Лексічны фонд народна-дыялектнай мовы ўяўляе сабой пэўным чынам арганізаваную сістэму, якую складаюць розныя паводле часу ўзнікнення, паходжання, тэрыторыі распаўсюджання, семантычнага аб’ёму і стылістычнай афарбоўкі словы. Цэнтрам гэтай лексічнай сістэмы, яе “ядром” з’яўляюцца народнагаспадарчыя назвы, якія адлюстроўваюць асноўны занятак карэнных жыхароў. Гэта лексіка называе шматлікія рэаліі разнастайных народных рамёстваў, многія з якіх ужо зніклі або знікаюць ці знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Самую значную ў колькасных адносінах групу народнагаспадарчай лексікі складаюць назвы жылля і будаўніцтва.
Як адзначаюць даследчыкі, народнае жыллё мела пэўныя лакальна-тыпалагічныя асаблівасці, якія праяўляліся ў функцыянальнай размежаванасці ўнутранай прасторы, колькасці пабудоў сядзібнага комплексу, адрозніваліся будаўнічай тэхнікай, унутранай планіроўкай, вонкавым выглядам жыллёвых пабудоў [1, с. 62].
Прадметам нашай увагі з’яўляюцца будаўнічыя назвы, якія ўжываюцца ў беларускіх гаворках гомельска-бранскага памежжа. Асновай для назіранняў паслужылі матэрыялы, сабраныя ў час дыялекталагічных экспедыцый на тэрыторыі Веткаўскага, Добрушскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобрасці (Даследаванне выконваецца ў межах руска-беларускага навукова-даследчага праекта па дагавору Г12Р-030 ад 15 красавіка 2012 г.).
Цэнтрам сядзібных забудоў на дадзенай тэрыторыі з’яўлялася жыллё, вакол якога размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, утвараючы кампазіцыйна-архітэктурны комплекс. Пабудова для жылля чалавека ў гаворках даследуемага рэгіёна ў наш час мае наступныя назвы: хата: Проста хата называем (в. Свяцілавічы, Ветк.), дом: Дом у нас складаўся з двух пакояў, сенцаў, калідора і ганка (в. Покаць, Чач.). Як вядома, на Палессі да 60-70 гг. XIX ст. вясковыя хаты ў большасці сваёй былі яшчэ курнымі [2, с. 59], пазней заменены белымі, у якіх будавалася печ з комінам. І нават у пачатку ХХ ст. на Палессі была яшчэ даволі распаўсюджанай курная печ, якая ў іншых раёнах ужо амаль не сустракалася [3, с. 308]. Хата з такой печчу без коміна ўяўляла сабой невялікую аднакамерную жылую пабудову зрубнай канструкцыі без сенцаў з уваходам з тарцовага боку [4, с. 281]. У Веткаўскім і Чачэрскім раёнах захаваліся наступныя назвы былога тыпу такой жылой пабудовы: курень, слонік, іструб: Раней вельмі доўга выбіралі месца, дзе пабудаваць курень (в. Неглюбка Ветк.); Гэтая хата слонікам называлася, потом комін появіўся (в. Залессе, Чач.); Іструбам хата без комінаў у нас называлася, комінаў не было шчэ тады (в. Меркулавічы, Чач.). У Веткаўскім раёне іструбам называюць таксама зруб дома: Іструб — хата без крышы, ета не жілое помешченіе (в. Свяцілавічы, Ветк.).
Унутры хаты вызначалася некалькі частак: пярэдняя хата, пірэдня ‘частка хаты, дзе размяшчалася зала, спальня’, і задняя, дзе была кухня і кладоўка з прадуктамі: У пярэдняй хаце было чысцей, чым у другіх (в. Покаць, Чач.); Первую комнату называлі піредня (в. Івакі, Добр.); Задняя хата заўсёды была з печчу (в. Неглюбка, Ветк.); Заднюю хату рабілі каля пярэдняй хаты. Там мы заўсёды выконвалі хатнія работы (в. Покаць, Чач.). Частка хаты, дзе знаходзілася печ, называлі таксама кухняй, трэцяй хатай: На кухні гатавалі ежу (в. Грушаўка, Добр.); Там, дзе печ стаіць, эта трэцяя хата (в. Грушаўка, Добр.). Акрамя таго, была летняя кухня, не падрыхтаваная да зімы, на якой гатавалі ежу ў цёплую пару года: У меня две кухні. Эта летняя кухня і тая вось, гдзе пліта стаіт (г. Добруш).
Акрамя жылых, у доме былі нежылыя памяшканні. Памяшканне, у якім захоўвалі хатнія прыпасы, прадукты, загатоўкі на зіму і інш., называлася камора, каморка, клець, чулан, кладоўка: У каморцы захоўваюцца хатнія прыпасы (в. Пакалюбічы, Гом.); Ну чулан — кладовачка, калі ў хату сразу заходзіш (в. Івакі, Добр.); Чулан — цёмнае памяшканне без вокан, дзе клалі прадукты і загатоўкі на зіму (в. Церахоўка, Добр.); Там, у клеце, усе патрэбныя рэчы для дома захоўваю (в. Залессе Чач.); У кладоўцы захоўвалі прадукты (Церахоўка, Добр.).
Памяшканне пры ўваходзе ў хату, дзе знаходзіцца абутак і верхняе адзенне, называецца прыхожая, прыхадная, карыдорчык: Я к у хату заходзіш, первая комната называлася прыхожая (в. Івакі Добр.); У прыхадной звычайна распраналіся, разуваліся (в. Колбаўка, Ветк.); У карыдорчыку ў меня галошы стаят. А зімой там совсем холадна (г. Добруш).
Важнай часткай унутранага памяшкання дома быў кут, дзе знаходзіліся іконы. Ён меў назвы кут, покуць, чырвоны кут: Іконы ў доме абізательна. Места ета называецца кут. Раньшэ этат кут очэнь бераглі. І вот над етым кутам вешалі такія ці цюль, ці як занавескі. Толькі штоб ікона была відна (г. Ветка); Чырвоны кут — месца, дзе вісяць іконы (Неглюбка Ветк.); У покуце павінны быць іконы (в. Пакалюбічы Гом.).
Печкай для ацяплення хаты служыла груба, грубка: Каб цяпло вельмі доўга трымалася ў хаце, трэба, калі выпаліш грубу, закрыць юшку. Тады дух пойдзе ў хату (в. Неглюбка, Ветк.); Вось тут у мяне грубка. Ана вон пліткай пакрыта (г. Добруш). Для прыгатавання ежы выкарыстоўвалі пліту: На пліце вару. Пліта ў меня в ось там стаіт (г. Добруш). Грубку з убудаванай ў яе плітой для прыгатавання ежы называюць пліта-шведка: Пліта-шведка эта. Пастроілі яе, калі был хазяін жывы (г. Добруш). У наш час з’явіліся газавыя пліты, якія называюць газ: А газ я паставіла на летнюю кухню, там лягчэй (Івакі, Добр.). Пры выкарыстанні газавага або паравога ацяплення выкарыстоўваецца лексема топка: Для топкі заказвалі торф (г. Добруш).
Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання ў гаворках дадзенага рэгіёна называецца с толя, столь, паталок, суфіт: Столя падшывалася ў шпар (в. Неглюбка, Ветк.); Ну, столь ці паталок шчэ ў нас гавораць (в. Залессе, Чач.); Суфіт робяць так: наразаюць шалёўку, а тады падклейваюць (в. Свяцілавічы, Ветк.).
Насціл, па якім ходзяць у хаце, мае назву падлога, пол, мост, масніцы: Падлога ў нас з досак была, у асноўным з сасны. Падлога, тады звалі мост (в. Свяцілавічы, Ветк.); Масніцы — ета ўвесь пол, мост. Выразаюць кусочкі моста і кладуць (в. Свяцілавічы, Ветк.); У нас мастом называлі верхнія дошкі, якія аддзялялі падмосце ад памяшкання (в. Покаць, Чач.); Падлогу так і называюць — мост. Падлога з досак, з сасны ( в. Свяцілавічы, Ветк.); Масніца — адна дошка падлогі (в. Неглюбка, Ветк.); Падлога дзеравянная ў нас, эта ж на Украіне, дак там па-другому (в. Залессе, Чач.).
Месца пад падлогай, у якім захоўвалі гародніну, называлася падмосце, падмост, падполле, падвал, яма: У падмосце захоўвалі розныя запасы на зіму (в. Неглюбка Ветк.); Падполле называлі, значыць пад полам. Хранілі там бульбу (в. Старое Сяло, Ветк.); Пад падмосцем захоўваюць бульбу, закаткі (в. Покаць Чач.); У яму у хаце клалі бульбу да некаторыя закаткі стаўлялі; Падвал раней капалі звычайна на кухні і ставілі ўсе, што наросцім. Ціпер так не робім (в. Церахоўка, Добр.). ‘Ч
Праёмы ў сцяне іменаваліся окны: Окны з хаты завешвалі фіранкамі (в. Церахоўка, Добр.). Састаўныя часткі іх маюць адпаведныя назвы. Так, стаўні, якімі закрываюць вокны, імянуюцца быконкі, абаконкі, аканіцы, стаўні: Быконкі размалёўваліся, аздабляліся фігуркамі (в. Пакалюбічы, Гом.); Аканіцы розныя былі: і дзеравянныя, і жалезныя, а калі іх шчэ і разукрасюць рознымі вузорамі, то тады аканіцы шчэ красівее становяцца (в.Залессе, Чач.). Буконкамі называлі таксама ўзоры над і пад вокнамі (в. Покаць Чач.). Маленькі праём у акне — фортка, фортачка. Фортачкі — ета ў вакне маленькія, якія адкрываюцца (в. Свяцілавічы, Ветк.). Верхняя створка акна ці дзвярэй — фрамуга: Мой бацька плінтусы гэтыя фрамугамі называў (в. Залессе, Чач.). Ніжняя частка акна — падаконік: Падаконік — дошчачка перад вакенцам. Кветкі на яе ставяць (в. Церахоўка, Добр.). Драўляныя карункі вакол акна — налічнікі: Налічнікі рабілі не ўсе (в. Колбаўка Ветк.).
Асновай для сцен будынка з’яўляўся фундамент, хундамент: А як жа, без фундамента! Всегда закладывалі сначала фундамент, а тады і дом увесь строілі (в. Залессе, Чач.).
Верхняя частка будынка ў дадзеным рэгіёне мае найменні крыша, страха, дах: Дах раньше з саломы рабілі, а як ўжо знайшлі шыфер — шыферам лажылі. А шыфер ядавіты, многа выдзяляе гадасцей, но ўсё роўна лажылі (в. Свяцілавічы, Ветк.); Крыша — верх хаты на які клалі салому, а зараз шыфер (в. Церахоўка, Добр.). Страха — гэта верх хаты (в. Покаць, Чач.).
Дзве дошкі, якімі накрываецца грэбень страхі, маюць назву канёк, вільчык: Абналічку дзелаюць, ета называецца канёк (г. Ветка); Канёк рабілі ад залівання дажджу (в. Колбаўка, Ветк.); Вільчык — стык двух бакоў страхі (в. Залессе, Чач.).
Труба на даху для праходу дыму называецца комін, дымнік, труба: Комін трэба часта чысціць, бо сажа нагарае і забівае праход (в. Колбаўка Ветк.); Дымнікі ета ж трубы, комін па-другому шчэ (в. Залессе, Чач.); Чераз трубу дым ідзёт (г. Добруш). Лесвіца, якая прымацоўвалася да страхі дома каля коміна мае назву трап: Там, дзе комін, па трапу залазь туды, лесенка такая (г. Ветка).
Верхняя частка фасада мае назвы хрантон, франтон, закота: Вон там наверху на крышэ трэугольнік — хрантон называецца (в. Грушаўка Добр.); Закота — верхняя частка фасада (в. Залессе, Чач.). Частка даху, што навісае над франтонам дома, — падакотнік: Падакотнік абараняе ад залівання дажджу (в. Покаць Чач.). Дошкі, прыбітыя да надвісаючай над франтом часткі даху з двух бакоў, — ветраніцы. Ветраніцы служаць упрыгожваннем даху (в. Колбаўка Ветк.).
Паміж столлю і дахам знаходзіцца чардак, чердак, чэрдак, гара, гарышча: На чардаку захоўвалі розныя непатрэбныя рэчы (в. Колбаўка, Ветк.); На чердаке ў нас сцірка сохла. Там і счас вяроўкі вісят (г. Добруш); На гарышчы сушылі ягады і грыбы (в. Церахоўка, Добр.).
Назвы жылля і яго частак, якія функцыянуюць у гаворках адзначанага рэгіёна, у большасці сваёй адносяцца да сваямоўнай лексікі. Выключэнне складаюць адзінкавыя запазычанні з нямецкай мовы: дах, фортка, фрамуга; італьянскай: карыдор, суфіт; лацінскай: комін, фундамент; французскай: франтон; галандскай: трап і інш.
Адметнай асаблівасцю будаўнічай лексікі дадзенага рэгіёна з’яўляецца наяўнасць вялікай колькасці дублетных назваў: дом — хата; каморка — клець; чулан — кладоўка; прыхожая — карыдорчык; столь — паталок; падлога — пол — мост; аканіцы — стаўні; страха — крыша; франтон — закота і інш., якія сведчаць пра актыўныя беларуска-рускія моўныя стасункі. Даволі часта сустракаюцца і варыянтныя найменні тыпу пярэдняя — пірэдня; прыхожая — прыхадная; столя — столь; быконкі — буконкі; франтон — хрантон; фрамуга — прамуга; чардак — чердак — чэрдак і інш., якія адлюстроўваюць як лакальную замацаванасць, тэрытарыяльнае вар’іраванне народна-дыялектнай мовы, так і актыўны працэс адаптацыі ёю запазычаных назваў.
Спіс літаратуры
- Цітоў, В.С. Народная спадчына. Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці / В.С. Цітоў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 300 с.
- Цітоў, В.С. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура, 2-е выд. / В.С. Цітоў. — Мн.: Беларусь, 2001. — 207 с.
- Полесье. Материальная культура. — Киев: Навукова думка, 1988. — 448 с.
- Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя — (Беларус. сав. энцыкл.) / Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.] — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.
Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. — С. 138-141.