушак, утварыліся наступныя антрапонімы: арол – Арланаў, Арлоў, Арлоўскі (магчыма ад тапоніма); бусел – Бусел, Буслаў, Бусленка; варона – Варона, Варонін (5); верабей – Арабей, Варабей, Вараб’ёў, Верабей, Верабейчык (7); голуб – Галубенка, Галубоўскі, Голуб (8); грач – Грачанікаў, Грачоў (6); дзяцел – Дзятлаў, Дзятлоўскі, Дзяцел; дрозд – Драздзенка, Драздоў, Драздоўскі, Дрозд; жаўранак – Жаўранкаў, Жаўранко; журавель – Журавель, Жураўлевіч, Жураўлёў (5); зязюля – Зязюлін, Зязюлькін, Зязюля; качка – Качкін, Качур, Качура (4); кулік – Кулік, Кулікоў, Кулікоўскі; ластаўка – Ластачкін, Ластоўчанка; лебедзь – Лебедзеў, Лебедзь, Лябёдка (8); пугач – Пугач, Пугачоў, Пугачэнка; сазан – Сазонаў, Сазоненка, Сазончык; салавей – Салавей, Салаўёў (4); сарока – Сарачынка, Сарока, Сарокін (6); селязень – Селязнёў; сініца – Сініца, Сініцкі, Сінічанка (9); снягір – Снегіроў, Снягір; сокал – Сакаленка, Сакальчук, Сокал (6); стрыж – Стрыжак, Стрыжакоў, Стрыжанкоў; сыч – Сыч, Сычоў; удод – Удод, Удодаў; цецярук – Цецерукоў, Цецярук (5); чайка – Чайка, Чайкаў, Чайкін, Чайкоўскі; чапля – Чаплін, Чаплянскі (4); чыгір – Чыгір, Чыгіраў; чыж – Чыж, Чыжык, Чыжэўскі (5); рэг. чырка ‘качка’ – Чырвекіч, Чыркоў, Чыркоўскі (4); шпак – Шпак, Шпакаў, Шпаковіч, Шпакоўскі, рус. скворец – Скварцоў, Скварчэўскі; шуляк – Шуляк, Шулякоўскі, Шулярэнка; Шчур, Шчураў, Шчурык (4) ад абл. шчур ‘птушка сямейства ўюрковых’ [8, V, с. 421]; ястраб – Ястрабкоў, Яструбкоў.
Найменні хатніх птушак закладзены ў аснову нешматлікіх прозвішчаў: гусь – Гусак, Гусакоў, Гусеў (6); індык – Індзюкоў; кура – Курачка, Курачкін, Курачэнка (6); певень – Певень, Пеўнеў, Пеўнявец, Пятух; рус. утка – Уткін.
Такім чынам, традыцыйнымі заняткамі селяніна заўсёды былі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Яны забяспечвалі насельніцтва прадуктамі харчавання, вызначалі побыт людзей увогуле. Такое цеснае ўзаемадзеянне і дало штуршок для выкарыстання назваў пераважна дзікіх звяроў (103 антрапанімічныя адзінкі) і птушак (150 адзінак) у функцыі мянушак людзей. Зафіксаваныя антрапонімы, утвораныя ад апелятываў, што называюць дзікіх птушак (150 адзінак), амаль у восем разоў перавышаюць колькасць прозвішчаў, асновай для ўтварэння якіх паслужылі назвы хатніх (18 адзінак).
Літаратура
- Баскаков, Н.А. Русские фамилии тюркского происхождения / Н.А. Баскаков. – Москва: ООО “Мишель”, 1993. – 279 с.
- Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія: структура ўласных мужчынскіх імён / М.В. Бірыла. – Мінск: Навука і тэхніка, 1982. – 320 с.
- Дыялектны слоўнік Брэстчыны / склад. М.М. Аляхновіч і інш. – Мінск: Навука і тэхніка, 1989. – 294 с.
- Ивашко, В.А. Как выбирают имена / В.А. Ивашко. – Минск: Вышэйшая школа, 1988. – 239 с.
- Мезенка, Г.М. Віцебшчына ва ўласных імёнах: мінулае і сучаснасць: манаграфія / Г.М. Мезенка, В.М. Ляшкевіч, Г.К. Семянькова. – Віцебск: УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, 2006. – 238 с.
- Никонов, В.А. Имя и общество / В.А. Никонов. – Москва: Наука, 1974. – 278 с.
- Поротников, П.Т. Из уральской зоонимии / П.Т. Поротников // Восточнославянская ономастика. – Москва: Наука, 1972. – С. 210–250.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад аг. рэд. К.К. Атраховіча. – Мінск: БелСЭ, 1977 – 1984. – Т. 1-5.
Аўтар: Г.М. Стральчук
Крыніца: Российско-белорусско-украинское пограничье: научное взаимодействие в контексте единого социокультурного пространства: Материалы Международной научной конференции (г. Новозыбков, Брянская область, 23-24 октября 2014 г.). В 2-х ч. Ч.1 Славяноведение в пограничном регионе: Вторые Расторгуевские чтения / Под ред. В.В. Мищенко, В.Н. Пустовойтова, С.Н. Стародубец. – Брянск: РИО БГУ, 2014. – С. 131-134.