Лексіка радзіннай абраднасці Брагінскага раёна

0
49
Лексіка радзіннай абраднасці Брагінскага раёна

Увага да нацыянальнай традыцыйнай культуры па-ранейшаму застаецца адным з самых актуальных напрамкаў сучаснага мовазнаўства. Цікавасць да абрадавых форм культуры абумоўлена іх інфарматыўнымі магчымасцямі і функцыянальнай значнасцю. Традыцыйная абраднасць, як усялякая культурная форма, выконвае пэўныя камунікатыўныя функцыі, паколькі забяспечвае наяўнасць асаблівых інфармацыйных сувязей — спецыфічнага спосабу этнакультурнай інфармацыі, садзейнічае пераемнасці этнасу і забяспечвае стабільнасць яго ў часе. Абрадавая культура з’яўляецца і своеасаблівым механізмам рэгуляцыі міжэтнічных сувязей, дзеянне якіх мае на мэце ўключэнне іх у сістэму сацыяльных інстытутаў, успрыняцце індывідамі групавых норм і каштоўнасцей, сцверджанне сацыяльнай значнасці такіх жыццёвых станаў, як нараджэнне, заключэнне шлюбу, смерць. Абраднасць садзейнічае акумуляцыі і перадачы культурнага вопыту этнасу, выконвае важную функцыю захавання этнічнай спецыфікі жыццёвага ўкладу і форм зносін.

Абрады з’яўляюцца неад’емнай часткай мовы, бо менавіта ў мове захоўваюцца самыя разнастайныя па часе ўзнікнення і функцыянавання лексічныя адзінкі. У сістэме нацыянальнай мовы гэтая скарбніца ўяўляе сабой абрадавыя назвы, якія адлюстроўваюць важныя падзеі ў грамадскім і сямейным жыцці народа. Час, зразумела, уносіць пэўныя змены ў гэтую сферу духоўнай культуры, хоць для абрадаў у цэлым уласцівы даволі павольны тэмп змен, кансерватыўнасць, традыцыйнасць, пераемнасць.

Багатай і разнастайнай з’яўляецца лексіка радзіннай абраднасці як аднаго з найбольш важных комплексаў сямейна-абрадавага фальклору, які мае даўнія развітыя традыцыі бытавой культуры, уяўляе значную цікавасць і застаецца актуальным.

З’яўленне дзіцяці цалкам мяняла жыццёвы ўклад бацькоў, а таксама індывідуальныя і сацыяльныя звычкі. 3 гэтай прычыны спрадвеку ў фальклоры ўсіх народаў захаваліся паслядоўныя і грунтоўныя хрэсьбінныя абрады, а ў слоўніку ўтрымліваецца вялікая колькасць адпаведных абрадавых лексем. Гэтая частка беларускага народнага слоўніка з’яўляецца і састаўной адзінкай усходнеславянскай лексікі, а таксама — больш шырока — часткай славянскай культуры.

Лакалізацыя Гомельскай вобласці спрыяла цесным міжмоўным кантактам. Вынікі гэтага кантактавання адзначаюцца ў радзіннай лексіцы гомельскіх гаворак. У першую чаргу тут адлюстроўваюцца доўгатэрміновыя і трывалыя сувязі беларускай і рускай моў, абумоўленыя і падмацаваныя наяўным у штодзённым маўленні жыхароў беларуска-рускага рэгіёна білінгвізмам. Разам з тым, пастаянныя шматвяковыя сацыяльна-эканамічныя, культурныя зносіны і ўзаемадзеянне суседніх роднасных народаў паўплывалі на фарміраванне асобных блізкіх і агульных рытуалаў і ў сямейным жыцці беларусаў і ўкраінцаў. Паспрыяла такім працэсам і агульная старадаўняя гісторыя, і падобныя аб’ектыўныя сучасныя сацыяльныя рэаліі.

У складзе радзіннай абраднасці вызначаюцца тры асноўныя моманты: само нараджэнне, ачышчэнне маці і бабкі-павітухі і прыём у грамадства новага члена [1, с. 319]. Адметнай прыкметай абрадавай сітуацыі з’яўляецца абавязковасць такога кампанента, як паўтаральнасць. Абрад — гэта вызначанае традыцыяй дзеянне ці сукупнасць дзеянняў, таму абрадавае найменне можа абазначаць адно дзеянне (выкупіць кашу) ці мноства акцый (хрысціць дзіця).

У складзе радзінна-хрэсьбіннай абраднасці вылучаюць абрады, якія праводзяцца пры нараджэнні дзіцяці, і абрады, якія праводзяцца пры хрышчэнні нованароджанага.

Аб’ектам нашага аналізу сталі найменні, звязаныя з падрыхтоўкай да нараджэння, родамі і пасляродавымі дзеяннямі да абраду хрышчэння.

  1. Падрыхтоўка да нараджэння. Абрад уяўляе сабой зносіны чалавек — сілы прыроды, Бог, ніжэйшыя духі. Абрад як параджэнне міфалагічных уяўленняў аб’ектывізуе спецыфічную свядомасць яго ўдзельнікаў. Таму зразумелым становіцца строгае выкананне неабходных дзеянняў, ужыванне спецыфічных слоў.

Набліжэнне родаў і самі роды будучая маці і ўсе члены сям’і ўтойвалі, каб не сурочыць і каб роды прайшлі лётка. Нараджэнне дзіцяці суправаджалася тайнай і шматлікімі забабонамі — цяжарнай неабходна было «засцерагацца», «аберагацца»: «Цяжарнай нельга было пераступаць цераз вяроўку» [2, с. 124]; «Нельга было вязаць ці прасці» [2, с. 124]. Парадзіху і навароджанага «абаранялі соллю і пасвяцонай вадзіцай» (зап. у в. Новы Шлях); «Цяжарным нельга пераступаць цераз круг, бо дзіця будзе калесатае» [2, с. 123].

  1. Назвы асоб, якія ўдзельнічалі пры нараджэнні новага члена грамадства, у першую чаргу «парадзіха» ‘жанчына, якая раджае або толькі што нарадзіла дзіця’ [7, т. 4, с. 38]. Акрамя літаратурнай, на тэрыторыі Брагіншчыны сустракаюцца таксама назвы «роджаніца», «рожэніца», «рожаніца»; «парадзіха», «парадзеля» («Парадзіху праведвалі суседкі» [2, с. 128]).

Паспяховыя роды шмат залежалі ад умення і вопыту «бабы» — ‘уст. жанчына, якая прымае дзяцей у час родаў’ [7, т. 1, с. 319]; «баба-павітуха» — ‘уст. жанчына, якая дапамагае пры родах’ [7, т. З, с. 476]. Такія ж найменні бытуюць і ў Брагінскім раёне, прычым ужываюцца без абмежавання: «Ідуць ужо па бабу» [2, с. 124]; «Ёй помагала бабка-павітуха» [2, с. 128]; «Везлі бабу-павітуху дамоў» [1, с. 130]; «Баба-павітуха атразала пупавіпу» [2, с. 124]. Гэта была абавязкова немаладая паважаная жанчына, якая мела сваіх дзяцей. Распаўсюджана і лексема «бабіць» — ‘прымаць дзяцей у час родаў’ [7, т. 1, с. 319], утвораная ад адпаведнага назоўніка.

На Брагіншчьше зафіксавана шмат лексем, якія называюць нованароджанага: «народжаны» («Народжанага адорвалі хто чым мог» [2, с. 131]); «дзіця» («Нельга было паказваць дзіця подругам» [2, с. 131]); «дзіцятка», «дзіцёнак» («Дзіцёнка мыюць у настоі розных духмяных трау» [2, с. 131]); «дзіцёначак» («Вот родзіцца дзёцёначак» [2, с. 124]); «малы», «маленькае» («Святое вадою абмые маленькое» [2, с. 123]); «мальчык», «хлопчык», «дзевачка» («Штоб вы нашага мальчыка ці дзевачкі булі бабаю» [2, с. 124]); «наварождзены» («Радзіцелі наварождзенага запрашалі да сябе» [2,с. 131]).

  1. Назвы рытуальных прадметаў або сімвалаў, якія выкарыстоўваліся падчас абраду: «палаценца» («Пасцелем у начовачкі палаценца» [2, с. 124]); «рушнік» («Калі осталася вада , дык бабка мыла ліцы усім і выцірала ix рушніком» [2, с. 130]); «авёс» («Гатуе ваду для мыцця, сыпле ў яе авёс» [2, с. 130]); «лентачка» («Ленточкой баба заўяжа» [2, с. 125]); «свянцовы мак» («Малому нованароджанаму ад урокаў надзявалі рубашку на левую сторону, пад падушачку лажылі свянцовы мак» — зап. у в. Краснае); «кажух» («Пры мыцці на стол сцелюць кажух» [2, с. 130]).

Разнастайныя прадметы выкарыстоўваліся пры першым купанні нованароджанага. Найперш важнымі былі зёлкі, у адвары з якіх купалі дзіця: «любісцік» («Зрываюць і кідаюць цвяточкі — любісцік» [2, с. 125]; «чыстацел», «дубовая кара» («Калі дзіця куполі, дабаўлялі травы ўсялякія, кару дубовую, чыстацел» — зап. у в. Краснае).

Часта ў адвар дадавалі іншыя прадметы, каб дзіця было здаровае, прыгожае, гаспадарлівае: манеты, зерне, малако («Дзіцёнка мыюць у настоі розных духмяных траў. У тую ваду кідаюць шчэ сярэбраную монету і жытнёвыя зярняткі, каб жа яно было богатое і шчаслівае. Калі ж купаюць дзяўчынку, дык жа ўліваюць у воду молока, а гэта ж каб яна была прыгожая» — зап. у в. Лубянікі).

Шмат рытуальных прадметаў выкарыстоўвалася пры з’яўленні ў сям’і нованароджанага, каб засцерагчы яго ад сурокаў і каб ён вырас дужым і прыгожым. З гэтай мэтай на Брагіншчыне выкарыстоўваліся разнастайныя прадметы і прыстасаванні: «палатно» («Спавінаюць яго ў полотняным полачкі» [2, с. 125]); «вугольчык», «хлеб» («Каб адагнаць ад дзіцяці злыя сілы, у калыску клалі вугольчык, хлеб, соль, жалезны прадмет» — зап. у в. Лубянікі); «капейкі», «сярэбраная грыўня» («Тады ў чарку гарэлкі кідалі капейкі і выпіваў гарэлку хросны бацька. Астаткі гарэлкі ён жа выліваў уверх дый жа гаварыў: “Каб наш хрышчэнннік так высока скакаў! ” Тады ізноў жа кідалі ў чарку, толькі ж ужэ сярэбраную грыўню. Выпівала хросная. Другім гасцям капеяк ужэ не лажылі» — зап. у в. Лубянікі).

  1. Назвы абрадаў. Пасля нараджэння дзіцяці ў хаце рабілі «адведкі» («К ёй у адветкі прыходзілі па дзве-тры жанчыны» [2, с. 128]); «атведкі», «вотведы» («У атведкі прыносілі бліны, яечню» [2, с. 124]). У «адведкі» прыходзілі толькі замужнія жанчыны, прычым не з пустымі рукамі: «Myжчыну ў адведкі прыходзіць нельзя была» [2, с. 129].
  2. Назвы ежы, што ўжывалі падчас нараджэння і адведак дзіцяці: «яечня» («Баба жарыць талерку яечні, боўтае-боўтае, а такую ўжэ разбаўтае, такую тоўсту-тоўсту яічніцу» [2, с. 124]); «каржы», «хрушчыкі», «бліны» («Баба напячэ каржоў» [2, с. 124]); мёд, яблыкі, грушы («Прыносілі гаспадыні бліны, мёд, яблыкі, грушы» [2, с. 124]).

Абрады, звязаныя з сямейным жыццём чалавека, выступаюць праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся лексіка належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як бабка, дзед, радня, каша, гаршчок, ручнік, кажух, маці, бацька, парадзіха і іншыя [3].

Большасць зафіксаваных лексем з’яўляецца матываванымі найменнямі. Фактар матываванасці слова звязаны з лексічным значэннем, прадвызначае лексіка-семантычную характарыстыку слова, яго семантычную валентнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць і вобразнасць.

Пад матываванасцю слова звычайна разумеюць «абумоўленасць яго значэння значэннем іншага слова, ад якога яно ўтворана» [4, с. 121], усведамленне сувязі значэння і гукавой абалонкі, якая выражае гэтае значэнне [5, с. 153]. Больш дакладнае, на нашу думку, азначэнне названага паняцця падае В. І. Блінова, якая лічыць, што «матываванасць — структурна-семантычная ўласцівасць слова, якая дазваляе ўсвядоміць рацыянальнасць сувязі значэння і гукавой абалонкі слова на аснове яго суадноснасці з аднакаранёвай (аднакаранёвымі) і аднаструктурнай (аднаструктурнымі) адзінкамі» [6, с. 6].

У адпаведнасці з такім падыходам да праблемы матываванасці слова выдзяляюцца розныя тыпы матывацыі: лексічная (адносіны матываванага слова з аднакаранёвым словам) і структурная (адносіны слова з аднаструктурнымі найменнямі). У аснове лексічнай матывацыі — сувязь вытворнага слова з гучаннем і значэннем утваральнай асновы і ўсведамленне матывуючай прыметы абазначаемага слова. Структурная матывацыя вызначаецца суадносінамі намінатыўнай адзінкі са словам падобнай структуры і асэнсаваннем класіфікацыйнай прыметы наймення [4, с. 6].

Словы, дзе лексічнае значэнне матываванае, маюць так званую «ўнутраную» форму, якая матывуе сувязь паміж утваральным і вытворным словам і з’яўляецца зыходным пунктам матывацыі значэння новай намінатыўнай адзінкі. У лексічнай сістэме народна-дыялектнай мовы пераважаюць матываваныя назвы. Іх унутраная форма, разам ca складанафанемнай структурай і граматычным ладам, надае мове нацыянальны каларыт.

Пад структурна-семантычным тыпам матывацыі мы разумеем адзінства лексічнай і структурнай матывацыі слова, што праяўляецца ў яго сувязі з гучаннем і значэннем утваральнай асновы і суадносінах з аднаструктурнымі моўнымі адзінкамі [5, с. 6].

Як паказвае аналіз, самым пашыраным тыпам структурна-семантычнай матывацыі разгледжаных назваў з’яўляецца намінацыя паводле працэсуальнай прыкметы: «падаркі», «роджаніца», «парадуха», «парадзіха», «радзільніца», «радзіны», «адведкі», «вотведы», «сматрыны», «павітуха», «рубаха». У такой дэрывацыі ўдзельнічаюць суфіксы -к-, -yx-, -iy-, -αχ-, -ын-. Радзей утвараюцца найменні ад назоўнікаў: «кажух», «бабушка», «ручнік». Зафіксаваны на тэрыторыі Брагіншчыны і складання назвы прыметнік + назоўнік: «свянцовы мак», «пупавая баба», «спавівальная бабка», «гарненька рыбанька», «грана кветачка». Адзінкавымі з’яўляюцца выпадкі складання слоў («пупарэзніца» — ‘спавівальная бабка’), субстантывацыі («цяжарная», «бярэмянная»),

Даволі значную групу складаюць экспрэсіўныя абрадавыя назвы. Асаблівасцю эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі з’яўляецца тое, што эмацыянальная афарбоўка накладаецца на лексічнае значэнне слова, але не зводзіцца да яго: дэнататыўнае значэнне ўскладняецца канататыўным. Такія лексемы, акрамя намінатыўнай, маюць яшчэ і экспрэсіўную функцыю, якая робіць іх адметнымі, выразнымі ў лексічнай сістэме народна-дыялектнай мовы. Дадатковыя сэнсавыя кампаненты, уключаныя ў семантычную структуру слова, дазваляюць перадаць такія эмацыянальна-ацэначныя адносіны суб’екта да прадмета, як ласкальнасць, іронія, кпіны.

У складзе эмацыянальнай лексікі вылучаюцца наступныя групы:

  1. Словы з яркім канататыўным значэннем, якія ўтрымліваюць ацэнку фактаў, з’яў, прыкмет, што даюць адназначную характарыстыку («Жалалі ўсяго добрага» [2, с. 126]; «Няхай жа добрае вядзецца» [2, с. 129]).
  2. Мнагазначныя словы, нейтральныя ў асноўным значэнні, якія атрымліваюць якасна-эмацыянальнае адценне пры пераносным ужыванні («А я гарна кветачка» [2, с. 127]).
  3. Словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, якія перадаюць розныя адценні пачуццяў. Яны могуць выражацца ўнутраным зместам моўных адзінак, з’яўляцца імпліцытнымі — адлюстроўвацца праз знешнія, фармальныя паказчыкі (суфіксы суб’ектыўнай ацэнкі).

Выключным багаццем экспрэсіўных адценняў вылучаецца лексіка са значэннем асобы. Шырока прадстаўлена яна ў радзінна-абрадавых песнях: «Вот родзіцца дзіцёначак» (зап. у в. Дуброўная); «Горка гарэлка для суседачак» [2, с. 130]; «На табе, Васілю, молодую дзяціну» [2, с. 128]; «Бабусенька дагадалася» [2, с. 123].

Памяншальна-ласкальныя суфіксы назоўнікаў, што сустракаюцца ў радзінных песнях, у сваёй большасці звязаны не з памяншэннем прадмета (хацінка не маленькая хата), а з выражэннем адносін павелічальнасці або ласкальнасці. Так, суфіксы -еньк-, -аньк-, -іньк- выяўляюць станоўчыя адносіны да аб’екта, маюць значэнне яркай эмацыянальнасці і размоўнай экспрэсіўнасці: «Бяжыць (імя) к сваёй бабусеньке. Бяжыць яна скоранька, Просіць яна шчыранька: — Дай жа, Божа, моей унучцы Лягенько, дабрэсенько, скарэсенько!» (зап. у в. Буркі).

Такія ж адносіны выражаюцца з дапамогай суфіксаў -ак- («Вот родзіцца дзіцёначак» — зап. у в. Дуброўная); -am>κ-, -еньк- («Бабусенька догадалася» [2, с. 123]; «А гарненька рыбонька хороша» [2, с. 127]); -ачк-, -очк-, -ечк- («Скажы ты мне праўдачку» [2, с. 127]; «Горка гарэлачка для суседачак» [2, с. 130]; «Калі б к табе ў госцейкі» [2, с. 127]; «А я гарна кветачка» [2, с. 127]; «На табе, Марына, баханачку хлеба» [2, с. 128]; «Дзіцёначка паложаць, лентачкай зауяжць» [2, с. 125]); -ятк- («Додому з дзіцяткам» — зап. у в. Лубянікі).

У складзе суфіксальных утварэнняў можна вылучыць словы максімальнай ступені экспрэсіўнасці — такія дымінутывы, якія ўтвараюцца ад дымінутываў: «бабусенька» ад «бабуся» («Бяжыць (імя) к сваёй бабусеньке» — зап. у в. Буркі). У такіх назоўнікаў праяўляецца ўзмоцненая ступень ласкальнасці, мяккасці, добрых адносін.

Часта ў складзе радзіннай лексікі выяўляюцца прыметнікі і радзей прыслоўі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі. У шырокім спектры чалавечых пачуццяў — захапленне, замілаванне, цікавасць і падобныя, што праяўляюцца ў адносінах да асобы ці прадмета, надзеленых гэтай прыкметай, і выражаюцца прыметнікам з памяншальным значэннем, немагчыма вылучыць адзінага сэнсавага кампанента, які можна было б адназначна прыпісаць суфіксу. Можна толькі канстатаваць, што такія прыметнікі (прыслоўі) адназначна выражаюць ўзмацняльна-станоўчыя адносіны: «Да ўгасці ты нас дабрэнна» (зап. у в. Дуброўная); «У нядзелю раненька» [2, с. 123]; «Бяжыць яна скоранька» [2, с. 123]; «Просіць яна шчыранька» [2, с. 123]; «А гарненька рыбонька хороша» [2, с. 127].

Іншамоўная лексіка ў межах разгледжанага семантычнага поля складае даволі кампактную мікрагрупу і адносіцца пераважна да так званых «культурных» запазычанняў. Многія з іх былі засвоены беларускай мовай яшчэ ў старажытнасці, з’яўляюцца даўнімі запазычаннямі: з нямецкай (хвартух < пол. fartuch < ням. Vortuch [3, т. 2, с. 300]); арабскіх (хуста < пол. chusta < іт. fustagno < ст.лац. fustanüm < араб. Fastät, стар, назва Каіра) моў.

Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Брагінскага раёна, вызначаецца багатай і складанай сістэмай лексічных сродкаў, іх варыянтнасцю і разнастайнасцю, семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі, з’яўляецца неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.

Літаратура

  1. Зеленин, Д. К. Восточнославянская этнография / Д. К. Зеленин. — Μ. : Наука, 1991. -511 с.
  2. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласці) / аўт.-уклад. В. С. Новак [і інш.]. — Гомель : Барк, 2013. — 380 с.
  3. Фасмер, Μ. Этимологический словарь русского языка : в 4τ. / Μ. Фасмер ; пер. с нем. и доп. О. Н. Трубачёва; под ред. и с предисл. Б. А. Ларина. — Μ. : Прогресс, 1986-1987. -Т. 1-4.
  4. Моисеев, А. И. Мотивированность слов / А. И. Моисеев // Исследования по грамматике русского языка. Учёные записки Ленинградского государственного универси­тета. — 1963. — Вып. 68. — С. 121-
  5. Супрун, А. Е. Лекции по лингвистике / А. Е. Супрун. — Минск : БГУ, 1980. — 143 с.
  6. Блинова, О. И. Предисловие / О. И. Блинова // Мотивационный диалектный словарь. Говоры среднего Приобья : в 2 т. / сост. Л. А. Араева [и др.] ; ред. О. И. Блинова. -Томск, 1982. -Т. 1. А-О. — С. 3 -5.
  7. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы : у 5 т. / пад агул. рэд. К. К. Атраховіча. — Мінск : БелСЭ, 1977- — Т. 1-5.

Аўтары: А.М. Воінава, А.М. Полуян
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск : Права і эканоміка, 2021. – Вып. 29. – С. 303–310.