У артыкуле будуць разгледжаны заканамернасці граматычнага функцыянавання лексікі (у тым ліку выяўленчай) у дзіцячых фальклорных тэкстах горада Рагачова і Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Даследаванне знаходзіцца на стыку фалькларыстыкі (тэксты пэўных жанраў), лінгвістыкі (лексічны і граматычны лад гэтых тэкстаў) і літаратуразнаўства (сродкі стварэння мастацкага вобраза). Фальклор — выразнае праяўленне жывога народнага маўлення. Мова тэкстаў дзіцячага фальклору (тэрмін з’явіўся ў айчыннай навуцы ў сярэдзіне ХІХ ст., а яго асноўны змест усталяваўся ў 20-я гады XX ст.) вызначаецца асаблівай экспрэсіўнасцю, паколькі маўленне дзяцей мала рэгламентавана псіхалагічнымі і сацыяльнымі табу: мысленне і меркаванні дзіцяці носяць практычна-пачуццёвы характар [1, с. 164-167]. Да катэгорыі дзіцячага фальклору адносяць тэксты, якія ствараюць самі дзеці, гуляючы або пераймаючы паводзіны дарослых (гульні, дражнілкі, заклічкі, лічылкі); творы традыцыйнага фальклору дарослых, што перайшлі ў дзіцячы рэпертуар; тэксты, створаныя дарослымі спецыяльна для дзяцей і засвоеныя традыцыяй (загадкі, калыханкі).
Першымі ў жыццё маленькага чалавека прыходзяць калыханкі — малы жанр «поэзии пестования» (параўн. руск. пестовать «нянчить»), ці «материнской поэзии». Песню, якой супакойваюць дзіця, беларусы называюць «калыханкай» < «калыхаць», а жыхары Расіі — «колыбельной» < «колыбать» («колыхать, качать») ці «байкой» < «баять» («рассказывать»), «баюкать» («качать, усыплять»). Марфалагічна абодва словы — аддзеяслоўныя субстантывы. Паколькі калыханка, якая мае на мэце наладзіць дзіця на спакойны сон, павінна быць даступнай для ўспрымання немаўляці, ёй ўласціва асаблівая кампазіцыйная пабудова, звязаная са спецыфікай функцыянавання асобных часцін мовы (у прыватнасці, дзеяслова). Сярод разгледжаных тэкстаў вылучаецца некалькі кампазіцыйных груп: 1) «загадна- папераджальныя» (імператыў — будучы час дзеяслова); 2) «апавядальныя» (мінулы час дзеяслова); 3) «канстатуюча-пажадальныя» (мінулы час дзеяслова — цяперашні час дзеяслова — імператыў); 4) «запрашальна- абяцальныя» (зваротак — імператыў — будучы час дзеяслова): 1) «Баю- баюшкі-баю, / Не лажыся на краю: / Прыйдзе серанькі ваўчок, / Схопіць (Кацю, маленькага) за бачок, / Схопіць (Кацю, маленькага) за бачок /1 пацяне ў лясок» (зап. ад Т. В. Атрохавай, 1982 г. н., у в. Стоўпня; П. І. Батраковай, 1925 г. н., у в. Хімы)1; 2) «Люлі-люлі, гушкі, / Паляцелі птушкі, / Паляцелі птушкі / На бабіны грушкі»; «Ой, люлі-люлі, / Ляцелі гулі, / Ой, ляцелі, ляцелі, / Селі, пасядзелі. / Пайшоў коцік у лясок, / Прынёс (імя дзіця) піражок, / Палез на палаткі / Пагрэць свае лапкі. / Сталі лапкі грэцца, / Недзе коціку дзецца» (зап. ад Г Д. Тамашовай, 1935 г. н., у в. Гарадзец); «Гу- та-та, гу-та-та, / Села баба на ката, / Паехала ў госці, / Паламала косці. / Госці маладыя, / А косці старыя» (зап. ад Т В. Атрохавай, 1982 г н., у в. Стоўпня); 3) «Люлі-люлі, усе паснулі, / А сыночак спаць не хоча. / Люлі, люлі, люлі, / Люлі, люлі, люлі. / Засынаюць кураняткі / Пад крыламі сваёй маткі. / Люлі, люлі, люлі, / Люлі, люлі, люлі. / Шэры коцік спіць у куце, /1 сабачка спіць у будзе. / Люлі, люлі, люлі, / Люлі, люлі, люлі. / А па сенцах ходзіць Бай — / Спі, сыночак, засыпай! / Люлі, люлі, люлі. / Люлі, люлі, люлі» (зап. ад Т В. Атрохавай, 1982 г н., у в. Стоўпня; П. І. Батраковай, 1925 г н., у в. Хімы); 4) «Ах ты, коцік,, мой каток,/ У цябе серанькі хвасток. / Прыйдзі ў хату начаваць, / Майго Дзенічку качаць. / А я табе заплачу: / Дам кусочак піражка / І кушынчык малачка» (зап. ад П. І. Батраковай, 1925 г н., у в. Хімы). Калыханкам уласцівы спакойны, мерны рытм і манатонны напеў выканання, чым тлумачацца арфаэпічныя, лексічныя і сінтаксічныя асаблівасці тэкстаў: магчымы перанос націску з аднаго склада на іншы як сродак падтрымання рыфмы, паўтор асобных слоў і цэлых канструкцый, сінтаксічны паралелізм («Прыйдзе серанькі ваўчок, / Схопіць Кацю за бачок»; «Прыйдзе серанькі ваўчок, / Схопіць маленькага за бачок»; «Спі, сыночак, засыпай!»; «Шэры коцік спіць у куце, / І сабачка спіць у будзе» (зап. ад Т В. Атрохавай, 1982 г. н., у в. Стоўпня; П. І. Батраковай, 1925 г. н., у в. Хімы); «Госці маладыя, / А косці старыя» (зап. ад Т В. Атрохавай, 1982 г. н., у в Стоўпня); «Паляцелі птушкі, /Паляцелі птушкі»; «Ляцелі гулі, / Ой, ляцелі, ляцелі, / Селі, пасядзелі» (зап. ад Г. Д. Тамашовай, 1935 г н., у в. Гарадзец); «Ах ты, коцік, мой каток» (зап. ад П. І. Батраковай, 1925 г. н., у в. Хімы)). Сэнсаўтваральным з’яўляецца абстрактнае паняцце цішыні і спакою. Сістэма сродкаў выразнасці заснавана на адухаўленні міфалагічных істот, птушак і жывёл: «Прыйдзе серанькі ваўчок»; «Паляцелі птушкі», «Ляцелі гулі», «Пайшоў коцік», «Засынаюць кураняткі», «Шэры коцік спіць у куце, / І сабачка спіць у будзе. / … А па сенцах ходзіць Бай». Функцыянальная ўтылітарнасць калыханак абумоўлівае прынцыпы адбору вобразных сродкаў у гэтых тэкстах. Так, нешматлікія эпітэты выражаюцца агульнаўжывальнымі прыметнікамі, а эфект ласкавасці, напеўнасці дасягаецца вялізнай колькасцю памяншальна-ласкальных суфіксаў у марфемнай структуры слоў: «Баю-баюшкі-баю, / … Прыйдзе серанькі ваўчок» (зап. ад Т В. Атрохавай, 1982 г. н., у в. Стоўпня; П. І. Батраковай, 1925 г. н., у в. Хімы); «Пайшоў коцік» (зап. ад Г. Д. Тамашовай, 1935 г. н., у в. Гарадзец,); «Засынаюць кураняткі», «Шэры коцік спіць у куце, /1 сабачка спіць у будзе» (зап. ад Т В. Атрохавай, 1982 г. н., у в. Стоўпня; П. І. Батраковай, 1925 г. н., у в. Хімы); «Ах ты, коцік, мой каток,/ У цябе серанькі хвасток… / Майго Дзенічку качаць… / Дам кусочак піражка / І кушынчык малачка» (зап. ад П. І. Батраковай, 1925 г. н., у в. Хімы). Пры стварэнні мастацкага вобраза рэгулярна выкарыстоўваюцца прыёмы алітэрацыі і супрацьпастаўлення: «Ой, люлі-люлі, / Ляцелі гулі, / Ой, ляцелі, ляцелі, / Селі, пасядзелі… » (зап. ад Г Д. Тамашовай, 1935 г. н., у в. Гарадзец); «Гу-та-та, гу-та-та, / Села баба на ката, / Паехала ў госці, / Паламала косці. / Госці маладыя, / А косці старыя» (зап. ад Т В. Атрохавай, 1982 г. н., у в. Стоўпня); «Люлі-люлі, усе паснулі, / А сыночак спаць не хоча…» (зап. ад Т. В. Атрохавай, П. І. Батраковай). У калыханках як зачыны выкарыстоўваюцца выклічнікі, якія служаць спецыяльна для супакойвання дзіцяці (часта ў спалучэнні з эмацыянальнымі выклічнікамі, што выказваюць пачуцці захаплення, замілавання, здзіўлення: ах, ой), і стандартным элементы песенных прыпеваў (нярэдка па паходжанні яны ўзыходзяць да выклічнікаў): «баю-баюшкі-баю», «люлі-люлі»; «гу-та-та». Тэксты калыханак няўстойлівыя: яны змяняюцца ад выпадку да выпадку і ад выканаўцы да выканаўцы.
Загадкі — кароткія вобразныя апісанні прадметаў або з’яў. Гэты жанр цесна звязаны з прыказкамі і прымаўкамі: часта назіраецца лексіка- сінтаксічны паралелізм паміж гэтымі жанрамі ў тэкстах дарослага фальклору (параўн., руск. прыказку «Дятел век долбит, а мастером не станет». — «Вечно стукает, а мастером не станет» (загадка пра дзятла)). Аднак калі прыказка і прымаўка — гэта знакі пэўных жыццёвых сітуацый, то загадка — знак асобнага прадмета (з’явы). Паколькі ўзнаўленне прыказкі (прымаўкі) асацыятыўна звязана з ацэньваннем комплексу дзеянняў і падзей, а дзіцячае мысленне канкрэтнае, гэты жанр для дзіцячага фальклору не з’яўляецца тыповым. Наадварот, загадка, якая прадугледжвае ў якасці адгадкі назву пэўнага прадмета (з’явы), — жанр, вельмі запатрабаваны дзецьмі. Акрамя таго, загадка функцыянуе ў маўленчай сітуацыі, што прадугледжвае наяўнасць як мінімум двух удзельнікаў, а гэта ўзгадняецца з патрэбай дзіцяці ў пастаянных зносінах, неабходных для нармальнага інтэлектуальнага развіцця.
Сінтаксічнае афармленне гэтага малога фальклорнаго жанра разнастайнае. Перш за ўсё гэта рытмічна арганізаваныя або рыфмаваныя выказванні, у аснове якіх ляжыць метафара або метанімія: «Поўна бочэнька віна, і нідзе дырачкі няма. Яйцо» (зап. ад Л. М. Пішкавай, 1967 г. н., Л. М. Астапенкі, 1976 г. н., Т. А. Восаравай, 1949 г. н., С. В. Зубара, 1920 г. н., М. П. Царова, 1930 г. н., П. Ц. Марчанкі, 1914 г. н., Н. Я. Чыжовай, 1936 г. н., М. С. Яфрэмавай, 1944 г. н., у в. Курганне). Даволі шматлікая група дзіцячых загадак, якія ўяўляюць сабой канкрэтнае пытанне, што патрабуе вобразнага, асацыятыўнага адказу: «Пад якім кустом сядзіць заяц ва ўрэмя дажджу? Пад мокрым», «Ад чаго плыве вутка? Ад берага» (зап. ад Г. Д. Тамашовай, 1935 г. н., у в. Гарадзец); «Які ў моры камень? Мокры», «Без чаго хаты не пабудуеш? Без стуку», «Хто цераз мяжу брат брата не бачаць? Вочы» (зап. ад П. І. Батраковай, 1925 г. н., у в. Хімы).
Калі ў загадках адзначаюцца гукапераймальныя словы, іх функцыя відавочная: гук разглядаецца як ўласцівасць задуманага прадмета і падказвае таму, хто адгадвае, правільны адказ. Гукавы вобраз у загадцы часта ствараецца, акрамя лексічных гукаперайманняў, алітэрацыяй і (або) асанансам: «Матка — красуха, дачка — весялуха, сын — герой, пайшоў гуляць на двор. Печ, агонь і дым» (зап. ад Г Д. Тамашовай, 1935 г. н., у в. Гарадзец); «Бягуць сычынкі, задраўшы лычынкі. Сані» (зап. ад П. І. Батраковай, 1925 г. н., у в. Хімы); «Сухі стахей на хаце скача. Венік» (зап. ад З. С. Раманавай, 1954 г. н., Т В. Фядотавай, 1980 г. н., Н. А. Швед, 1927 г. н., Н. Е. Кухарэнкі, 1933 г. н., Н. М. Клімавай, 1951 г. н., Л. Д. Семчанкі, 1931 г. н., у в. Стоўпня).
Прааналізаваныя канструкцыі складаюцца са слоў, якія належаць да розных часцін мовы, але максімальна канкрэтных па значэнні. Аднак структураўтваральнай ў тэкстах загадак з’яўляецца група канкрэтных назоўнікаў, што абазначаюць часцей за ўсё бытавыя прадметы і з’явы «першай неабходнасці». Да гэтай лексічнай групы адносяцца і адгадкі. У тэкстах некаторых дзіцячых загадак з’яўляюцца назоўнікі, якія абазначаюць гістарычныя і сацыяльныя паняцці: «Пасрыдзі хаты вісіць князь лупаты. Лямпачка» (зап. ад Г Д. Тамашовай, 1935 г. н., у в. Гарадзец); «Беглі жідовачкі, задраўшы галовачкі. Сані» (зап. ад Л. М. Пішкавай, 1967 г. н., Л. М. Астапенкі, 1976 г. н., Т А. Восаравай, 1949 г. н., С. В. Зубара, 1920 г. н., М. П. Царова, 1930 г. н., П. Ц. Марчанкі, 1914 г. н., Н. Я. Чыжовай, 1936 г. н., М. С. Яфрэмавай, 1944 г. н., у в. Курганне). Усе адзначаныя лексіка- граматычныя асаблівасці загадак абумоўлены асноўнай (утылітарнай) прычынай з’яўлення дзіцячых фальклорных тэкстаў — пошукам дарослымі найбольш эфектыўных спосабаў развіцця інтэлекту падрастаючага пакалення.
Выяўленчая лексіка ў прааналізаваных тэкстах прадстаўлена словамі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, гукаперайманнямі і выклічнікамі. Словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі звычайна маюць у сваім значэнні эмацыянальны, суб’ектыўна-ацэначны кампанент, які адлюстроўвае мадальнасць і дазваляе больш дакладна і ярка стварыць і перадаць мастацкі вобраз, што ўзмацняе эфект ўздзеяння на слухача. Гукаперайманні і выклічнікі здольныя непасрэдна перадаваць пачуцці і эмоцыі аўтараў- выканаўцаў фальклорных твораў. Асабліва шматлікая гэтая група слоў у калыханках, што тлумачыцца з пазіцый псіхалінгвістыкі.
Дзіцячы фальклор — сродак моўнай характарыстыкі народа ў цэлым. Гэтыя тэксты разлічаны на візуальнае ўспрыманне і хуткае запамінанне невялікімі часткамі. Адсюль наступныя асаблівасці твораў: нескладаны сюжэт, які часта паўтараецца і дынамічна развіваецца ў тэкстах розных жанраў; выразны ўнутраны рытм; гукапіс як сродак стварэння яскравых мастацкіх вобразаў; прастата сінтаксічных канструкцый; гукаперайманні (адзін з дамінуючых лексіка-граматычных разрадаў слоў), што выкарыстоўваюцца ў тым ліку і для стварэння рыфмы. Паэтыка малых жанраў фальклору прадугледжвае шырокае выкарыстанне вобразных і эмацыянальна-ацэначных сродкаў, што і вызначае прастору для ўжывання выяўленчай лексікі ў яе асноўнай, экспрэсіўнай функцыі. Выяўленчыя словы выконваюць таксама шэраг спецыфічных функцый, якія вызначаюцца асаблівасцямі кожнага канкрэтнага жанру (яго зместам, формай, прызначэннем). У артыкуле прадстаўлены вынікі вывучэння заканамернасцяў граматычнага функцыянавання лексікі ў тэкстах такіх жанраў дзіцячага фальклору горада Рагачова і Рагачоўскага раёна, як калыханкі і загадкі. Разгледжана роля слоў пэўных лексіка-граматычных груп у гукавой і рытмічнай арганізацыі фальклорнага тэксту. Выкарыстаны магчымасці параўнальна-супастаўляльнага метаду вывучэння лексікі і граматыкі: прыведзены асобныя тэксты рускага фальклору; высветлена, што ў тэкстах аднаго жанру ўжываюцца падобныя паэтычныя сродкі. Паколькі першае знаёмства дзіцяці з мастацтвам слова пачынаецца з фальклорных твораў, якія ўплываюць на фарміраванне нормаў яго паводзін, спрыяюць развіццю маўлення праз узоры літаратурнай мовы, узбагачаюць слоўнікавы запас вобразнымі выразамі, то заканамерна і перспектыўна вывучэнне тэкстаў дзіцячага фальклору спецыялістамі ў галіне розных навуковых напрамкаў: гісторыі, лагапедыі, педагогікі, псіхалогіі, філалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі.
Літаратура
- Маркс, К. Об искусстве / К. Маркс, Ф. Энгельс // Сочинения: в 2 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. — М., 1983. — Т. 1. — 605 с.
[1] У артыкуле выкарыстаны матэрыялы фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры i фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
Аўтар: А.У. Партнова-Шахоўская
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 22 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2017. С. 375-379.