Лексіка каляндарна-абрадавага летняга цыклу на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна

0
259
Лексіка каляндарна-абрадавага летняга цыклу на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна

Адным з самых актуальных і перспектыўных напрамкаў сучасных навуковых даследаванняў з’яўляецца комплекснае вывучэнне духоўнай спадчыны беларусаў, якое аб’ядноўвае этнаграфію, фальклор i мовазнаўства. У кантэксце ўзаемазвязанага вывучэння мовы і культуры беларускага народа аб’ектам увагі становяцца культурна афарбаваныя моўныя адзінкі, якія з’ яўляюцца прадуктам кумулятыўнай функцыі мовы і тым ці іншым элементам сваёй семантыкі або структуры адлюстроўваюць сувязь мовы і культуры, у якой дастаткова дакладна адлюстраваны дыялектныя рысы і многія асаблівасці беларускай гаворкі. У мове захоўваюцца самыя разнастайныя па часе ўзнікнення і функцыянавання лексічныя адзінкі. Цікавай у гэтым плане з’яўляецца абрадавая лексіка, якая звязана са зменамі ў жыцці прыроды і імкненнем чалавека ўздзейнічаць у сваіх інтарэсах на з’явы прыроды, прымусіць працаваць на сваю карысць. Каляндарныя святы беларусаў падпарадкаваны гадавому земляробчаму і жывёлагадоўчаму цыклам і выразна падзяляюцца на восеньскія, зімовыя, веснавыя і летнія.

Лексіку каляндарнага абрадавага летняга цыклу можна прадставіць у наступным выглядзе:

  1. Назвы абрадаў і свят. Першым важным летнім святам лічылася Троіца, якая была найвышэйшай кропкай росквіту прыроды, «калі яна ў самай моцнай зялёнай магічнай сіле сваімі гаючымі лекамі ўздымае чалавека да радаснага, аптымістычнага светаўспрымання» [1, с. 100]. У свяце выразна прасочваецца культ раслін, некаторыя ж даследчыкі ў ім бачаць змяшэнне двух культаў — раслін і культа нябожчыкаў, якія загінулі раней вызначанага тэрміна [2, с. 394]. На тэрыторыі Гомельскага рэгіёна зафіксаваны наступныя найменні для свята: Сёмуха, бо адзначалася на сёмым тыдні пасля Вялікадня: Цераз сем недзель после Паскі Тройца светая будзе. Буда-Сафіеўка Лельч., Тройца, Троіца, Труйца, дзень Светой Троіцы: Тройца ўсегда ў недзелю. Ляскавічы Петр.; Троіца — ето Сёмуха. Карчовае Хойн. Намінацыя Троіца звязана з хрысціянскай Троіцай — Бог-Бацька, Бог-Сын, Бог-Дух Святы: Тройцы тры дні: першы дзень — Дзень Бога-Бацькі, другі дзень — Бога-Сына, трэці дзень — Дзень Святого Духа. Буйнавічы Лельч. У агульначалавечым вымярэнні — гэта космас, атмасфера і зямля, у чалавечым — галава, тулава, ногі, у традыцыйнай культуры — мінулае, сучаснае, будучае [1, с. 100]. Магічная лічба тры пранізвае многія традыцыйныя святы. Яе можна знайсці і ў асноўных святах беларускага наро­да: Каляда (абуджэнне прыроды) — Вялікдзень (найвышэйшы росквіт) — Дзяды (увяданне): На Сёмуху спяваюць песні і клён ломяць. Небытаў Хойн.; І мы помінаем своіх на Сёмуху. Мікулічы Браг.; На Труйцу прослаўляецца сошэсце на опостолоў Светого Духа. Града Жытк.; Пройдзе п’яцьдзесят дзён после Паскі, а тады — Дзень Светой Троіцы. Бярэжцы Жытк.

Лічылася, што ў суботу на Сёмуху на Духаў дзень нябожчыкі маглі выйсці на свет і паўплываць на жыццё жывых, паглядзець, як нашчадкі захоўваюць традыцыю [1, 100]. Таму перад гэтым днём, у пятніцу, прыбіралі могілкі, на вячэру запрашаліся памерлыя — спраўляліся Траецкія дзеды, Сёмушныя дзеды, Троечныя дзеды, Тройчаны дзеды, Тройчатые дзеды, Труйчаныя дзеды: У пятніцу будуць правіць Сёмушные дзеды. Мялешкавічы Маз.; Тройчаны дзеды ето дзеды перэд Тройцаю. Вятчын Жытк.; На Тройчатые дзеды вараць штось дужэ хорошэ. Слабада Маз.; Зовём душы на Троечные дзеды. Азяраны Жытк.; Колі Троечные дзеды — не плач, душы дзедоўрадаюцца. Васькаўка Маз.

Абавязковым элементам правядзення свята Троіцы было пляценне вянкоў з галінак бярозы, якая лічылася сімвалам дзявоцкасці. Яшчэ адзін рытуал — кумленне ‘абрад устанаўлення прыязных адносін паміж дзяўчатамі — дзяўчаты цалаваліся пад аркай звязаных уверсе бярозак, пасля чаго павінны былі сябраваць увесь год’: У нас, бувала, весной, на Сёмуху, усегда кумленне заводзілі. Казловічы Калінк.

Вялікім святам, якое ў найбольшай ступені захавала язычніцкую сутнасць, было Купалле, Купала, Купайла, Купайло, Купально, Іван, Іван Купало, Іван Петроўскі, Купаль Іван. Свята прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння, прысвячалася Сонцу і адзначалася з 6 на 7 ліпеня. «Лічылася, што ў гэты час каляндарная вяршыня росквіту прыроды … вызывала і самую актыўную дзейнасць варожых чалавеку прыродных сіл: ведзьмаў, чараўнікоў, гадаў, сурокаў» [1, с. 100]: Усе ведзьмы вуходзяць на Купайло. Смалегаў Нараўл.; У нас была баба, дак ана на Іва­на Купайла ходзілаў лес прыробляць. Мялешкавічы Маз.; Кажуць, у купалаву ноч страхоцце на людзей находзіць. Валаўск Ельск.; У купальну ноч злёталіся ведзьмы. Буйнавічы Лельч.

Адрознівальнай рысай правядзення свята было раскладанне вогнішча, на якім палілі старыя рэчы, сухое ламачча, якое засталося ад Троіцы. Усю ноч маладыя людзі гулялі лоя купальскага агню, скакалі праз вогнішча: Калі той, хто хворэе, попаліць на купальным агні свое зношаны рэчы, у того отыдзе хвороба. Завайць Нараўл., купаліся ў вадзе: Купально бувае сёмого юля, шо купаюцца да венкі на воду кідаюць. Прыбалавічы Лельч., каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл.

Травы, сабраныя ў час найвышэйшага росквіту прыроды, лічыліся цудадзейнымі: На Ку­пайло бугуць у лес по кветкі. Галубіца Петр. У ноч на Івана Купалу шукалі папараць-кветку, якая прыносіла шчасце: На Петроўскага Івана дзеўкі жоўту кветку шукаюць. Казловічы Калінк. Пошукам кветкі перашкаджаюць цёмныя сілы, таму аднаму ў лес хадзіць небяспечна: Не йдзі одна ў лес на Івана, а то заблудзіш. Вялікія Аўцюкі Калінк.; З суседкай хадзілі ў лес на Івана. Крыўча Браг.

Мяжой паміж летам і восенню лічылася свята Ілля, Ілья, Лья, Лля, якое адзначалася 2 жніўня. Свята было адметнае дажджамі і навальніцамі, якія пачыналіся пасля ліпеньскай спёкі: Ілля лето кончае. Слабада Маз.; У етум годзі на Іллю не було дажджу. Замошшча Лельч.; Да Ільі трэбо сено звозіць. Дуброўнае Браг.; Лья бувае ек жытоўжо жнуць. Вубалаць Калінк.

  1. Найменні прысвяткаў: Анапрэй, Нупрэй, Онапрэй — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 25 чэрвеня і лічыцца спрыяльным днём для сяўбы грэчкі: Бувала, у дзень Анапрэя сеелі грэчку. Паселічы Хойн.; На Анапрэя спеюць суніцы. Васькаўка Маз.; У того будуць блінцы смашные, хто грэчку посее на Онапрэя. Завайць Нараўл.; Барыс і Глеб, Барыс — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 6 жніўня. Праца ў гэты дзень асабліва забараняецца, бо з працуючым чалавекам можа здарыцца няшчасны выпадак: На Барыса і Глеба нічого цяжкого не робілі, а хто не гледзіць гетого, той можэ покалечыцца. Махнавічы Маз.; На Барыса і Гле­ба сено не косім, можэ моланка ўбіць. Мялешкавічы Маз.

Святам маку лічыўся Макавей, Маковей, Макаўка, Медовы Спас, Мядовы Спас, Першы Спас і адзначаўся 14 жніўня: Макавей — у Спасаўку. Лукі Калінк.; Макавея мак свецяць, коб рос. Жахавічы Маз.; НаМаковея опсыпалі хлеў, коб добра худоба була. Малешаў Жытк.; Макавей — ето Мядовы Спас. Казловічы Калінк.; У Мядовы Спас несом мед у цэркву. Асавец Маз.

  1. Найменні ўдзельнікаў абрадаў. Удзельнікам абрадавага свята на Івана Купалу была Ку­палаперсанаж у вобразе дзяўчыны і Купаліш — персанаж у вобразе хлопца: У нас Купалу выбіраюць, веночак звіваюць і ёй на галаву напранаюць. Камонаў Браг.; Пад вечар Купала ў селе кветкі раздае. Небытаў Хойн.; Бувала, усе бегуць гледзець на Купалу. Катловіца Браг.; Колісь, бувало, едзе Купаліш на коніку і дзевоньку вугледае і до себе зове. Глініца Маз.; Кажуць, Купаліш з Купалкою ў лес бегаюць удвоіх на Купалу. Загорыны Маз.
  2. Найменні асобных элементаў абрадаў і свят: Купайло, купальнае вогнішча, купальны агонь, пажарышча — такія найменні зафіксаваны для вогнішча, якое раскладаецца ў купаль­скую ноч і валодае вялікай ачышчальнай сілай: Сонцэ заходзіць — купайло разложым. Мялешкавічы Маз.; Гавораць, хто пераскочэ праз купальнае вогнішча, той не будзе хворэць. Васькаўка Маз. На Івана Купального пойдам пажарышчарабіць. Вятчын Жытк.

Спецыяльную назву мела і ноч перад Купаллем — Купальная ноч, Купальна ноч, Купалава ноч, Купалова ноч: Мой чоловек бачыў, ек у купалову ноч ручаўка стояла коло самое воды, дак спужаўся сільнэ. Пагоннае Жытк.

Свята Троіцы не ўяўлялася без троіцкай зеляніны: галінак клёна, ліпы, явара, якая мела назву май: Май поможэ ад грому. Малыя Аўцюкі Калінк. Берозай, бярозай называлі галінкі бярозы, якімі ўпрыгожвалі хаты, падвор’і на Сёмуху (Тройцу): На Тройцу свецяць клён і берозу і затыкаюць у дзверы, каб чэрці не прыйшлі. Бярозаўка Калінк.; На Тройцу бярозу ў цэркву насілі, а тады ўжэ вешалі ў хаце. Бібікі Маз. Для правядзення такога абраду выкарыстоўвалі таксама клён: На Тройцу клёна вешаюць, хто ў хаце, у цэркві тожэ. Буйнавічы Маз.

  1. Прадметы, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні абрадаў і свят. Вялікую ачышчальную сілу меў мак, які выкарыстоўваўся як абавязковы атрыбут свята Макавей: На Макавея мак свецілі і опсыпалі ім жывёлу, хлеў. Буйнавічы Лельч.

Вянок, венок — рытуальнае ўпрыгожванне з кветак, стужак, неабходны атрыбут, якім суправаджаецца Купалле, дажынкі і пад.: У нас на Купалле дзяўчаты плетуць венкі. Казловічы Калінк.; На дожынкі плетуць венкі з колосоў. Града Жытк.; У той год дык вадзілі русалку па дзярэўні пасля Тройцы. Гурыны Маз.

Народныя святы і абрады з’ яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як Макавей, Тройца, вада, баба, дзед, агонь, вянок, варажыць, кола і інш. [4]. Большасць найменняў, звязаных з даследуемай тэматыкай, з’ яўляюцца матываванымі. Матываванасць слова — гэта суаднесенасць вытворнага слова з тым, ад якога яно ўтворана, пры якой сэнс і структура першага слова могуць быць растлумачаны шляхам звароту да сэнсу слова, ад якога ўтворана.

Самым пашыраным тыпам матывацыі найменняў, звязаных з народнымі святамі, з’яўляецца намінацыя паводле працэсуальнай прыкметы. Лексічным матыватарам такіх найменняў з’яўляюцца назвы разнастайнага дзеяння. Вялікая колькасць зафіксаваных з’яўляюцца суфіксальнымі ўтварэннямі

ад дзеясловаў для абазначэння працэсуальнай прыкметы: выноска, запускі, біткі, святкі; абсяванне, кумленне; варажба, або для абазначэння асобы: валачобнік, шчадроўнік, шчадроўшчык, крэсціцель, шчадруха;

ад назоўнікаў: Апісваемыя намінатыўныя адзінкі ўтвараліся пераважна суфіксальным спосабам ад асновы назоўніка пры дапамозе суфіксаў -ын-, -ар, -чык-, -нік-, -іц-, -іч-: варваршчына, звездар, веснянка, Мікольнік, веснаваці, каліннік, піліпаўка; Грамніца; куміцца, Купалле, вербіч, спасоўка; ад лічэбнікаў: Троіца, дзевятуха, дзесятуха, дзеўятнік.

Зафіксаваны на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна і складаныя назвы:

прыметнік + назоўнік: каровячы Ўлас, велікодны пірог, красная субота, зборова субота, белая недзеля, Аляксей цёплы, піліпоўскіе запускі, багатые дзеды, міхайлаўскіе дзеды, Казанска Богородзіца;

дзеяслоў + назоўнік: вянкі пускаць, заклікаць вясну, весну гукаць.

Аднак сустракаюцца сярод каляндарна-абрадавых назваў і адзінкавыя запазычанні з роз­ных моў, якія датычаць перш за ўсё ўласных назваў з:

— грэчаскай: Андрэй ‘мужны’, Улас (Аўлас) < Влас ‘просты’, Варвара ‘чужаземная’, Васіль ‘царскі’; Аляксей ‘абаронца’; Юрый ‘земляроб’, Макар ‘блажэнны’, Мікола < Мікалай ‘пераможца народаў’;Мітрапан ‘маці народжаны’, Параскева ‘пярэдадзень свята’, Сава ‘святы і пустыннік’; Піліп ‘аматар коней’; куцця ‘зерне’; паска пад уплывам лацінскай paschaHs [4, т. 3, с. 216];

— старажытнаяўрэйскай: Ганна ‘міласць’;Міхаіл ‘падобны да бога’;

— лацінскай праз пасрэдніцтва польскай мовы: май < таіш [4, т. 2, с. 559];

— італьянскай: банкеты;

— стараславянскай: спас [4];

— нямецкай праз пасрэдніцтва польскай мовы: кірмаш < tóermasz ‘пачатак месяца’ [4, т. 1, с. 652]

Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна, вызначаецца багатай і складанай сістэмай лексічных сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівасцямі, з’ яўляецца неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Ліцьвінка, В. Д. Святы і абрады беларусаў / В. Д. Ліцьвінка. — Мінск: Беларусь, 1998. — 190 с.
  2. Зеленин, Д. К. Восточнославянская этнография / Д. К. Зеленин. — М.: Наука, 1991. — 511 с.
  3. Лапіцкая, Л. І. Слоўнік каляндарна-абрадавай лексікі Усходняга Палесся / Л. І. Лапіцкая. — Мазыр, 2007. — 65 с.
  4. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4-х т. / М. Фасмер; пер. с нем. и доп. О. Н. Трубачёва; под ред. и с предисл. Б. А. Ларина. — М.: Прогресс, 1986-1987.

Аўтар: А.М. Воінава
Крыніца: Юбилейная научно-практическая конференция, посвященная 85-летию Гомельского государственного университета имени Франциска Скорины (Гомель, 17 июня 2015 г.): материалы: в 4 ч. Ч. 1 / редкол.: О. М. Демиденко (гл. ред.) [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. С. 158-161.