Абрады і вераванні адносяцца да духоўнай культуры народа. Неад’емнай часткай кожнага абрада з’яўляецца яго лексіка, якая, побач з агульнымі найменнямі, у кожным рэгіёне мае свае адрознівальныя рысы. Комплекснае вывучэнне духоўнай спадчыны беларусаў, якое аб’ядноўвае этнаграфію, фальклор i мовазнаўства, з’яўляецца адным з самых актуальных і перспектыўных напрамкаў сучасных навуковых даследаванняў.
Аб’ектам нашага даследавання з’яўляецца лексіка радзінна-хрэсьбіннай абраднасці, сабраная выкладчыкамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітетэта падчас фальклорнай экспедыцыі ў Акцябрскім раёне. У дадзеным рэгіёне захаваліся самыя разнастайныя найменні, звязаныя з радзінамі і хрышчэннем дзіцяці, што прадстаўляе цікавасць для даследчыка, бо ў абрадавай лексіцы акумуляваны самыя старажытныя ўяўленні народа, адлюстраваны важныя падзеі ў грамадскім і сямейным жыцці, абазначаны значныя змены і падзеі ў жыцці чалавека — нараджэнне, хрышчэнне, сватаўство, заручыны, вяселле, пахаванне.
У складзе радзіннай абраднасці вызначаюцца тры асноўныя моманты: само нараджэнне, прыём у грамадства новага члена і ачышчэнне маці і бабкі-павітухі. [1, 319]. У аснову размеркавання па семантычных групах можна пакласці агульныя прыкметы: падрыхтоўка да абраду, рытуальнае дзеянне, выкарыстанне ў абрадавай сітуацыі. Усе гэтыя моманты адлюстраваны ў абрадавай лекксіцы: само нараджэнне, найменне дзіцяці, назвы асоб, звязаных з хрышчэннем, найменні прадметаў, звязаных з абрадам хрышчэння.
Адрознівальнай прыкметай абрадавай сітуацыі з’яўляецца абавязковасць такога кампанента, як паўтаральнасць. Абрад — гэта вызначанае традыцыяй дзеянне ці сукупнасць дзеянняў, таму абрадавае найменне можа абазначаць адно дзеянне (выкупіць кашу) ці мноства акцый (хрысціць дзіця). Тэматычная класіфікацыя радзінна-абрадавай лексікі можа быць прадстаўлена наступным чынам:
- Падрыхтоўка да нараджэння. Абрад уяўляе сабой зносіны чалавек — сілы прыроды, Бог, нізшыя духі. Абрад як параджэнне міфалагічных уяўленняў аб’ектывізуе спецыфічную свядомасць удзельнікаў абраду. Таму зразумелым становіцца строгае выкананне неабходных дзеянняў, ужыванне спецыфічных слоў.
Так, для таго, каб нараджэне новага члена грамадства, прайшло лёгка, неабходна было выконваць шэраг засцярог: Каб абараніць сябе, парадзіха аберагала сябе і сваё дзіця чырвонай шарсцяной ніткай, якую насілі наруцэ ці на шыі. Калі па вёсцы ішла пахавальная працэсія, то цяжарная расшпільвала ўсё адзенне і развязвала ўсе вузлы. Цяжарнай не дазвалялася спаць у тым месцы, куды трапляла святло месяца. Нельга глядзець на агонь, пераступаць праз шнуры. Не дазвалялася станавіцца на парог. Парадзісе нельга заходзіць у храм, даіць і выганяць карову, ісці на вяселле. Валосавічы [2].
Набліжэнне родаў і самі роды будучая маці і ўсе члены сям’і ўтойвалі, каб не сурочыць і каб роды прайшлі лёгка.
- Назвы абраду і этапаў абрадаў: адведкі, радзіны, вотведы: Адведкі ўсе спраўлялі абычна на первай нядзелі жызні дзіця. Пружынішчы; хрэсьбіны, крысціны, красціны: На хрэсьбіны з прысутных сабіраліся парадзіха, бацька дзіцяці, кум, кума, бабка-павітуха і госці. Расвет; У вотведы, кажысь, не прыглашалі. Шоў хто хацеў. Пружынішчы; торг за кашу: Хрэсьбінны стол завяршае торг за кашу. Расвет; падманка: Той, хто паймаў кашу, вынося спачатку “падманку”. Расвет; разбіць гаршчок: Хто дасць больш грошай, той і разбівае гаршок. Гаць; вадзіць ‘хвост’: Пасля вадзілі “хвост”. Бабу садзілі на санкі, на барану зуб ’ем угору. Сцялілі кажух. А калі жартаўнікі, маглі і ў карыце зацегці. Хто яе вёз, спявалі песні. Старая Дуброва; аберагацца: Аберагаліся іголкамі, шпількамі, вугальчыкамі, засушанымі кавалачкамі вясельнага каравая, велікоднай соллю, галінкамі рабіны. Валосавічы; уступаць у пай: Потым казаў усім гасцям, каб уступалі ў пай. Гаць.
- Назвы асоб, якія ўдзельнічаюць у абрадзе. Пры нараджэнні дзіцяці галоўнымі асобамі з’яўляюцца, канечне, роджаніца, парадзіха: Парадзісе нельга заходзіць у храм. Валосавічы Акцябр.; На хрэсьбінах была бабка-павітуха, якая гатавала кашу. Старая Дуброва і баба, бабка, бабка-павітуха, баба-пупарэзніца — абавязкова немаладая паважаная жанчына, у якой ёсць свае дзеці: Перад тым, як везці дзіця ў царкву, баба-пупарэзніца абавязкова купала дзіця. Валосавічы. Першай уставала з-за стала бабка, яна спавівала дзіцятка і перадавала яго куме. Валосавічы; На хрэсьбіны з прысутных сабіраліся кум, кума, бабка-павітуха і госці. Расвет; Баба садзіліся за стол частавацца. Гаць; К абеду ў хату збіраліся кумы і бабуля-пупарэзніца. Валосавічы.
Як ужо адзначалася, для хрэсьбіннага абраду ўласціва засцерагальная функцыя, таму да хрышчэння пазбягалі, каб хто-небудзь хоць вокам зірнуў на малое, баяліся, што нехрышчонае дзіця вельмі лёгка сурочыць. Валосавічы. Нельзя было глядзець на дзіця людзям, бо шчыталі, што зглазяць. Пружынішчы.
Хрышчэнікам называлі дзіця, якое хрысцілі: Тое, што аставалася на дне, вылівалі ўверх і гаварылі такія словы: калі піў дзед, то гаварыў, каб унук здаровы рос, калі кум або кума — каб хрышчэнік высока скакаў. Расвет.
Калі нараджэнне дзіцяці суправаджалася тайнай і шматлікімі забабонамі, то ў наступным этапе радзіннага абраду ўдзельнічае вялікая колькасць народу. Для нованароджанага: Ідзе бацька нованароджанага і прыглашае да сябе бабу, куму, кума. Старая Дуброва выбіраюцца кумы: кум і кума: Напярэдадні хрышчэння дзіцяці бацькі выбіралі кумоў. Валосавічы; Распачынаў дзяльбу кашы кум. Валосавічы. У куму бралі замужнюю дзеўку, еслі ражалі дзевачку, інакш будзе дальша ў дзіця саперніца. Пружінішчы. хросная маці: Для гэтага бяруцца хросныя маці і бацька. Гаць; хросны бацька: Хросны бацька дзержыць яго пры малітвах. Валосавічы; хросныя: Хросныя павінны быць маладзейшымі за бацькоў, каб дапамагаць хрэсніку, як у яго не астанецца родных бацькоў. Пружынішчы.
- Назвы рытуальных прадметаў або сімвалаў, якія выкарыстоўваліся падчас абраду. Своеасаблівымі з’яўляўюцца суадносіны абрадавага знака і падзеі, рэчы, якую ён абазначае, у параўнанні з агульнамоўным знакам. Абрадавы знак імпліцытуе рэчы, якія маюць асаблівую каштоўнасць і выкарыстанне іх лічыцца абавязковым: хрэст, крэсцік: Як мы відзелі Іванку пад храстом, штоб так відзелі мы яго пад вянцом. Валосавічы; Крэсцік купляе кум. Старая Дуброва; Крыж у асноўным ляжыць на хлебе, а хлеб ляжыць нарушніку, затым крыж свеціцца і адзяецца на дзіця. Гаць.
Абавязковым прадметам у Акцябрскім радзінна-хрэсьбінным абрадзе былі ручнік, палаценца: Перад тым, як падаць бабіну кашу, на стале на куце засцілалі ручнік. Гаць; Бабіна каша ўгортваецца ўручнік. Валосавічы; Кума павінна былаўзяць у царквурушнік. Расвет.
Шмат увагі надавалася гаршчку, у якім варылася каша: Гэты гаршчок з кашай разбівалі аб стол. Расвет. У некаторых весках гаршчок упрыгожвалі: Гаршкі з кашаю ўпрыгожваюць усякімі цукеркамі ў прыгожых бумажках. Старая Дуброва. Пасля таго, як гаршчок разбілі, сімвалічнае значэнне мелі чарапкі: Калі кашу з’елі, кум бярэ гаршок і разбівае яго аб вугал, а чарапкі даюцца незамужнім дзеўкам, а тыя, што астаюцца, баба сабірае і кідае ў вугал, прыгаворваючы: “Кідаю на кут, каб на будушчы год зноў быць тут ”. Расвет.
Сакральнымі прадметамі, які мелі сімвалічны сэнс былі таксама стужка: Абязацельна дзіцятка перавязуюць стужкай: хлопчыка — галубой, дзяўчынку — краснаю або розавай. Валосавічы; кажух: Яна прымала дзіця ў вывернутым кажусе. Валосавічы; барана: Бабу садзілі на санкі, на барану зуб’ем угору. Старая Дуброва; тачка: Яшчэ вазілі куму на тачцы ў магазін. Валосавічы.
Вялікае значэнне надавалася першаму купанню: для яго выкарыстоўвалі любісцік: Купалі ў настоі з травы любісцік для таго, каб любілі хлопцы дзеўку
і наадварот. Старая Дуброва Акцябр.; чыстацел, дубовая кара: Бабка кідала ў ваду сухую траву чыстацел (каб было ў дзіцяці чыстае цела), дубовую кару (каб былі моцныя зубкі). Гаць Акцябр. Вот яму мыла, каб было дляўсіх міла, дару анучы, каб ножкі не былі босы ”. Расвет; золата: У воду трэба пакласці золата. Старая Дуброва.
- Назвы абрадавай ежы. Асноўнай сімвалічнай стравай на хрэсьбінах была каша, бабіна каша. Да яе прыгатавання прад’яўляліся пэўныя патрабаванні: Крута звараную кашу зверху ўпрыгожвалі кветкамі або цукеркамі. Валосавічы. У некаторых вёсках Акцябрскага раёна першы раз падавалі падстаўную кашу: Першы раз бабе падавалі не яе кашу, а падстаўную. Гаць. Было тры кашы. Зразу даюць бабіну, затым кумаву і кумавую. Старая Дуброва.
квас, бліны: Частаваліся квасам, блінцамі. Расвет; Блінчыкі, кісель: Абавязкова павінны быць на стале блінчыкі з смятанай і макам, кісель. Гаць Акцябр.; аладкі, булачкі: Маладая маці выпякці далжна што-небудзь на стол: аладкі, булачкі. Пружынішчы; хлеб: На стале абычна ляжала буханка хлеба. Расвет.
- Назвы адзення, звязанага з радзіннай абраднасцю: фартух, кохта, спадніца: Хустку баба адзявала на хрэсьбіны вышытую кохту, спадніцу шырокую, фартух. Акцябрскі.
Абрады, звязаныя з сямейным жыццём чалавека, з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся лексіка належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як бабка, дзед, кум, радня, хрысціць, каша, гаршчок, ручнік, кажух, маці, бацька, парадзіха і інш. [3].
Большасць зафіксаваных лексем з’яўляюцца матываванымі найменнямі. Пад матываванасцю слова звычайна разумеюць “абумоўленасць яго значэння значэннем іншага слова, ад якога яно ўтворана” [4, 121], усведамленне сувязі значэння і гукавой абалонкі, якая выражае гэта значэнне [5, 153].
У адпаведнасці з такім выдзяляюцца розныя тыпы матывацыі: лексічная (адносіны матываванага слова з аднакаранёвым словам) і структурная (адносіны слова з аднаструктурнымі найменнямі). Пад структурна-семантычным тыпам матывацыі мы разумеем адзінства лексічнай і структурнай матывацыі слова, якое праяўляецца ў яго сувязі з гучаннем і значэннем утваральнай асновы і суадносінах з аднаструктурнымі моўнымі адзінкамі.
Як паказвае аналіз, самым пашыраным тыпам структурна-семантычнай матывацыі разглядаемых назваў з’яўляецца намінацыя паводле працэсуальнай прыкметы: пахмелкі, хрышчэнік, хрэсьбіны, красціны, радзіны, адведкі, вотведы, сматрыны, рубаха, чарапки. У такой дэрывацыі ўдзельнічаюць суфіксы -к-, -ух-, -іц-, -ах, -ын. Радзей утвараюцца найменні ад назоўнікаў: кажух, бабушка, ручнік. Зафіксаваны на тэрыторыі Акцябрскага раёна і складаныя назвы. Сустракаюцца наступныя мадэлі састаўных назваў:
прыметнік + назоўнік: падстаўная каша, хросны бацька, хросная маці;
дзеяслоў + назоўнік або назоўнік з прыназоўнікам: уступаць у пай; вадзіць “хвост”; збіраць на шапачку; класць на кашу;
дзеяслоў + назоўнік + назоўнік з прыназоўнікам: выціраць рукі аб плацце: Пасля бабцы дарылі падарак, ткань на плацце. Гэта называлася выціраць рукі аб плацце. Старая Дуброва.
Даволі значную групу ў гаворках Акцябрскага раёна складаюць экспрэсіўныя абрадавыя назвы. Асаблівасцю эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі з’яўляецца тое, што эмацыянальная афарбоўка накладаецца на лексічнае значэнне слова, але не зводзіцца да яго: дэнататыўнае значэнне слова ўскладняецца канататыўным. Такія лексемы, акрамя намінатыўнай, маюць яшчэ і экспрэсіўную функцыю, якая робіць іх адметнымі, выразнымі ў лексічнай сістэме народна-дыялектнай мовы і дазваляе перадаць такія эмацыянальна-ацэначныя адносіны суб’екта да прадмета, як ласкальнасць, іронія, кпіны.
У лексіцы хрэсьбіннага абраду зафіксавана шмат слоў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, якія перадаюць розныя адценні пачуццяў. Такія адценні значэння могуць выражацца ўнутраным зместам моўных адзінак, выражаюцца праз знешнія, фармальныя паказчыкі (суфіксы суб’ектыўнай ацэнкі): бабулька, хрэснічак, сыночак, дачушка, галубок, рубашачка.
Іншамоўная лексіка ў межах разглядаемага семантычнага поля складае даволі кампактную мікрагрупу і адносіцца пераважна да так званых “культурных” запазычанняў. Многія з іх былі засвоены беларускай мовай яшчэ ў старажытнасці, з’яўляюцца даўнімі запазычаннямі: з польскай: кофта < пол. kofta; [3, т. 2, 355]; нямецкай: хвартух < пол. fartuch < ням. Vortuch; [3, т. 2, 300]; лацінскай праз пасрэдніцтва польскай мовы: касір < пол. саБа < лац. сарБа ‘футарал’; [3, т. 2, 300]; арабскіх моў: хуста < пол. chusta < іт. fustagno < ст.лац. fustanum < араб. Fastat, стар. назва Kaipa;
Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці, вызначаецца багатай і складанай сістэмай лексічнай сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі, з’яўляецца неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
- Зеленин, Д.К. Восточнославянская этнография / Д.К. Зеленин. — М.: Наука, 1991. -511 с.
- Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласці) / аўтары-ўкладальнікі Новак В.С., Шынкарэнка В.К., Кастрыца А.А., Воінава А.М., Вяргеенка С.А., Палуян А.М., Партнова-Шахоўская А.У. — Гомель: Барк, 2013. — 380 с.
- Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: В 4-х т.: пер. с нем. и доп. О.Н. Трубачёва / под ред. и с предисл. Б.А. Ларина / М. Фасмер — М., 1986-1987
- Моисеев, А.И. Мотивированность слов // Исследования по грамматике русского языка. Учёные записки ЛГУ, 1963. Вып. 68, № 322.
- Супрун, А. Е. Лекции по лингвистике / А. Е. Супрун. — Мн., 1980.
Аўтар: А.М. Воінава
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 73-76.