Лакалізацыя Гомельскай вобласці спрыяла цесным міжмоўным кантактам. Вынікі гэтага кантактавання адзначаюцца ў абрадавай лексіцы гомельскіх гаворак. У першую чаргу тут адлюстроўваюцца трывалыя сувязі беларускай і рускай моў, абумоўленыя і падмацаваныя наяўным у штодзённым маўленні жыхароў рэгіёна беларуска-рускім білінгвізмам. Разам з тым, пастаянныя шматвяковыя сацыяльна-эканамічныя і культурныя зносіны суседніх роднасных народаў паўплывалі на фарміраванне асобных блізкіх і агульных рытуалаў і ў сямейным жыцці беларусаў і ўкраінцаў. Паспрыяла такім працэсам і агульная старадаўняя гісторыя, і падобныя аб’ектыўныя сацыяльныя сучасныя рэаліі.
У мове захоўваюцца самыя разнастайныя па часе ўзнікнення і функцыянавання лексічныя адзінкі. У сістэме нацыянальнай мовы гэта скарбніца ўяўляе сабой абрадавыя назвы, якія адлюстроўваюць важныя падзеі ў грамадскім і сямейным жыцці народа: называюць абрады розных перыядаў земляробчага календара беларуса, абазначаюць самыя значныя падзеі ў жыцці чалавека — нараджэнне, хрышчэнне, вяселле, пахаванне. Цікавай у гэтым плане з’яўляецца абрадавая лексіка, якая звязана са зменамі ў жыцці прыроды і імкненнем чалавека ўздзейнічаць у сваіх інтарэсах на з’явы прыроды, прымусіць працаваць на сваю карысць. Каляндарныя святы беларусаў падпарадкаваны гадавому земляробчаму і жывёлагадоўчаму цыклам і выразна падзяляюцца на восеньскія, зімовыя, веснавыя і летнія. Восеньскія святы найперш звязаны са зборам і захаваннем ураджаю і памінаннем продкаў (дзяды).
Лексіку восеньскага абрадавага цыклу можна прадставіць у наступным выглядзе:
- Назвы восеньскіх абрадаў і свят: Багаслоў, Багуслаў, Багуслоў, Богослаў, Богослоў, Іван Багаслоў, Іван Богослоў, Іван Богуслаў — земляробчае свята народнага календара, якое адзначаецца 9 кастрычніка: дзень, да якога заканчваюцца ўсе работы ў полі. Ад Багаслова на полі не робім. Барбароў Маз.; Пасля Багуслава правяць дажынкі. Мікулінск Калінк.; Да Багуслова кончаюць работы на полі. Ясяні Браг.; Прыйшоў Богослаў — дзеўкі сватоў сустракаюць. Канатоп Нар.; Колісь говорылі: ек прыйшоў — ідзі з поля домоў. Малешаў Жытк. На Івана Багаслова веселлі робяць. Савічы Калінк.; На Івана Богослова госці правяць. Сяменча Жытк. После Івана Богуслава на полі ўжэ не робімо. Завайць Нар.
Галавасек, Головосек, Іван Головосек — свята, якое адзначаецца 11 верасня і звязваецца з усталяваннем за ім бытавых прыкмет і павер’яў. У гэты дзень забараняецца рэзаць, сячы і есці круглае: У Галавасек не можно есці капусту й бульбу. Слабада Маз.; Ек Головосек — нічого не рэжэм, не сяком. Завайць Нараўл. Колісь на Івана Головосека ножа ў рукі не бралі, а лусты рэзалі зараней. Маркоўскае Лельч.
Калінавік, Каліннік — народнае свята, якое адзначаецца 11 верасня і звязваецца з выспяваннем пладоў каліны: На Калінавіка ламалі каліну і варылі з яе кашу, говораць не будзе болець голова. Даманавічы Калінк.
Міхайла, Міхайло — свята, якое адзначаецца 21 лістапада і звязваецца з метэаралагічнымі назіраннямі: Міхайла ўсіх з поля гоніць. Прудок Маз.; Пройдзе Міхайло — тады пачынаем прасці. Грабаў Петр.
Вялікім святам былі Пакрова, Покрова, Пакроў — свята, якое паказвала на пераход ад лета і зімы і адзначалася 14 кастрычніка; свята заканчэння палявых работ і вельмі цесна звязанае з хрысціянскім уплывам: Пакроў, кажуць, пакрывае людзей ад грахоў. Вубалаць Калінк.; Пакрова ўжэ сцеле лістом. Навасёлкі Калінк. Свята прыпадала на час Вялікай Вясельніцы, калі маладую пакрывалі накідкай. У гэтыя дні рыхтаваліся да зімы, не пускалі жывёлу ў поле, хатняя праца спалучалася з песнямі, гульнямі. Асаблівая ўвага надавалася варажбе на вясельную тэму [1, 148].
Узвіжанне, уздвіжэнне, уздзвіжанне, уздзвіжэнне, уз ’южанне, уздзюжэнне, воздвіжэнне, двіжэнне, дзвіжэнне, звіжэнне — хрысціянскае свята народнага календара. Адзначаецца 27 верасня; апошняе цёплае свята, калі заканчваюцца работы на полі, дзень адлёту птушак у вырай. На Узвіжанне галка перва адлетае. Мялешкавічы Маз. На Уздвіжэнне ўсё гадоўе здвігаецца ў кучы і ховаецца. Сяменча Жытк. На Уздзвіжанне адзначаем дзень найдзенага краста, на якім быў распяты Господзь. Бывалькі Лоеўск. На Уздзвіжэнне земля закрываецца. Хобнае Калінк. На Уздзюжэнне змеі уходзяць. Юркавічы Браг. На Уз’южанне ў лес ездзіць бояцца: вужэ обкружаць, неможно ступіць. Бобрыкі Петр. На Воздвіжэнне ўлес не ідуць, бо земля воздвігаецца, і ўсе змеі ў землю ховаюцца. Сяменча Жытк. На Двіжэнне пропасць здвігаецца. Юркевічы Жытк. Пройшло Дзвіжэнне і ўжы поховаліса. Маркоўскае Лельч. На Звіжэнне почынаем збіраць журавіны. Небытаў Хойн.
- Найменні прысвяткаў: Казанская, Казанска Богородзіца — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 4 лістапада і адметны шлюбнай варажбой, вяселлямі, метэралагічнымі назіраннямі: Раней обязацельно молодые ішлі пад венец на Казанскую. Казловічы Калінк.; На Казанску Богородзіцу не можно робіці. Камаровічы Петр.; Матрыпан, Матрыхваны — прысвятак, які адзначаецца 23 лістапада: дзень, вольны ад працы, ад прадзення і адметны варажбой: Колісь як прыходзіціў Матрыпан — ніхта не садзіўса прасці. Буйнавічы Лельч.; Матрыхваны бувалі ў Піліпоўку. Валаўск Ельск.; Параскі, Параскімка — прысвятак, які адзначаецца 10 лістапада; дзень забароны прадзення і ткання: Раней у нас на Параскі не пралі і не ткалі. Буйнавічы Лельч.; А у нас на Параскімку ходзяць у цэркву, просяць Параскімку даці жаніха. Махнавічы Маз.; Піліп — прысвятак, які адзначаецца 27 лістапада: Калі на Піліпа вороны крычаць, мороз адляжэ Загорыны Маз.; Цуда, Цудо, Чуда — прысвятак, які адзначаецца 19 верасня; дзень дзівосаў: Не рабі нічого, а то Чуда ўчудзіць. Сырод Калінк.; Цуда не празнік, а дзень такі, просто не робімо ды і ўсё. Веляцін Хойн. дакопкі — свята заканчэння ўборкі бульбы: Як бульбу дакапаюць — правім дакопкі. В. Сялюцічы Петр.; багатые дзеды — дзень памінання продкаў, які адзначаецца праз тры дні пасля Пакроваў: На багатые дзеды варылі куццю, абазацельна кісель зрозных ягад. Буркі Браг.; міхайлаўскіе дзеды — памінальныя дні напярэдадні Міхайлавага дня. “Галоўным святам беларусаў з часоў Адама Міцкевіча лічацца Дзяды, бо яны адначасова сімвалізуюць не толькі “смерць” прыроды. Але і непазбежнае заканчэнне жыццёвага шляху і пераход на той свет, да продкаў, кожнага чалавека” [1, 20].
- Найменні асобных элементаў абрадаў і свят: банкеты — элемент святкавання пэўнага абраду. Банкеты водзяць у гэты дзень, гарэлку п’юць, ходзяць з гармонямі. Банкеты? Во я нагатую стол, ка мне прыйдуць, нагатую ўсяго: варэнікаў, жаркога там, блінчыкаў, салатаў усякіх. Але банкеты водзяць усё радзей. Другія людзі сталі. Ветка; кермаш — гулянка ў адно з рэлігійных свят. Сходзімо сегоні ў Пудварак на кермаш. Буда-Лельчыцкая Лельч.; дакопкі — заканчэнне ўборкі бульбы. Бувае, што з дакопак чуць ідом — так наробімса. Бібікі Маз. Чырвонабярэжжа Лельч.; піліпоўскіе запускі — пярэдадзень каляднага посту: Послі мясоеда начынаюцца піліпоўскіе запускі. Валаўск Ельск.; варажыць, гадаць, гаданне, гадаці — прадказваць будучае: На Матрыпана дзеўкі ўсегда гадалі, не можно було говорыць, а то не спраўдзіцца гаданне. Месцам варажбы звычайна з’яўлялася перакрыжаванне дарог, лазня, хлеў, печ і парог хаты. Вельмі часта пры гаданні выкарыстоўваюць розныя ўпрыгожанні і прадметы адзення, ручнікі, пярсцёнкі [2, с. 403].
Зафіксаваны назвы для поста перад Калядамі: Піліпаўка, піліпаўскі пост — У Піліпаўскі пост так разрашаецца і рыба ў яго. Піліпаўкі шэсць нядзель. Дзікалаўка Гом.; воўчы месяц: У Піліпаўку, у воўчы месяц, збіраюцца “воўчыя вяселлі». Гарочычы Калінк.
- Абрадавыя назвы ежы: каліннік — кісель, які варылі на свята Калінавік: На Івана Калінавіка каліннік варылі — кісель такі — і пілі яго, каб галава не балела. Бібікі Маз. Вялікае месца ў правядзенні абрадаў надавалася куцці — абрадавай стравы з круп: Абычна на галодную куццю ячную кашу гатовілі. Хальч Ветк. На галодную куццю ставілі посныя стравы. Ветка; На багатые дзеды варылі куццю, абазацельна кісель з розных ягад. Буркі Браг.
Народныя святы і абрады з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль усе належаць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як дзяды, пакроў, галавасек, варажыць і інш. [4]. Большасць зафіксаваных лексем з’яўляюцца суфіксальнымі ўтварэннямі ад дзеясловаў: уздвіжанне, запускі, пакроў і ад назоўнікаў: каліннік, піліпаўка. Зафіксаваны на тэрыторыі Гомельскага рэгіёну і складаныя назвы: піліпоўскіе запускі, багатые дзеды, міхайлаўскіе дзеды, Казанска Богородзіца. Аднак сустракаюцца сярод каляндарна-абрадавых назваў і адзінкавыя запазычанні з розных моў, якія датычаць перш за ўсё ўласных назваў:
— з грэчаскай: Мітрапан ‘маці народжаны’, Параскева ‘пярэдадзень свята’, Піліп ‘аматар коней’; куцця ‘зерне’;
— старажытнаяўрэйскай: Міхаіл ‘падобны да бога’;
— італьянскай: банкеты [4].
Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Гомельскага рэгіёну, вызначаецца багатай і складанай сістэмай лексічных сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі, з яўляецца неад емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.
Спіс літаратуры
- Ліцьвінка, Васіль. Святы і абрады беларусаў / В.Д. Ліцьвінка. — Мн.: Беларусь, 1998. — 190 с.
- Зеленин, Д.К. Восточнославянская этнография / Д.К. Зеленин. — М.: Наука, 1991. — 511 с.
- Лапіцкая, Л.І. Слоўнік каляндарна-абрадавай лексікі Усходняга Палесся / Л.І. Лапіцкая. — Мазыр, 2007. — 65 с.
- Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4-х т.: пер. с нем. и доп. О.Н. Трубачёва [Текст] / под ред. и с предисл. Б.А. Ларина / М. Фасмер — М.: Прогресс, 1986-1987.
Аўтар: А.М. Воінава
Крыніца: “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, IV міжнародная навук. канф. (2013; Гомель). IV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: праблемы вывучэння і захавання ў постчарнобыльскі час”, 31 мая 2013 г. [Тэкст]: матэрыялы / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2013. – С. 121-124.