Лексічная парадыгма агентыўных намінацый у вясельнай абраднасці Гомельшчыны

0
823
Лексічная парадыгма агентыўных намінацый у вясельнай абраднасці Гомельшчыны

Вясельны рытуал мае складаную структуру, яго кодавая сістэма ўключае ўстойлівыя слоўныя, падзейныя і рэчыўныя кампаненты. Састаўнымі элементамі шлюбнага абраду з’яўляюцца адпаведна абрадавыя акты, выканаўцы рытуальных дзеянняў і інвентар рэалій [1, c. 57; 2, с. 126-127]. Як адзначаюць даследчыкі, «вясельная абраднасць з’яўляецца адным з найбольш устойлівых кампанентаў традыцыйна-бытавой культуры, што ў вядомай ступені абумоўлена замкнутасцю і кансерватыўнасцю сямейнага побыту» [3, с. 31]. Вясельны абрад на Гомельшчыне як адзін з найбольш важных разнажанравых шматактных комплексаў сямейнай абраднасці мае даўнія традыцыі і багатую фальклорна-этналінгвістычную спадчыну, якая ўяўляе значную цікавасць для даследчыкаў традыцый народнай культуры.

Лексіка вясельнай абраднасці Гомельшчыны, што адлюстроўвае важныя падзеі ў сямейным жыцці (сватанне, заручыны, розныя этапы вяселля, паслявясельны перыяд), не была ў беларускім мовазнаўстве прадметам спецыяльнага сістэмнага і ўсебаковага вывучэння.

Аб’ектам нашага даследавання з’яўляецца сістэма намінацый дзеючых асоб вясельнай цырымоніі на Гомельшчыне, крыніцай фактычнага матэрыялу — дыялекталагічны архіў кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, а таксама выданні фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў гэтага рэгіёна, прысвечаныя вясельнай абраднасці.

Парадыгма вясельнай лексікі адлюстроўвае найбольш значныя ў функцыянальным плане моманты шлюбнага абраду, заснаваныя на ўзаемазвязанай трыядзе «дзеянне — асоба — прадмет». Усе рытуальныя акты шлюбнага абраду строга рэгламентаваны і маюць у вясельнай тэрміналогіі адпаведныя найменні. Дыферэнцыраванай з’яўляецца і сістэма намінацый асоб-выканаўцаў гэтых дзеянняў.

Адметнай асаблівасцю лексічнай сістэмы асабовых намінацый вясельнай тэрміналогіі Гомельшчыны з’яўляецца актыўнае выкарыстанне сінанімічных і варыянтных форм. Агенсная парадыгма вясельна-абрадавай тэрміналогіі ўключае некалькі тэматычных груп назваў паводле іх ролі і значнасці ў шлюбнай цырымоніі: персанажы, якія выконваюць спецыяльную функцыю, ажыццяўляюць пэўны рытуал на вяселлі, і асобы, што прысутнічаюць там у якасці гасцей. У складзе першай групы — галоўныя ўдзельнікі вяселля, жаніх і нявеста; іх памочнікі — дружкі; распарадчыкі на вяселлі — сваты, хросныя бацькі; бацькі маладых; дапаможныя персанажы вясельнай цырымоніі; у другой — госці маладога і маладой. Як адзначаюць даследчыкі, «усе ўдзельнікі вяселля з’яўляюцца адначасова і героямі, і персанажамі гэтага своеасаблівага мастацкага твора» [4, с. 30].

Лексіка-тэматычная група ‘галоўныя дзеючыя асобы — жаніх і нявеста’ уключае сістэму намінацый, якія адлюстроўваюць паступовую змену іх сямейнага і ўзроставага статусу ў працэсе шлюбнай цырымоніі: «нявеста — суджаная — засватаная — заручаная — нявестухна — маладая — маладзіца — маладуха — малодка, малотка»; «жаніх — суджаны — заручоны — малады»: Вёў маладую на пасад брат маладой. Малады з маршалкамі прызнавалі сваю суджаную [6, с. 229]; Заручаная зазывала да сябе сябровак ёлку віць [6, с. 105]; Нявеста называлася маладая. У яе фата доўгая і вяночкі былі (в. Гарошкаў, Рэчыцкі р-н); А як ужо прыедуць свахі, то з дзеўкі вянок знімалі … Яна была дзеўка. А цяпер ужо — маладзіца [6, с. 84]; Маладой звалі нявесту пакуль не родзіць (в. Колбаўка, Веткаўскі р-н); У нас малоткай называюць пасля шлюбу тры гады (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н).

Як паказваюць прыклады, тэматычная група намінацый з ядзерным кампанентам «нявеста» больш значная ў колькасных адносінах у параўнанні з намінатыўным радам лексем, што называюць жаніха.

Важнае месца ў іерархіі вясельных чыноў займае «сват». Сватам выбіралі паважанага мужчыну, які ведае народныя традыцыі і звычаі, умее добра гаварыць. Гэты абавязак найчасцей выконваў хросны бацька або дзядзька па мацярынскай лініі, калі іх не было — старшы жанаты брат маладога: Сваты вядуць свадьбу, вызываюць на каравай (г. Ветка); Сватам бралі аўтарытэтнага чалавека, што ўмеў гаварыць (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н). У свата быў «памагаты»: Калі дзялілі каравай, дзяліў хросны. Хроснага павязвалі рушніком, у яго быў памагаты (в. Гарошкаў, Рэчыцкі р-н). Калі сватоў некалькі, сярод іх вызначаецца «старшы сват», «стараста». Малодшага свата ў такім выпадку называлі «падстараста»: Старшым сватам … з’яўляецца звычайна хросны бацька маладога. Завуць … яго старастам, а другога — падстарастам [11, с. 215]. Жанчына, якая ўдзельнічала ў сватанні і вяселлі з боку нявесты, называлася «сваха, свашка, свацця»: Сват і свацця хваляць жаніха [6, с. 73]; Калі падыходзяць да стала, свашкі пяюць [6, с. 116].

Важную ролю на вяселлі выконвалі хросныя бацькі маладых, якіх называлі «хросная, кросная, хросная маці, кума, хрышчоная маці; кросны, бацька хросны, хросны, хрышчоны бацька, кум»: Сваццяй і сватам бралі кросных (Покаць, Чачэрскі р-н); Каравай пяклі ў хаце нявесты Хрышчоная маці кіравала выпечкай; Дзеліць каравай сват або бацька хросны [6, с. 77].

Да асоб, якім адводзіцца важная роля на працягу ўсяго вяселля і якія выконваюць рытуальныя функцыі ў многіх эпізодах вясельнай абраднасці, адносяцца сябры і сяброўкі маладых. Дружыну маладога складалі яго аднагодкі ці блізкія па ўзросту хлопцы — родны або стрыечны брат, сын хроснага, сябры. Назвы іх шматлікія і разнастайныя — «друг, дружок, шафер, шахвяр, княжы, князёк, баярка, баярык, паджанішак, паджанішнік, паджаніх, паддружын, маршалак, дружкі-баярэ, дружкі-княжныя, княжныя-дружкі, дружка-князёк, дружбакі, княжыя, баяры, баярэ, боярые, таварышы»: Ад жаніха быў друг, і ад нявесты была дружка (в. Хальч, Веткаўскі р-н); За стол садзіліся малады з маладой, а патом радзіцелі свае, родныя, другі, падругі (в. Старое Сяло, Веткаўскі р-н); Княжыя з маладым ехалі на конях да маладой [10, с. 128]. Жаніх з паджанішнікам пріяжджае за нявестай (г. Ветка); Шафер садзіцца з правага боку, шаферка — з левага боку ля нявесты (в. Гарошкаў, Рэчыцкі р-н). У групе сяброў быў «галоўны шафер», «першыя дружкі».

Сукупнасць сяброў маладога называлася «дружына, світа, хеўра»: На першы дзень вяселля дружына жаніха, пасядзеўшы за сталом, збіраецца да маладой [6, с. 412]; Малады са сваёй світай ідуць да маладой [6, с. 308]; Матка і бацька встрэчалі хеўру маладога з хлебам і соллю [10, с. 128]. Світай называлі таксама асоб, якія ішлі сватаць дзяўчыну: У сваты маглі ісці браты, сёстры, цёткі, бабулі — світа (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н).

З боку нявесты адпаведныя вясельныя чыны называліся «шаферкі шахверкі, шахвіркі, падружкі-шаферкі, дзеўкі-шаферкі, таварышкі, паднявесніца, бальшуха-падружка»: Дружка з дружком трымалі вянец над маладымі ў царкве (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н); Маладую прыбіралі шахвіркі. Адзявалі хвату, а вянок з лентамі і марлечку цаплялі ззаду [10, с. 130]; У царкве паднявесніца дзяржыць над нявестай такі залаты вяночак [5, с. 227]. У іх ліку таксама была «першая дружка». Сукупнасць сябровак маладой называлася «дзявочая дружына»: Дзявочая дружына затайвалася, хавалася так, каб хлопцы не адразу знайшлі іх [6, с. 95].

У многіх эпізодах вясельнай абраднасці ўдзельнічала «свяцілка, свяцёлка, свецёлка, свяцельніца». Гэта цікавы персанаж вясельнай абраднасці, ролю якога выконвала малодшая сястра жаніха, дзяўчынка 10-13 гадоў. Яна трымала свечку ў найбольш адказныя моманты вяселля: у час вянчання, перад вясельным поездам, калі дзялілі каравай, «завівалі» маладую і іншыя: Свяцілка трымала ў руках свечку, пастаўленую ў слоік, напоўнены зернем (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н); Свяцёлкаэта тры свечкі станавілі і ўжо за маладой едуць і свяцёлку тую вязуць на кані (в. Хальч, Веткаўскі р-н); Хросны бацька свецёлцы свечку сучэ веліку [7, с. 161 — 162]; Расплятаюць маладой касу. Робяць куксу, а ленту аддаюць свяцілцы [8, с. 223]; І як каравай дзеляць, яна на куту сядзіць, ёй свечкі аддаюць [9, с. 184]; Побач са свяцельніцаю ляжыць каравай князя [11, с. 279]. У некаторых выпадках адзначалі ўдзел у вяселлі «свяціла»: Назначаюць дзень вяселля. Нявеста абірае першую свяцілачку, хлапец — першага свяціла [6, с. 68].

Пастаяннымі ўдзельнікамі вяселля былі таксама сведкі маладых, якія звычайна выбіраліся з ліку дружыны жаніха і нявесты і называліся «свідзецель, свідзецельніца»: На свадзьбе свідзецелей выбіралі маладыя. Но вот свідзецельніца далжна была быць незамужняй дзевушкай. А свідзецель мог быць жанаты (г. Ветка).

Даволі шматлікімі і цікавымі паводле тыпаў структурна-семантычнай матывацыі, разнастайнымі ў плане асаблівасцей дэрывацыі з’яўляюцца назвы другарадных персанажаў вясельнай абраднасці, якія выкарыстоўваюцца ў гаворках Гомельшчыны. Яны ўдзельнічалі ў якім-небудзь адным эпізодзе шлюбнай цырымоніі. Іх назвы матывуюцца як характарам выканання абрадавага дзеяння, так і рытуальным прадметам, да якога яны маюць дачыненне. Гэта ў першую чаргу жанчыны, што ўдзельнічаюць у выпечцы каравая — «каравайніцы, караваіхі, каравайніхі»: Каравай пячэ каравайніца, штобы с багатай сям ’і, многа дзяцей было, а маладому пячэ другая каравайніца (в. Хальч, Веткаўскі р-н); Калі ў сваёй вёсцы не было каравайніц, то іх запрашалі з суседніх вёсак (в. Колбаўка, Веткаўскі р-н); Як пасадзіла каравайніха каравай у печ, то лапатай па галаве ўсім мужчынам стукала [6, с. 6].

Вясельны поезд ладзілі «ездавыя», якія кіравалі коньмі. Удзельнікаў вясельнага поезда называлі «паязджане, вясельны поезд»: Прыехаўшы да хаты жаніха, вясельны поезд спыняецца каля варот [6, с. 232]. Госці маладога, якія ехалі па маладую, іменаваліся «бяседнікі, падарожнікі»: Едуць да маладой… Прыехаўшыя кажуць: «Пусціце нас, падарожнікаў, хочам у вас у гасцях пабыць» [6, с. 56]. Калі дружына маладога прыязджала па маладую, ім паказвалі жанчыну або мужчыну, пераапранутых у нявесту — «падстаўная, ложная нявеста»: Выводзяць падстаўную нявесту (перадзетага хлопца ці старую жанчыну) [6, с. 346]; У гэты час жанчыны ў доме падстаўлялі другую, ложную нявесту [8, с. 250]. Мужчын, якія ўдзельнічалі ў выкупе маладой, называлі «скупшчыкі»: Маладую скупляюць … і ўжо ходзяць ад жаніха скупшчыкі… і тады ўжо дзеўкі пяюць пасад (г. п. Церахоўка, Добрушскі р-н).

Жанчын з ліку радні маладой, якіх забірала з сабой нявеста, калі ад’язджала да жаніха, іменавалі «закасяне, закосянкі, закасянкі, касянкі»: Маладая бярэ з сабой трох закасянак (дзевак), забірае сваё прыданае [6, с. 316]; Пагуляўшы, малады забірае да сябе маладую. Жанкі (касянкі)забіраюць і добро маладой [6, с. 418]. Жанчын, што перавозілі пасаг маладой, маглі таксама называць «прыданы, прыданкі, прыданне, прыданшчыкі, прыданые, прыданыя, скрынавозы», за раскладванне пасагу нявесты ў хаце жаніха адказвалі «пасцельнікі, посцельніцы»: Прыходзяць прыданні да маладога [6, с. 340]; Едуць госцікі прыданыя, іх вазы маляваныя, конікі ўбраныя [11, с. 250]; З маладой ехалі тры жэншчыны («посцельніцы»), которые должны былі повесіць прыданое па сваім местам в хаце маладога [6, с. 362]. Гасцей маладой, якія ехалі з ёй да маладога, называлі таксама «бяседай»: Маладых сустракалі бацькі жаніха. Бяседа спявала па дарозе [6, с. 362]. Лексема «бяседа» ўжывалася на Гомельшчыне ў абагульненым значэнні ‘госці’: Падзеляць ужэ каравай, пагуляюць, а потым ходзяць па бяседах. Сколькі двароў у свадзьбы, усе хадзілі ў тыя двары па бяседах [6, с. 50].

На заключным этапе вясельнай абраднасці маладую «завівала» спецыяльная жанчына або некалькі жанчын — «завівальнічка, завівальніца»: Тады ўжэ

завівальніцы просяць дружак, каб тыя заплацілі за тое, што яны завілі маладую [6, с. 428]; Было такое павер ’е: завівальнічкі павінны былі памяняцца месцамі, і хто хутчэй перабяжыць, у тых первыя дзеўкі будуць ісці замуж [6, с. 421].

Удзельнікаў заключнага этапа, што на другі або трэці дзень вяселля пераапраналіся ў цыганоў або маладых і гулялі па хатах, іменавалі «цыганы, ражаныя»: Як падзеляць каравай, шчэ трохі пагуляюць, паспяваюць. Патом некаторыя перадзяваюцца цыганамі і ідуць па сялу. Ох, што ўжэ яны выдзелуюць [6, с. 429]; На другі дзень на вяселле могуць прыйсці ражаныя, людзі, якія перапранаюццаўмаладых [6, с. 11].

Асобамі, якія забяспечвалі музычнае суправаджэнне на вяселлі, з’яўляліся «пявунні, музыкі, кіеўцы-музыкі»: Да ўжэ музыкі будуць. Була гармонь, смук, барабан [6, с. 253]; Спецыяльна наймалі кіеўцаў-музыкаў, якія вельмі хораша ігралі [6, с. 271].

Акрамя адзначаных вышэй персанажаў, на вяселлі прысутнічалі запрошаныя асобы — «госці, вясельнікі, вясельныя госці, прыглашоныя, жаніховы госці, нявесціны госці, госці маладога, госці маладой»: Потым усім вясельнікам даюць па чарцы выпіўкі [6, с. 232]; У нядзелю ішлі на свадзьбу. Збіраліся жаніховы госці ў жаніха, а нявесціны ў нявесты [6, с. 108]. Людзей, якіх не запрашалі на вяселле, называлі «пастароннія, запарожцы»: Пад свадзьбу прыходзяць запарожцы — людзі, якіх не прыгласілі. Іх содзяць за аддзельны стол [6, с. 372].

Зборнымі назвамі абазначалі радню маладых — «радня, родзічы, раство, родство, сваякі, радзіначка, дзеўкін род, жаніхоў род»: Каравай замешывала хросная матка і другія сваякі (в. Епіфань, Гомельскі р-н); Сколькі ў каго было родзічаў, яны дзелалі банкеты пасля свадзьбы (в. Хальч, Веткаўскі р-н); Жаніховы раство банкеты водзяць, і нявесціны банкеты (в. Старое Сяло, Веткаўскі р-н).

Словаўтваральная парадыгма агентыўных намінацый уключае назвы асоб, утвораных разнастайнымі спосабамі дэрывацыі. У іх ліку — значная колькасць суфіксальных аддзеяслоўных («завівальніцы, свяцілка, скупшчыкі, паязджане») і адыменных («каравайніцы, пасцельніцы, маладуха, родзічы, вясельнікі, дружкі, таварышкі, князёк») дэрыватаў; асобныя лексемы, утвораныя прыставачным (паджаніх, паддружын, падстараста), прыставачна-суфіксальным (паджанішнік, паджанішак, паднявесніца, незамужніцы) спосабам; шляхам асноваскладання і словаскладання («скрынавозы, паслявясельныя госці»); састаўныя намінацыі («падружкі-шаферкі, дружкі-баярэ, княжныя-дружкі»); субстантываваныя назвы («маладая, малады, засватаная, суджаная, кросная, ражаныя»), метафарычныя найменні («цыганы, запарожцы»). Актыўна ў складзе агентыўных назваў вясельнай абраднасці Гомельшчыны выкарыстоўваюцца словазлучэнні тыпу «хросная маці, хрышчоны бацька, першая дружка, дзявочая дружына, вясельны поезд, жаніховы госці» і іншыя.

У сістэме намінацый дзеючых асоб шлюбнага рытуалу на Гомельшчыне даволі высокая ступень вар’іравання іх знешняй формы, абумоўленая лакальнай замацаванасцю намінатыўных адзінак і вуснай формай існавання народна-дыялектнай мовы. У складзе варыянтных агентыўных намінацый большасць складаюць словаўтваральныя варыянты з рознымі суфіксальнымі элементамі: «прыданы — прыданкі», «закасяне — закасянкі», «завівальнічкі — завівальніцы», «каравайніцы — каравайніхі», «малодка — маладуха», «княжыя — княжныя» і іншыя. Некалькі радзей сустракаюцца фанетычныя варыянты «хросны — кросны», «шафер — шахвер», «закасяне — закосяне», «свяцілка — свяцёлка», «радство — раство»; марфалагічныя варыянты «баяры — баярэ — боярые», «прыданы — прыданыя» і іншыя. Вар’іраванне знешняй формы агентыўных назваў суправаджаецца іх лексічнай дублетнасцю, што абумоўлена тэрытарыяльнай замацаванасцю лексічнай сістэмы народнай мовы («дружына — бяседа — світа»; «сват — стараста»); міждыялектнымі і міжмоўнымі кантактамі («падружкі — шаферкі», «дружкі — шаферы», «баяры — маршалкі»); рознымі тыпамі матывацыі моўных адзінак («родзічы — сваякі», «прыданыя — скрынавозы», «ложная — падстаўная», «закасяне — пасцельнікі», «засватаная — заручаная», «дружок — паджаніх» і інш.).

Такім чынам, назвы дзеючых асоб вясельнага абраду на Гомельшчыне складаюць шматлікую групу намінацый, якія маюць дакладную дыферэнцыяцыю семантычнага аб’ёму, з’яўляюцца разнастайнымі паводле тыпаў структурна- семантычнай матывацыі і спосабаў дэрывацыі, вызначаюцца актыўным вар’іраваннем знешняй формы і функцыянаваннем значнай колькасці сінанімічных лексічных адзінак.

Літаратура

  1. Толстой, Н. И. Из «грамматики» обрядов / Н. И. Толстой // Труды по знаковым системам. — Тарту, 1980. — Вып. 15.
  2. Вяселле // Этнаграфія Беларусі: энцыкл. / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск, 1989. — 575 с.
  3. Чижикова, Л. Н. Свадебная обрядность сельского населения русско-украинского пограничья в начале ХХ в. / Л. Н. Чижикова // Полевые исследования Института этнографии, 1978. — М., 1980. — С. 30 — 38.
  4. Вяселле. Абрад / уклад., уступ. арт. і камент. К. А. Цвіркі; муз. дадат. З. Я. Мажэйка; рэд. тома В. К. Бандарчык, А. С. Фядосік. — 2-е выд. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 683 с.
  5. Вечнае: фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / уклад.: І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. — Гомель: УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2003. — 362 с.
  6. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад.: І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. — Мінск: Нёман, 2003. — 472 с.
  7. Вясельная традыцыя Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад. В. С. Новак. — Мінск: Права і эканоміка. 2011. — 485 с.
  8. Зямля чароўная дабра. Добрушскі край: гісторыя і сучаснасць / пад аг. рэд. А. А. Станкевіч. — Гомель: Полеспечать, 2008. — 280 с.
  9. Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / уклад., сістэм., рэд. В. С. Новак. — Гомель: Полеспечать, 2007. — 456 с.
  10. Народная духоўная культура Брагіншчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / склад. В. С. Новак, У. І. Коваль. — Гомель: Белдрук, 2007. — 240 с.
  11. Фальклорны слоўнік Гомельшчыны / уклад. У. В. Анічэнка [і інш.]. — Гомель: УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2003. — 346 с.

Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 16 / навук. рэд. А.І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск: Права і эканоміка, 2014. — С. 289-295.