Лексіка радзінна-хрэсьбіннай абраднасці ў гаворках Веткаўскага раёна

0
62
Лексіка радзінна-хрэсьбіннай абраднасці ў гаворках Веткаўскага раёна

Як частка культурнай традыцыі, абрады і вераванні, што адлюстроўваюць найболып значныя для носьбітаў пэўнага народа характарыстыкі, з’яўляюцца прадметам сацыялагічных, псіхалагічных і лінгвакультуралагічных даследаванняў. Прадметам даследавання лінгвакультуралогіі неабходна лічыць адзінкі мовы, якія ўзнаўляюцца ў сістэме моўнай камунікацыі, заснаваныя на культурных каштоўнасцях і якія набылі сімвалічнае, эталоннае, вобразна-метафарычнае значэнне. Да такіх адзінак адносяцца лексемы, якія абазначаюць рытуальныя дзеянні, што выконваюцца ў рамках пэўных традыцый, намінацыі нацыянальных абрадаў, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай наіўнай карціны свету — старажытнай сістэмы пазанавуковых ведаў чалавека, нацыянальнай псіхалогіі, фальклору, гісторыі і культуры народа, і ўяўляюць сабой найкаштоўнейшы матэрыял для лінгвакультуралагічнага аналізу.

Аб’ектам нашага даследавання з’яўляецца лексіка радзінна-хрэсьбіннай абраднасці, сабраная выкладчыкамі Гомельскага Дзяржаўнага ўніверсітэта падчас фальклорнай экспедыцыі ў Веткаўскім раёне. У дадзеным рэгіёне захаваліся самыя разнастайныя найменні, звязаныя з радзінамі і хрышчэннем дзіцяці, што прадстаўляе цікавасць для даследчыка, бо ў сямейнай, у прыватнасці радзінна-хрэсьбіннай лексіцы акумуляваны самыя старажытныя ўяўленні народа, таму што яна зараджалася ў той момант, калі чалавек пачынаў асэнсоўваць сваё месца ў свеце, назіраючы за зменамі ў жыцці, разумеючы пэўную цыклічнасць і паўтаральнасць у змене пакаленняў.

У складзе радзіннай абраднасці вызначаюцца тры асноўныя моманты: само нараджэнне, прыём у грамадства новага члена і ачышчэнне маці і бабкі-павітухі [1, 319]. У старажытны перыяд рытуальна-абрадавая сістэма, звязаная з нараджэннем дзіцяці, была вельмі разнастайнай і ўключала шмат этапаў. Некаторыя з іх у працэсе гістарычнага развіцця зніклі, другія значна змяніліся. У аснову размеркавання радзіннай лексікі па семантычных групах на сучасным этапе можна пакласці агульныя прыкметы: падрыхтоўка да абраду, рытуальнае дзеянне, выкарыстанае ў абрадавай сітуацыі, якое спалучалася з практычным вопытам народа. Усе гэтыя моманты адлюстраваны ў абрадавай лексіцы: само нараджэнне, найменне дзіцяці, назвы асоб, звязаных з хрышчэннем, найменні прадметаў, звязаных з абрадам хрышчэння.

Адрознівальнай прыкметай абрадавай сітуацыі з’яўляецца абавязковасць такога кампанента, як паўтаральнасць. Абрад — гэта вызначанае традыцыяй дзеянне ці сукупнасць дзеянняў, таму абрадавае найменне можа абазначаць адно дзеянне (выкупіць кашу) ці мноства акцый (хрысціць дзіця). Тэматычная класіфікацыя радзінна-абрадавай лексікі можа быць прадстаўлена наступным чынам:

  1. Падрыхтоўка да нараджэння. Абрад уяўляе сабой зносіны чалавек — сілы природы, Бог, нізшыя духі. Абрад як параджэнне міфалагічных уяўленняў аб’ектывізуе специфічную свядомасць удзельнікаў абраду. Таму зразумелым становіцца строгае выкананне неабходных дзеянняў, ужыванне специфічних слоў.

Так, для таго, каб нараджэне новага члена грамадства прайшло легка і дзіця нарадзілася здаровым, неабходна было ўлічваць шэраг засцярог: Нельзя нікакой скаціны голой рукой біць і особенна выспяткам — будзе шэрсць у дзіцёнка [2, с. 153]; Еслі ў палажэніі — нельзя ні ў кого прасіць, нічога ўзяць нельзя [2, с. 154]; Удзіўляцца нельзя з некрасівага ці інваліда, бо дзіцё будзе такое ж [2, с. 154]; Нельга глядзець на агонь, пераступаць праз шнуры. [2, с. 154]; Нельзя ваду ў калодзежы, калі набіраеш, то адліваць у калодзеж обратна — будуць слюнкіў дзіцёнка цекчы і з носа тожа [2, с. 153].

Набліжэнне родаў і самі роды будучая маці і ўсе члены сям’і ўтойвалі, каб не сурочыць і каб роды прайшлі легка. Гэтым можна растлумачьщь невялікую колькасць лексем з коранем -род-: нованароджаны, нарадзіць, парадзіха.

  1. Назвы абраду і этапаў абрадаў: адведкі, радзіны, даведкі: Праз некалькі дзён до рожаніцы прыходзілі ў адведкі [2, с. 152]; На даведкі жэншчыны ідуць [2, с. 154]; хрэсьбіны, крысціны, красціны’. На хрэсьбінах прысутнічалі толькі жанатыя [2, с. 154]; У нас сначала былі хрысціны-пераадведкі [2, с. 155]; торг за кашу: Бабка выносіла кашу і пачынаўся торг [2, с. 153]; разбіць горшок: На трзці раз кум разбіваў горшок [2, с. 153]; іскаць кашу: Баба ховае кашу, штоб яны іскалі [2, с. 155]; вадзіць ‘хвост’: Пасля вадзілі “хвост” — бабу садзілі на тачку, а ў кого няма тачкі, калёсы бяруць і вязуць [2, с. 159]; замачыць кашу: Кашу розділі і трэда замачыць кашу. Наліваюць па сто грам і даюць выпіць каждому [2, с. 159]; уводзіць у цэркаў: Ездзілі ў цэркаў, і бацюшка “уводзіў” дзіцёнка. Не, не хрысціў, а ўводзіў, штоб яму хорошо было [2, с. 162].
  2. Назвы асоб, якія ўдзельнічаюць у абрадзе. При нараджэнні дзіцяці галоўнымі асобамі з’яўляюцца, канечне, роджаніца, рожаніца, парадзіха: Родзе роджаніца [2, с. 158]; Праз некалькі дзён да рожаніцы прыходзілі ў адведкі [2, с. 153]; Парадзіху і навароджанага абаранялі соллю [2, с. 164] і баба, бабка, бабка-паеітуха, баба-пупарэзніца — абавязкова немаладая паважаная жанчына, у якой ёсць свае дзеці: Бабу на хрэсьбіны бяруць [2, с. 154]; Прыходзіць бабка [2, с. 156]; Калі родзіцца дзіцёнак, побач бабка-пупарэзніца, яна бабіла [2, с. 155].

Як ужо адзначалася, для хрэсьбіннага абраду ўласціва засцерагальная функцыя, таму да хрышчэння парадзіху і навароджанага абаранялі малітвамі, рабілі заговоры на вадзе [2, с. 160].

Пры хрышчэнні галоўнымі ўдзельнікамі былі бацюшка: Бацюшка рызу надзяе, фартук [2, с. 159]; хросныя, хрёсныя бацькі, хросныя, хрёсныя радзіцелі. У церкві толькі хресная і хрёсны [2, с. 161]; Мама з бацькам должны хросных выбіраць [2, с. 161]. Хросныя бацькі выбіраліся зараней сярод сваякоў, сяброў. Лічылася, што хросныя бацькі павінны быць маладзейшымі за бацькоў, каб долын прыглядалі за хрэснікам. У адносінах да бацькоў хросныя дзіцяці называліся кум і кума: Бацька браў хлеб-соль і ішоу запрашаць кума і куму [2, с. 152].

Нованароджаны пры хрышчэнні называўся крэснік, хрэснік’. Хросныя должны аб хрэсніку забоціцца [2, с. 162].

  1. Назвы рытуальных прадметаў або сімвалаў, якія выкарыстоўваліся падчас абраду. Своеасаблівымі з’яўляўюцца суадносіны абрадавага знака і падзеі, рэчы, якую ён абазначае, у параўнанні з агульнамоўным знакам. Абрадавы знак імплікуе рэчы, якія маюць асаблівую каштоўнасць і выкарыстанне іх лічыцца абавязковым: хрэст, крэсцік, хресцік: Хросны бацька купляў хресцік малому [2, с. 152].

Абавязковым прадметам у радзінна-хрэсьбінным абрадзе Веткаўшчыны былі ручнік, палаценца: Засцілаюць кашу палаценцам [2, с. 154]; Бобіна каша ўгортваецца ў ручнік. Станкі; Кума павінна былаўзяцьу царкву рушнік. Расвет.

Шмат увагі надавалася гаршчку, у якім варылася каша: Варыла абавязкова ў гліняным горшочку [2, с. 152]; Бабка павінна была купіць новы гаршчок (крэпкі) [2, с. 155]. Пасля тато, як гаршчок разбілі, сімвалічнае значэнне мелі чарапкі: Чарапкі паразбіраюць бабы, каб у хатах усё вялося [2, с. 157]; Бяруць тыя чарапочкі і носяць на галавах [2, с. 159]. Удзельнікі хрэсьбіннага абраду абавязкова абменьваюцца падарункамі: Даюць падаркі куме, падаркі куму і бабе, і свякрусе даюць [2, с. 158].

Назвы абрадавай ежы. Найбольш пільная ўвага надавалася кашы, бабінай кашы, кумовой кашы, гаршчок з якой абвязвалі стужкамі, чаплялі цукеркі: Варылі абычна з пшана [2, с. 155]; Далей шоў торг за кашу бобіну, [2, с. 155]; Варылі яе ўкрутую, стараліся, каб смачная, салодкая, добрая была [2, с. 155]. Часта першы раз падавалі падстауную кашу. Спочатку могуць прынесці гаршчок з ачысткамі, завернуты ў скацерку [2, с. 156]. Варылі бульбяныя пампушкі, узвар [2, с. 164]. Рытуальнае значэнне хрэсьбіннай кашы можа быць выведзена са збліжэння з сімвалам урадлівасці. Каша выкарыстоўвалася не толькі ў хрэсьбінным абрадзе, але і вясельным, некаторых каляндарных, калі актуалізіравалася ідэя ўрадлівасці. Таксама сімвалічнае значэнне хрэсьбіннай кашы прасочваецца ў апазіцыі ‘свой’ / ‘чужы’: за сталом збіраюцца толькі свае і прымаюць у свае кола новага члена грамадства.

Асноўная маса тэрмінаў, што абслугоўвае абрад хрышчэння, з’яўляецца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду, што таксама ўказвае на архаічныя карані абрадаў гэтай трупы. Гэта такія лексемы, як бабка, дзед, кум, радня, хрысціць, каша, гаршчок, ручнік, кажух, маці, бацька, парадзіха і інш. [4]. У абрадах, звязаных з хрышчэннем, заўважная тэндэнцыя да лексікалізацыі асноўных абрадавых кодаў. Так, прадуктыўнай з’яўляецца словаўтваральная мадэль на аснове кораня хрэст (агслав. крест): хрысціць, крэсціць, хрёсны, хрэсцік, хрэснік, новахрышчоны, хросныя, кросныя, хрысцільны рушнік, хрэсьбіны, крэсьбіны.

Большасць зафіксаваных лексем з’яўляюцца матываванымі найменнямі. Пад матываванасцю слова звычайна разумеюць “абумоўленасць яго значэння значэннем іншага слова, ад якога яно ўтворана” [4, с. 121], усведамленне сувязі значэння і гукавой абалонкі, якая выражае тэта значэнне [5, с. 153].

У адпаведнасці з гэтым выдзяляюцца розныя тыпы матывацыі: лексічная (адносіны матываванага слова з аднакаранёвым словам) і структурная (адносіны слова з аднаструктурнымі найменнямі). Пад структурна-семантычным тыпам матывацыі мы разумеем адзінства лексічнай і структурнай матывацыі слова, якое праяўляецца ў яго сувязі з гучаннем і значэннем утваральнай асновы і суадносінах з аднаструктурнымі моўнымі адзінкамі.

Як паказвае аналіз, самым пашыраным тыпам структурна-семантычнай матывацыі разглядаемых назваў з’яўляецца намінацыя паводле працэсуальнай прыкметы: пахмелкі, хрышчэнік, хрэсьбіны, красціны, радзіны, адведкі, вотведы, сматрыны, рубаха, чарапки. У такой дэрывацыі ўдзельнічаюць суфіксы -κ-, -ух-, -іц-, -ах, -ын. Радзей утвараюцца найменні ад назоўнікаў: кажух, бабушка, ручнік. Зафіксаваны на тэрыторыі Веткаўскага раёна і складаныя назвы. Сустракаюцца наступныя мадэлі састаўных назваў:

прыметнік + назоўнік: падстаўная каша, хросны бацька, хросная маці;

дзеяслоў + назоўнік або назоўнік з прыназоўнікам: уступаць у пай; вадзіць “хвост ”; збіраць на шапачку; класць на кашу;

дзеяслоў + назоўнік + назоўнік з прыназоўнікам: выціраць рукі аб плацце: Пасля бабцы дарылі падарак, ткань на плацце. Гэта называлася выціраць рукі аб плацце. Старая Дуброва.

Даволі значную групу ў гаворках Веткаўскага раёна складаюць экспрэсіўныя абрадавыя назвы. Асаблівасцю эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі з’яўляецца тое, што эмацыянальная афарбоўка накладаецца на лексічнае значэнне слова, але не зводзіцца да яго: дэнататыўнае значэнне слова ўскладняецца канататыўным. Такія лексемы, акрамя намінатыўнай, маюць яшчэ і экспрэсіўную функцыю, якая робіць іх адметнымі, выразнымі ў лексічнай сістэме народна-дыялектнай мовы, і дазваляюць перадаць такія эмацыянальна-ацэначныя адносіны суб’екта да прадмета, як ласкальнасць, іронія, кпіны.

У лексіцы хрэсьбіннага абраду зафіксавана шмат слоў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, якія перадаюць розныя адценні пачуццяў. Такія адценні значэння могуць выражацца ўнутраным зместам моўных адзінак, з’яўляюцца імпліцытнымі — выражацца праз знешнія, фармальныя паказчыкі (суфіксы суб’ектыўнай ацэнкі): бабулька, хрэснічак, сыночак, дачушка, галубок, рубашачка.

Іншамоўная лексіка ў межах разглядаемага семантычнага поля складае даволі кампактную мікрагрупу і адносіцца пераважна да так званых “культурных” запазычанняў. Многія з іх былі засвоены беларускай мовай яшчэ ў старажытнасці, з’яўляюцца даўнімі запазычаннямі: з польскай: кофта < пол. kofta; [2, т. 2, 355]; нямецкай: хвартух < пол. fartuch < ням. Vortuch; [2, т. 2, 300]; лацінскай праз пасрэдніцтва польскай мовы: касір < пол. casa < лац. capsa ‘футарал’; [2, т. 2, 300]; арабскіх моў: хуста < пол. chusta < іт. fustagno < ст.лац. fustanüm < араб. Fastät, стар, назва Каїра.

Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, вызнчаецца багатай і складанай сістэмай лексічнай сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівсцямі, з’яўляецца неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Зеленин, Д. К. Восточнославянская этнография / Д. К. Зеленин. — Μ.: Наука, 1991.-511 с.
  2. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласці) / аўтары-ўкладальнікі В. С. Новак [і ІНШ.]. — Гомель, 2013.
  3. Фасмер, Μ. Этимологический словарь русского языка: в 4-х т.: пер. с нем. и доп. О. Н. Трубачёва / Μ. Фасмер; под ред. и с предисл. Б. А. Ларина. — Μ., 1986-1987
  4. Моисеев, А. И. Мотивированность слов / А. И. Моисеев // Исследования по грамматике русского языка. — Учёные записки ЛГУ. — 1963.-Вып. 68, № 322.
  5. Супрун, А. Е. Лекции по лингвистике / А. Е. Супрун. — Минск, 1980.

Аўтар: A.Μ. Воінава
Крыніца: Канцэптасфера народнай духоўнай культуры: традыцыі і сучаснасць зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал. А. Μ. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны. — С. 84-90.