Лексіка радзінна-хрэсьбіннай абраднасці Гомельска-Бранскага памежжа

0
351
Лексіка радзінна-хрэсьбіннай абраднасці Гомельска-Бранскага памежжа

Лексіка сямейнай абраднасці, звязанай з трыма важнымі перыядамі чалавечага жыцця — нараджэннем, вяселлем, пахаваннем, уключае адпаведныя назвы абрадаў, іх удзельнікаў, пэўных абрадавых дзеянняў, рытуалаў, прадметнай атрыбутыкі. У сістэме сямейнай абраднасці важнае месца належыць радзінна-хрэсьбіннаму абрадаваму комплексу. Заўважым, што радзінна-хрэсьбінная лексіка не з’яўляецца настолькі разнастайнай, як, напрыклад, лексіка вясельнай абраднасці. Даследаванне лексікі радзінна-хрэсьбіннай абраднасці Гомельска-Бранскага памежжа — актуальная праблема ў сучасным мовазнаўстве, асабліва калі ўлічваць фактар узаемаўплыву суседніх моў. Засяродзім увагу на некаторых асаблівасцях радзінна-хрэсьбіннай лексікі Гомельскага, Веткаўскага і Добрушскага раёнаў, якія якраз знаходзяцца на памежжы беларускай і рускай тэрыторый. Можна выказаць меркаванне, што ў выніку міжмоўных і міжкультурных кантактаў ствараецца група гаворак Гомельска-Бранскага памежжа.

Варта адзначыць, што можна вылучыць тры групы лексікі, якія адпаведна звязаны з традыцыйна вылучанымі перыядамі радзінна-хрэсьбіннай абраднасці — дародавым, родавым і пасляродавым. Да лексікі першых двух перыядаў можна аднесці назвы цяжарнай жанчыны, працэсу нараджэння. У лексіцы пасляродавага цыклу маюць месца назвы абрадавых момантаў, звязаных з выбарам кума і кумы, бабкі-павітухі, падрыхтоўкай абрадавай кашы, хрышчэннем дзіцяці, разбіваннем гаршка з кашай і ўшанаваннем бабкі-павітухі.

Насамрэч радзінна-хрэсьбінная абраднасць не мае такой разнастайнай лексіка-семантычнай варыянтнасці, як, напрыклад, вяселле. Па-першае да лексікі радзінна-хрэсьбіннай абраднасці адносяцца назвы асоб, якія ўдзельнічаюць у адпаведных дзеяннях (цяжарная, парадзіха, кум, кума, хросны, хросная, бабка). Як было адзначана вышэй, да лексікі дародавага цыклу адносяцца найменні жанчыны, якая чакае дзіця. Такую жанчыну на памежных тэрыторыях Беларусі і Расіі называюць “цяжарная”. Адпаведнікам слова “цяжарная” ў рускай мове з’яўляецца слова “беременная”. У гаворках гэта лексема выкарыстоўваецца ў моўных фрагментах, адлюстраваных у прыкметах і павер’ях, якіх прытрымлівалася жанчына падчас цяжарнасці, каб забяспечыць здароўе і шчасце немаўляці. Цяжарнай жанчыне нельга было ляжаць так, каб на яе свяціла месячнае святло, інакш дзіця народзіцца лунацістым. (в. Знамя Добрушскага р-на) [1, c. 198]. Яшчэ задоўга да родаў цяжарная жанчына павінна была шмат чаго асцерагацца ў жыцці (г.Гомель) [1, с. 169]. Заўважым, што жанчыну, якая чакае дзіця, у беларускіх гаворках, таксама называюць “бярэменнай”. Асабліва гэтай лексемай карыстаюцца на Гомельшчыне: “Бярэменнай жэншчыне нельзя было хапацца за ліцо рукамі, калі бачыш пажар. (в. Брылёва Гомельскага р-на) [1, с. 173]. На Добрушчыне і Веткаўшчыне таксама ў гаворках выкарыстоўваецца слова “бярэмянная”: Кагда дзеўка бярэмянная, то ёй нельга стрыгць косы, бо плод можа не развівацца. (г. Добруш) [1, с. 191]. Бярэменнай нельга гатаваць адзежу для малога, пакуль не родзя, а то дзіця мёртвае родзіцца. (в. Гардуны Добрушскага р-на) [1, с. 204]. Калі жэншчына бярэменная, ей нельзя датрагівацца к любому рабёначку. (в. Старое Сяло Веткаўскага р-на) [1, с. 162].

Сувязь паміж беларускімі і рускімі гаворкамі прасочваюцца і ў назвах жанчыны падчас нараджэння дзіцяці. У этнаграфічных апісаннях сустракаюцца такія словы, як “рожаніца” і “роженицы”: Праз некалькі дзён да рожаніцы прыходзілі ў адведкі (в. Гарысты Веткаўскага р-на) [1, с. 152]. Обычно на роженицу и ребёнка одева­ли рубашку наизнанку или на внутреннюю сторону рубашки прикла­дывали булавку: так защищали от злых духов. (г. Гомель) [1, с. 172]. У гаворках гомельска-бранскага памежжа выкарыстоўваецца лексема “парадзіха”: Парадзіху і нованароджанага абаранялі соллю і пасвяцонай вадзіцай. (в. Юркавічы Веткаўскага р-на) [1, с. 164]. Ад сурокаў парадзіха ізнаначнай стараной сваёй сарочкі выцірала сабе твар і твар свайго дзіця (в. Старыя Цярэшкавічы Гомельскага р-на) [1, с. 182].

У лексіка-семантычнай групе, звязанай з пасляродавым цыклам, сустракаюцца лексемы “бабка”, “бабка-павітуха”, “павітуха”. Так называлі вопытную жанчыну, якая прымала роды, а таксама выконвала рытуал першага купання і дапамагала парадзісе ў першыя дні пасля нараджэння дзіцяці выконваць розныя віды хатняй работы. У беларускай і рускай радзінна-хрэсьбінай абраднасці гэтую жанчыну, часцей за ўсё называлі “бабкай” або “бабка-павітухай“: У гэты ж дзень бабка першы раз купала дзіцяці (в. Гарысты Веткаўскага р-на) [1, c. 152]. Роды прымала бабка-павітуха, абразала пуп. (г. Гомель) [1, с. 167]. Яшчэ да родаў бабка-павітуха давала цяжарнай жанчыне розныя парады, дапамагала ёй (в. Знамя Добрушскага р-на) [1, с. 196]. Роды принимали сельские повитухи, которые выполняли различные магические действия, об­легчающие роды: растирали роженице живот, заставляли её хо­дить, развязывали все узлы на её одежде, расстёгивали пуговицы, открывали в доме все замки и двери. (в. Зябраўка Гомельскага р-на) [1, с. 175]. У мове носьбітаў традыцыйнай культуры Гомельска-Бранскага памежжа выкарыстоўваецца яшчэ адно найменне бабкі-павітухі — “бабка-пупарэзніца” або “пупарэзніца”. Магчыма, гэта назва жанчыны, якая прымала роды, звязана непасрэдна з яе дзеяннямі падчас нараджэння немаўляці. Такая лексема часцей сустракаецца ў мове жыхароў Веткаўскага раёна: Бабка-пупарэзніца павінна была купіць новы гаршчок (крэпкі) (в. Залаты рог Веткаўскага р-на) [1, с. 155]. Сыйчас ужэ няма пупарэзніц (бабка-павітуха). (в. Старое Сяло Веткаўскага р-на) [1, с. 163].

У лексіцы беларуска-рускага памежжа ад слова “бабка” — жанчына, якая прымае роды, узнік дзеяслоў “бабіць” — прымаць роды: Калі радзіцца дзіцёнак, побач бабака-пупарэзніца, яна бабіла: адразае пупок, мые, пеленае. (в. Залаты рог Веткаўскага р-на) [1, с. 155].

Адной з асноўных традыцый радзінна-хрэсьбіннай абраднасці з’яўляецца гатаванне і выкуп кашы. Як правіла, кашу рыхтавала бабка-павітуха, таму непасрэдна існуе найменне “бабіна каша”: На хрэсьбінны стол варылі “бабіну кашу”. Варылі яе з проса, самі таўклі. Варылі ў двух наршках: адну варыла тая, хто раджала, а другую — баба-павітуха. (в. Брылёва Гомельскага р-на) [1, с. 173]. Баба варыла кашу. Прыбірала красіва гаршчочак канфетамі, пячэннем, цвяточкамі. Бабіну кашу куплялі. (в. Рудня-Марымонава Гомельскага р-на) [1, с. 181]. Да важных абрадавых момантаў радзінна-хрэсьбіннай абраднасці адносяцца “выкуп кашы” і разбіванне гаршка з кашай. У гаворках Гомельска-Бранскага памежжа сустракаюцца найменні адпаведных дзеянняў, такіх, як “выкупаці кашу”, “разбіваць кашу”, “разбіваць гаршчок з кашай”, “біць (пабіць) кашу”: Тады на стол бабіну кашу падаюць, калі вып’юць тры разы і грошы пакладуць: хто больш грошай пакладзе, той і будзе бабіну кашу біць. Ну, абязан кум пабіць кашу. (в. Неглюбка Веткаўскага р-на) [1, с. 158]. Ну, тады кашу разбілі і трэба замацыць кашу. (в. Неглюбка Веткаўскага р-на) [1, c. 159]. Кум абавязан выкупіць кашу так, каб за ім было апошняе слова. ( г. Гомель) [1, с. 168]. Усягда доўжан выйграць кум. Тады ён бярэ і разбівае гаршок з кашай. (в. Перадавец Веткаўскага р-на) [1, с. 160]. Гаршочак з кашай хросны разбіваў аб вугал стала, і шанавалі гасцей кашай. (в. Чырвоная Буда Добрушскага р-на) [1, с. 204].

У радзінна-хрэсьбіннай абраднасці ёсць цікавы заключны момант, якім завяршаецца хрэсьбіннае застолле, калі кум адвозіць бабку дадому. У беларускай мове гэты звычай называецца “адвозіць бабу”. На тэрыторыі беларуска-рускага памежжа ў мове жыхароў часцей выкарыстоўваюць словазлучэнні “вазіць бабу”, “давезці бабу”: Быў звычай вазіць бабку, яе саджалі ў начоўкі і вазілі, каб гарэлкі дала. (в. Неглюбка Веткаўскага р-на) [1, с. 158]. Бабу вязуць дамой на баране або на санках. (в. Макаўе Гомельскага р-на) [1, с. 178]. Пасля хрэсьбін кум павінен быў давезці бабу да яе дому на тачках ілі дацянуць на баране. (в. Прасвет Гомельскага р-на) [1, с. 186].

Яшчэ да нараджэння немаўляці бацькі выбіралі сярод сяброў ці родзічаў хросных бацькоў для свайго дзіцяці. Іх выбіралі старанна, таму што гэта надзвычай адказная роля. Іншы раз нават выбіралі тых хросных, якія былі маладзейшымі за бацькоў. Калі нешта здаралася з бацькамі дзіцяці, то яны былі абавязаны вырасціць малога. У беларускіх гаворках распаўсюджаны назвы “хросны”, “хросная”, “хросны бацька ці хросная маці”. У рускай мове гэтым словам адпавядаюць — “крёстный”, “крёстная”. У мове жыхароў беларуска-рускага памежжа выкарыстоўваюцца два варыянты: Хросны бацька плаціў за абрад хрышчэння, купляў хрэсцік малому, а хросная маці купляла ўсё новае малому і адзявала яго к хрышчэнню. (в. Гарысты Веткаўскага р-на) [1, с. 152]. Крёстные дарили подарки крестнику, а мать ребёнка дарила подарки кумовьям. (г. Гомель) [1, c. 172]. Еслі хрэсцяць хлопчыка, то ў царкве яго дзержыць хросная мама, а кагда дзевачку — хросны. (г. Добруш) [1, с. 191].

Як для беларускай, так і для рускай лексікі характэрны найменні “кум” і “кума” — гэта хросныя ў адносінах да бацькоў дзіцяці або ў адносінах адзін да аднаго: Приглашали кума и куму, выбирали, кто пришёл с хлебом и солью, ты уже не откажешься, это грех. (г. Гомель) [1, c. 166]. Кум пакупаў крэст, кума прыносіла дзіцёнку рубашку і трохі сітца ці халста, шчэ прыносіла палаценца свяшчэнніку, каб выцерці рукі пасля акунання ў купель рабёнка. (в. Баршчоўка Добрушскага р-на) [1, c. 193].

У адносінах да хросных дзіця ў беларускіх гаворках называюць: “хрэснік”, “хрэсніца” або “хросны сын”, “хросная дачка” і рускім гаворкам адпавядаюць “крестник”, “крестница”, “крёстный сын”, “крёстная дочь”. На тэрыторыі Гомельска-Бранскага памежжа бытуюць два варыянты лексем: Пасля службы кум з кумою нясуць хрэсніка дадому. (в. Плёсы Гомельскага р-на) [1, с. 180]. Кумы таксама дарылі нешта хрэсніку. (г. Добруш) [1, c. 187]. Пасля хрышчэння на длзіця апраналі рубашачку, чкая потым аберагала ад падзення з дзерава. І ўжо тут спавівалі хрэсніка ў пялёнкі, якія дарыла яму хрэсная матка. (в. Знамя Добрушскага р-на) [1, c. 197].

Таксама распаўсюджаны разнастайныя назвы дзіцяці ў родавым цыкле радзінна-хрэсьбіннай абраднасці. Менавіта на тэрыторыі памежжа Беларусі і Расіі фіксуюцца такія найменні, як “первенец — так гавораць, калі ў сям’і нараджаецца першае дзіця. Таксама дзіця могуць называць “малы”, “маленькае”, “дзіцёнак”, “немаўля”, “нованароджаны“, “рабёнак”. На тэрыторыі Гомельска-Бранскага памежжа часцей сутракаюцца такія назвы, як “нованароджаны”, “дзіцяці”,”рабёнак”: Парадзіху і нованароджанага абаранялі малітвамі, рабілі загавары на вадзе. (в. Палянаўка Веткаўскага р-на) [1, с. 160]. Як родзіцца рабёнак, баба з радасцю ішла да дачкі, благаслаўляла, паздраўляла. (в. Залаты Рог Веткаўскага р-на) [1, с. 155], “малы” ў разнастайных склонавых формах: Бярэменнай нельзя гатаваць адзежу для малога, пакуль не родзя, а то дзіця мёртвае родзіцца. (в. Гардуны Добрушскага р-на) [1, с. 204], таксама мелі месца ласкавыя найменні “маленькі”, “дзіцёначак”: Да хрэшчэння маленькага не спавівалі ў пялёнкі, яго ўкручвалі ў ношаную рубаху бацькі. (в. Знамя Добрушскага р-на) [1, с. 196]. На хрэсьбіны сабіраюцца ўсе родныя, нясуць дзіцёначка хрысціць. (в. Баршчоўка Добрушскага р-на) [1, с. 194].

Такім чынам, фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы па радзінна-хрэсьбіннай абраднасці, прадстаўленыя ў розных варыянтах, ілюструюць багацце адпаведнай лексікі.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласць) / аўтары-ўклалальнікі В. С. Новак, В. К. Шынкарэнка, А. А. Кастрыца, А. М. Воінава, С. А. Вяргеенка, А. М. Палуян, А. У. Партнова-Шахоўская. — Гомель: Барк, 2013. — 380 с.

Аўтары: М.С. Щелкун, Е.М. Пархоменко
Источник: Идиолект русской языковой личности как отражение лингвокультур­ной ситуации в славянском пограничье: сборник докладов участников Международного научного форума (г. Новозыбков, Брянская область, 23­26 октября 2019 г.) / Под ред. С.Н. Стародубец, В.Н. Пустовойтова, С.М. Пронченко. — Брянск: ООО “АВЕРС”, 2019. — С. 307-312.